Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    21. Samaabarona i śmierć Żyda Berszki (2)

    Savieckaje vojsko i pahraniczniki spaczatku ŭsich ludziej z hetych troch viosak vyvieźli za Śvisłacz na zborny punkt u Nieparożnicach. Zahadali im usio z saboju zabrać, szto tolko mahli ŭziać na furmanku. Pośle saviety mieli ich parassyłać dalej u Biełaruś. Raptam pryjszoŭ zahad, szto kali chto…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    8. Kuneć sielanki

    Nocami z pod ramion krzyżów na rozdrogach sypie się gwiazd błękitne próchno chmurki siedzą przed progiem w murawie to kule białego puchu dmuchawiec Księżyc idzie srebrne chusty prać świerszczyki świergocą w stogach czegóż się bać (Józef Czechowicz, „Na wsi”, 1927) Jak mniê diś dumajetsie, dekada… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Міхась Зізюк: „Кніга для мяне – гэта святое…”

Калі сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Міхась Зізюк з Навагрудка паспявае пісаць свае кнігі – цяжка сказаць. Ён займаецца прадпрымальніцкай і грамадскай дзейнасцю, шмат выступае перад чытачамі, наладжвае на Гарадзеншчыне розныя мерапрыемствы, сустрэчы. І піша добрыя кнігі для дарослых і юных чытачоў. Пра ўсе ягоныя жыццёвыя і творчыя справы мы вырашылі пагутарыць, вандруючы па старых вуліцах прыгожага Навагрудка.

Міхась, ты нарадзіўся ў Петрыкаўскім раёне на Гомельшчыне. Як сталася так, што ты заехаў ажно ў Новасібірскае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча ў Расіі, стаў вайскоўцам? А кім насамрэч марыў стаць хлопчык Міша? І як пасля ты апынуўся у Навагрудку?

– І, сапраўды, я нарадзіўся ў вёсцы Лучыцы Петрыкаўскага раёна на Гомельшчыне ў 1967 годзе. Там прайшло маё дзяцінства і школьнае юнацтва. Сям’я ў нас была немаленькая, ажно шасцёра дзяцей – пяць братоў і сястра – таму сумаваць і лайдачыць не выпадала. Жылі вельмі сціпла, выгод і прысмакаў не мелі. Тата працаваў калгасным пастухом, і мне ўжо з дзесяці гадоў прыходзілася самастойна пасвіць калгасны статак у сто дваццаць галоў. З братамі змалку мы прывыклі трымаць у руках пілу, сякеру і касу. Крыўдна было часам, што мае аднагодкі гойсаюць усё лета па рэчцы, а я з братамі, то кароў пасу, то дровы на зіму нарыхтоўваю, то на сенакосе. Але добра, што нас не песцілі, тая загартоўка дапамагала ў жыцці. Мы ўсе выраслі працавітымі, дружнымі, трымаемся адзін аднаго, шанавалі і шануем бацькоў.

З мамаю, сястрою і братамі ў роднай вёсцы 2011 г.
З мамаю, сястрою і братамі ў роднай вёсцы 2011 г.

З дзяцінства я марыў паступіць у лётнае вучылішча, каб пасля стаць касманаўтам (мара многіх хлопчыкаў тых часоў). Вучыўся добра, мне падабалася вучыцца, але ж я слабавата цягнуў дакладныя навукі. Хоць школу скончыў, маючы усяго толькі тры чацвёркі. Баючыся, што не здам экзамены па фізіцы ды матэматыцы і, сумняваючыся ў сваёй фізічнай падрыхтаванасці, выбраў Навасібірскае вышэйшае агульнавайсковае ваенна-палітычнае вучылішча. А як усё ж абраў прафесію вайскоўца? Чамусьці не ўяўляў сябе нікім іншым, да таго ж не хацелася абцяжарваць бацькоў. А Навасібірскае вучылішча мне рэкамендаваў мой настаўнік біялогіі – там некалі вучыўся яго зяць.

Конкурс быў немалы, вучылішча тады мела прэстыж, але паступіў. Па шчырасці, не шкадую, што трапіў туды. У вучэльні давалі добрую адукацыю, як па вайсковых дысцыплінах, так і па грамадскіх, выдатную фізічную падрыхтоўку. Там займеў з дзесятак сяброў-беларусаў, з якімі сустракаемся і кантактуем дагэтуль, там я пасталеў і загартаваў характар.

Скончыўшы яго ў 1988 годзе з дыпломам з адзнакай, паехаў служыць на Далёкі Ўсход. Там мяне заспеў распад савецкай імперыі. Мне вельмі хацелася на Радзіму. І пасля пяці гадоў жыцця ў Хабараўску, звольніўшыся з вайсковай службы, з сям’ёю вярнуўся ў колішнюю сталіцу ВКЛ. Навагрудак – радзіма маёй жонкі, менавіта таму лёс і вызначыў месца майго жыхарства. Бо трэба было недзе і за нешта жыць, іншых варыянтаў, як кажуць, не свяціла.

Цікава тое, што ты, пасля ваеннага вучылішча, скончыў яшчэ Акадэмію МУС РБ. Няўжо табе гэта падабаеццца?

– Перад пераездам у Навагрудак я яшчэ паспеў непрацяглы час папрацаваць ў органах унутраных спраў у Хабараўску ў якасці дзяжурнага ў аддзеле пазаведамаснай аховы. У 1993 годзе ўладкавацца куды-небудзь у Навагрудку было немагчыма. Цэлы год я чакаў пакуль мяне возьмуць зноў жа на службу ў міліцыю: тады я не ўяўляў сабе нічога іншага. З 17 гадоў у пагонах – чаго хацець? Жонка таксама сядзела без працы. Цяжкі быў перыяд.

Пасля мяне ўзялі ў мясцовы аддзел унутраных спраў на пасаду інспектара па справах непаўналетніх. Праз паўгода павысілі, прызначылі старшым інспектарам па кадрах. Я меркаваў служыць і далей, паступіў у Акадэмію МУС, атрымаў кваліфікацыю юрыста. Служыў старанна, меў шматлікія заахвочванні. Але тыя планы перакрэсліў я сам майскім днём 1999 года. Тады я легкадумна сеў за руль нападпітку, заехаў у плот. Мяне звольнілі. І, мабыць, гэта лёс. Калі б не тое здарэнне, я б ніколі не стаў пісаць, ніколі не стаў літаратарам, не ўсвядоміў для чаго я жыву. Адным словам, я быў бы іншым чалавекам, як і мой светапогляд, які карэнным чынам змяніўся. Мяркую, магло адбыцца тое, што адбываецца з большасцю нашага насельніцтва: я б застаўся „спячым ці сляпым” беларусам.

Першыя кнігі твае напісаліся і выйшлі з друку на расейскай мове. Я разумею, што ты заўсёды быў у расейскамоўным асяроддзі, таму па-руску думаў і пісаў. Так?

– Як бы працягваючы тэму, хачу зазначыць, што вучыўся я ў беларускамоўнай школе (дзе яны цяпер?). А пасля прыйшлося пераходзіць на расейскую. Напачатку сябры па вучылішчу нярэдка пакеплівалі і жартавалі над маім вымаўленнем. З вясковых хлопцаў я, дарэчы, у нашай роце быў ці не адзіны. Вярнуўшыся ў Беларусь і працуючы ў міліцыі, я заставаўся рускамоўным. Нават і пасля звальнення мая мова не змянілася.

Крыху ўладкаваўшыся, пабудаваўшы сваё жыллё, я стаў зноў задумвацца пра літаратуру. Справа ў тым, што кніга для мяне – гэта святое. У дзяцінстве яна была маім лепшым і, ці не адзіным сябрам, чытаў я запоем. І яшчэ ў школе я спрабаваў нешта пісаць, завёў сшытак. Праўда, ні з кім пра свае задумы не дзяліўся, а падказаць не было каму, хоць настаўнікі ведалі пра мае здольнасці: сачыненні я пісаў толькі на „выдатна”. А ўзімку, лежачы на цёплым чаране печы, я на хаду складаў розныя смешныя гісторыі пра вясковых людзей і распавядаў іх сваім меншым братам ды іх сябрам. Слухачам мае байкі падабаліся, яны задаволена рагаталі. Ужо ў вучылішчы спрабаваў пісаць вершы, пісаў невялічкія артыкулы ў вайсковую акруговую газету. За гэта нават некалькі разоў атрымаў ганарар.

Пісаць мяне цягнула, рознымі сюжэтамі поўнілася галава. Я быў легкадумна ўпэўнены, што мае „таленты” абавязкова заўважаць у Маскве, хоць не меў аніякага ўяўлення ў правілах пабудовы і напісання літаратурных твораў. Я накрэмзаў нешта, адправіў па электроннай пошце на адрас вядомых расійскіх выдавецтваў. Адказаў, канешне, не дачакаўся, але працягваў пісаць. І гэта было добра, бо я паціху нечаму вучыўся. Пасля паспрабаваў выдаць сваё фэнтэзі самастойна. Так адбылася мая першая кніга „Пропавшая свадьба” – яна выйшла ў 2007 годзе, акурат у сорак гадоў. Праз некалькі гадоў па шматлікіх просьбах маіх чытачоў я напісаў працяг, і выдаў новую кнігу на рускай мове – „Оракулы междуречья”. Да гэтага я выдаў яшчэ адну кнігу на рускай мове, вельмі папулярную ў чытачоў – „Храм его души” – і першую кнігу на беларускай мове „Зелянее рунь”.

Але наступіў той момант, што пачалі пісацца кнігі на роднай мове. Ці цябе нехта падштурхнуў вяртацца да роднай мовы, ці сам?

– Можа, хтосьці й не паверыць маім словам, але тое чыстая праўда: інтуітыўна я ўсё жыццё цягнуўся да роднай мовы. І калі стаў пісаць, то паспрабаваў напісаць і па-беларуску. І адразу ж адчуў, як тое слова гучыць у душы, як яно спявае, як абуджаецца нешта вельмі і вельмі дарагое мне. Я выпісваў газету „Звязда”, у ёй праводзіўся конкурс апавяданняў. Рэдагаваў рубрыку на той час Віктар Апанасавіч Казько. Я вырашыў даслаць свой твор. Ён па-бацькоўску клапатліва прыняў маё першае апавяданне, крыху паправіў яго і аддаў у друк. Таму дату 1 верасня 2005 года – тады выйшла маё апавяданне „Цяпло яе сэрца” – лічу пунктам адліку на сваёй творчай дарозе.

Выхад апавядання, як бы падштурхнуў мяне да працы на роднай мове. Мяркую, што так ці інакш я прыйшоў бы да гэтага, толькі пазней. І я стаў пісаць усё болей і болей. У хуткім часе цалкам перайшоў на родную мову не толькі ў літаратуры, але і ў жыцці. А інакш і не магло быць: я адчуў, што гэта маё, тое, што люблю. Ўспамінаецца крыху смешны выпадак. Недзе ў 2015 годзе разам з жонкаю і сябрамі я быў на адпачынку ў Турцыі. Надвячоркам, крыху падпіўшы, мы выбраліся пацягацца па гандлёвых радах. Я не люблю хадзіць па крамах. Таму спыніўся каля ўваходу і заспяваў сам сабе песню „Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы” на словы Ніла Гілевіча. Нечакана да мяне падышлі дзве нейкія жанчыны ды ўзяліся падпяваць, хоць і не зусім добра. Як пасля высветлілася, вандроўніцы былі аж з Магадана. Тым не менш, беларускую песню збольшага ведалі. Так пра яе даведаліся і ў турэцкім Кемеры. Сябры смяяліся і доўга яшчэ ўзгадвалі той выпадак.

У цябе напісаліся кнігі розных жанраў: і прыгодніцкія, і містычна-фантастычныя, і псіхалагічныя, і вандроўна-падарожныя… Як так удаецца?

– Мне ўяўляецца, што фантазія любога пісьменніка ці паэта неабмежаваная. Інакш, як ён можа прыдумаць столькі вобразаў, герояў, падзей? Як любому творцу, мне бывае дастаткова адной дробнай дэталі, руху, слова, гуку, каб у недзе ў глыбінях падсвядомасці ўзгарэўся новы сюжэт. Што з яго атрымаецца – справа іншая. Але тыя задумкі круцяцца і круцяцца ў тваёй галаве, яны выспяваюць у нешта ці гінуць, не нарадзіўшыся. Вельмі часта новыя песні да мяне прыходзяць у дарозе. Аднастайнасць дарогі нашэптвае сваю мелодыю, трэба толькі падладзіцца пад патрэбную хвалю.

Так і з маімі творамі. Яны аднекуль прыходзяць, сюжэты іншым разам сняцца ў снах, а мне прыходзіцца толькі іх дамалёўваць, дапрацоўваць. А жыццё настолькі неверагоднае, настолькі багатае, сюжэтаў настолькі многа, што так і хочацца паспрабаваць сябе ў розных жанрах, ўвасобіць у творы ўсе жыццёвыя праявы і перыпетыі. Тым больш, што яно само падкідае табе розныя падзеі і сітуацыі, а ты думаеш: што б зрабіў я ў такім выпадку, як сябе паводзіў бы? Сутыкненне дабра і зла, праўды і хлусні, любові і нянавісці на мяжы святла і цемры – тэма невычарпальная. Асабліва ў сённяшнім імклівым свеце. Таму мяне і цягне ў розныя жанры – каб глыбей капнуць, паспрабаваць уявіць сябе на месцы герояў маіх твораў. Калі ўзяць фантастычна-прыгодніцкую тэматыку – то з яе пачынаў. Вандровак у мяне было нямала, у свой час я пабываў і ў Сібіры, і ў Забайкаллі, і на Далёкім Усходзе, Казахстане, Узбекістане, Прыбалтыцы. Уражанняў хапіла. А ў апошнія дваццаць гадоў амаль штогод з сябрамі мы сплаўляемся на плыце па Заходняй Бярэзіне і Нёману. А там такая прырода, такая прыгажосць! Менавіта тыя ўражанні і падштурхнулі мяне да напісання вандроўных нататак.

Вандроўка на плыце, разам з сябрамі, 2017 г. Міхась Зізюк другі злева
Вандроўка на плыце, разам з сябрамі, 2017 г. Міхась Зізюк другі злева

Што тычыцца драматычна-псіхалагічных твораў, то гэтая тэматыка мне вельмі блізкая. Любы свядомы чалавек, які не задавальняецца толькі жывёльнымі патрэбамі, усё жыццё будзе шукаць сябе, рабіць нешта і сумнявацца, ісці наперад і прыпыняцца, аналізаваць свае ўчынкі. І калі адчуць ўсё гэта, як кажуць „на сваёй скуры”, то так і хочацца падзяліцца думкамі з іншымі людзьмі: а вы, як вы думаеце? У мяне ёсць нават дэтэктыўны раман, напісаны па слядах маёй былой міліцэйскай службы. Праўда, ён не выдадзены – пакуль не маю сродкаў.

А чаму ўрэшце я звярнуўся да дзіцячай кнігі? Мяркую, асаблівых тлумачэнняў не спатрэбіцца, калі ўлічыць мае спробы складання казак у школьным узросце. Задумкі былі, але не даходзілі рукі. А аднойчы мой знаёмы пчаляр папрасіў напісаць невялічкую казку для яго ўнука. Ён прынёс мне паперку, дзе, акрамя невялічкага спіса нейкіх падзей, былі пазначаны і ўнукавы ўлюбёнцы: кот Шмурдзік, курачка ды іншыя жывёлы. З тае паперкі і нарадзілася першая дзіцячая кніга „Янка, Шмурдзік, Бухматка ды іншыя”. Ведаю, што дзеці палюбілі гэтую кнігу, чытаюць з захапленнем.

У тваёй кнізе „Планктон” ёсць такі выраз, што сёння сцены растуць усюды: на вуліцах, паміж людзьмі, у сэрцах людзей. І што сцены сёння раз’ядноўваюць людзей… Магчыма і так… І тут ты маеш рацыю… Але чаму гэта менавіта сёння ў грамадстве так адбываецца?

– Аповесць „Сцяна”, змешчаная ў кнізе „Планктон”, мне падаецца галоўнай, стрыжнявой. Менавіта там я хацеў паказаць насколькі раз’яднанае наша грамадства, наколькі запалоханае і ў пэўнай ступені далёкае ад беларускасці. Сюжэт трывіяльны: маці, простая вясковая жанчына, едзе ў Мінск з жаданнем абараніць свайго сына, арыштаванага за Плошчу. І праз прызму, зрэз тых падзей мы бачым усё тое, што перажывае краіна. Я невыпадкова даў твору такую назву. У Беларусі сцены паўсюль: паміж прыкормленымі прыкарытнымі ўладамі і імкліва бяднеючым насельніцтвам; паміж палітыкамі і простымі людзьмі, якія нікому ўжо не вераць; сярод моладзі, якая імкнецца вывучыцца і знайсці сваё месца пад сонцам, але не радзіме; у раз’яднаным грамадстве, якое са злосцю глядзіць на катэджы ў Драздах і прыкладаецца да бутэлькі; нават сярод школьнікаў, якія цяпер падзелены на тых, хто можа купіць айфон, а хто не.

Чаму так?

– Адназначна сказаць цяжка. Глабалізацыя, амерыканскі лозунг „дабіцца поспеху любой цаной, інакш ты лузер”, пранікненне сусветнай павуціны ў свядомасць нашых дзяцей і ўнукаў толькі спрыяе гэтаму. Я б сказаў, што ў нашым грамадстве пануе нездаровая маральная атмасфера: у многіх няма ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, людзі заклапочаныя выжываннем, азлобленыя. Мы жывём у вялізным гета, і ці не таму ў лідэрах па самагубствах. Нехта скажа, што я малюю ўсё ў чорных фарбах, наганяю дэпрэсіўны настрой. Але пачытайце статыстыку злачынстваў на п’янай глебе, статыстыку суіцыдаў, смертнасці ад розных захворванняў, росту цэн.

Не, канешне, як заўсёды, не ўсё так дрэнна. Але нам, як паветра, патрэбныя змены. Грамадства проста задыхаецца, а іх няма. Вось у чым бяда. І сцены, на жаль, пакуль толькі растуць…

Ты выдаў і дзве дзіцячыя кнігі „Янка, Шмурдзік, Бухматка і іншыя”, „Энерджы і дзеці з 5 „А”. Ці чытаюць дзеці твае кнігі? І, наогул, якая літаратура сёння цікавіць маленькіх чытачоў і школьнікаў? І якой літаратуры для дзяцей сёння не хапае?

– Дзве маіх дзіцячых кнігі прыйшліся даспадобы маленькім чытачам. Аб гэтым магу меркаваць па тым, як дзеці рэагавалі на мае пытанні пасля таго, як прачыталі кнігі, па тым, што кажуць мне бібліятэкары. А нядаўна адбылася прэзентацыя апошняга нумара „Новага замка”, на стале ляжалі і мае кнігі. Там жа тады былі бацькі з дзецьмі. І я бачыў з якім захапленнем некаторыя бацькі цягнулі дзетак фатаграфацца са мною: „Пайшлі, гэта ж той дзядзя, што напісаў „Шмурдзіка”. А мы вашу кнігу некалькі разоў прачыталі”. У мяне тады раскупілі апошнія сем асобнікаў кнігі.

Прэзентацыя дзіцячай кнігі, Мінск 2016 г.
Прэзентацыя дзіцячай кнігі, Мінск 2016 г.

 

Прэзентацыя дзіцячай кнігі, Мінск, 2016 г. Пісьменнік у вобразе Бабы-Ягі
 Пісьменнік у вобразе Бабы-Ягі

На мой погляд, дзіцячай беларускамоўнай літаратуры сёння нямала, не гледзячы на засілле расейшчыны. Праблема толькі ў адным: мы імкліва губляем беларускага чытача. Пра што сведчыць нават такі факт: каб стаць кнігай году за 2018 год кнізе дастаткова было сабраць сто галасоў. А для цэнтралізаванага тэсціравання рускую мову абрала абсалютная большасць. Тое самае, мо нават і горш, магло быць з дзіцячай кнігай. І таму каб выбраць лепшую дзіцячую кнігу варта было праводзіць нейкую апытанку сярод чытачоў-дзяцей. А ў нас збяруцца дарослыя і вырашаюць, якая кніга лепшая. А тых чытачоў вельмі і вельмі мала: беларускамоўных школ меней за восемдзесят адсоткаў. Многія дзеці не ведаюць самага элементарнага слова па-беларуску. Я правёў нямала сустрэч і выступленняў перад дзецьмі, магу гаварыць пра гэта з упэўненасцю. З гэтым тэрмінова нешта трэба рабіць. Тэрмінова.

Але ж ёсць мабільныя тэлефоны і камп’ютары?..

– Канешне, праблема яшчэ і ў тым, як адцягнуць дзяцей ад камп’ютараў і тэлефонаў, як зацікавіць кнігамі. Тут ужо павінны працаваць усе: і педагогі, і бацькі, і мы, пісьменнікі. А калі кніга будзе цікавай, то „спаднічнае радыё” спрацуе: дзеці ж абменьваюцца думкамі ў сеціве. Мне здаецца, што сёння, як і ў ранейшыя часы, бракуе падлеткавай літаратуры, гэты сегмент самы бедны. Менавіта гэта і падштурхнула мяне да напісання наступнай кнігі „Таямніца гары Міндоўга”. Яна ўжо рыхтуецца да друку, павінна выйсці на пачатку восені. Мяркую правесці яе прэзентацыю ў кастрычніку: тады ў горадзе будуць адзначаць 975-годдзе Навагрудка. З гатовага да друку ў мяне маюцца яшчэ дзве дзіцячыя кнігі: казка „Шчасце маленькага камінара” і „Экалагічная чытанка для маленькіх”. Але яны таксама чакаюць свайго часу.

А каго б ты назваў сваім настаўнікам у літаратуры? Ці ёсць такія?

Я заўсёды захапляўся і захапляюся талентам Васіля Уладзіміравіча Быкава. Яго проза – узор для пераймання. Здаецца, усё так звычайна, проста, будзённа, а як яно прабірае. Гэта і ёсць талент. І што вельмі істотнае, як для мяне: ён цэльны, як пісьменнік, так і чалавек. Сумленне вышэйшага узроўню, боль за Радзіму – вышэйшага ўзроўню. Таму я і імкнуся вучыцца ў Быкава. Яшчэ я б назваў Уладзіміра Караткевіча. Мне здаецца, без гэтага пісьменніка нельга ўявіць сабе беларускую літаратуру, а яго творчасць для мяне – не толькі захапляльнае чытво, а яшчэ й крыніца ведаў.

Я ведаю, што ты складаеш і песні, і байкі. А чаму ты стаў займацца і гэтым яшчэ?

– Мяне з дзяцінства цягнула да песні. Памятаю, пасучы каровы, я, калі не чытаў кнігі, то нешта спяваў. Але музычнай адукацыі я не атрымаў – у бацькоў і так не хапала грошай. А там трэба было штомесяц нешта плаціць, купляць музычны інструмент. Так і не склалася. Ужо пазней, пасля трыццаці, калі ў мяне сабралася трохі нейкіх тэкстаў, песні палезлі з мяне, як з дзіравага меха. І амаль заўсёды тэксты пісаліся з мелодыяй. Але было і такое, што з’яўлялася нейкая мелодыя, яна увесь час жыла ўва мне, а пасля пісаліся радкі. Праўда, спачатку ўсё было па-руску. Толькі пазней я перайшоў на родную мову. Агулам цяпер у мяне каля шасці дзесяткаў розных песень. І, канешне, мне вельмі хацелася іх спяваць. Таму, калі мне стукнула трыццаць восем, з’явіўся вольны час, я стаў спрабаваць займацца гітараю. Крыху нечаму навучыўся, і цяпер сябры слухаюць мяне і дома, і каля вогнішча.

А да баек?

– Да баек мяне падштурхнулі розныя анекдатычныя гісторыі, што часта здараюцца ў нашым жыцці. Неяк, прачытаўшы ў газеце смешнае здарэнне з падпітым мужчынкаю, напісаў байку „Дарога дадому”. Сябрам вельмі спадабалася. Так паціху і пайшло. Я нават зрабіў дыск з байкамі, маюцца запісаныя і песні.

Якія творчыя і жыццёвыя планы ў празаіка з Навагрудчыны? Чым яшчэ ён жыве, чым займаецца?

Каложа, 2019 г., разам з жонкаю Аленаю
Каложа, 2019 г., разам з жонкаю Аленаю

– Жыву з жонкаю ў Навагрудку. Дачка Таццяна даўно самастойная, жыве ў Мінску, падарыла нам дзвюх харошанькіх унучак. Мы з жонкаю працуем, як прадпрымальнікі, займаемся гандлем. Цяпер цяжка ўсім, мы не выключэнне. Таму ў маім жыцці, як і ў жыцці звычайных людзей, на першым месцы сям’я, клопат пра дзяцей і ўнукаў. Свой дом, двор, невялічкі агарод – сумаваць няма калі. Вольнаю часінаю нешта спрабую пісаць. А што атрымаецца, як яно будзе – Бог-бацька. Галоўная творчая падзея 2019 году – гэта выхад кнігі для падлеткаў па восені. Ну, а ў хуткім часе чакае новая вандроўка з сябрамі на плыце. Але ж самае галоўная мара адна, каб Беларусь канчаткова не скацілася ў расейскія імперскія абоймы, каб людзі нарэшце прачнуліся і ўсвядомілі, што нашая родная мова, наш бясцэнны дар, пад пагрозаю. Давайце ж жыць, як пісала Ларыса Геніюш, для Беларусі.

Гутарыў Сяргей Чыгрын

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў красавіку

    980 – у 1044 г. пачаў княжаньне ў Полацку Усяслаў Брачыслававіч, званы Чарадзеем. Яго славутая дзейнасьць была апісана ў паэме „Слова аб паходзе Ігаравым”. 920 – у 1104 г. адбыўся вялікі паход кааліцыі князёў Кіеўскай Русі, арганізаваны Уладзімірам Манамахам на …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (677) – 27.04.1347 г. у Вільні быў замучаны сьв. Антоній – першы з трох віленскіх мучанікаў (праз некалькі тыдняў мучаніцкую сьмерць прыняў сьв. Іаан, а потым сьв. Яўстафій). Былі яны кананізаваныя ў 1374 г. На месцы іх сьмерці князь Канстанцін Астрожскі ў пачатку XVI ст. пабудаваў Сьвята-Троіцкі Сабор.
  • (105) – 27.04.1919 г. польскія войскі занялі Гародню, дзе ад 21.12.1918 г. знаходзіўся Урад Беларускай Народнай Рэспублікі на чале з Антонам Луцкевічам і беларускія войскі.
  • (95) – 27.04.1929 г. у Вільні нар. Юры Туронак, беларускі дзеяч і гісторык, аўтар кніг „Białoruś pod okupacją niemiecką” (Warszawa 1993), „Wacław Iwanowski i odrodzenie Białorusi” (Warszawa 1992), „Książka białoruska w II Rzeczypospolitej
  • (79) – 27.04.1945 г. БССР прынята ў склад членаў-заснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
  • (36) – 27.04.1988 г. памёр у ЗША Вітаўт Тумаш – грамадзкі дзеяч, лекар, выдатны скарынавед. Нар. 20.12.1910 г. у в. Сьпягліца, Вілейскага павету. Выпускнік Віленскай Беларускай Гімназіі. Пасьля на мэдычным факультэце Віленскага Унівэрсытэту. Актыўна ўдзельнічаў у беларускім студэнцкім жыцьці. У гадах 1940-1941 быў старшынёй Лодзінскага аддзелу Беларускага Камітэту Самапомачы, членам Нацыянальнага Цэнтра створанага ў Бэрліне 19.04.1941 г. Зь ліпеня па лістапад 1941 г. бурмістр Менску. Рэдактар „Раніцы”. Пасьля вайны жыў у ЗША. Быў вельмі актыўным на грамадзкай і навуковай ніве, між іншым шматгадовым старшынёй Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis