Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (3)

    Na UB u Sakołcy i pośle ŭ sudzie ŭ Biełastoku abvinavaczanych i śviedkaŭ asablivo szczacielno raspytvali pra sąd doraźny, jaki Niemcy pierad rasstrełam zrabili ŭ vadzianym mlinie ŭ Nietupie. Hety dzieravianny budynak staić i dziś nad reczkaj pry szasie da Kruszynianaŭ nidaloko vioski Biełahorcy. Daŭno…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • „Ja choču byti bliźka ludiam”

    Rozhovôr Jana i Haliny Maksimjukov z poetkoju Zojoj Sačko

    Jan: Čy pomniš, koli v tebe zjavivsie impuls, kob napisati peršy viêrš? I na jakôj movi tobiê napisałosie? Zoja: O, ja dumała, što ty tak i načneš… Ja učyłaś u školi v Parcievi, de była prykładnoju učenicieju. Pan od pôlśkoji movy skazav prynesti viêršyki pud… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

У Баравых

На канцы свету

Вася Мацкевіч з Баравых і Маруся Марчук з Масева вянчаліся ў семяноўскай царкве паўстагоддзя таму. У лістападзе 1966 года. Памятаю тую восень, бо я тады, у другім класе, з маладзейшымі Жоржыкам, Крысяй, Іркай і Генікам збіралі ім на букет апошнія познія кветкі на лугах і агародах. За нашага жыцця не было вяселля ў Баравых!

У той  час яны былі „Borowyje”, цяпер Borowe, як упісана ў „Dziennik Urzędowy”, дзе ў Польшчы ў чарговы раз правілі назвы. Але адзначана там, у аддзельным параграфе, што скланяюцца яны іначай чым іншыя «Боровэ» ў Польшчы. Ідзеш не «do Borowego”, а «do Borowych”. Хай будуць тыя «Боровэ» – згадзіліся апошнія жыхары асады, між іншым дзеці Мацкевічаў. І не захацелі яшчэ і назвы вёсачкі па-беларуску, як і ўва ўсёй Нараўчанскай гміне не захацелі: хай будзе так як усе хочуць. Яны ж – найменшая вёска ў гміне.  «Асада», прысёлак Пасек, з солтысам у Баб’яй-Гары. Але быў час, калі яна называлася яшчэ іначай і прыналежала да іншых улад. У «Геаграфічным слоўніку Польскага каралеўства і іншых славянскіх краёў», у томе XV, частцы B  на старонцы 210 стаіць, сярод пералічаных шматлікіх вёсак з такой самай назвай: Borowiki! „Os., pow. prużański, 4 okr. pol., gmina Masiewo; 63 w. od Prużany”.

– Я, быўшы хлопцам, калі не было ніякага знаку ні з аднаго боку Баравых, ні з другога, на старой табліцы наклеіў літары выцятыя  з іншых табліц, паставіў яе перад Баравымі з боку Пасек, – кажа Аляксандр Мацкевіч,  цяпер мажны мужчына, бацька.

На юбілеі бацькоў у Баравых (меў быць у семяноўскай святліцы, але занялі яе на іншыя мерапрыемствы) Алік са старэйшым братам Міраславам – якія ж яны сталі падобныя! – цяпер галоўны гаспадар. Перапісаны на яго ўжо галоўныя землі гэтага калена роду Кастанчукоў, па бабулі Маньцы Касцюковай, разам са славутай арабінкай, дзе больш за 170 гадоў стаіць крыж.

Вядома, той крыжык чарговы – пастаўлены ўжо пасля другой вайны. Ледзь чыпее, ужо трымаецца адно на галінах тае разрослай арабіны. Гэта ўжо не «гарабінка»,  росшая каля скрыжавання старой дарогі пасецкай з бабігорскай, пясчанай. Кругом усё пазарастала сасновымі самасейкамі і былымі загонамі з роўненькай пасадкай. Але пушчанскі караед працерабіў нядаўна яшчэ маладняк, цяпер сосны і елкі па паўстагоддзя. Ужо Пасекі відаць!

– Нядаўна пытаўся я ў бацюшкі Мікалая Шэбеляна, што зрабіць са старым крыжом, калі б новы паставіць, – раздумвае Алік. – Бацюшка сказаў, што выкідваць стары крыж нельга, толькі беражліва сабраць астанкі святога дрэва і спаліць. Генік няхай дасць дрэва з Марушкі, паставім новы. Казалі бабігорскія бабы, што тут страшыла. Быццам бы кугакалі дзеці. У мінулым годзе пару месяцаў штосьці свяцілася… Нядаўна ў тэлебачанні казаў Віктар Кабац, што тут  пахаваны ў 1864 годзе нейкі ксёндз…

– Вось як робяцца легенды! Мой дзед Іван Кастанчук казаў, што калі аднаўлялі крыж,  на ім віднела выразаная дата «1842». Яны і яе перапісалі на новы. Але  крыж можа быць яшчэ старэйшы, яшчэ уніяцкі. Кастанчукі, Кандрат і Пракоп, перасяліліся сюды з Меляшкоў у канцы ХVIII ці на пачатку ХІХ стагоддзя, выдзерлі з пушчы і багны, вырабілі гэтыя ўрадлівыя кавалкі, рассяліліся ў Семяноўку, Тарнопаль, Слабодку, Бандары… На Расію ў бежанстве… Калі з бежанства вярнуліся ў 1923 годзе, стаяў яшчэ першы іхні дом  – сухі ўжо дуб. Мой прапрадзед Мітрук Кастанчук, які дажыў свайго веку ў 1946 годзе (значыць, нарадзіўся ў 1845 годзе), не уцёк са свае зямлі ні ў бежанства, ні  падчас пацыфікацыі нямецкімі фашыстамі прыпушчанскіх вёсак у жніўні 1941 года. О, як стралялі феерверкі з клуні, у якую ён з унукам навалачыў розных снарадаў і іншай зброі… Згарэў тады і сад, і драўніна на новы вялікі дом…

Прыслухоўваюцца нашым развагам дзеці: Мірыкавы Паўліна і Крыштафор, Алікавы  Каміля і Уля. Не мелі таго шчасця распытацца ў старэйшага пакалення пра колішнія лады.  Прабабка Марыя ўжо памерла, а прадзеда Касцюка мала памятаюць ўжо і бацькі. Касцюк быў суровы – ужо нават я з яго ўнукам Жоржам баяліся гуляць на іхнім падворку, дзе расла двухсотгадовая ліпа. Тая ліпа – адна з чатырох векавых ліп. Наша, адзіная, якая яшчэ жывая,  маладзейшая – у час калі выязджалі ў бежанства расла ўжо каля дваццаці гадоў. А цяпер яна адна, чыпее да другім баку ад хат. Нават лавачка пры ёй перагніла, няма і століка.

– Наша маленства кончылася, калі выразалі нашы джунглі.

Дзяўчаты глядзяць на нас, ужо пасівелых – пэўна нялёгка ім прыгадаць малымі, лазячымі «калідорамі» пад зараснікамі чарнасліву пераплеценага хмелем і таямнічага кустоўя са страляючымі белымі бубачкамі. Там мы рабілі дом, з печкамі, посудам. Каля зараснікаў стаяла яма, каля якой трапалі каноплі і ён – тады ў гэтай яме раскладзены быў малы касцёр, над якім сушылася бадылле. Як тады траскаталі церніцы і трапачкі, сыпалася кастрыца! Ад тае кастрыцы, вось і кастрычнік, як сёння. Тут на поплаве прабавала вырасці маладая ліпка, якой пабегі ўсё зрэзвалі, а яна ўвесь год пускала новыя, моцныя, светла-зялёныя. Побач пахацеў агурэчнікам і кропам агарод… Тут цяпер палеткі Жоржа. А другі поплаў там, у бок падрэчка Нарвы Буяўкі – тут на былым тарфяніку, пасля ліквідацыі цераспалосіцы,  выраслі палоскі Іванавых. Пасля яны зарунелі, але калі быў яшчэ поплаў, каціліся мы ўніз з яго, пад бакамі адчуваючы выбоіны былых градаў…

Камення ўжо там не было, але яно такое, каменне, што як яго не выбірай, камень вырастае з зямлі. Я пра то вырастанне камення нанова і нанова расказваю, і пра вырастанне нас з дзіцячых штонікаў… А  наймалодшыя Марусіны і Васевы ўсміхаюцца. Як ім уявіць  таго Аліка і Мірыка, як імчацца па пясчанай дарозе ў шапках-аблавушках з Алінкай і Генікам (я была ўжо студэнткай з першым сваім фотаапаратам) – па дарозе пракладзенай стагоддзі таму? А па той дарозе – далей на Баб’ю-Гару, і далей праз пушчу – у тое Масева, адкуль іх дзед Вася прывёз у Баравыя Марусю Марчук?

Але ж дзед Вася добра «трымаецца»! І Вася, і Маруся ў бэзавых кашулі і блузцы, як  і Паўліна. «Залатыя годы» ў Баравых – у бэзавых адценнях. Над месцам маладых на «вялікай хаце» – іх шлюбны партрэт. Такія «манідлы» рыхтавалі па заказу вандроўныя фатографы. Найчасцей з аддзельных здымкаў герояў шлюбнага дня – такі калісьні фота-шоп – маладой накідалі ўяўны празрысты  вэлюм, аздоблены кветачкамі і галінкамі аспарагуса, маладому ў бутаньерку піхалі тое ж, накладвалі пад шыю матылька або тугі гальштук. І памяткі засталіся назаўжды па беларускіх вёсках,  віселі ў рамках аколеныя сучасным «красным  кутом» з фатаграфіямі былых і наступных пакаленняў. Штыўна пасаджаных пад пальмамі і бярозкамі дзядоў з царскай арміі, сыноў з польскага войска, дзяцей у школе… А пасля каляровыя – сучасныя – унукаў. На сценах у штораз маднейшыя ўзоры. Калісьці – на пабеленых сінькай сценах, на папяровых шпалерах, пасля на драўляных панелях, а ўрэшце і на пластмасавых. Сучаснасць дайшла і да пушчы….

– Горка гарэлка! Горка гарэлка! – пад гармонік патрабуе ад «маладых» Янка Лясота з гурта «Нараўчанкі».

– За ўсё паўвеку і не нацалавалася! – жартам крывіцца Маруся. – Не было калі!

Прыходзяць віншаванні і са свету. Калі прыняць іх па тэлефоне, трэба выйсці на вуліцу.

– Там пад знакам добра прымае! – падказвае Мірак. – А то «засенгу» ў хаце няма.

І каб пазваніць з мабільнага тэлефона, трэба выйсці ў поле. Калі глянуць са спадарожніка на Баравыя,  відаць яшчэ і стары сад, і Генікаву шклярню, якой ужо няма. І з накінутай «сеткі» абсягу відаць, што гэты кавалачак пакінуты па-за ўвагай мабільных аператараў.  Адцятыя тыя беларускія прыпушчанскія вёскі таксама ад аўтобуснай камунікацыі. Нават парадавацца святам разам з Васем і Марусяй Мацкевічамі было цяжка дабрацца ў выходныя дні.

Жыві як хочаш.

А ці страшыць надалей пад арабінкай? Пару месяцаў мігацела там пад крыжом у траве  маленькая электрычная лямпачка-зніч, схваная ў слоічку, каб не прамокла. Я сама яе запаліла. На памятку там пахаваных аднаго з нашых продкаў і дзетак, чые душачкі кугакалі і плакалі сярод ночы, просячы ў нас малітвы і ўспаміну.

Міра Лукша

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў кастрычніку

    1005 – 1019 г. першая згадка ў летапісах пра Бярэсьце. 710 – 1314 г. князь Давыд Гарадзенскі разбіў вялікі паход крыжакоў на Наваградак. 625 – 1399 г. паражэньне ад татараў арміі Вялікага Княства Літоўскага на чале зь князём Вітаўтам на …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (633) – беспасьпяховая аблога ў 1391 г. горада Наваградка крыжацкімі войскамі на чале з магістрам Конрадам Валенродам.
  • (241) – У 1783 г. быў пабудаваны касьцёл бернардзінцаў у Будславе каля Мядзеля.
  • (95) – 9.10.1929 г. у Варшаве памёр кс. Адам Лісоўскі (нар. у 1882 г. у Карандах Ашмянскага пав.), адзін з пачынальнікаў беларускага хрысьціянскага руху. Закончыў духоўную сэмінарыю ў Вільні ў 1903 г., пасьля вучыўся ў Духоўнай Каталіцкай Акадэміі ў Пецярбурзе, высьвячаны на ксяндза ў 1907 г. Служыў у розных парахвіях на беларускіх землях:

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis