Cнежань, студзень і люты… Так прыгожа, мякка і чароўна як у нашай беларускай мове назвы зімовых месяцаў не гучаць у аніякай іншай мове на свеце. Прытым гэтыя словы адназначна зразумелыя, вельмі свойскія яны, не так як у суседзяў. Бо калі запытаць палякаў, што абазначае grudzień, styczeń, luty – наўрад ці хто адкажа. Хіба што прафесары Ежы Бральчык і Ян Мёдэк. Таксама у выпадку расіян, у якіх декабрь, январь, февраль – гэта запазычаныя словы з незразумелай цяпер латыні. Тымчасам у нас беларусаў усё ясна – снежань ад снегу, студзень ад астуды-холаду, люты ад лютых-вострых маразоў.
Значэнне гэтых прыгожых слоў аднак штораз менш адпавядае рэчаіснасці. Пачатак гэтай зімы з англійскім дажджлівым надвор’ем як і ў апошніх гадах напамінаў зусім іншую пару года. У снежні амаль не было снегу. Пакуль нічога не прадказвае, каб і ў студзені прыйшлі снегапады з завейкамі, не кажучы наогул пра студзёнае надвор’е з крашчэнскімі лютымі маразамі да… лютага месяца менавіта.
Што ж, свет мяняецца на нашых вачах. На анамаліі з надвор’ем і наогул у прыродзе ўплыву не маем. Гэта з-за ацяплення клімату на нашай планеце, да чаго давяла сучасная цывілізацыя, эксплуатуючы без апамятання усё больш і больш вугалю, нафты і газу, з якіх цяпло так ці інакш штораз мацней абагравае атмасферу планеты.
Даследчыкі кліматолагі, праўда, даказваюць, што цёплыя зімы бывалі і калісь, нават у сярэднявеччы. Але і яны занепакоены, што цяпер сярэднегадавая тэмпература паветра надта ўзрастае, прыблізна на 1,5 градуса ў год. З гэтай прычыны растаюць ледавікі ў высокіх гарах, таксама ў Арктыцы і на Антарктыдзе. Затым узвышаецца ўзровень вады ў марах і акіянах. У снежні 2019 г. высокая вада заліла Венецыю. Сур’ёзна пабойваюцца гэтага нідэрландцы, паколькі іх краіна распаложаная ў значнай частцы ніжэй мора, а дамы пабудаваны часта на стаўбах.
Няма выхаду, гэтым трывожным з’явам свет вымушаны супрацьдзейнічаць. Адзіным выхадам ёсць абмежаванне канвенцыянальных крыніц энергіі. Таму ідзе штораз большы націск на выкарыстанне аднаўляльных електраносьбітаў – ад сонца, з ветру і біяпаліва. Такая рэвалюцыя ахапіла і наш Беластоцкі край, паколькі Польшча вымушана падпарадкавацца строгім дырэктывам Еўразвязу ў гэтай галіне, на што, дарэчы, атрымлівае стуль немалыя грошы. Таму ў беларускіх вёсках і мястэчках на Беласточчыне не здзіўляе ўжо від ветрагенератараў, якіх найбольш у гміне Орля. Ва ўсім рэгіёне густа ўжо блішчаць на дахах будынкаў фотавольтаічныя панелі. Ужо не толькі салярныя, каб падаграваць ваду ў кухні і лазенцы, але і даючыя электраэнергію. І не толькі на дахах, але штораз больш такіх інсталяцый і ў полі. Мы прывыклі, што летам прыгожа каласяцца там нівы з жытам ці аўсом, а вось цяпер будуць сабе красавацца нівы бліскучых батарэяў. Так як, скажам, у Гарадку, дзе ў мінулым годзе такі праект за грошы з Еўразвязу зафундаваў сабе праваслаўны прыход. Цяпер дзякуючы атрыманай вясною і летам „моцы з неба” зімою ў Прачысценскай царкве ўжо не так холадна.
Шкада толькі, што гэта тэхніка надта забруджвае краявід, разбурае яго гармонію. За апошняе чвэрць стагоддзя нашы вёскі і мястэчкі і так затрацілі свой непаўторны традыцыйны выгляд. У выніку рамонтаў і пабудовы новых будынкаў з’явілася ў нас, на жаль, новая, чужая тут архітэктура. Магутныя жалезныя ветракі і яркія сонечныя батарэі цяпер гэты некарысны працэс толькі паглыбляюць. На жаль, ні ўлада, ні насельніцтва не маюць яшчэ такой свядомасці. Бо гэтую тэхніку можна і трэба інсталяваць так, каб як найменш інгераваць у краявід. Інжынеры прыдумалі ўжо сонечныя батарэі, якія кампануюцца з дахамі так, што іх практычна не відаць.
З аднаўляльнымі энерганосьбітамі я ўпершыню сутыкнуўся, калі ў нас ніхто пра іх яшчэ і не чуў. 30 гадоў таму як магістрант Беластоцкай палітэхнікі напісаў я дыпломную працу, прысвечаную энергетычным аспектам у камбінаце ПГР Крынкі. У загаданай тэме пад наглядам прафесара з Варшавы меў я паказаць таксама „moliwoci racjonalizacji i wykorzystania przyszociowego niekonwencjonalnych rde energii”. Якраз тады, пасля чэрвеня 1989 г. пачыналіся ў Польшчы рэзкія палітычныя і эканамічныя перамены. У новай сітуацыі апынуліся і пэгеэры, якія пры „камуне” былі вялікім сегментам сельскай гаспадаркі. Але яны існавалі дзякуючы аграмадным дзяржаўным субсідыям, з якіх ніхто ў дадатку нікога завельмі не разлічваў. Дзяржава пампавала ў іх грошы ў выглядзе танных крэдытаў, а нават беззваротных пазык. У значнай частцы пераядалі іх аднак работнікі, бо ўвесь час былі праблемы з зарплатамі. Я гэта на свае вочы пабачыў тады ў Крынках. Не разумеў яшчэ, што вінаватыя ў гэтым не так людзі, як сістэма. Працавала там каля 400 асоб, з чаго больш як сто ў адміністрацыі, а мяне наіўна здзіўляла, што пра прадпрыемства ніхто завельмі не клапаціўся. Нават дырэктар быў толькі тыповым эканомам, а не гаспадаром.
Але я ў сваёй дыпломнай працы меў задачу прааналізаваць не хворую структуру пэгеэру з яго ўтапічным спосабам кіравання, толькі дзейнасць прадпрыемства з энергетычнага пункту гледжання. Крынскі камбінат меў каля сямі тысяч гектараў зямлі, гадаваў 4 тысячы ў год авечак і каля 300 свіней. Паколькі землі тут благія, плён давалі нізкі, бо толькі 23 цэнтнераў з гектара ў сярэднім збожжа (жыта, аўса, ячменю і пшаніцы). Прадпрыемства затое спажыткоўвала аграмадныя колькасці электраэнергіі, нафты, бензіну, вугалю. І тут шукаў я спосабаў, каб паменшыць кошт гэтых выдаткаў. Карыстаючы з нямецкай літаратуры, якую перадаў мне апякун-прафесар, углыбіўся я ў магчымасці выкарыстання менавіта неканвенцыянальных крыніц энергіі. Я даказаў, што цалкам рэальнае ў крынскіх варунках было б пабудаваць ветрагенератары, біягазоўні і сонечныя міні-электроўні. Падказваў таксама, каб з саломы вырабляць брыкет на патрэбы кацельняў, паколькі летам яе або секлі і прыворвалі, або звычайна спальвалі на полі.
Калі сваю дыпломную працу я абараніў (з выдатным вынікам), адзін экземпляр завёз дырэктару крынскага пэгеэру. Але яму тады ўжо не ў галаве была рацыяналізацыя прадпрыемства, якое хутка зліквідавалі, бо для новай некамуністычнай улады пэгеэры лічыліся рэліктам мінулай эпохі. Цяпер што лепшыя пэгеэраўскія землі ў прыватных руках, а на аблагах расце лес. Сотні гектараў займаюць плантацыі чорнай парэчкі, ароніі ды абляпіхі. Некалькі гадоў таму на гарызонце з’явіўся тут і ветрагенератар, а ў мінулым годзе фірма, якая пераняла частку пэгеэраўскай маёмасці, паставіла і рады сонечных батарэяў.
Так што 30 гадоў таму быў я крыху піянерам на шляху выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі ў нашым рэгіёне. Толькі іх прымяненне не прымусіла – як тады я думаў са сваім прафесарам – патрэба рацыяналізацыі і ашчаднасці ў гэтай галіне, толькі паступовае ацяпленне клімату. Дарэчы, прадукцыя такой электраэнергіі даражэйшая чымсьці канвенцыянальнай.
З нагоды Каляд і Новага года жадаю, каб цудоўны зімовы настрой, такі блізкі беларускай душы, яшчэ доўга, доўга радаваў нашы сэрцы, калі надыдзе снежань, студзень і люты. Як у незабыўнай песні пад такім загалоўкам з „Народнага альбому”:
Прыйдзе зіма і cнежань,
Лісце заваліць снегам.
Мы адсвяткуем разам
Божае Нараджэнне…
Юрка Хмялеўскі
Галоўны рэдактар