Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    Za rasstreł kaniec kancoŭ nikoho nie abwinawacili

    Potym Jurczeniu na UB dapytwali jaszcze czatery razy. Na kaniec pry prysustwi prakuratara. Jurczenia szczacielno raskazwaŭ, jak zaŭdawaŭ Niemcam ludziej, jakich pośle rasstralali. Nadto nie piareczyŭ toża, kali pytali jaho, ci heto praŭda, szto świedczyli ludzi. Na kaniec 15 stycznia 1953 r. pryznaŭso da winy,…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    14. Chto vpravo, chto vliêvo, chto v błudy

    Posłuchavšy v radivi 13 hrudnia 1981 promovu generała Jaruzelśkoho razy dva-try, my z Gienikom R. i Janom G. vyryšyli, što nam u Varšavi nema sensu zmahatisie ni za socijalizm, ni proti socijalizmu, i postanovili evakuovatisie na Biłostôčynu. Zreštoju, šče pered południom toho samoho dnia administracija domów studenta ohołosiła zarządzenie, što studenty povinny pokinuti akademiki i jiêchati dochaty. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Расстраляныя: вяртанне з пекла

Частка пятая. Алесь Дудар – драматычныя спробы самасцвердзіцца

У мінулым нумары мы пачалі пісаць пра жыццё і творчасць пісьменніка Аляксандра Дайлідовіча, больш вядомага пад сваім асноўным псеўданімам Алесь Дудар.

Сто гадоў таму можна было стаць сапраўднай зоркай у літаратуры, тэатры, кіно ў 18-20 гадоў. Гэта быў час маладых і наш герой вельмі хацеў стаць папулярным, яркім, паспяховым, прытым, што ўсе дадзеныя ў яго былі.

У канцы 1924 года па запрашэнню Сянкевіча, які быў тады загадчыкам АПА Віцебскага акругкому, ён выехаў на працу ў рэдакцыю віцебскай газеты. Тут за месяц працы наш герой заснаваў віцебскую філію «Маладняка». Калі быць зусім дакладным, то філія была заснаваная: «У аўторак, 18-га лістапада, 1924 года. Аб’яднаньне рабоча-сялянскіх літаратурных сілаў Віцебшчыны вылілася ў форму Віцебскай філіі „Маладняка” з 5 чалавек на чале з А. Дударом. Было зроблена некалькі сходаў і два выступленьні: у доме асьветы і мастацкім тэхнікуме» (Сав. Бел. Серада, 18 лістапада, 1925).

Вокладка зборніка Алеся Дудара "І заласісцей і сталёвей..." (Менск, 1926)
Вокладка зборніка Алеся Дудара “І заласісцей і сталёвей…” (Менск, 1926)

Пасля месячнай працы ў Віцебску Алесь Дудар пераехаў у Полацак, дзе быў прыняты ў камсамол. Цэнтральнае Бюро «Маладняка» загадала яму заснаваць і там філію. Вясною ж, 1925 года, калі наш герой арганізоўваў полацкі Маладняк у яго выходзіць дэбютны зборнік „Беларусь бунтарская”, які застаўся адносна незаўважным. Напачатаку 1926 года Язэп Пушча пад псеўданімам Язэп Кудзер з сумам зазначаў: «Сучасная наша крытыка трэба прызнацца шчыра, мала ўвагі аддае зборнікам поэзіі нашых маладых песьняроў. Такое становішча ня спрыяе разьвіцьцю маладых талентаў, ня спрыяе поступу да новых дасягненьняў нашаму мастацкаму слову. Так вось і са зборнікамі Алеся Дудара. Выйшаў яго першы зборнік вершаў „Беларусь Бунтарская”. Ну, дзе і хто аб ім напісаў хоць два радкі?  Маўчаньне – а гэта-ж найвялікшыя моральныя мукі для поэты». Два радкі пра гэты зборнік напісаў толькі Адам Бабарэка ў артыкуле „Вясну радзіла восень” (Маладняк. 1925, № 7), дзе мімаходзь адзначыў, што «Ужо адазваліся ў мастацкіх вобразах гарадзкія рытмы „Па беларускім бруку” Андрэя Александровіча. Ужо пачынае ўбірацца ў новыя вопраткі „Беларусь бунтарская” Алеся Дудара. Па бруку горда ўжо рухае „Беларусь лапцюжная” Чарота. Выходзіць у сьвет маладняцкая проза Міхася Зарэцкага і Кузьмы Чорнага…» Усе згаданыя пісьменьнікі, апрача нашага героя, ужо ствараюць шэдэўры. У Алеся Дудара пакуль у гэтым зборнічку гучыць дэкларатыўнае: «Хто прайшоў – галаву павесіў./ (Міліёны пудоў у гадах)./ Ну, а я малады – мне весела /Разагнацца ў мяцежную даль…»

Але на самай справе юнаму паэту было не да смеху. І ня толькі таму што на яго першы зборнік асабліва ніхто не звярнуў увагі. Прычына была ў іншым. Як мы памятаем, у гэты час Алесь Дудар арганізуе ў Полацку філію „Маладняка”. У панядзелак, 11-га траўня, 1925 года наш герой піша: «У Цэнтральнае Бюро Ўсебеларускага аб’яднаньня паэтаў і пісьменьнікаў «Маладняк». Да гэтага часу затрымліваў справаздачу аб праробленай працы, бо спадзяваўся хоць трошкі падцягнуць філію: дужа брыдка было пісаць аб тым, што нічога не рабілася. Фактычна пасьля пленуму працы амаль што ніякай ня было. Быў праведзены ў горадзе адзін вечар творчасьці Чарота і мною лічна быў праведзены вечар «Маладняка» ў дзіцячым гарадку ім. Леніна ў Ветрынскім райёне. Першы вечар быў праведзены ў канцы сакавіка, другі – у пачатку красавіка. Далей, мне ўдалося правесьці гутарку з камсамольцамі ў горадзе Дрыссе. З таго часу мне ніяк не ўдавалася ў працягу трох тыдняў склікаць сход: абегаеш усіх, паведаміш, кожнаму паасобку раскажаш, што хай усе ня прыйдуць – адзін ён прыйсьці павінен – а на сход больш трох чалавек ня прыходзіць. Нарэшце ў апошнюю суботу ўдалося склікаць сход. У філіі лічыцца 13 чалавек – зьявілася 7».

У нядзелю, 31-га траўня, 1925 года, Алесь Дудар піша тады яшчэ свайму сябру і духоўнаму настаўніку Уладзіміру Дубоўку: «Уладзік! Філія фактычна распалася, і ў тым не мая віна. Філія паступова памірала і цяпер памерла зусім. Я нічога ня мог зрабіць». У гэтым жа лісьце выказвае і крыўду на Язэпа Пушчу: «…Пушча /…/ прыслаў мне цэлую анцімонію на 2 лістах, не сказаўшы нічога канкрэтнага. Перш усяго мяне пакрыўдзіў тон, узяты ім /…/. Мне здаецца, што ня шкодзіла гэтаму самаму Пушчы папрацаваць паўгода ў такой дыры, як Полацак, ня ведаю, што засьпяваў бы ён. /…/ Я настойваю /…/, каб на маё месца быў прысланы які-небудзь Пушча, які, не паказаўшы нічым сваёй працы, кідае папрокі мне».

Ні Уладзімір Дубоўка, ні Язэп Пушча, ні Анатоль Вольны (якога ён год таму вучыў беларускай мове і лічыў сябрам) не падтрымалі: «Вольны, прыехаўшы сюды, у Полацак, здорава прабраў мяне за тое, што я нічога не зрабіў. Прызнацца, я адчуваў сябе крыху вінаватым». 

Алесь Дудар злуецца. І не толькі на асобных таварышаў, але і на ўвесь пленум „Маланяка”: «Я думаў, што пленум дасьць мне напрамак – нічога ня даў. Я перачытываў усе пастановы пленуму – апрача некалькіх сказаў аб будаваньні наогул беларускай культуры, я не знайшоў нічога. Усё тыя ж, знаёмыя мне задачы, якія ставілі перад сабою мы, сабраўшыся 28 лістапада 1923 году ў цёмным пакоі ў будынку ЦК. Няма ніякай падставы для далейшага існаваньня Полацкай філіі, аб’яднаньня хлопцаў, якія зусім ня цікавяцца і ня могуць цікавіцца Маладняком. Вы ўжо раз абяцалі мяне ўзяць адсюль і вышла абяцанка-цацанка, а дурному радасьць. Дык я ўжо й не асабліва дабіваюся гэтага. ЦБ пра мяне ў гэтым напрамку ня думае, можа падумае хто іншы. Буду чакаць». 

У артыкуле „Полацкая філія „Маладняка” (Савецкая Беларусь, 20 чэрвеня, 1925 года) Алесь Дудар пісаў, што: «З часу пленума ЦБ філія перажывае крызіс, сходы адбываліся нерэгулярна, сябры на сходы не хадзілі, масавая праца была зусім закінута…» Праўда, наш герой спадзяецца, што «У далейшым праца полацкай філіі шырэй разгорнецца і будзе разьвівацца шпарка». 

Але спадзяванні засталіся толькі для заспакаення чытачоў „Савецкай Беларусі”. Рэальнасьць была іншай. Дудара нават не радавалі гастролі БДТ у Полацку, якія праходзілі ў гэты час (10-20 чэрвеня) і дзе паказваліся лепшыя пастаноўкі тэатра: „На Купальле”, „Пінская шляхта”, „Мешчанін у шляхецтве”. 

Было не да камедый. 

Як гэта і сапраўды крыўдна: адзін з настаўнікаў Алеся Дудара Зміцер Жылуновіч змог арганізаваць беларускае кнігадрукаванне ў Берліне, упэўнена кіраваў Беларускім Дзяржаўным Выдавецтвам. Уладзімір Дубоўка, быў лідарам беларускай літаратуры ў Маскве. Міхась Чарот – кіруе ўсім „Маладняком”, а ў гэтым жа 1925-м годдзе надзвычай ўдала арганізаваў творчы працэс у газэце „Савецкая Беларусь”, дзе ён стаў галоўным рэдактарам. А што Алесь Дудар? Нічога. Тупік. 

У жніўні 1925-га ён уцякае з Полацку ў Менск. Ратуецца  творчасцю. 

У сераду, 7-га кастрычніка, Алесь Дудар складае верш пад горка-іранічнай назвай „Трыумф”: «Гаварылі, сьмяяліся, плакалі,/ гандлявалі душой і целам…/ – Хто ня з намі – зацкаваць сабакамі,/ ня жыцьцё таму на свеце белым./ Можа кожны камень заіскрыцца,/ Будуць дзеці ад мяне ўцякаць./ Завядуць мяне людзі ў зьвярынец/ І напішуць:/ „Рукамі не чапаць /…/».

Многія вершы, якія Алесь Дудар складаў у гэты перыяд, стануць асновай яго другой кнігі вершаў „Сонечнымі сьцежкамі”. У канцы 1925 года гэтая кніга выходзіць у друк. Праз пяць гадоў, будучы арыштаваным, на допытах, Алесь Дудар так згадае той перыяд: «Я трапіў у сфэру замкнутага літэратурнага жыцьця, часамі пераходзячага ў багэму». І багема нашаму герою дапамагла. Кніга зьдзіўляе рознастайнасьцю тэмаў. Тут былі вершы пра нашых знакамітых гістарычных дзеячоў Францішка Скарыну, князя Гэдыміна, Кастуся Каліноўскага. Былі вершы пра сучасны Менск і вёску, пра свае перажываньні, пачуцьці і думкі. Былі сапраўдныя шэдэўры, як напрыклад верш „Цені”: «Ах, цені, цені… Паляглі вы/ усходняй казкай на асфальт…/ Сплылі разьлівам він гульлівых/ на думак адзьвінеўшы жаль./ І я, як вы, блудзіў па сьвеце,/ туляўся ў выбаінах зор./ Мне ў вочы кідаў вецер смецьце/ старых, забытых абразоў /…/». 

У першым нумары часопіса „Маладняк” за 1926 год Язэп Пушча, на якога быў пакрыўджаны, як мы памятаем Алесь Дудар, напісаў рэцэнзію на гэтую кнігу: «…Алесь Дудар падыходзіць да жыцьцёвых праяў і падзей усебакова, з чулым замілаваньнем мастака, дапаўняючы ўсё гэта індывідуальнымі перажываньнямі і настроямі. Ён імкнецца зьліць у вадну сугучнасьць жыцьцё і сваю істоту, гэта дае нам упэўненасьць, што Алесь Дудар сонечнымі сьцежкамі выйдзе на прасторны сонечны шлях сваёй творчасьці».

Пачатак 1926 года вымалёўваецца ў Алеся Дудара вельмі няблага. Ён актыўна друкуе вершы ў часопісе „Маладняк” ды менскіх газэтах, пачынае працаваць літаратурным сакратаром у Цэнтральным Бюро „Маладняка”, а напачатку 1926-га выпускае асобнай кнігай паэму пра рэвалюцыйную барацьбу ў Кітаі „Шанхайскі шоўк”. Крытыка адзначала, што Алесю Дудару цесна ў межах роднай этнаграфіі, яму хочацца пісаць пра ўвесь свет. Але, думаецца, што нашаму герою пачало станавіцца цесна і ў рамках пралетарскай паэзіі. Яго цягнула ў бок эстэтычных пошукаў Максіма Багдановіча, у бок еўрапейскай паэзіі. У гэты час многія беларускія маладыя паэты пачалі цікавіцца не тым пра што пісаць, а як пісаць. 

У кастрычніку 1926-м года Алесь Дудар выпускае адзін з лепшых паэтычных зборнікаў не толькі сваіх, але і ўвогуле ў беларускай паэзіі, які назаве мілагучна „…І залацісьцей і сталёвей…”. На гэтую кнігу ў нашага героя былі вялікія спадзяванні. Зараз, калі гартаеш яе, то здзіўляешся яе паэтычнай ажурнасці, тонкасці. Узнікае ўражанне, што яна была выдадзена ў нейкім шчаслівым міжчассі, калі ідэалогія не мае ніякай ўладай над праўдзівым паэтам. Менавіта ў гэтай кнізе Алесь Дудар па-сапраўднаму прыслухаўся да самога сябе, як да паэта-эстэта і аддаўся свайму натхненьню напоўніцу, што, напрыклад, бачна ў шэдэўры „Dies irae, dies illa…”: «Рым і Эляда заснулі ў палёце гадоў і стагодзьдзяў./ Мохам спавіты Акрополь, руінаю стаў Капітолі./ Мірна гандлююць алівай патомкі Гамэраў і Брутаў./ Мора нязьмерную гладзь прасьвярлілі наўсьцяж браняносцы./ Дзень немінучага гневу, гадзіна вялікіх змаганьняў/ Будуць грымець і чакаць сваіх срэбраструнных Гамэраў;/ Толькі ня тых, што хрыпяць пра жалезабетонны Акропаль,/ Ды барабанамі глушаць срыбрыстыя думкі і песьні./ Дзень неабдымнага гневу, грознай як сьмерць навальніцы/ Можна пазнаць толькі ў песьні, нежнай, як майскае раньне./ Будзе і радасьць, і шчасьце!/ І гнеў буйнарадасны будзе…/ Шкода, што Рым і Эляда…/ заснулі ў тумане стагодзьдзяў».

У траўні 1926 года ў беларускай літаратуры ўтвараецца новая літаратурная арганізацыя «Узвышша». Яе сябры: Кузьма Чорны, Уладзімер Дубоўка, Адам Бабарэка, Змітрок Бядуля і некаторыя іншыя, стомленыя ад таго, што ў «Маладняку» пачынаюць пераважаць грымліва-пралетарскія рыфмы і рытмы, а ідэалогія перамагае мастацтва, вырашылі стварыць першую ў нашай літаратуры эстэцкую, інтэлектуальную літаратурную групу. 

Алесь Дудар чакаў, прыглядаўся. Ён спадзяваўся, што і яго паклічуць у гэтую новую арганізацыю. 

«Узвышша» у адрозненні ад «Маладняка» не брала ў свае шэрагі абы-каго. Толькі лепшых з лепшых. А наш герой пасля сваёй апошняй кнігі хіба не лепшы з лепшых? 

Але мары сутыкнуліся з рэальнасцю. 

Выхад яго новай кнігі «І залацісьцей і сталёвей…» нараджае шквал крытыкі – прычым як з боку «чужых», так і з боку «сваіх». Пачынаючы з надта смелай вокладкі, на якой змешчаны выявы дзьвух аголеных дзяўчын, і праз увесь зборнік у кнізе Дудара знаходзяць усе магчымыя грахі: адыход ад рэвалюцыйнай тэматыкі, буржуазныя ўхілы, ясеніншчыну, сумныя настроі, немагчымыя сярод шчасця сацыялістычнага будаўніцтва. Але самае крыўднае, было тое, як адрэагавалі на яго зборнік узвышаўцы. «Рукаблудным паэтай» называе Алеся Дудара ўзвышаўскі крытык Адам Бабарэка. 

Рукаблудны паэта… Як гэта крыўдна, ганебна! Гэта разрыў. Канчатковы. 

У наступным, 1927 годзе, наш герой амаль не складае вершаў, але затое выпускае празаічны зборнік «Марсэльеза». 

Колькі тут болю, нарванасці, неўрастэнічнай экзальтацыі і, што самае галоўнае, горычы, крыўды. 

Камандзір чырвонага атрада расстрэльвае маладую шляхцянку («Фальварак «Падмошша»), народны мсціўца Ігнат хапае «панскае дзіцянё за ногі, сьценку крывёю абліў» («Казка»), просты мужык Янук жыўцом спальвае прыгажуню пані Лясоцкую, толькі за тое, што тая спакусіла яго на пасцельныя ўцехі («Пані Лясоцкая»). Што самае цікавае, Дудар тут на баку гэтых няшчасных, лёсам пакрыўджаных вар’ятаў і маньякаў, якія збольшага бяздумна рэжуць, паляць, забіваюць. Такое адчуванне, што ён разам з імі знішчаў сваю любоў да былога сябра і настаўніка Дубоўкі, былых сяброў Язэпа Пушчы, Адама Бабарэкі ды іншых. Адмоўныя героі тут, падкрэслена падступныя, арыстакратычна-вытачаныя, фанабэрлівыя, ілжывыя. Чым Дубоўка і яго «ўзвышаўская хеўра» лепшая за іх? Хіба не вартыя яны помсты? І з’яўляюцца на старонках «Савецкай Беларусі» брутальна-бескампамісныя допісы крытыка Тодара Глыбоцкага. Алесь Дудар. Тонкі, інтэлігентны, паэт-эстэт ператвараецца ў інфернальнага Глыбоцкага, проста як ператварэньне доктара Джэкіла ў містэра Хайда.

Схаваўшыся пад новым псеўданімам наш герой піша пагромныя артыкулы: «Аб «Фальшы камэртонаў», «Пад шыльдай пролетарскай літаратуры», «Дэпешы без адрасу», «Я ўсім чужы», «Літаратурныя сэктанты», дзе палымяна даказваў, што эстэтыка «Узвышша» мае яскрава антысавецкі характар, кнігі гэтых паэтаў бяздарныя, а самім ім не месца ў нашым шчасліва-пралетарскім грамадстве. Уся гэтая пубіцыстыка затым была ім сабраныя ў 1927-м у зборнік «Пра нашы літаратурныя справы». Апагеем яго змагання з эстэтыкай «Узвышша» стала апавяданне «Вецер з Усходу», надрукаванае ў «Полымі» (1928 г., № 4). Тут ён у падкрэслена-карыкатурным выглядзе вывеў Дубоўку з Пушчам гэткімі змеямі-спакуснікамі, чые вершы, як наркотыкі адурманьваюць наіўную беларускую моладзь і даводзяць яе да маральнай пагібелі.

Гэта пачалася сапраўдная, жорсткая вайна. Несправядлівая, без правілаў, без усялякага, нават самага аддаленага жадання зразумець адзін аднаго. Усё гэта прывядзе да трагічных наступстваў і тым ліку і для Алеся Дудара. Але пра гэта ў заключным артыкуле, прысвечаным гэтаму цудоўнаму, неадназначнаму творцу.

Васіль Дранько-Майсюк

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У сакавіку

    – забойства язычнікамі ў 1250 г. ігумена Лаўрышаўскага манастыра, прападобнага Елісія, кананізаванага як сьвяты Беларусі. – 31.03.1785 г. у Варшаве памёр Антоні Тызэнгаўз (нар. у 1733 г. у Новаельні на Гродзеншчыне), палітычны і грамадзкі дзеяч ВКЛ, асьветнік, з 1765 г. …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (240) – 31.03.1785 г. у Варшаве памёр Антоні Тызэнгаўз (нар. у 1733 г. у Новаельні на Гродзеншчыне), палітычны і грамадзкі дзеяч ВКЛ, асьветнік, з 1765 г. падскарбі надворны літоўскі, гродзенскі стараста. Быў ініцыятaрaм развіцьця прамысловасьці, рамяства і культуры ў Гродне, пазьней – у Паставах, дзе правёў апошнія гады жыцьця. Пахаваны ў Жалудку.
  • (56) – 31.03.1969 г. пам. у Чыкага (ЗША) Мікола Шчаглоў-Куліковіч (нар. 4.04.1893 г. на Смаленшчыне) кампазытар, этнограф, паэт. Выпускнік Маскоўскай Кансэрваторыі. Працаваў настаўнікам музыкі, з 1939 г. быў дырыжорам сымфанічнага аркестра Усебеларускага Радыёкамітэту ў Менску. У час нямецкай акупацыі займаўся творчай працай у Менску. З 1950 г. жыў у ЗША. У 1950 г. заснаваў у Нью-Ёрку беларускі хор, потым  кіраваў беларускімі хорамі ў Кліўлендзе й Чыкага. Пакінуў вялікую музычную спадчыну; быў аўтарам опэр, сымфоній, вакальных твораў, апрацовак народных песень. Пахаваны на могілках сьв. Адальбэрта ў Чыкага.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2025 Czasopis