Невядомае апавяданне Пятра Ластаўкі (1907-1968) „У дзесятыя ўгодкі смерці Яе” сёння друкуецца ўпершыню. Адшукаў яго ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ў Мінску. Тэкст захоўваецца ў ф.3, воп.1, спр.120.
Апавяданне Пятро Ластаўка напісаў у 1936 годзе. Але яно не страціла актуальнасці і сёння. У ім аўтар звяртаецца да беларусаў ад імя Жанчыны, а імя Яе, якая вучыць беларусаў не спаць, а распальваць кастры надзеі, Жанчыны, у якой з магутных грудзей вырываецца мелодыя гімну „Ад веку мы спалі”…
Аўтар гэтага апавядання Пятро Ластаўка быў беларускім грамадска-культурным дзеячам, публіцыстам, краязнаўцам, калекцыянерам і прадпрымальнікам. Ён жыў у Мілянуўку каля Варшавы. Пра яго сёння мала хто ведае. Хіба людзі старэйшага пакалення і тыя, хто цікавіцца гісторыяй лёсаў беларусаў Польшчы. А гэта быў шчыры беларус, патрыёт, „нястомны змагар за беларускасць, дасканалы арганізатар… адзін з найбольш актыўных беларускіх змагароў за незалежнасць сваёй айчыны Беларусі”, як пісаў Віктар Швед у сваёй кнізе ўспамінаў „З Мора ў горад” (Беласток, 2015, с.199, 203).

Беларускімі справамі Пятро Ластаўка захапіўся яшчэ тады, калі яму было толькі 14 гадоў, распаўсюджваючы нелегальныя адозвы, кніжкі, газеты. Ён нарадзіўся 16 лютага 1907 года на Дзісеншчыне ў беднай беларускай сялянскай сям’і. Вельмі рана застаўся без бацькоў, таму яшчэ хлопчыкам зведаў нялёгкую фізічную працу парабка і пастуха.
Калі юнаку споўнілася 19 гадоў, уступіў у рады Беларускай сялянска-работніцкай Грамады і стаў самым актыўным яе сябрам на Дзісеншчыне. За грамадоўскую дзейнасць маладога Ластаўку польскія ўлады арыштавалі і пасадзілі за краты ў горадзе Глыбокае, а пасля ў лютым 1927 года перавялі ў Вілейку. Праз год Пятра адпусцілі, але яго жыццё і дзейнасць пастаянна кантралявала паліцыя.
У канцы 1920-х гадоў Пятра Ластаўку забралі ў польскае войска. Адбыўшы вайсковую павіннасць, ён зноў вяртаецца ў родную вёску і працягвае беларускія справы. Паліцыя строга кантралюе дзейнасць вясковага хлопца. Тады ён вырашае пакінуць родныя мясціны і едзе ў Варшаву, дзе яго чакалі новыя праблемы і выпрабаванні.
Найважнейшым выпрабаваннем у вялікім горадзе быў пошук працы. У віленскім часопісе „Шлях моладзі” (1938, № 8) ён пісаў: „Я з’явіўся ў Варшаве ў 1931 годзе. Спачатку быў безработным, цяжка працуючы на кавалак хлеба, часта думаў аб стварэнні беларускай арганізацыі ў Варшаве і ўрэшце ў 1936 годзе зрабіў у гэтым кірунку першую спробу. Быў апрацаваны статут, адбыўся сход і думалі мы залажыць Беларускае культурнае
таварыства ў Варшаве, аднак улады яго не залегалізавалі. Не трацячы надзеі 23 снежня 1937 года зноў ад пачатку панаўляем просьбу, змяніўшы назоў арганізацыі на Асветнае таварыства беларусаў у Варшаве”.
Вакол гэтага таварыства ён аб’ядноўвае многіх землякоў, якія жылі у польскай сталіцы. Таварыства дзейнічала да пачатку вайны, а Пятро Ластаўка быў яго самаахвярным сакратаром, які аддаваў усе свае сілы і веды таварыству і сябрам.
Асветнае таварыства адыграла значную ролю ў культурна-асветнай працы беларускіх жыхароў Варшавы. Фінансавую дапамогу таварыству аказвалі кампазітар і прафесар Станіслаў Казура, старшыня таварыства Язэп Гапановіч і іншыя беларусы. У канцэртных праграмах і сустрэчах вызначаліся кампазітар Аляксандр Шыдлоўскі, спявачка Людміла Панько, паэт Гальяш Леўчык. Як прыгадвае Віктар Швед у сваіх успамінах „З Мора ў горад” (Беласток, 2015, с.200), „варта прыгадаць, што Пятро Ластаўка ў складзе дэлегацыі з трох чалавек уручыў прэм’еру Рады міністраў Рэчы Паспалітай Польскай „Мемарыял у справе беларускіх школ і пазашкольнай асветы”, апрацаваны Таварыствам беларускай школы і Беларускім інстытутам гаспадаркі і культуры”.
Апрача беларускіх спраў і працы ў Варшаўскім музычным таварыстве, Пятро Ластаўка займаўся журналістыкай і публіцыстыкай. Ён пісаў розныя інфармацыі пра справы беларусаў у Варшаве, пісаў і па-беларуску, і па-польску. А таксама літаратурныя творы: апавяданні, нарысы, рэпартажы сустрэч з Міхасём Забэйдам-Суміцкім, Максімам Танкам, Адамам Бычкоўскім і іншымі беларусамі. Друкаваўся ў віленскіх заходнебеларускіх, польскіх і чэшскіх выданнях. Польскія часопісы „Kultura”, „Ruch słowiański”, „Naród i Państwo” таксама змяшчалі артыкулы Пятра Ластаўкі аб заходнебеларускай літаратуры ў Польшчы. Па-польску ў 1934 годзе была надрукавана і яго аповесць „Bezsenne noce”.
Калі пачалася вайна, Пятро Ластаўка пакінуў Варшаву і пераехаў жыць у Забалацце Белападляскай гміны, але сувязі з сябрамі-беларусамі не губляў. Ды і там ён праводзіў розныя цікавыя імпрэзы, сустрэчы, паціху займаўся палітыкай.
Пасля вайны Пятро Ластаўка вяртаецца ў Варшаву і жыве ў Мілянуўку. Ён па-ранейшаму не пакідае беларускіх спраў, а, наадварот, яшчэ актыўней уключаецца ў працу Варшаўскага аддзела Беларускага грамадска-культурнага таварыства (БГКТ). Доўгі час з’яўляецца сябрам яго праўлення, а пазней і сябрам Прэзідыума ГП БГКТ.
Да 1958 года дзейнасць БГКТ была амаль поўнасцю фінансавана дзяржавай. З мэтай забеспячэння ўзрастаючых культурна-асветных патрэб паўстала неабходнасць арганізаваць прамыслова-гаспадарчыя прадпрыемствы, даход якіх прызначаўся б на пашырэнне дзейнасці БГКТ. У 1958 годзе была створана эканамічная камісія, якая занялася арганізацыяй гаспадарчай дзейнасці БГКТ у Варшаве, а пасля на Беласточчыне. Усе прадпрыемствы, а гэта былі – фірмы спажывецкіх араматаў, галантарэйных вырабаў з пластмасы, прадметаў хатняга ўжытку і іншыя, аб’ядналіся ў адну пад назвай „Бэтэска” (назва фірмы ўзнікла ад BTSK – польскай абрэвіятуры БГКТ).
Забяспечваючы ў значнай меры фінансавымі сродкамі культурна-асветную дзейнасць БГКТ, „Бэтэска” ўздзейнічала на ўсю гаспадарчую дзейнасць аб’яднаных прадпрыемстваў. У іх развіцці і пашырэнню вялікі ўклад працы ўнёс дырэктар „Бэтэскі” Пятро Ластаўка. Дзякуючы яму і ўсяму калектыву „Бэтэска” змяніліся крыніцы фінансавання даходаў БГКТ. Пачынаючы з 1958 года звыш палавіна фінансавых сродкаў БГКТ складалі даходы з гаспадарчай дзейнасці „Бэтэска” і ўласнай культурна-асветнай дзейнасці. Пасаду дырэктара „Бэтэска” Пятро Ластаўка займаў у 1958-1963 гадах.
Не гледзячы на сваю сур’ёзную пасаду, Пятро Ластаўка працягваў займацца публіцыстычнай і літаратурнай дзейнасцю. У 1957 годзе ў тыднёвіку „Ніва” ён друкуе два апавяданні: „За варотамі” і „Маладыя ўзрывы”. А мінская газета „Літаратура і мастацтва” у 1958 годзе публікуе апавяданне „Звычайны выпадак”. Ён таксама напісаў п’есу „Змаганне” пра Грамаду і іншыя творы.
13 траўня 1956 года адбыўся арганізацыйны з’езд Варшаўскага аддзела БГКТ, які выбраў праўленне аддзела і прыняў пастановы, якія вызначалі напрамак сваёй дзейнасці. На пасяджэнні аддзела старшынёю быў абраны Юры Туронак, а сябрам прэзідыума ГП БГКТ – Пятро Ластаўка, які да самай смерці актыўна працаваў на карысць беларускай справы ў Польшчы. Пятро Ла стаўка быў адным з заснавальнікаў Беларускага Літаратурнага Аб’ядння «Белавежа».
Сяргей Чыгрын
У дзесятыя ўгодкі смерці Яе
Вясна – гэта найпрыгажэйшая пара года. Вясна прабуджае ад вечнага сну ўсё, што мёртвае. Ажывае чалавек, птушка, вёска і шырокія палі нашага краю, густа пераплеценыя азёрамі і лясамі. Гэта апошняе дае найвялікае шчасце чалавеку. Вясной кожны здараецца мыць як найдалей ад горада, дзе задуха і гарачыня ўдаляе ад распаленых муроў і каменняў.
Была вясна, калі нарадзілася Яна… і расла, як кожны ў вёсцы…
………………………………………………………………………………
Ціха шумеў лес. Шарэла ўжо. Звонкія салаўіныя песні даляталі Ейных вушэй з далёкіх ваколіц. Дзе-нідзе чутна было шамаценне, мо заяц прабег, мо вавёрка, усё ж такі нешта жывое.
А Яна ішла вузкай сцяжынкай, каторая цягнулася праз густы лес. Ішла бодрая і вясёлая ў родную вёску. Праз цэлы дзень падарожжа не змучала Яе сонца гарачае і не змагло зваліць з ног, дакучаючы на кожным кроку. Маладая, поўная сілы і запалу жанчына, не спужалася нат і ночы, што Яе спаткае ў такой вялікай дарозе. Ідучы, шаптала сабе:
Іду я ў вёску, шэрая, родная вёска,
Нясу ўсім святло, што толькі зычу –
І кліч мой магутны парве хай, а песні
Плывуць хай, па ўсёй беларускай зямлі…
– Вось цяпер і мы, сярмяжныя, панявераныя праз суседзяў, – думала, – будзем жыць так, як кожны незалежны народ…
Ішла, а сэрца радавалася. З магутных грудзей вырывалася мелодыя гімну „Ад веку мы спалі”…
– Але цяпер прабудзіліся, – цвярдзіла сабе, – і ўжо не паснем. Усе, як адзін, станем пад бела-чырвона-белым сцягам і будзем працаваць зыбка і ўмела, а за год-два збяром вялікія плады, што сёння пасеем.
Мінула лес. На беразе яго, сярод курганоў і маладога бярэзніку, спаткала начлежнікаў. Затрымалася каля іх:
– Здаровы, браткі! Што ж ваш агонь патухае? Больш дроў, сухія ўжо… падкладвайце хутчэй, даволі курыцца ў думе. Хай бачаць суседзі, што і начлежнікі патрапяць распаліць вогнішча.
– Мокрыя дровы з вясны і не хочуць гарэць, – адказалі ўсёй грамадой.
– Нясіце мокрыя, раздзьмухаем…
І разбегліся ўсе ў розныя старонкі па дровы… А полымя хутка ўспыхнула, вялікае, магутнае…
– Бачыце, хлопцы, – сказала Яна, – трэба толькі працы, ахвярнасці і натугі… І пайшла далей.
Агонь зыбка разгараўся. Суседзі, сарваўшыся з мягкіх пасцеляў, спачатку прыглядаліся:
– Што ж гэта разгараецца? – пыталі адзін другога. – Можа быць вялікі пажар, трэба бегчы і тушыць як мага.
І ўзварушыліся. А Яна ішла далей, заахвочваючы сярмяжнікаў-начлежнікаў запальваць агні…
– Гарыць! Гарыць! – крыкнулі суседзі і кінуліся тушыць, хто чым толькі мог: вадой, каменнямі і ланцугамі расцягвалі галавешкі…
Працавалі заўзята, а пот з іх лысін ліўся руччом. Цяжка было тушыць ужо добра распаленых дзесятак тысяч агнёў. Бегалі, круціліся, клікалі дапамогі.
– А можа каторы дапаможа, – звярнуліся да начлежнікаў, – бачачы, як небяспечна… Згараць нашы хаты, лясы… Што ж вы будзеце есці, малакасосы?.. У адказ начлежнікі засмяяліся:
– А што ж, толькі вы хочаце сядзець ціхенька на печы і грэцца, а нам не трэба? І мы людзі, бяздомныя, нам таксама грэцца трэба. Не думайце, што збаімся вас, старэйшых сёння і крапчэйшых за нас. Патушыце гэты агонь, мы яшчэ больш назбіраем дроў, сухіх ужо, тады не ўдасца вам так лёгка патушыць.
І старыя пайшлі дамоў, напалоханыя і аглядаючыся ўсцяж назад, ці мо зноў не гараць…
А Яна ішла яшчэ далей, змучаная ўжо падарожжам і перашкодамі. Грудзі яе сціскаў боль, каленькі дрыжэлі.
– Ах, Божа, – уздыхнула, – ці ж гэта кончыцца маё жыццё? Ці мо я ўжо пакіну сваю родную старонку? Ці адыйду туды, скуль не вяртаюцца? Не, гэта не можа быць, Я яшчэ маладая і мела б адыйсці на той свет, калі трэба палюбіць… і споўніць вялікі абавязак … Не, не, гэтага не будзе, – шаптала да сябе, а слёзы адна за другой ціснуліся з вачэй. Яшчэ раз, другі ступіла і асунулася на сырую зямельку, на ўзгорак…
– Нядоўга прыйдзецца мне пэўна жыць? – пытала сябе, нямогучы знайсці адказу.
Мінула некалькі месяцаў. Задуў зімовы вецер, пасыпаўся снег, паціснуў мароз і прыкаваў яе апошнія сілы да смяротнай пасцелі. Тады тыя начлежнікі, сабраўшыся над гробам Яе, шапталі:
– Адышла Ты ад нас у поўнай сіле сваёй красы. Жыццё Тваё толькі пачыналася. Захоплівала Ты сваімі рукамі краіну і абнімала яе. Кожны гарнуўся да Цябе, як да маці. Усе шанавалі Цябе і думалі, што Ты адна дасі нашай сямейцы тое, што дагэтуль ніхто не змог…
На жаль! Цябе магутную, вялікую, злыя людзі-суседзі замучылі, жывую ўлажылі з думаю і пахавалі. Ці ж на заўсёды?.. Не! Ты ўстанеш яшчэ, прыйдзеш к нам і „выведзеш з дому няволі” народ наш…
За вокнамі вецер шумеў. Вуглы трашчалі ад марозу, а „начлежнікі” па смерці Яе, бяпечна пасеўшы ў „бацькаўскае хаты”, густа рассеяныя па ўсёй нашай зямельцы, прысягалі:
-Адышла Ты ад нас без пары, але мы, верныя Табе, заўсёды пойдзем той сцяжынкаю, якую Ты нам паказала. Імя Тваё залатымі і чырвонымі літарамі запішам ў гісторыю нашай Бацькаўшчыны.
Пятро Ластаўка, 1936 г.











