27 жніўня
Напярэдадні Зелны – прыходскага ў Востраве свята Успення Багародзіцы – дапамагаў я пажылому аднавяскоўцу парадкаваць крыжы, што стаяць у нас на ростанях дарог. Трэба было прыбраць вакол жалезнай агароджы, павырываць зелле ды аздобіць месца свежымі кветкамі.
Крыжы ў Востраве стаяць на павароце шашы ў Гурані і тут асабліва летам даволі вялікі рух. Пахілены над зямлёю чую, як затрымліваецца пры нас нейкае аўто.
– Gdzie tu mieszka ksiądz? – пытае маладая жанчына.
– Бацюшка? – упэўніваюся.
– Tak, batiuszka…
– Jakiś kilometr dalej po lewej stronie będzie pleb…
– Што ты польшчыш!? – раптам перарывае мне аднавясковец, мясцовы „патрыёт”. – Гавары па- нашаму!
Крыху збянтэжаны мяняю паслушна мову.
– Там на прыгорку, будзя цэрква, потым былая школа і зараз напроціў плябанія, – дакладна тлумачу ўжо па-просту.
– Дзякуй, – нечакана адрэагавала з усмешкай панюся ў дарагім аўто, засоўваючы цёмную шыбу ў акне.
Можна? Можна.
У Гарадку, калі я там працаваў як рэдактар мясцовай газеты, а пасля дырэктарам дому культуры, людзі расказвалі пра настаўніка, які на „dzień dobry” заўсёды адказваў „добры дзень”. Запомнілася прозвішча – Лебедзінскі. Быў ён са Страшава, так як вядомы беларускі пісьменнік Аляксей Карпюк, які пасля вайны жыў у Гродне.
А тыя нашы вясковыя крыжы – абодва праваслаўныя. Калісь быў адзін, другі паставіў той жа аднавясковец у 1988 г., на тысячагоддзе хрышчэння Русі. На гэтым месцы да пачатку васьмідзесятых гадоў разам стаяў яшчэ каталіцкі крыж. Такі вобраз прыгожа адлюстроўваў адвечную згоду праваслаўных і каталікоў у нашай вёсцы. Але ўжо сорак гадоў як каталіцкі крыж стаіць асобна – па другім баку вуліцы. Каталікі перанеслі яго пасля таго, як праваслаўны хлопец, працуючы ў пэгеэры ў Крынках, урэзаўся ў яго трактарам. Быў п’яны, а да таго не меў нават вадзіцельскіх правоў. Тут ніякіх рэлігійных падтэкстаў дашукацца немагчыма. Тым больш той п’яніца, як і яго сям’я, у царкву амаль не хадзілі.
Аднавясковец, што апякуецца нашымі крыжамі, ужо слабенькі. Пры маёй дапамозе пасярод кветак паўтыкаў ён чырвоныя і зялёныя лямпачкі, якія свецяць ноччу. Хаця не ёсць я вялікім прыхільнікам такога ўпрыгожвання крыжоў, то ў гэтым выпадку падтрымаў ідэю аднавяскоўца. Бо ў такі спосаб дэкараваныя крыжы не толькі прыцягваюць увагу, але яшчэ асцерагаюць ноччу кіроўцаў на небяспечным павароце.
27 жніўня
Пад вечар быў я ў Крынках на адкрыцці мастацкай выстаўкі „Калі формы становяцца стаўленнем”, якая запачаткавала сёлетні Трыялог, арганізаваны Фондам Віла Сакратас. У галерэі „Крынкі”, якая знаходзіцца ў адноўленым даваенным жыдоўскім доме, прэзентаваліся абстрактныя працы сучасных беларускіх мастачак. З увагі на сітуацыю ў Беларусі прысутная была толькі адна аўтарка. Выстава рыхтавалася дыстанцыйна. Некаторыя працы былі перададзены з Беларусі нелегальна. Куратарка выставы таксама не даехала, але ў вернісажы ўдзельнічала анлайн.
Ля галерэі сабралася 20-30 асоб, што і так нямала як на такую элітную падзею. Сярод іх палова мне невядомых – гэта сябры і знаёмыя недзе з Польшчы праф. Лявона Тарасэвіча, старшыні Фонда Віла Сакратас і заадно галоўнага аўтара канцэпцыі кожнага выпуску крынскага Трыялога. Аднак была нагода сустрэць мне і некалькі калег беларусаў – пераважна беластоцкіх журналістаў. Запамяталася сімпатычная працяглая размова з Кастусём Бандаруком, які калісьці працаваў на Радыё Свабода, а калі вярнуўся на Беласточчыну, некалькі гадоў вёў суботнія канцэрты пажаданняў у Радыё Рацыя і яшчэ меў там рэлігійную штонядзельную перадачу „Крыначка”. Неяк тры гады таму сышоў ён з беларускага эфіру і павярнуў у бок праваслаўнага святарства. Цяпер з’яўляецца няштатным, дапаможным свяшчэннікам у царкве на Выгодзе ў Беластоку, выступае таксама на Радыё Артадоксія, але ўжо толькі па-польску.
У Крынках Кастусь надта хваліў кніжку „Echa ostoi utraconej” з успамінамі пра маё Востраво. Паколькі ён родам з суседняга Астроўка, прачытаў яе з вялікім зацікаўленнем, таксама мой характэрны ўступ і падрыхтаваны мною гістарычны дадатак. Кніжку аднак перадаў камусьці з сям’і і цяпер у мяне папрасіў яшчэ адзін экземпляр. Якраз меў я яго з сабою і ахвотна Кастусю падарыў. Ён узамен даў мне дзве свае кніжкі на рэлігійныя тэмы.
У галоўнай, дыскусійнай частцы сёлетняга Трыялогу я ўжо не прысутнічаў. Упершыню на працягу звыш дваццацігадовай гісторыі гэтых інтэлектуальных сустрэчаў, якіх доўгі час быў я арганізатарам разам з Сакратам Яновічам. У той дзень якраз выпала Зелна ў Востраве і я хацеў пабыць з сям’ёй на свяце. Праўду кажучы, на Трыялог ужо мяне так не цягне, як калісь. Не той настрой і іншая ўжо аўдыторыя, а некаторыя ўдзельнікі быццам не з майго свету.
Да сёння не магу да канца зразумець, чаму да Сакрата Яновіча кожны год на трыялог так ахвотна прыязджалі надта цікавыя і мудрыя асобы ад нас, з Польшчы, Беларусі і нават Еўропы. І заўсёды хтосьці новы, як адкрыццё. Прыбывалі яны ў асноўным за свае грошы. З кожнага трыялогу вяртаўся я інтэлектуальна багацейшым і з новай духоўнай энергіяй. Для такога ўзроўню ўдзельнікаў дыскусій вырашальны быў аўтарытэт Сакрата Яновіча і яго шматлікія кантакты ў Польшчы і за мяжой. Быў непаўторным ужо магнітам, які прыцягваў да сябе такую знакамітую інтэлектуальную смятанку.
Тэмы дыскусій безумоўна надалей важныя і інтрыгуючыя. „Беларусь – гэта жанчына” – такі лозунг быў сёлета. Я з цікавасцю пачытаў справаздачы ў прэсе і інтэрнэце, вылаўляючы глыбокія думкі дыскутантаў. Бачу, што арганізацыйна ўсё спрацавала як трэба. Гэта заслуга Ані Грэсь, якая ўдала каардынуе ўсе справы, таксама яе мужа, ну і вядома – шэфа Лявона Тарасэвіча. А тое, што рэзананс цяперашніх трыялогаў меншы чымсьці пры Сакраце Яновічу, не такое істотнае. Настаў іншы час, у якім тыя ж глыбокія думкі проста не знаходзяць зашмат адрасатаў. Але найважнейшае, што дзякуючы трыялогам духоўная спадчына вялікага пісьменніка з Крынак усё ж не гасне.
2 верасня
Прэзідэнт Анджэй Дуда падпісаў распараджэнне аб увядзенні надзвычайнага становішча на прымежнай паласе з Беларуссю. Быўшы таго дня ў Востраве я паспеў яшчэ з’ездзіць у Крынкі, пакуль з’явіліся там пункты пропуску. Спярша падаўся на праваслаўныя могілкі, каб паставіць зніч на магіле Сакрата Яновіча. Каб жыў, 4 верасня споўнілася б яму 85 гадоў.
Робячы пакупкі ў краме я прыслухоўваўся размовам людзей. Усе каментавалі, вядома, актуальную сітуацыю ў мястэчку.
– Nie ma wyjścia, trzeba wyciągać broń, – пажартаваў мужчына.
– Tylko skąd ją teraz wziąć? – запытаў нехта.
– Ty się nie boj! Mam jeszcze dwa granaty w świątecznym ubraniu…
Выйшаўшы з крамы сустракаю знаёмага крынчаніна, звычайнага работніка. Кажа мне, што „nie tędy droga”, пераконваючы, што Польшча павінна паразумецца з Лукашэнкам, бо інакш бяда з бежанцамі на мяжы ніколі не скончыцца.
– Але падобна з дыктатарамі не гавораць… – адказваю.
– А нашто палякам было ўмешвацца ў Беларусь? – працягвае мой суразмоўца. – Лукашэнка мае ў сябе вялікую падтрымку ў грамадстве.
– Ну а тыя сотні тысяч пратэстуючых у мінулым годзе?
– Гэта былі дзеці, якія нічога не разумеюць, такія „ćpuny” ўсюды бунтуюцца.
Я запытаў, адкуль ён гэта ведае. Патлумачыў, што кожны дзень аглядае беларускія тэлеканалы.
Тады ўсё стала мне ясна.
Пасля паехаў я набраць у запас крынскай мінералкі, якая выцякае з „крывой руры” на Пагулянцы. Сто гадоў таму, а мо і раней, такія трубы паўбівалі мясцовыя жыды. Такіх крыніц калісьці было больш. Каля „крывой руры” часта стаіць чарга. Ваду набіраюць тут мясцовыя і прыезджыя. Рэдка хто ведае, што такую магчымасць маюць дзякуючы менавіта жыдам.
Вяртаючыся дадому заглянуў я яшчэ ў антыкварыят, што каля рынку. Гэта для мяне дзіва, што такі пункт тут існуе. Ён жа прыбытку не прыносіць. Паколькі ўласніца яшчэ летам патэлефанавала мне, каб прывёз ёй кніжку „Echa ostoi utraconej”, два паасобнікі выдадзенай мною кніжкі пра Востраў ёй пакінуў. Вядома, крыху мы пагутарылі. Я ўспомніў, што антыкварыят знаходзіцца ў будынку, у якім калісьці шклілі вокны. Уласніца сказала, пра што я не ведаў, што меў тут варштат жыд, які рабіў студні. Магчыма, пакінуў ён па сабе таксама „крывую руру” на Пагулянцы.
14 верасня
Свой чарговы артыкул даслаў у Часопіс Матфей Стырчуля. Ён – паляк з Варшавы, у яго беларускіх каранёў няма. Тым не менш папраўдзе стаў адным з нас. З’ездзіў усё Падляшша, авалодаў тутэйшай мовай, у фейсбуку вядзе нават старонку „Howorymo po swojemu”. Сапраўды феномен з яго.
Матфей супрацоўнічае з намі здаўна, а ад некалькіх гадоў дасылае рэпартажы са сваіх паездак у рэгіёны, у якіх пражываюць іншыя нацыянальныя меншасці, вылаўляючы аналогіі і розніцы з намі беларусамі. Цяпер напісаў пра лэмкаў і гэта напомніла мне сваю паездку ў тое старонне.
Сем гадоў таму, якраз восенню так як цяпер, пабываў я ў санаторыі Высова-Здруй непадалёк польска-славацкай мяжы. Гэта найбольш абезлюднелыя землі ў Польшчы. Галоўнай вуліцай мястэчка праязджала ў будзённы дзень максімум пятнаццаць аўтамашын у гадзіну. Лэмкі, якія адтуль выехалі ў 1947 г. у выніку акцыі „Wisła”, пакінулі па сабе прыгожыя драўляныя церквы, якія ж іншыя чымсьці ў нас на Падляшшы. Доўгі час пуставалі яны, нішчэлі. У Высовай у царкву на ноч зганялі авечак, а зімой трымалі там жывёлу ўвесь час.
У канцы пяцідзясятых гадоў лэмкам, як і ўкраінцам, улады дазволілі вяртацца ў родную старонку. Але з такой магчымасці скарысталі адзінкі. Большасць паспела ўжо абжыцца на панямецкіх землях. Але тыя, што вярнуліся, адразу пачалі прыводзіць у парадак апусцелыя дамы, хлявы і стадолы, аднаўляць зарослыя зеллем гаспадаркі. Не забылі і пра цэрквы, паколькі на іх рэстаўрацыю грошы дасылалі таксама суродзічы з ЗША і Канады. Гэтыя працы працягваюцца да сёння. Некаторыя цэрквы перанялі ад лэмкаў прыезджыя каталікі.
Быўшы ў санаторыі пайшоў я да лэмкаў на нядзельную літургію. У царкве стаяць там лаўкі, так як у касцёлах. Святар, які наязджае з Гарліцаў, літургію для жменькі вернікаў правіў у царкоўна-славянскім стылі, так як у нас, але з малітвамі і пропаведдзю на карэннай мове лэмкаў. Яна для мяне поўнасцю зразумелая, падалася надта падобнай да беларускай. Выйшаўшы з царквы свабодна паразмаўляў я крыху з лэмкамі – я на сваёй мове, а яны на сваёй.
Паездзіў тады я і па ваколіцы, каб пабачыць лэмкоўскія вёскі. Яны таксама вельмі падобныя да беларускіх на Падляшшы, але традыцыйнай архітэктуры, так як у нас, там ужо амаль няма.
Усё ж такі не магу зразумець, як гэта магчыма, што нашы продкі на Падляшшы мелі шмат супольнага з лэмкамі. І ў мове, і ў архітэктуры, нават у выглядзе хатніх ізбаў з аднолькавымі кафлянымі печамі. Жывучы сотні кіламетраў ад сябе, не кантактуючыся з сабою, мелі мы ідэнтычныя народныя звычаі і абрады, падобны фальклор і такі ж самы стыль жыцця.
15 верасня
Ізноў у Востраве. Уязджаючы ў вёску мінуў я жменьку людзей, якія неслі вялікі каталіцкі абраз. Спярша падумаў, што гэта нейкая працэсія. Калісь даволі часта каталікі ў нас насілі па вёсках свае абразы. Вечарам сыходзіліся у чыйсьці дом і маліліся перад імі з ксяндзом. На другі дзень святы абраз вандраваў далей і так з ім абыходзілі чарговыя вёскі ў парахвіі.
І яшчэ я падумаў, што можа быць у тым дачыненне да сітуацыі на мяжы з Беларуссю. Каталікі святым абразом магчыма хацелі паўстрымаць хвалю іншавернікаў, якія напіраюць у Польшчу. Але калі пад’ехаў далей, заўважыў машыну, якая суправаджала працэсію. На прычэпе была размешчана інфармацыя, што гэта не нейкая мясцовая рэлігійная акцыя, але „narodowa pielgrzymka ku czci Jezusa Chrystusa Króla Polski” ўздоўж усяе дзяржаўнай мяжы.
– Z Bogiem! – развітаў я пілігрымаў за вёскай.
– Z Panem Bogiem! – адказала мне жанчына, даючы святы абразок. – Bo kto, jak nie Bóg, może uratować Polskę? – сказала на развітанне.
Пілігрымы заінтанавалі песню „O mój rozmarynie” і зніклі з маіх вачэй.
Я адразу пацікавіўся ў інтэрнэце гэтай крыху дзівоснай для мяне пілігрымкай. Аказваецца, пачалася яшчэ ў чэрвені, перад жудасным імігранцкім крызісам на беларускай мяжы. Спачатку пілігрымка мела прайсці з Чанстаховы толькі да мясцовасці Хойна непадалёк Шчэціна, дзе знаходзіцца падараваны ў 2011 г. амерыканскай палоніяй абраз Хрыста Караля Польшчы. З яго копіяй пілігрымы вырашылі пайсці далей, каб абысці ўсю Польшчу. Паводле іх гэта мае прыпыніць адыходжанне людзей ад веры, прыпячатаць яе абліччам Хрыста як караля. Так як калісь каралі апячатвалі свае землі.
Удзельнікі пілігрымкі рэгулярна мяняюцца. Адны адыходзяць, далучаюцца іншыя. З Польшчы і з-за мяжы.
Тое што Божая маці для польскіх католікаў ёсць „królową Polski”, вядома здаўна. Але Ісус Хрыстос быў інтранізаваны на караля Польшчы толькі некалькі гадоў таму. Адбылося гэта ў санктуарыі ў Лагевніках каля Кракава. Хаця ў урачыстай імшы прымаў удзел прэзідэнт Анджэй Дуда, то прайшла яна без вялікага рэха. Гэта таму, што польскі епіскапат даволі скептычна адносіцца да ўвядзення Хрыста на каралеўскі трон Польшчы, лічачы такі акт – і слушна – больш палітычным чымсьці рэлігійным. Пагаджаецца аднак, што прызнанне вернікамі валадарства Ісуса Хрыста над імі ёсць тэалагічна дапушчальным.
Тая пілігрымка з Вострава пайшла на поўдзень, мінаючы ўжо пераважна беларускія сёлы. Пілігрымы зайшлі м.інш. у царкву ў Старым Ляўкове ды занеслі абраз Хрыста Караля Польшчы на Святую Гару Грабарку.
17 верасня
У канцы вырашыў я ўехаць у зону надзвычайнага становішча. Узнікла патрэба аформіць справу ў крынскім магістраце. Перад уездам у мястэчка затрымаў мяне патруль паліцыі з памежнікамі. Трэба было паказаць асабістыя дакументы і патлумачыцца, чаго прыехаў. Паліцыянт, аказалася што з варшаўскай камендатуры, папрасіў даць нейкае пасведчанне, што я маю дом у Востраве. Прадугледзеўшы, што будзе такая патрэба, я меў з сабою падаткавы загад. Гэтага хапіла.
Калі вярнуўся, даведаўся што нядоўга пасля мяне прыехаў сюды прэзідэнт Анджэй Дуда. Якраз быў ён у Беластоку на адкрыцці Музея памяці Сібіру. Пасля ўрачыстасці прыехаў у Крынкі, каб прыняць удзел у адправе ў пляцоўцы Памежнай стражы ў сувязі з дзеяннямі супраць прытоку нелегальных імігрантаў.
А мне жартам падумалася, што пачэсны госць завітае па дарозе і ў маё Востраво. Я ж запрасіў яго да сябе ў чэрвені ў Бельску падчас сустрэчы прэзідэнта з прадстаўнікамі беларускай меншасці.
У канцы верасня
Ужо амаль месяц як сваю дзейнасць спыніў інтэрнэт-партал Bialostockie.eu. Я туды даволі часта заглядаў, каб прачытаць весткі з гмін Беластоцкага павету, найперш Гарадка, Супраслі і Міхалова. Партал існаваў некалькі гадоў, спярша пад назвай Knyszynska.eu. Быў часткай праекту Sokolka.eu, які крыху пазней запусціў яшчэ Bielsk.eu.
Такая ініцыятыва гэта паслядоўнасць перамяшчэння мясцовай прэсы ў Інтэрнэт. Частковы яе правал цяпер пацвердзіў мае ранейшыя прагнозы і меркаванні, што газетам на паперы, хай сабе і з інтэрнэтнымі паралельнымі варыянтамі, немагчыма дараўняць у толькі электронным выглядзе. Не тая моц і значэнне пераказу. Тэксты ў інтэрнэце, што характэрнае нават для буйных парталаў, публікуюцца на надта нізкім моўным і інтэлектуальным узроўні. Таму папраўдзе не знаходзяць чытачоў, або ім яны абыякавыя.
Выпускаць інтэрнэт-парталы абыходзіцца меншым коштам чымсьці ў выпадку друку. Але і так мусіць быць прыбытак, каб аплаціць журналісцкую і тэхнічную працу заангажаваных асоб. Спробы ўвесці платную інтэрнэт-падпіску пакуль дастаткова не спрацавалі. Застаюцца рэкламы. Я даўно заўважыў, што на парталу Bialostockie.eu было іх няшмат. Таму і не здзівіўся, што спыніў ён урэшце сваю дзейнасць. Хаця стала мне крыху жаль, вядома.
Выдаваць мясцовую прэсу на паперы, як я гэта рабіў у Гарадку ці Крынках, цяпер таксама даволі складанае. Не спрыяе гэтаму час. Рашуча памяняўся стыль жыцця людзей, якія безупынна сядзяць або перад тэлевізарам, або ў Фейсбуку. Але калі ёсць кола чытачоў, якому выданне сапраўды патрэбнае і яны любяць яго і цэняць, як у выпадку нашага Часопіса, не варта адмаўляцца ад папяровага варыянту. А такая задума была калісь і ў нашай рэдакцыі. Цяпер вось наглядаем нават невялікі рост зацікаўлення Часопісам з боку чытачоў. Каб у складаных рыначных умовах палепшыць ім доступ да свежага нумару, нядаўна пашырылі мы сетку пунктаў продажы. Іх спісак змешчаны ў рэдакцыйнай стопцы.
Юрка Хмялеўскі
Галоўны рэдактар