Pa prostu / Па-просту

  • Szucman z Nowaj Wioski

    Z cyklu "Płacz zvanoŭ" (Cz. 25)

    – Trzeba, żeby wszyscy Polacy chwycili się za prawo, bo jeśli Białorusy wezmą władzę w swoje ręce, to wszystkim będzie źle… Usim wiadomo, szto kali wosieniaj 1939 roku sawiety zajmali Zachodniuju Biełaruś, z wielkaj radaściu prywitali ich asobienno prawasłaŭnyja. Heto mieło swaje pryczyny, bo pad…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Hapčyna vnučka

    Siête stałosie v marciovi.

    Porankami šče trochi moroziło, ale dniom sonečko dobre hrêło, sniêh davno rozstav napreč. Posliêdnich para dion pohoda była vže vesnianaja.Agata šparko išła z dočkoju na prystanok, vony vybralisie do Biłostoku do dochtora. Marjola raz-po-raz pudbihała, starajučysie pospiêti za materoju, a siête ne było takoje proste…. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Успамін

Рака Нараўка

Мая вёска Новае Ляўкова Нараўчанскай гміны Гайнаўскага павета знаходзіцца непапдалёк ад Белавежскай пушчы ды ад спакойнай ракі Нараўкі.

Добра памятаю яе з часоў майго дзяцінства. Было гэта 60 гадоў таму. Якая была тады рака, найлепш помню яе ў летнюю пару. Тады я з братам Кастусём хадзіў лавіць рыбу і купацца ў рэчцы. Падвечар па нядзелях на драўляны мост каля Падляўкова прыходзілі дзяўчаты і хлопцы з Новага Ляўкова, Лазовага, Падляўкова, Сушчага Барка і Ахрымоў.

Рэчка Нараўка была тады акаймаваная зараснікамі вербалозу, чаромхі і парэчак. На яе берагах высіліся вольхі і вербы. Вада была чыстая-чыстая. У сонечны дзень відаць было жоўты пясок на яе дне і водныя расліны. Было 5-6 відаў рыб і былі ракі. У кустоўі гнездавалі птушкі. Прыляталі дзікія качкі. Калі над рэчкай было ціха, паказваліся малыя жоўценькія качаняты. У сонечны дзень было выразна відаць, як плоткі, акуні і іншыя рыбы плавалі статкамі або на момант выплывалі на паверхню вады за мухай або камаром. 

Каб налавіць плотак, акунёў, шчупакоў і язяў дастаткова было мець вуду і прынаду чарвяка, пшытку або хлеб. Мы найчасцей хадзілі з вудамі у г.зв. ралы, дзе ў Нараўку ўплывала рачулка Баброўка. Тут у пагодлівыя летнія дні мы праседжвалі да ночы. Вечарам, калі ад ракі дыхнула холадам, распальвалі вогнішча. Мае сябры лавілі рыбу рукамі з-пад навісшых над вадою берагоў ды з-пад з кустоў вярбы і алешніку. 

Гэты здымак ракі Нараўкі зрабіў я 10 чэрвеня гэтага года. Каля гэтак званага капітанскага моста (ён на рацэ каля вёсачкі Капітаншчына) рака нагадвае мне крыху тую ранейшую. У той дзень я ўбачыў на яе беразе вудзільшчыкаў.
Гэты здымак ракі Нараўкі зрабіў я 10 чэрвеня гэтага года. Каля гэтак званага капітанскага моста (ён на рацэ каля вёсачкі Капітаншчына) рака нагадвае мне крыху тую ранейшую. У той дзень я ўбачыў на яе беразе вудзільшчыкаў.

Прыпомнілася мне мая першая рыбалка. Лавіць рыбу браў мяне з сабой бацька. Вуды былі – доўгі лешчыновы кій, валосіны з конскага хваста замест г. зв. жылкі, паплавок з гусінага пяра і кручок. 

Што мы тады ведалі пра раку? Усяго толькі, што плыве яна недзе ад вёскі Нараўка, дзе быў драўляны мост і вадзяны млын. Пасля даведаліся, што Нараўка плыве цераз Белавежскую пушчу і свой пачатак бярэ за мяжой Польшчы ў Беларусі, а там недзе з балоцістых мясцін названых Дзікім Нікарам. Рэчка ў некаторых месцах, між іншым, каля Нараўкі, Плянты, Новага Ляўкова і Капітаншчыны звілістая. 

Рака Нараўка захавалася найбольш натуральная, месцамі дзікая. Падчас вясенніх паводак яна выступае з берагоў і залівае прасторныя набярэжныя лугі. Калі ўступала зноўку ў свае берагі, мы лавілі шчупакоў на выгане. Падчас веснавых і асенніх паводак у пяцідзесятых гадах па Нараўцы яшчэ сплаўлялі пушчанскія бярвенні. Я бачыў, як плылі арэльшчыкі на павязаных бярвеннях на г. зв. гленях.

60 галоў таму я рабіў фотаздымкі і дасылаў іх у „Ніву”. У беларускім штотыднёвіку можна іх знайсці і палюбавацца той ранейшай прыгажосцю пушчанскай ракі. У 1961 годзе ў вераснёвым нумары „Зоркі” (дзіцячым дадатку да „Нівы”) быў мой здымак прыгожага новаляўкоўскага става на Баброўцы, прытоку Нараўкі. На яго берагах раслі тоўстыя вольхі. На Баброўцы быў вадзяны млын з вялікім драўляным колам і глыбокі стаў. Побач става быў яшчэ меншы ставок, якога глыбіні ніхто не мог памераць. Старажылы расказвалі мне пра тапельцаў. Былі такія, якім хацелася разгадаць тайну гыбокай ямы. Паводле легенды, у стаў багаты новаляўкоўскі памешчык укінуў сундук з золатам для захаваання. 

Многа гадоў ніхто не адважыўся пераплысці цераз гэты стаў-бухту. І вось – я быў сведкам – у адну ліпеньскую гарачую нядзелю сюды прыйшлі мужчыны з калёніі Новага Ляўкова з доўгай сеткай лавіць рыбу. Для большай адвагі раней выпілі па шклянцы самагонкі. Адзін з іх быў асабліва адважны. Пацягнулі сець. Адзін смяльчак паплыў пры сеці і пераплыў бухту! Калі выцягнулі сець, у ёй затрапятала многа рыб і найбольшая плотка, якую мне ўдалося пабачыць.

У мінулым стагоддзі берагі Нараўкі былі ў зарасніках. У іх зімой хаваліся курапаткі і зайцы. Толькі вечарам зайцы скакалі да стагоў духмянага сена. Курапаткі забягалі нават на сялянскія панадворкі. Цяпер берагі „голыя” , між іншым, за справай баброў. 

Зараз гэта ўжо не тая рака, якая была раней. Яна памялела. На берагах няма кустарнікаў пахучай у маі чаромхі, язміну і парэчак. Дзе падзелася рыба?.. Няма і тых ранейшых маіх сяброў па рыбалцы. Час няспынна плыве і плывае як вада ў рацэ. Мне шкада, што так хутка праляцелі гады і часу не вернеш. 

Тэкст і фота Янкі Целушэцкага

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Календарыюм

Гадоў таму

  • у чэрвені

    – у 1519 г. Францыск Скарына выдае ў Празе Кнігу Руф, Кнігу Эсфір, Кнігу Плач Іяэміі. – 28.06.1660 г. войскі Вялікага Княства Літоўскага і польскія разбілі каля вёскі Палонка Слонімскага павету войскі расейскага агрэсара (камандуючы Іван Хаванскі). – 7.06.1825 г. …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (163) – у чэрвені 1862 г. выйшаў, праўдападобна надрукаваны ў Беластоку, першы нумар „Мужыцкай праўды” – першай, нелегальнай, рэвалюцыйнай газэты на беларускай мове. Было выдадзеных сем нумараў.
  • (116) – 27.06.1909 г. у вёсцы Звоня на Віцебшчыне нар. Сяргей Знаёмы (сапр. Клопаў), беларускі пісьменьнік. Закончыў літаратурна-лінгвістычны факультэт Вышэйшага Пэдагагічнага Інстытута (1930), працаваў выкладчыкам у Барысаве, з 1936 г. – літаратурным рэдактарам на Беларускім радыё.
  • (100) – 27.06.1925 г. у Нізку Узьдзенскага раёна на Меншчыне нар. Лідзія Арабей, беларуская пісьменніца і літаратуразнавец, у 1956 г. выдала даследаваньне „Цётка (Алаіза Пашкевіч)”, аўтар зборнікаў аповесьцяў і апавяданьняў, м. інш.: „Мера часу” (1962), „Экзамен” (1963), „Ваўчкі” (1972), „Паласа дажджу” (1984), „Пошукі кахання” (1987).
  • (81) – 27.06.1944 г. адбыўся ў Менску ІІ Усебеларускі Кангрэс, скліканы Беларускай Цэнтральнай Радай. Удзельнічала ў ім 1039 дэлегатаў з розных беларускіх асяродзьдзяў з тэрыторыі Эўропы акупаванай немцамі. Кангрэс аб’явіў сябе ворганам, які працягвае палітычныя традыцыі Беларускай

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2025 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com