Ёсць памылковы погляд, што ў 1930-ыя гады ў беларускай літаратуры нічога значнага не стваралася, бо страх перад рэпрэсіямі заглушаў у нашых творцаў усе іншыя пачуцці. Падобная думка абвяргаецца, калі мы пачынаем чытаць прозу Платона Галавача, чый літаратурны росквіт прыпаў менавіта на гэты трагічны перыяд. 18-га красавіка Галавачу споўнілася б 120 гадоў. Апошні раз яго збор твораў у трох тамах друкаваўся ў 1958 годзе, сёння гэты пісьменнік, можна сказаць, цалкам забыты. Але, зрэшты, мо і не вярта яго згадваць, бо не такія ж дурні нашы літаратуразнаўцы, крытыкі і выдаўцы, што не папулярызуюць творчасць нашага героя?
Платон Галавач займаў высокія пасады. Ён быў і першым сакратаром ЦК ЛКСМБ, і рэдактарам газеты «Чырвоная зьмена», і намеснікам наркама асветы БССР. Акрамя таго, з’яўляўся адным з кіраўнікоў літаратурных арганізацый «Маладняк», БелАПП, рэдагаваў часопісы «Маладняк» і «Полымя». На першы погляд – тыповы савецкі начальнік, які займаў ідэалагічна правільныя пазіцыі і мусіў абслугоўваць партыю, як выразнік яе інтарэсаў.
Калі ў другой палове 1920-х гг. маладыя беларускія пісьменнікі з безразважлівай неабачлівасцю патаналі ва ўзаемных літаратурных спрэчках і сварках, калі распачыналіся сапраўдныя культуралагічныя ды ідэалагічныя войны, то адным з самых актыўных удзельнікаў дыскусій і дыспутаў быў Платон Галавач. Ён выступаў у канцы 1920-х супраць «Узвышша» і Міхася Зарэцкага. Называў Фета, Бальмонта, Ахматаву «адрыжкамі мінулага», параўноўваў іх са «старымі заляжалымі ўборамі, якія сьмярдзяць нафталінам…» (цытата з артыкула «Сарваць маску!» // «Савецкая Беларусь», 1929, № 298). Быў шчырым ленінцам і ў адным артыкуле (праўда, з пэўным гумарам) пісаў, што лепей купіць творы Леніна чымся шкарпэткі: «Па вуліцы Карла Маркса [ідзеш з чатырма рублямі стыпэндыі], потым улева па Ленінскай, да каапэратыву. Управа кніжны магазын Наркамасьветы. У вітрыне /…/ „Ленина статьи и речи”, „РКП в резолюциях”. У вачох /…/ аганёк… На вуліцу з зьвязкай кніг, з паўрублём у кішэні /…/ – Наскі вось колькі каштуюць? – 40 капеек. – Гм, дарагавата…» (П. Галавач. «Партшколец» (Жыцьцёвы малюнак). // «Савецкая Беларусь», 1925, № 122). Захапляўся таксама наш герой і „выхаваўчай” работай работнікаў ГПУ. У нарысе «Ад Мядзведжай гары да Белага мора» (1934) пісаў пра вельмі чалавечнае стаўленне супрацоўнікаў гэтага ведамства да зняволеных: «На Беламорбудзе было сабрана некалькі дзесяткаў тысяч былых злачынцаў… Да іх у лагеры АДПУ аднесліся як да людзей, паказалі мэту, вартую вялікай адвагі і геройства … забяспечылі вопраткай, харчамі, вучобай і навучылі працаваць…»
Але разам з тым Платон Галавач, як ніхто з тагачасных беларускіх пісьменнікаў канца 1920-х – пачатку 1930-х гг., здзіўляў і чытачоў, і крытыку непрыхаванай змрочнасцю ўласных твораў. У яго навелах, апавяданнях і аповесцях мы не знойдзем бестурботнай радасці і апявання светлай будучыні. А ўва многіх газетных і часопісных артыкулах праяўляюцца яскравыя ноткі апазіцыйнасці.
Напрыклад, Галавач засмучаўся, што савецкі ўрад забываў пра патрэбы вёскі: «Разьвіць і палепшыць гаспадарку ёсьць моцнае жаданьне і ў сялянства, і ў беднаты. /…/ Але ў нас яшчэ многа непаваротлівасьці, неарганізаванасьці ў працы /…/ Пасьля сходу мне старык-селянін казаў: «у наш куток рэдка людзі заходзяць. За колькі год першы раз агранома бачым і просім яшчэ, каб вэтэрынар прыехаў» (П. Галавач. «У кутку». // «Савецкая Беларусь», 1929, № 4).
Папярэджваў кіраўніцтва партыі, што яе палітыка выклікае скепсіс у камсамольцаў: «Скрыўленьні парткіраўніцтва параджаюць у актывістых комсамольцаў настроі перагляду сыстэмы парткіраўніцтва, такія настроі зьяўляюцца шкоднымі для комсамолу, такія настроі супроцьпастаўляюць комсамол партыі» (Прамова тав. Галавача. Парткіраўніцтва патрабуе палепшаньня. // «Чырвоная зьмена», 1928, № 57).
Лічыў, што тагачасная палітвучоба толькі шкодзіць: «Політвучобай мы часта сушым людзей, а не рэволюцыянэраў выхоўваем. Мінулую барацьбу рабочых і сялян выкладаем суха, схэматычна» (П. Галавач. «Вынікі Усебеларускага і Ўсесаюзнага зьездаў ЛКСМ». // «Чырвоная зьмена», 1928, № 57).
У літаратурных творах Платона Галавача пануе туга, трывога, востры сум, прадчуванне бяды і вялікая незадаволенасць рэчаіснасцю. Знарочыстая адсутнасць радасці ў яго прозе злавала тагачасных літаратурных экспертаў. Вядомы мовазнаўца і крытык Мікола Байкоў з непрыхаваным раздражненнем пісаў: «…ценевыя бакі блізка што зусім засяняюць сьветлыя зьявы рачавістасьці; …блізка што не выяўляюцца дадатныя бакі комуністычнага будаўніцтва ў вёсцы. /…/ Няможна ў працягу бітых шасьціямі гадзін чытаньня кніжкі даваць больш ценевыя бакі нашай рачавістасьці і толькі на 2–3 хвіліны выводзіць на сцэну ідэальных прадстаўнікоў новага ладу» (М. Байкоў. «Платон Галавач. „Дробязі жыцьця”». // «Полымя», 1927, № 3). Крытык Б. Каваленка абурана адзначаў, што ў творчасці Платона Галавача адчуваецца «…уплыў дробнабуржуазнага аб’ектывізму, паглыбленьне ў індывідуалістычную псыхалёгію…» Аналізуючы яго апавяданне «Уцякач» Каваленка з вялікім запалам піша: «…дэзэртыр у апавяданьні „Уцякач”… нічым дрэнным не адрозьніваецца ад сваіх таварышаў-чырвонаармейцаў і калі ўцякае з фронту, то толькі пад уплывам „жахаў вайны”, якія ня можа вытрымаць яго „тонка арганізаваная псыхіка”. Мы бачым у ім простага чалавека, які пратэстуе супраць бессэнсоўнага зьніштажэньня сваёй асобы, які стыхійна любіць жыцьцё і ўсё жывое /…/ аўтар не выкрывае клясава-варожай існасьці дэзэртырства, і таму сам расстрэл зьяўляецца проста жорсткасьцю… У аповесьці „Вінаваты” аўтар дае „трагэдыю” партыйца, сацыяльна-чужога паходжаньня, [якога] выключаюць за соцыяльнае паходжаньне: бацька да рэвалюцыі служыў у ахранцы /…/ „Праблема” не асабліва характэрная, а галоўнае, не асабліва значная для інтарэсаў клясавай барацьбы пралетарыяту. /…/ бацька-ахраньнік па ходу дзеяньня прадстаўлены ня дрэнным чалавекам, які толькі дзякуючы сваёй нявопытнасьці „паступіў на службу” ў ахранку» (Б. Каваленка. «Платон Галавач» // «Маладняк», 1932, № 2–3).
Так, Платон Галавач не хаваў свайго здзіўляльнага жадання заступацца за тых, хто па логіцы з’яўляўся «ворагам народа». Ад яго чакалі бязлітасна-пракурорскіх допісаў, а ён быў адвакатам тым бедакам, якія з’яўляліся лішнімі людзьмі падчас першай хвалі рэпрэсій пачатку 1930-х гг.
Калі толькі пачыналі крытыкаваць і абвінавачваць маладых Яна Скрыгана альбо Масея Сяднёва, менавіта Платон Галавач падстаўляў ім плячо, натхняў, ратаваў.
Масей Сяднёў згадваў: «У маёй душы сьпелі вершы, якіх бы ніхто і ніколі ў той час не надрукаваў. Больш таго, прачытаць іх каму-небудзь было б вар’яцтвам. Аднойчы ўсё ж я прачытаў паэту-камсамольцу Аркадзю Куляшову /…/ Куляшоў даў мне рэцэпт: „Табе, братка, трэба лячыцца! Ты захварэў на небясьпечную хваробу”. /…/ Як апечаны, пайшоў ад яго. /…/ Празь некалькі дзён я прачытаў гэтыя вершы Платону Галавачу. У яго я знайшоў падтрыманьне. У маіх вершах Платону Галавачу спадабалася „ўзвышанае, журботнае”. У яго было такое перакананьне, што мастак без гэтага – як без душы» (Масей Сяднёў. Выбраныя творы. 2014).
Міколу Хведаровічу Платон Галавач скардзіўся, што «творы Зьмітрака Бядулі не атрымліваюць добрую ацэнку» і абзываў крытыкаў, якія ганяць Бядулю, «недаваранымі» (М. Хведаровіч. «Памятныя сустрэчы». 1977). Ян Скрыган успамінаў, што пасля разгромнага артыкулу на ягоныя нарысы «Галавач /…/ без ніякіх ваганняў стаў на абарону. Ён увайшоў у камісію па вывучэнню справы і не адступіўся, пакуль не дамогся, каб давесці, што ў рэцэнзэнта рукі нячыстыя». (Ян Скрыган. «Некалькі хвілін чужога жыцця». 1990). У лісце да расійскага літаратара Уладзіміра Лідзіна Платон Галавач пісаў: «Ёсць у нас пісьменнік Сымон Баранавых. У час юбілею Янкі Купалы ён напісаў нацыяналістычную імпрэсію „Матчын сын” /…/ Больш нацыяналістычных грахоў у С. Баранавых няма. /…/ Але ў нас вакол яго створана недапушчальная атмасфера. Да напісання імпрэсіі ён здаў у Дзяржвыдавецтва кнігу „Муравейнікі” /…/ Пасля грэхападзення кнігу Бэндэ друкаваць забараніў і патрабуе з аўтара аванс, які той атрымаў. Яе чыталі некалькі рэдактараў. Ні адзін не сказаў, што кніга нявартая, але ні адзін не адважваецца [заступіцца], таму што Бэндэ яе зняў /…/. [Ул. Хадыка] вельмі здольны паэт. /…/ Яго зборнік, які быў ужо надрукаваны, затрымалі, таму што ў ім ёсць 2-4 радкі, дзе ёсць нібыта шкадаванне да кулака. Другі зборнік „Глыбокае рэчышча” быў дазволены, [але] Клімковіч, як рэдактар, не дазволіў друкаваць па той прычыне, што многія вершы былі для яго незразумелыя… Зборнік перад тым рэдагаваў я. Ведаю, што ў зборніку нічога шкоднага няма. Ёсць вершы, якія даступны толькі кругу кваліфікаваных чытачоў, дык іх, у крайнім выпадку, можна было б выкінуць /…/ Я раіў гэтак аўтару, і ён быў ужо згодны, але калі аўтар папрасіў у Дзяржвыдавецтва вярнуць яму зборнік для перагляду, Бэндэ не аддаў яго… Больш бяздушных адносін да чалавека цяжка прыдумаць…» (5 красавіка 1934 году, ліст да Уладзіміра Лідзіна. / Д. Бародзіч. Пісьмы Платона Галавача. // «Полымя», 1963, № 4).
У 1935 годзе Платон Галавач дазваляў сабе крытычныя выпады на такія «святыя» рэчы, як «сацыялістычны рэалізм». Напрыклад, у артыкуле «Ці патрэбна нам навэла?» выказвае такія «рэакцыйныя думкі»: «У нас, на старонках газет … вы знойдзеце навэлу пра лепшую даярку, пра лепшага свінара, конюха. З навэлы вы можаце, верачы словам аўтара, даведацца, што даярка і свінарка і конюх у калгасе амаль раней за ўсіх ідуць на працу і пазней прыходзяць з працы, што ў іх свінарніку і ў хляве чыста … не даведаецеся вы ніколі затое таго, якія ж у герояў фізіяноміі, які ў іх склад мыслення, якія страсці, жаданні, пачуцці, імкненні. /…/ Часта рэдактары не глядзяць, ці ёсць у апавяданні думка, вобраз, пачуццё, а задавальняюцца тым, што ёсць тэма. У нас часцей гавораць пра добрыя тэмы і пра вялікія ідэі, а не пра добрыя творы».
Платон Галавач пакутваў у 1930-я гады ад падобнай адсутнасці шматгранных, псіхалагічна глыбокіх твораў. Плакатнасць тагачаснай літаратуры яго асабіста эстэтычна абражала, а таму ў апавяданнях і аповесцях стараўся як мог стварыць нешта адметнае і па-мастацку незвычайнае, хоць гэта і злавала дагматычных крытыкаў.
У аповесці «Вінаваты» ён перадаў праўдзівы вобраз савецкай сістэмы. Ад галоўнага героя, былога савецкага чыноўніка, падчас чысткі адвярнуліся таварышы, ён стаў нікому непатрэбны, яму не вераць, ён непрыкаяным бесхацінцам бадзяецца па непрытульнай Беларусі і сутыкаецца з халоднай абыякавасцю. Тут Галавач адзін з першых паказаў, як лёгка савецкая сістэма выкідае і пазбываецца непатрэбных ёй людзей, як адзін асобна ўзяты чалавек нічога не варты і не здольны даказаць відавочную невінаватасць.
Класічны твор «Спалох на загонах» нават і пасля шматлікіх перапісванняў і рэдакцый не перастае здзіўляць.
Гэта, ізноў жа, адзін з першых яркіх беларускіх твораў, які паказвае непрыняцце сялянамі калектывізацыі. Ніякімі спосабамі немагчыма ім давесці, што калгасы – гэта паратунак. Аповесць працята амаль апакаліптычным адчуваннем паразы. Прытым не сялян, а галоўнага героя, які ўсімі сіламі хоча стварыць калгасны рай.
У апошніх абзацах твора Галавач малюе жудасную смерць гэтага персанажа. Ён знаходзіцца адзін на полі. Раптам з’яўляюцца маўклівай змрочнай хмарай сялянкі, узброеныя рознымі сельскагаспадарчымі прыладамі. Яны марудна набліжаюцца, акружаюць сваю ахвяру і з такой жа страшнай маўклівасцю забіваюць, фактычна змешваюць з зямлёй, а разам з тым хаваюць усялякія спадзяванні, што хоць калі-небудзь прымуць для сябе калгасы.
І, што самае цікавае, калі чытаеш гэту сцэну, адчуваеш, што Платон Галавач не асуджае сялянак. Ён з жорсткім фаталізмам паказвае, што калгас і сяляне – рэчы несумяшчальныя, і спроба іх спалучыць можа прывесці толькі да вялікай трагедыі.
Дзіўна, але Галавача абмінулі першыя дзве хвалі рэпрэсій (1930 і 1933 гг.). Не арыштавалі яго і ў 1936-м. У гэты перыяд ён, жанаты чалавек, бацька дваіх дзяцей, закахаўся ў студэнтку медыцынскага факультэта Яўгенію Каплунову і пераканаў сваю каханую кінуць мэдыцыну, стаць пісьменніцай. Галавач пяшчотна ставіўся да жонкі Ніны, але разам з тым не мог жыць і без Яўгеніі, якой неаднаразова казаў: „Тваё месца ў літаратуры, а не ў мэдыцыне, дзе ты выпадковы чалавек. /…/”. Дзякуючы Галавачу, каханая перавялася ў пэдагагічны інстытут і вельмі шкадавала: „Якая нячыстая сіла пагнала мяне з мэдінстытута на літфак і загубіла ўсё маё жыццё?!! /…/ Вось так я прыйшла на сваю пагібель. /…/ Літаратара з мяне не атрымалася, а выйшла пакутніца”. /…/ [Яўгенію ў 1936 годзе арыштавалі] адной з прычын арышту сталі /…/ сяброўства і перапіска з „ворагам народу” Платонам Галавачом» (Віктар Жыбуль. «Гэта склала б цэлы цікавы том…» Платон Галавач у згадках Яўгеніі Каплуновай. // «Роднае слова», 2013, № 4). Ад сваіх паказанняў супраць Галавача Яўгенія адмаўлялася. «…на судзе 2 кастычніка 1937 г. Яўгенія Каплунова заявіла: «…я адмаўляюся ад падпісаных на следстве паказанняў /…/ Следчыя абвінавачвалі ў нейкіх сувязях з Платонам Раманавічам Галавачом, былым сакратаром ЦК камсамола Беларусі, добрым і справядлівым пісьменнікам. /…/ ён зусім не вораг народа, як гэта хацелі сцвердзіць следчыя» (Віктар Жыбуль. «Гэта склала б цэлы цікавы том…» Платон Галавач у згадках Яўгеніі Каплуновай. // Роднае слова, 2013, № 4).
Узялі пісьменніка толькі праз год, 11-га жніўня 1937 г.. Катавалі так, што Станіслаў Шушкевіч, калі выпадкова пабачыўся з ім у турэмным калідоры, не адразу пазнаў, так моцна Галавач быў збіты. Наш герой паспеў Шушкевічу сказаць: «За [мной] няма ніякай віны, таксама, як і за кожным з нас».
Платон Галавач, які стаў адным з тысячы ахвярай сталінскага таталітарнага ладу, ці не першым сярод беларускіх пісьменнікаў паказаў яго пачаварнае аблічча. Нават дзіўна, што яго не арыштавалі раней. Ува многіх яго апавяданнях і аповесцях чалавек становіцца ахвярай сістэмы і гіне. Такі фаталізм удалейшым быў блізкі Васілю Быкаву, які вельмі хваліў прозу Галавача і казаў, што аўтар „Вінаватага” меў на яго эстэтычны ўплыў.
Проза Платона Галавача нясе ў сабе тую ж рэзкую, хваравітую нярвовасць, якой былі працятыя 1930-ыя гг.
Галавач быў моцны не стылем (як скажам, Кузьма Чорны), а настроем, пачуццём вечнай тугі – прадчуваннем хуткага канца, ад якога не застрахаваныя не толькі галоўныя героі, але і іх каты. Пісьменніка захапляла, напрыклад, што ў фінале навелаў Мапасана «беспрасветны адчай…, глыбокі песімізм», а ў творах Скрыгана «гучыць то ледзь улоўна, то больш моцна тужлівая нота. …элемент трагічнага». А найлепшай навелай Васіля Каваля называў «Нянавісць» (1936 г.), бо там хвалюе «Незвычайны трагізм, якім насычаны змест… Уражанне пасіляецца тым, што страляе ў бацьку сын».
Платон Галавач не ўмеў маніць, не умеў прыстасоўвацца. Заставаўся шчырым, як у творчасці, так і ў паўсядзённасці. Не хаваў сваіх поглядаў. Яго дзівоснаму нежаданню мімікрыраваць, гордаму адстойванню ўласнай годнасці можна і трэба вучыцца цяпер.
Такія, як Платон Галавач і па сёння – рэдкасць у нашай літаратуры.
Васіль Дранько-Майсюк