Pa prostu / Па-просту

  • Milicjanty ŭ Krynkach 1944-1948 (1)

    Z cyklu "Płacz zvanoŭ" (Cz. 26)

    Kali letam 1944 r. krasnaarmiejcy wyhnali zhetul hitleraŭcaŭ, polskija kamunisty paczali adrazu arhanizawać swaju właść. U Krynkach wybarczy schod zrabili 29 aŭgusta, a 6 sienciabra skampletawali użond hminy. U Archiwum Państwowym u Biełastoku je ŭstanoŭczyja pratakoły. Naznaczyli tedy adzinaccać czynoŭnikŭ dla użendu (usie jany byli… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Hapčyna vnučka

    Siête stałosie v marciovi.

    Porankami šče trochi moroziło, ale dniom sonečko dobre hrêło, sniêh davno rozstav napreč. Posliêdnich para dion pohoda była vže vesnianaja.Agata šparko išła z dočkoju na prystanok, vony vybralisie do Biłostoku do dochtora. Marjola raz-po-raz pudbihała, starajučysie pospiêti za materoju, a siête ne było takoje proste…. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS, Facebook i Telegram

Родам з Беласточчыны

Герой працы з Макаўлянаў

Антон Гічан

Не кожнаму ў савецкі час давалі званне Героя Сацыялістычнай Працы. Антону Гічану са Шчучыншчыны такое званне прысвоілі ў 1966 годзе.

Антон Гічан быў простым вясковым чалавекам, працаваў з ранку да вечара ў калгасе „1 Мая” Шчучынскага раёна. Спачатку яго прызначылі брыгадзірам, потым – загадчыкам вытворчага ўчастка, а затым – загадчыкам жывёлагадоўчай фермы.

Родам Антон Гічан быў з вёскі Макаўляны, што на Беласточчыне. Але пасля вайны разам з бацькамі пераехаў на Гродзеншчыну. Тут працаваў, меў нават за працу ордэн Працоўнага Чырвога Сцяга і бронзавы медаль ВДНГ СССР.

У пошуках звестках пра Антона Гічана, усё ж удалося мне знайсці на Шчучыншчыне яго сваякоў. Найперш я трапіў на сына Анатоля. Сын жыве з сям’ёй у вёсцы Тур’я недалёка ад Шчучына. Ён з вялікай ахвотай расказваў мне пра бацьку і яго лёс. Дарэчы, Анатоль вельмі добра размаўляе па-беларуску, чалавек дэмакратычных поглядаў. З ім можна размаўляць доўга на самыя розныя тэмы. Але сёння мы гутарылі толькі пра ягонага бацьку Героя Сацыялістычнай Працы Антона Уладзіміравіча Гічана.

– Спадар Анатоль, ці жыве Ваш бацька?

– Не, яго не стала ў 1987 годзе. Ён пражыў усяго 58 гадоў. Пахаваны на шчучынскіх могілках. А мама яшчэ жыве.

– А ці быў пасля Другой сусветнай вайны Ваш тата ў родных Макаўлянах?

– Калі пачалася Другая сусветная вайна, мой тата са сваімі бацькамі быў вывезены ў Нямеччыну. Там яны працавалі ў аднаго баўэра. Пасля вайны дамоў у Макаўляны яны не вярнуліся. Не ведаю толькі чаму. А прыехалі на Шчучыншчыну да сваякоў. Так там і засталіся. На Шчучыншчыне ён ажаніўся. У мяне яшчэ ёсць брат і дзве сястры. Здаецца, на Беласточчыне тата пасля вайны быў толькі адзін раз. Я ў Польшчы ніколі не быў, але вельмі хочацца пабываць на радзіме таты. Гічаноў там жыве шмат.

– Дык у чым справа?

– Магчыма я і сам вінаваты, бо вельмі шмат спраў. Але гэтыя справы ніколі не скончацца. А цяпер у вёсцы Тур’я пабудаваў для сям’і вялікі дом. Таксама часу не стае. Так і бягуць гады. І ўсё ж, я абавязкова пабываю на радзіме таты.

– А ці захаваліся ў Вас старыя фотаздымкі з Макаўлянаў?

– На вялікі жаль, не. Упершыню тата сфатаграфаваўся ў 1950-х гадах.

– Якой веры быў Ваш тата?

– Ён быў праваслаўны, а мама — каталічка. Тата заўсёды святкаў усе святы: і праваслаўныя, і каталіцкія. Але ў царкву тады, у савецкі час, хадзіў рэдка.

– Як ушаноўваецца памяць пра Героя Сацыялістычнай Працы сёння? Усё ж, не кожнаму тады давалі такое званне.

– Трохі памятаюць пра яго. У мясцовым райвыканкаме на стэндзе „Знакамітыя людзі Шчынскага раёна”  ёсць і яго імя. У раённай кнізе „Памяць” таксама тата згадваецца. Маме на вялікае свята адзін раз у год даюць за бацьку нейкую невялікую фінансавую дапамогу, але і яна гэтаму задаволена. Вось і ўсе згадкі.

Доктар медыцынскіх навук

Пётр Шыманскі

У архіве асабістых спраў Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта за 1971 год ёсць звесткі пра Пятра Іванавіча Шыманскага – кандыдата медыцынскіх навук. Гэта пазней ён стане доктарам медыцынскіх навук, прафесарам. Аказалася, што Пётр Шыманскі нарадзіўся 7 лютага 1928 года ў Беластоку. У 1953 годзе ён скончыў Брэсцкую фельчарска-акушэрскую школу, а ў 1959 годзе – Мінскі медыцынскі інстытут.

Пасля заканчэння інстытута Пятра Шыманскага накіравалі на працу ў Гродзенскі медінстытут. Спачатку ён працаваў  аспірантам, а потым асістэнтам кафедры нармальнай фізіялогіі гэтага інстытута. У 1967 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму „Аб асаблівасцях самарэгуляцыі сардэчна-сасудзістай сістэмы у здаровых сабак і пры эксперыментальнай пітуітрынавай гіпертэнзіі”.

У 1971 годзе Пятра Шыманскага запрасілі ў Другі Маскоўскі медыцынскі інстытут (цяпер Расійскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт) і ён пагадзіўся. Там наш зямляк абараніў доктарскую дысертацыю, стаў прафесарам. Апублікаваў дзесяткі матэрыялаў на розныя медыцынскія тэмы, напісаў некалькі кніг, манаграфій. Калі пералічваць назвы гэтых публікацый і кніг, то простаму чалавеку і далёкаму ад медыцыны, яны нічога не скажуць. Ну, напрыклад, „Ангіатэнзіатанаграфія ў эксперыменце і клініцы”, „Хранатропны і інатропны кампаненты кардыяльных рэфлексаў у ката” і іншыя.

У Расійскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт мне ўдалося датэлефанавацца і запытаць у рэктараце ўніверсітэта пра Пятра Іванавіча Шыманскага. На жаль, яго хатні тэлефон і адрас мне там не далі, але сказалі, што прафесар, нягледзячы на свой паважны ўзрост, яшчэ жыве.

Прафесар мінералогіі

Леанід Ячэўскі

Радзіма расійскага геолага, горнага інжынера, прафесара мінералогіі Екацярынаслаўскага вышэйшага горнага вучылішча Леанарда (Леаніда) Антонавіча Ячэўскага (1858-1916) – Беласточчына (канкрэтнае месца нараджэння пакуль даведацца не ўдалося). Тут прайшлі яго дзіцячыя і юнацкія гады.

У 1883 годзе наш зямляк скончыў Пецярбургскі горны інстытут. Пасля заканчэння інстытута, Леанард Ячэўскі праводзіў геалагічныя даследаванні ў Забайкальскай вобласці Расіі. Затым шукаў залатыя промыслы па прытоках ракі Анота і Урыка ў Іркуцкай вобласці. Актыўна займаўся пошукамі каменнавугольных месцазнаходжанняў у стэпах Кіргізіі.

Калі пачалося будаўніцтва Сібірскай чыгункі, Леанард Ячэўскі ўваходзіў у склад геалагічнай партыі, якая праводзіла даследчыя работы вакол сярэднесібірскага і байкальскага ўчасткаў Сібірскай магістралі.

У 1896 і ў 1897 гадах наш зямляк адкрыў вялікія мясцовыя месцазнаходжанні нефрыту ў басейне рэк Анота і Урыка Іркуцкай вобласці.

У канцы 1890-х гадоў у сувязі з жаданнем вырабіць саркафаг для рускага цара Аляксандра III, Леанард Ячэўскі паехаў у камандзіроўку на Саяны і шукаў спецыяльны камень для саркафага. Ён знайшоў такі камень, але ён не задаволіў царскіх чыноўнікаў і быў забракаваны. Засмучаны такім вынікам, спадар Янчэўскі пакінуў пошукі і стаў працаваць у Екацярынаслаўскім вышэйшым горным вучылішчы. Там стаў прафесарам мінералогіі, апублікаваў некалькі сваіх прац. Сярод іх – „Геалагічны нарыс залатых промыслаў каля зліцця рэк Аноты і Інгоды”, „Алібераўскае месцазнаходжанне графіту”, „Геатэрмічныя назіранні ў Сібіры” і іншыя.

В. Вярнадскі, сучаснік Ячэўскага, пісаў, што для Леанарда Ячэўскага „не было мяжы паміж практыкай і тэорыяй. Ён да пытанняў практыкі падыходзіў з навуковым метадам і браў адтуль пытанні, якія цікавілі жыццё, але ў той жа час і для навукі ставіў новыя задачы. Ён шмат зрабіў для пошукаў і вывучэння карысных выкапняў Сібіры, у прыватнасці золата”.

 Сяргей Чыгрын

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Календарыюм

Гадоў таму

  • у сьнежні

    – у 1595 г. казацкае паўстаньне С. Налівайкі ахапіла беларускія землі. Казацкія атрады занялі Слуцак, спалілі Магілёў. – ліквідацыя ў 1820 г. езуіцкага ордэна на беларускіх землях, Полацкай езуіцкай акадэміі ды іншых навуковых установаў. – 20.12.1840 г. у маёнтку Дэмбрава …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (119) – 14.12.1906 г. у Адэсе нар. Іна Рытар (па мужу Каханоўская), настаўніца, пісьменьніца, публіцыстка (пісала пад псэўдонімам Аляксандра Саковіч). З 1950 г. у ЗША. Пам. 8.01.1997 г. у Кліўлендзе.
  • (112) – 14.12.1913 г. у Ярэмічах на Наваградчыне нар. Сэрафім Жалезьняковіч, праваслаўны сьвятар. Закончыў Віленскую духоўную праваслаўную сэмінарыю ў 1935 г., у час вайны вучыў Закону Божага ў беларускай школе ў Гайнаўцы. Пасьля вайны служыў у Беластоку. Памёр 25.12.2004 г. Пахаваны на праваслаўных могілках на Выгодзе ў Беластоку. 

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары / Poprzednie numery

Усе правы абаронены; 2025 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com