Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    21. Samaabarona i śmierć Żyda Berszki (2)

    Savieckaje vojsko i pahraniczniki spaczatku ŭsich ludziej z hetych troch viosak vyvieźli za Śvisłacz na zborny punkt u Nieparożnicach. Zahadali im usio z saboju zabrać, szto tolko mahli ŭziać na furmanku. Pośle saviety mieli ich parassyłać dalej u Biełaruś. Raptam pryjszoŭ zahad, szto kali chto…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    8. Kuneć sielanki

    Nocami z pod ramion krzyżów na rozdrogach sypie się gwiazd błękitne próchno chmurki siedzą przed progiem w murawie to kule białego puchu dmuchawiec Księżyc idzie srebrne chusty prać świerszczyki świergocą w stogach czegóż się bać (Józef Czechowicz, „Na wsi”, 1927) Jak mniê diś dumajetsie, dekada… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Гутарка

Сяргей Панізьнік: „І свеціцца ў лагодзе сяброўскае аблічча…” (ч. 2)

А што Вы скажаце пра такі часопіс, як „Сыгналы”?

– Не магу прамінуць і такія львоўскія творчыя нетры, як выданне часопіса „Сыгналы” /Sygnały/. Ён, польскі незалежны ілюстраваны грамадска-літаратурны штомесячнік,  выходзіў  у 1933 – 1939 гадах. Былі спецвыпускі, прысвечаныя ўкраінскай, яўрэйскай літаратурам. Беларускі, 37-ы нумар выйшаў 15 жніўня1939 года. Спрычыніліся выхаду Севярын Сасноўскі, Станіслаў Грынкевіч. Ежы Путрамэнт пераклаў верш Язэпа Пушчы… Можна пісаць навуковае даследаванне пра гэты штомесячнік. У яго архівах знайшоў я дзесяткі фотаздымкаў беларускіх пісьменнікаў, перасланых у Львоў з Вільні: ад Арсенневай да Чарота. Польская цэнзура забараніла выхад  выдання і рэдактар Караль Курылёк перадаў архіў у „Асалінэум” . Некаторыя часцінкі „Асалінэума” засталіся ў навуковай бібліятэцы імя В. Стэфаніка.

Івонка Сурвіла і Сяргей Панізьнік
Івонка Сурвіла і Сяргей Панізьнік

Пытаецеся, ці не лепш было б паступіць у БДУ? Не буду будыкацца з адказам. Узгадаю толькі, як у львоўскім архіве мне перадалі пачытаць „Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі” Вацлава Ластоўскага. Я некалькі паперак на звальненне патраціў на тое, каб у бібліятэцы наглытацца водарам нашага нацыянальнага багацця. Чытаў і фатаграфаваў. Мне, беларусу, і ў спецфонды нават дазвалялі пранікаць з фотапаратам. А калі вярнуўся ў горад, дзе ўзвышаюцца арэлі БДУ, ці не праз дзесятак гадоў адчуў, што выпускнікі БДУ могуць пазнаёміцца са спадчынай да канца не раструшчанай тых творцаў-нацдэмаў, якіх расстралялі або замучылі катамі ў казематах.
Для мяне і Ластоўскі, і Цётка зусім не з ТЫМЧАСОВЫХ. Яны побач надзённых Будзіцеляў нацыянальнага духу. Уваскрасае   гераічны   дух,   калі   гадуе нацыю Будзіцель.

Спадар Сяргей, Вы аднолькава жаданы госць у Празе, Рызе, Вільні, Львове. У Вас там шмат было сяброў?

– Праз межы і стагоддзі жывое слова кліча

І свеціцца ў лагодзе сяброўскае аблічча.

Нямала! Сіла, моц, рой лагодных людзей, з якімі хоць гаць гаці, хоць рэкі прудзі. Пра жаданага госця хораша выказаўся апантаны творца, мой сутворца Міхась Скобла ў прадмове да зборніка вершаў на беларускай мове і ў перакладах на англійскую і французскую мовы – „На ўсе вякі…” (2011 г.). А перакладчыкамі маіх вершаў былі масквічка Ніна Дзябольская (і ў яе я быў жаданым госцем), мінчанка Алена Таболіч, паэтка з г. Колумбус у амерыканскім штаце Огайё – Дагмар Топінка Уолкат, з ёю я вучыўся у г. Злата Прага („Летна школа”, 1988 г.).

Чытачы гэтага зборніка праз вершы і іх перастварэнні прытуляцца да імёнаў Веры Рыч, Андрыса Веяна, Алеся Марачкіна, Янкі Юхнаўца, Зьміцера Санька, Ніны Мацяш, Сяргея Новіка-Пеюна, кампазітараў Міхаіла Клейнера з Чыкага, Зміцера Яўтуховіча з Нью-Ёрка, Алега Чыркуна з Мінска. Мае сутворцы – з багатых мацерыкоў планеты. З той нагоды, што мае вершы перакладзены на французскую мову, адна з ілюстрацый была згадкай пра „француза”. Такую мянушку займеў мой родны дзядзька Аляксандр, які з Заходняй Беларусі ў 1929 годзе трапіў у шахты каля г. Валанс’ена. У гады Другой сусветнай вайны ўдзельнічаў у Руху Супраціўлення. З мая 1942 года      ён – валанцёр Польскіх узброеных сілаў у Францыі, капрал № 1630. 18 мая1947 года Аляксандр Панізьнік ад імя генерала А. Завадскага быў узнагароджаны сімвалічным значком Грунвальда (1410-1945) пад нумарам 166449. У той жа год мой дзядзька вярнуўся на радзіму.

Той Валанс’ен не Парыж, але і прагу Прагі поўнасцю насыціць успамінамі немагчыма. У 1969 – 1973 гадах я служыў афіцэрам-журналістам у Цэнтральнай групе савецкіх воінаў у гарадку Міловіцэ пад Прагай. Асмеліўся пазваніць Забэйду-Суміцкаму, Вацлаву Жыдліцкаму. А Міласлаў Зіма адвёў мяне ў Слованску кніговну – Клеменцінум. Беларускі аддзел там змяшчаў 9 000 адзінак з сігнатурай „К” /Крывія/. У 1930-х гадах Чэхія прытуліла сотні маладых беларусаў, якія ў Празе вучыліся,  часопісы выдавалі прадстаўнікі старэйшага пакалення. Іх творчая дзейнасць ярка паказана ў рамане Віктара Вальтара „Роджаныя пад Сатурнам”.

У лютым 1996 года ў Славянскай бібліятэцы праходзіў Скарынаўскі семінар на тэму: „Беларусы ў Празе”. Прамаўлялі Вацлаў Жыдліцкі, Францішка Сокалава, Міласлаў Зіма, Георгій Галенчанка, Ганна Сурмач, Вітаўт Кіпель… Ён і папрасіў мяне дапамагчы агледзець архівы Беларускага адддзела. Паспрыяла знаёмая дырэктарка бібліятэкі і павяла сп. Вітаўта ў падвальныя сховы, бо, паскардзілася, ніхто не прыходзіць даследаваць беларускія скарбы.

А што беларускае захоўваецца ў архівах Чэхіі?

– Шмат што. Напрыклад, хто заахвоціцца вывучаць архіў Адальфа Чэрнага (1864 –1952) – чэшскага пісьменніка, вучонага-славіста? Ён двойчы пабываў на Дзісненшчыне. Выдаў зборнік „Беларускія песні з Дзісненскага павета Віленскай губерні” (Кракаў,1895). Ствараў у 1900 –1911 гадах артыкулы на беларускую тэму для часопіса „Час”. Пераклаў вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цёткі.

Багатыя архівы засталіся і пасля Міласлава Зімы (1920 – 2009) – доктара славянскай філалогіі, перакладчыка. Прага – творчая калыска Ф. Скарыны. І Міласлаў, у каго мама была беларускай, загараўся беларускімі тэмамі. У 1990 годзе ён напісаў артыкул „Францішак Сарына і яго імя”. Вось і я пакляўся на Бібліі Скарыны быць верным і чэсным перад сваёй Бацькаўшчынай – „і асабліва з тае прычыны, што мяне літасьцівы Бог з гэтае мовы на сьвет пусьціў”.

Пякучая Памяць Прагі – гэта Альшаны. Там можна пабыць на могілках слаўных беларусаў: Яўгена Ляцкага, Пётры Крачэўскага, Тамаша Грыба, Міхала Забэйды-Суміцкага, Васіля Захаркі…  У 1925 годзе Прагу наведаў Янка Купала. Чэхі і славакі прытулялі яго і ў 1927-м, і ў 1935-м гадах.

Вы часта бывалі ў Чэхіі?

– Я выступаў у Празе, у Клеменцінуме, у жніўні 1995 года на міжнароднай канферэнцыі „Руская, украінская і беларуская эміграцыя у Чэхаславакіі між двумя сусветнымі войнамі” з дакладам (па-руску): „Патаемная літара „К” (Беларускі аддзел у Славянскай бібліятэцы)”.

А летам 1997 года, дзякуючы Міхасю Скоблу, Валянціну Дубатоўку я ў паўнюткім аўтамабілі адправіўся ў шыкоўную дарогу: мы з Горадні праз Варшаву, Прагу наведалі Браціславу, Модру, Лодзь, Гайнаўку, Беласток… Варшаву згадаю толькі некалькі радкамі з песні „Пад Аршавай”, запісанай ад Альжбеты Панізьнік у 1968 годзе:

Пад Аршавай ёсць такое  места:

Там кіпеў крывавы бой.

Бой крывавы – пір багатый.

Не забудзем цалы век.

Вот прышоў  туды з лапатай

Ненавісны чалавек…

А „ненавісным чалавекам” быў А. В. Сувораў, войскі якога закідалі забітымі палякамі і іх дзецьмі прадмесце Варшавы – Прагу.

А вось у чэшскай Празе мы наведалі добра знаёмую мне Славянскую бібліятэку, Альшанскія могілкі. У Браціславе  я ўжо ў другі раз дастукаўся да Краскоўскай Людмілы Іванаўны. Яе не стала 26.06.1999 года. Ды варта прыгадаць, што яна ў Дзвінскай беларускай гімназіі, якую ўзначальваў яе бацька Іван Краскоўскі,  дапамагала мастаку Пятру Мірановічу маляваць дэкарацыі для тэатральных пастановак.

Ці сустракаліся Вы са славутым нашым спеваком Міхасём Забэйдам-Суміцкім?

Крыжом не затулена пражскае сонца –

На келіхі-вежы паважна глядзіць.

А золатам промніка ў срэбнае донца

Пастукае памяць – імя загудзіць.

У 1970-х гадах быў напісаны мною верш „На ўсе вякі” (Гашма), дзе выляталі салаўі са слоў Забэйды і выяўлялася Радзіма з-пад крыла ашчадных і цярплівых сноў Забэйды. Я радаваўся,узгадваючы славутака спевака, што „Яшчэ адна вясна яго знайшла!” Але 6 студзеня 1978 года я змаркоціўся, калі атрымаў ад Міхала Іванавіча ліст з такімі словамі: „Моцна хварэю і не ведаю, ці яшчэ адна вясна мяне знойдзе”. Знайшла! І знайшоўся гэты верш у перакладзе на англійскую мову Алены Таболіч. Потым змешчаны ён быў у зборніку вершаў на беларускай мове і ў перакладах на англійскую і французскую мовы пад назвай „На ўсе вякі…” (2011). Пазней з верша ўзнікла песня „Салаўіная страла”, створаная кампазітарам Алегам Чыркуном, і ў

2006 годзе змешчана на старонках спеўніка „Дабравест” (Песні на словы Сяргея Панізьніка). Я па-дабравестаўску цяпер гукаю так:

– На ўсе вякі Зямлі –

Радзіме песень жыць!

 І будзем, будзем нашу памяць варушыць,

Забэйдавымі салаўямі даражыць,

Запевамі вясны з палёў Забэйды.

Пра Забэйду мне яшчэ ў Мінску цікава распавёў наведнік Прагі пісьменнік Язэп Семяжон. Прайшоў некаторы час, і калі на канцэрце ў філармоніі выступаў акампаніятарам піяніст Альфрэд Голечэк з Прагі, я асмеліўся ў перапынку запытацца ў яго пра Забэйду. Чэх з радасцю адказаў, што ён часта выступае са спеваком на канцэртах і даў няпэўны яго адрас. Восенню 1966 года я напісаў далікатны ліст паважанаму прафесару і праз некаторы час атрымаў адказ ад паўсюль знанага ў Празе жыхара.

Перапіска з дзядзькам Міхалам доўжылася некалькі гадоў. Вось 13 лютага 1974 года атрымаў з Прагі ліст. Прывяду толькі адну цытату: „Твой верш „І застануся песняй” мне вельмі спадабаўся. Спадабаўся ён і Янку Шпаку, які сказаў: „Малайчына Панізьнік”. Узяў твой адрас. Будзе табе пісаць”. З Янкам Шпаком – навукоўцам, перакладчыкам трымаю сувязь да гэтага часу.

У 1990 годзе пры Нацыянальным культурна-асветным цэнтры імя Ф. Скарыны, дзякуючы старанням Адама Мальдзіса, услед за Аб’яднаннем сяброў польскай культуры было створана Аб’яднанне сяброў чэшскай і славацкай культур імя М. І. Забэйды-Суміцкага. Яго спадкаемцамі ў Празе выказалі быць Вацлаў Жыдліцкі, Міласлаў Зіма, Надзея Кастэцкая. Адным з першым мерапрыемстваў Аб’яднання быў вечар, прысвечаны Забэйду, у Беларускім дзяржаўным універсітэце. Яго праводзіла доктар Ірына Шаблоўская, выступалі Ганна Сурмач, Іван Шпак, Надзея Батурыцкая, Янка Саламевіч. Пазней мне пры Доме дружбы даверылі выконваць абавязкі старшыні таварыства „Беларусь – Чэхія”.

Рыгор Барадулін, Адам Мальдзіс, Вячаслаў Рагойша, Анатоль Наліваеў і сядзіць Сяргей Панізьнік
Рыгор Барадулін, Адам Мальдзіс, Вячаслаў Рагойша, Анатоль Наліваеў і сядзіць Сяргей Панізьнік

І яшчэ адно вяртанне Забэйды-Суміцкага. У Львове я пачаў супрацоўнічаць з рэдакцыяй газеты „Голас Радзімы”. І вось аднаго разу перадаў для публікацыі матэрыял, атрыманы з рук дзядзькі Міхася ў Празе. Гэта была манаграфія Міколы Шчаглова „Беларускі салавей. (Міхась Забэйда-Суміцкі)”. Даследаванне апублікавалі ў нумарах 5 – 10 за 1994 год. Быў змешчаны мой уступны артыкул „Яшчэ адно вяртанне Забэйды-Суміцкага”, а ў тэкстах Мікалая Мікалаевіча Шчаглова-Куліковіча – паэта, этнографа, кампазітара, педагога, дырыжора, аўтара операў, сімфоній, вакальных твораў – чытач знайшоў цікавыя дадаткі: вершы Алеся Салаўя, Янкі Сіпакова, Сяргея Грахоўскага, Максіма Танка, Віктара Шведа, Рыгора Барадуліна… Сам жа Шчаглоў закончыў сваё даследаванне такімі словамі: „Беларусь ніколі не забудзе свайго салаўя”.

З кім з нашых літаратараў Вы добра сябравалі і з кім сябруеце сёння?

– Ёсць! Сябраваў і сябрую! Іх шмат. Але прыгадаю толькі некалькі  асобаў. А першы з кагорты быў Рыгор Барадулін (1935 – 2014) – народны паэт Беларусі, а яшчэ і кавалер Ордэна Трох Зорак Латвійскай Рэспублікі.  Гэтая ўзнагарода за асаблівыя заслугі перад суседняй дзяржавай была дарагой і – сімвалічнай для Рыгора. Узгадаем, што яго дзедам быў Андрэй Галвіньш, механік млыноў, які трапіў у Полацак з Рыгі.

А для мяне Рыгор, сын Івана, быў абярэгам,  самым шчырым настаўнікам, апекуном. Ён падтрымаў пачатак майго творчага жыцця выданнем першага паэтычнага зборніка „Кастры Купалля” (1967 г.).

Яго вушацкі словазбор насычаў расінамі  непаўторнага маўлення продкаў. Вершы-прысвячэнні ўздымалі настрой, насычалі натхненнем. На магнітафон былі запісаны мною яго вершы і народныя песні з вуснаў яго мамы Акуліны Андрэеўны. У нататках  чытаю і аж шчакоча слых вось такі дарчы надпіс Рыгора: „Родны Сяргей Іванёнак! Мама цябе любіла, бо ты наш, свой! Хай табе шчасьціць! Рыгор. 20.ХІ.09”. І вось зноў пераглядаю старонкі з багатай тэчкі Рыгора (таксама Іванёнка, значыць – з радні Івана). Вось перапіска з яго дачушкай Ілонай… Верш „Да белага дня!” (Памяці Акуліны Барадулінай) заканчваецца такімі радкамі:

Журботы перавясла сцісне горла…

Дзе мамачка Рыгора?

Ёй …надаелі вялікія сьнягі,

лютыя марозы надаелі…

Бо не толькі бабуля Акуліна праходзіла праз церні да зорак. Дарэчы, „Per aspera ad astra” – (Праз церні да зорак) – словы дэвіза ордэна Трох Зорак, які займеў Рыгор Барадулін ад роднаснай Латвіі.  А ўсіх Зорак над яго чалом і не злічыць.

А Генадзь Бураўкін (1936 – 2014) – паэт, з 1978 года – старшыня Дзяржкамітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні. Вясной 1979 года ратаваў мяне, пазбаўленага партбілета,  ад пераследу, прызначыўшы рэдактарам літаратурна-драматычных праграм. Генадзь Мікалаевіч быў чулай душы чалавекам. Як і Барадулін, спрыяў мне ў творчых пошуках. Сустракаўся з лаўрэатам дзяржаўнай прэміі на ХІV Скарынінскім свяце ў Полацку. А як з Пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры ААН – на 19-й Сустрэчы беларусаў у ЗША. Пра лірычную перапіску з ім сведчыць мой артыкул „У кожным позірку – Памяць!”.

Сяргей Панізьнік. Сяброўскі шарж Аляксандра Каршакевіча
Сяргей Панізьнік. Сяброўскі шарж Аляксандра Каршакевіча

Мой літаратурны настаўнік Рыгор Барадулін паспрыяў, каб мяне прынялі ў Саюз пісьменнікаў. Ён мяне натхняў на стварэнне новых паэтычных радкоў. Яшчэ напачатку 1967 года пераслаў  мне ў Львоў для бадзёрасці такі жарт: „Вершы твае з „ЛіМа” Валодзя Караткевіч чытае напамяць”.   У тым жа 1967 годзе ва Уруччы быў напісаны верш, які пачынаўся радкамі: „Зацугляю здзіклага каня, / каб узвіўся на лясной дарозе…”, а заканчваўся так:

Курганамі, па слядах падкоў

праляту, і шлях мой – некароткі

выглядзець праз млужніцу вякоў:

хамутоў не зналі коні продкаў,

не цярпелі коннікі акоў.

Калыхнуліся мае ногі, калі аднаго разу пры сустрэчы з Уладзімірам Караткевічам пачуў ад яго не звычайнае прывітанне, а з узмахам рукі вясёлы вокліч: „Хамутоў не зналі коні продкаў!” І так паўтаралася некалькі разоў.

Вось і падумалася, а як жа мне ўлагодзіць  прыязнага чалавека? У тым жа 1967 годзе напісаўся верш „Кругі застыглага рэха”. Пазначыў прысвячэнне: „Уладзіміру Караткевічу”. А сагравала стрэмкі душы сустрэча з ім яшчэ ў 1963 годзе: гэта ён запрасіў мяне з кіеўлянінам Рыгорам Піўтараком наведаць купалаўскую Вязынку.  Але чароўнае Купалле ўслаўлялася ў вершы не толькі полымем агнёў, але і рэхам, ачунелым на сонцы, ад  прачытаных  тэкстаў напатканага мною  незвычайнага Творцы:

На прыберагу вогнішчы палілі.

Узнёсла людзі размаўлялі з рэхам

затокаў выгінастае ракі

і парасніка па-над жоўтай стромай.

Але ад воклічаў, неасцярожных рухаў

з абрыву заструменіў жаўтапесак

цяжкім надавам на ўсплескі вогнішч.

І доўга шчэ курчавілі дымы,

з-пад жвіру завільжалага цурчэў

глыбінны жар на рыхлыя бугры.

І людзі, адыходзячы ў маўчанне,

адзначылі застыглым рэхам круг,

дзе толькі што спявалі свае песні.

Каб некалі шукальнікі ў раскопках

убачылі пад знятымі пластамі

адмеціны ад полымя агнёў,

узнялі несатлелае вуголле…

І выпусцілі з прысыпу жарствы

засмужаныя выгукі узлескаў,

вясноввы пах чаромхавай кары

і рэха, ачунелае на сонцы.

Верш „Кругі застыглага рэха” быў надрукаваны ў маім зборніку „Палявая пошта”, 1972 год. Я гэтую кніжачку падараваў Уладзіміру…

Гутарыў

Сяргей Чыгрын

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў красавіку

    980 – у 1044 г. пачаў княжаньне ў Полацку Усяслаў Брачыслававіч, званы Чарадзеем. Яго славутая дзейнасьць была апісана ў паэме „Слова аб паходзе Ігаравым”. 920 – у 1104 г. адбыўся вялікі паход кааліцыі князёў Кіеўскай Русі, арганізаваны Уладзімірам Манамахам на …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis