2020 год, а асабліва лета 2020-га зьмяніла кардынальна жыцьцё шмат каго з беларусаў, асабліва гэта тычылася людзей з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Асабіста я займаюся грамадскім актывізмам даволі даўно і мне было відавочна, што рана ці позна я траплю на содні ў гэтым годзе, мажліва нават не пабачу Плошчы’2020. Прыблізна так яно і атрымалася.
Раніца 6 жніўня пачалася для мяне не з кавы. Прыблізна а 7-й гадзіне зранку да мяне пагрукалі 2 міліцыянты. Захацелі праверыць ці не схоўваю я замежных грамадзян, ажно пагражалі, быццам бы гэтаму прысьвечаны крымінальны артыкул. Я заявіў ім, што замежныя грамадзяне тут не пражываюць, выказаў недавер да міліцыі як да дзяржструктуры і адмовіўся іх пускаць без пастановы ад пракуратуры, якая б дазваляла ім зайсьці ў дом. Жандары сыйшлі і абяцалі вярнуцца з групай АМАПу (аналаг ZOMO ў часы ПНР) і з пастановай аб праверцы мяне на захоўваньне наркотыкаў і зброі! Пазьней выявілася, што яны востра ўспрынялі такое стаўленьне і прыпомнілі мне гэта.
Акрамя мяне дома былі мае сябры. Яны прынялі рашэньне, што трэба тэрмінова пакідаць дом, пакуль яны не вярнуліся. Але міліцыя пакінула так званую „наружку”, групу супрацоўнікаў, якія праводзілі назіраньне за домам. Выявілася, што хтосьці з нашых здолеў зьбегчы, кагосьці па дарозе затрымалі. Я вырашыў не рабіць спробаў уцёкаў, бо са мною быў вялікі сабака Пальма, з якім было б складана кудысьці ўцякаць. Маральна рыхтаваўся да таго, што буду „лаяцца расейскім матам, размахваць рукамі, чапляцца да выпадкоўцаў на вуліцы, не рэагаваць на законныя патрабаваньні супрацоўнікаў праваахоўных органаў”.
А 16-й гадзіне да дома пад’ехаў бус Volkswagen, апошнія 10 гадоў такія бусы выкарыстоўваюць як варанкі НКУС у сталінскія часы. З машыны выйшлі некалькі бугаёў, фізічна падцягнутых, у звычайным адзеньні, у кепках і масках супраць Covid. Яны пералезлі праз плот і пачалі грукацца ў дзьверы. З пункту гледжаньня неабазнанага мінака, усё гэта выглядала як бандыцкая акцыя. Праз пару хвілін я пачуў як нехта спускаецца з другога паверху. Гэта быў мой пракол… Дзьверы балкона былі дрэнна зачынены, адзін з гэтых атлетаў забраўся і адчыніў дзьверы супрацоўнікам.
Я не аказваў супраціў з-за колькаснай перавагі. На мне зашпілілі кайданкі і надавалі некалькі моцных аплявухаў. Завялі ў дальні пакой, прыставілі міліцыянта. Пакой быў абсалютна пусты, нядаўна адтуль з’ехаў мой сябр. Я сяджу на канапе, за мной вісіць партрэт расейскага кампазітара Мусаргскага, на іншай канапе чамусьці ляжыць улётка, якую я зрабіў 15 гадоў таму. Вялікімі літарамі там напісана: „МАЕ РАЦЫЮ НЕ ТОЙ ХТО ГАЛАСУЕ, А ХТО ЛІЧЫЦЬ? ТАДЫ ЛАСКАВА ЗАПРАШАЕМ У 1937 ГОД”. Красамоўная сітуацыя.
Я пачуў, як па ўсяму дому ходзяць людзі. На маё пытаньне, ці вобшук гэта і калі так, то дзе панятыя і хто тут старшы, міліцыянт адказаў, што усё зараз будзе, а тупат ног мне проста мроіцца. Акрамя таго, супрацоўнік выказаўся, што каб не пасада, ён бы з задавальненьнем зьбіваў „апазыцыянераў”. Пярэварацень у пагонах…
Праз пэўны час у памяшканьне зайшоў кіраўнік аперацыі маёр Б., надаваў мне па карку, нашаптаў на вуха пагрозы. Звонку гэта выглядала як нейкая сцэна з галівудскага фільма пра герояў і злодзеяў. Пасьля гэтага ён аб’явіў, што быццам бы па інфармацыі суседзяў я і мае суседзі займаемся захоўваньнем і распаўсюдам наркотыкаў і дадаў, што трэба нас праверыць. На маім судзе ён быў сьведкай, сьцьвярджаў, нібыта затрымалі мяне на вуліцы за лаянку матам і непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўнікаў.
Дом сапраўды праверылі на наяўнасьць наркатычных рэчываў, але службовы сабака нічога не знайшоў. Прынамсі нічога і не павінна было быць, я ў гэтым быў абсалютна ўпэўнены. Але ж сам факт хаджэньня па дому з сабакам без маёй прысутнасьці мяне вельмі засмуціў. Пры вобшуку забралі як мае, так і чужыя рэчы, кампутары, флэшкі, фотаздымач, бяскрыўдныя улёткі, грошы, тэлефон, сьцьвярджалі, што пасьля асьведчаньня і паездкі ў РАУС вярнуся дадому. Але штосьці мне падказвала, што дадому мы сёньня не паедзем. Так і выявілася, супрацоўнік паказаў мне загадзя складзеныя на мяне пратаколы аб хуліганстве і супраціве. Я „мацюгаўся”, „размахваў рукамі” і „не падпарадкоўваўся законным патрабаваньням міліцыянта” побач з домам. Ей-богу, калі ў далёкай будучыні падымуць архівы МУС – створыцца ўяўленьне, што беларусы пачатку ХХІ стагоддзя ў любой незразумелай сітуацыі пачынаюць паводзіць сябе як вар’яты.
Да суда нас завялі ў так званыя „обезьянники” у РАУСе (беларускі варыянт гучаў бы як малпоўні). Гэта невялікія камеры з аднаго боку абнесеныя кратамі альбо моцным аргшклом. Акрамя лаўкі ў гэтых памяшканьнях няма анічога. Там нічога не застаецца як паспрабаваць паспаць. А каб лепш спалося, трэба рабіць фізкультуру і доўга хадзіць узад і ўперад. Адчуваеш сябе малпай у заапарку.
Суд адбываўся днём. У сам суд мяне не вывозілі, а проста завялі ў кабінет, дзе стаяў ноўтбук, дзе быў уключаны скайп. На экране з’явілася галава суддзі ў кавіднай масцы. Яна вельмі хутка і нэрвова зачытвала дакументы маёй справы. Г.зн. што суддзя вядзе звычайнае паседжанне ў судзе з адвакатам, пракурорам і аўдыторыяй, але без фізічнай прысутнасьці абвіначанага. Сьведкі таксама былі ў масках і кепках, нічога не было чуваць, што яны кажуць. Мне нічога не заставалася як спытаць у сьведкаў, ці добра ім сьпіцца па начох.
Падчас судовых перапынкаў мяне і маіх сяброў пасадзілі ў пусты кабінет нейкіх оперупаўнаважаных, якія частавалі нас газіроўкай і як бы спрабавалі даказаць тым, што не ўсе міліцыянты такія злыя і замбаваныя. Пасьля ўсім далі па 15 содняў. Нам вельмі пашанцавала, што ўвесь час, да самага вызваленьня нас трымалі разам. Хаця звычайна паплечнікаў утрымліваюць у розных камерах, для дэмаралізацыі. Увечары нас завезлі ў ІЧУ (Ізалятар Часовага Утрыманьня, установа куды звычайна зьмяшчаюць людзей да суда). Дыялог з ахоўнікам:
– Стужка для чаго? Адрозьніваць свайго-чужога?
– У нас чужых няма, усе свае. І вы таксама, проста магчыма вы пакуль гэта не ўсьвядомілі.
Супрацоўнік усьміхнуўся і завёў нас траіх у нейкі бокс плошчай 0,5 кв.м. На пытаньне, колькі мы будзем так стаяць, адказ быў „Нядоўга”. Што гэта значыла, можна толькі здагадвацца, але нават нядоўгі час стаяць было напружна. Неўзабаве стала душна, і мы вырашылі моўчкі перачакаць.
Праз хвіль 30 нас адвялі ў пустую камэру без матрасаў ды без вады ў кране і клазэце. Ваду ўключылі толькі падчас сьняданку. На абедзе загадалі зьбіраць рэчы на выхад. Я падумаў, што нас рыхтуюць да этапу, і як выявілася, я не памыліўся. Па чарзе нас заводзілі ў аўтазак і пакавалі па двое ў шафы плошчай 0,3 кв.м. Міліцыянты паядалі свае бутэрброды і абмяркоўвалі асноўны дзень выбараў, даносіліся абрыўкі фраз:
„…будзе як у 2015-м… раніцай у нядзелю сыйдзем, а ў аўторак увечары вернемся…”
„…набярэм ролтанаў ды бутэрбродаў…”
„…выведуць увесь склад, нават запас паходу…”
Ці чакалі яны, што гэтыя пратэсты ня скончацца за 3 дні? Я дакладна не чакаў. 1 гадзіну мы стаялі на загрузцы, 1 гадзіну ехалі і 1 гадзіну чакалі выгрузкі.
Нас прывезлі ў Жодзіна. Я бываў і раней на сутках, але не ў Жодзінскім ізалятары. Пра гэтае месца я чуў выключна дрэнныя водгукі. Асаблівасьць нашых дзяржаўных устаноў у тым, што шмат чаго залежыць ад асабістых якасьцяў начальніка. Калі начальнік – дзікун і самадур, то й парадкі ў калектыве адпаведныя. Недзе ў 90-2000-я Жодзінскай турмой кіраваў нехта Кузаўкоў па мянушцы Кузавок. Ён асабіста зьбіваў зьняволеных, было забаронена класьціся да адбоя на нары, мэталёвыя кубкі павінны былі блішчаць. Пры штодзённай праверцы вязьні павінны былі разьмеркавацца ў шэрэнгу па росту.
Падчас канваіраваньня мы стараліся трымацца разам. Мяне, Уладзя і Сашу пасялілі ў адну камэру. Сяргея пасялілі ў нейкую іншую. Трохі не пашанцавала. У нашай „хаце” ужо было 6 чалавек. Двое за крадзеж, адзін за п’янку, адзін бадзяга і двое палітычных: Саша – ляпіў на слупы улёткі руху „Шчырыя людзі” і Максім Урбановіч, грамадскі актывіст, брат лідэра Маладога фронту Дзяніса Урбановіча, прэвентыўна затрыманы ў сваёй вёсцы. Арыштанты пустыя, без перадачак, без сродкаў гігіены, без кніг. Адчувалася, што гэта канец этапа, і гэтая думка нас цешыла. На кожнага было па аднаму камплекту сьвежай спальнай бялізны і два ручнікі.
Я наладзіўся на тое, што ў нядзелю нас будуць прымушаць галасаваць, потым падселяць новых палітвязьняў, арыштаваных на пратэстах супраць чаканых фальсіфікацый, і што хутчэй за ўсё пад канец адсідка падасца вясёлай і звычнай. Потым мяне сустрэнуць сябры і родныя, а рэжым застанецца такім жа непахісным. Хоць і адчувалася палітызацыя насельніцтва, але ж веры ў перамены ў мяне не было.
Успрыманьне рэчаіснасьці зьмянілася ў аўторак, калі да нас падсялілі дзесяць новых палітвязьняў, арыштаваных у панядзелак. Калі праз гадзіну падсялілі яшчэ дзесяць, перад маімі вачыма паўсталі ўспаміны савецкага дысідэнта Салжаніцына, які пісаў пра перапоўненыя камеры сталінскіх часоў, дзе людзі падалі ў непрытомнасьць ад недахопу паветра. Але калі падсялілі яшчэ ўсяго траіх, я супакоіўся. Нашая каробачка запоўнілася. Такім чынам нас стала 28 палітвязьняў у камэры на 10 коек, тых „бытавых” вывелі з камэры яшчэ ў панядзелак.
Нягледзячы на новыя нязручнасьці мы радаваліся новым людзям, сьвежай інфармацыі. Упершыню ў жыцьці я пабачыў настолькі моцна зьбітых людзей. Я памятаю, як зьбівалі людзей падчас выбарчых кампаній 2006, 2010 году. Але негледзячы на агульнае беззаконьне там была хутчэй выпадковая нястрыманая жорсткасьць асобных супрацоўнікаў-садыстаў. На гэты раз грамадства сутыкнулася з безпрэцэдэнтным сістэматычным дзяржаўным ультрагвалтам. Мяркуючы па аповедах, сілавікі зладзілі камэнданцкі час без ягонага аб’яўленьня. Людзей хапалі без разбору. Акрамя тых, хто сапраўды ішоў у горад з мэтай пратэсту, трапляліся і выпадкоўцы. Толькі ў нашай камеры такіх было 4 чалавекі, практычна кожны сёмы быў выпадковым! Пару мужыкоў выйшлі з дому за півам, адзін ішоў з працы. Яшчэ адзін хлопец ішоў на спатканьне з дзяўчынай і меў пры сабе наручныя белыя гадзіньнікі. Ужо гэта стала падставай для затрыманьня, бо белы гадзіньнік падобны на белы бранзалет – сымбаль беларускіх пратэстаў супраць фальсіфікацый выбараў 2020 году. З людзьмі абыходзіліся ў аўтазаках і РАУСах па-зьвярынаму. Білі няшчадна, прымушалі стаяць на каленях з завязанымі рукамі па некалькі гадзін, не дазвалялі схадзіць у прыбіральню. У Жодзіна людзей везлі ў тых самых цесных аўтазакаўскіх боксах па 3-4 чалавекі. Нагадаю, што я дзяліў такі бокс на дваіх з Уладзем, і нам здавалася, што мы едзем у нейкіх невыносных умовах. У пэўным сэнсе нам пашанцавала апынуцца пад арыштам да абвастрэньня падзей.
Нягледзячы на ўсё наступныя двое сутак прайшлі так, быццам бы 28 мужчын трапілі ў лазьню і піянерлагер адначасова. Сьпякотна, усе распранутыя, увесь час весела рагочам, недахоп паветра п’яніць як піва. Несупынна цякуць размовы за жыцьцё, гісторыю, палітыку, жанчын. Адсутнасьць цыгарэт зводзіць з глузду, ахову не дапрасіцца, таму калі ў сераду ўвечары з калідору канваіры далі некалькі цыгарэт на 20 чалавек, мужыкі радаваліся як дзеці.
На паверсе з намі сядзелі ў камэрах жанчыны, мы чулі іх галасы. Відавочна, што з жанчынамі абыходзіліся лягчэй, таму яны былі больш сьмелыя. У кожнай камэры ёсьць так званы „клоп”. Гэта чырвоная кнопка трывогі, якую ціснуць у надзвычаных выпадках: прыступ, драка і т.п. Кожная кнопка мае свой тэмбр гучаньня, падобны на птушыныя трэлі, каб можна было маментальна зразумець, з якой камеры ідзе сыгнал. Але пэрсанал не сьпяшаўся адгукацца на гэтыя сыгналы, таму жанчыны часта ціснулі іх, дзейнічалі сілавікам на нэрвы такім чынам. Мужчыны не могуць сабе дазволіць такіх свавольстваў, таму што можна атрымаць дручком па сьпіне. Увогуле можна адзначыць, што стаўленьне сістэмы да жанчын апрыоры „паблажлівае”. Жанчынам не выносяць сьмяротны прысуд, маці непаўналетняга не пасадзяць на содні.
Больш за ўсё ў дадзенай сітуацыі прыгнятала адсутнасьць чытва. У камэры кніг няма, турэмная бібліятэка недасяжная, перадачы не даходзяць. Акрамя джэнтльменскіх размоваў больш ніякіх забаваў. Аднойчы мы знайшлі маленькі аловак у камэры. Мне прыйшло да галавы, што варта было б скласьці сьпіс сукамернікаў, размножыць і перадаць яго на волю. Я запісаў на туалетнай паперы прозьвішча, ініцыялы і год нараджэньня кожнага. Статыстыка парадавала: пераважная большасьць зьняволеных: мужчыны ад 30 да 40, абсалютна розных прафэсій, айцішнікі, юрысты, лекары, будаўнікі, рабочыя, мэнэджары, прадпрымальнікі.
Я разьлічваў, што буду займацца фізкультурай увесь тэрмін, але атрымалася, што гэта немагчыма пры такой шчыльнасці ў камэры, бо я страціў бы ўсё сьвежае паветра падчас практыкаваньняў. З забаваў засталіся настолкі і падрыхтоўка да іх (лепка шахматаў, шашак і касьцей з турэмнага хлеба) дый сон. Дзякуй богу, спаць днём давалі. Пазьней увосені не дазвалялі і гэта, адбіралі матрасы і прымушалі рабіць пераклічкі, каб час адчуваўся нашмат даўжэй.
У сераду пачаліся першыя суды. Нікога нікуды не вывозілі, паседжаньні праходзілі наўпрост у корпусе турмы, без сьведкаў, адвакатаў, анічога «лішняга». Пад суды выдзелілі адмысловыя пакоі. На суды выклікалі па аднаму. Той, каму далі суткі, вяртаўся да нас. Такіх было няшмат. Пра астатніх мы нічога не ведалі, маглі толькі здагадвацца: штраф альбо проста воля. Першымі сталі вызваляць медыкаў. Мы меркавалі, што за іх прасіла міністэрства аховы здароўя, але не маглі дакладна зразумець па якой прычыне: каранавірус, неадкладныя аперацыі альбо надзвычайнае становішча ў краіне. Апошняе не здавалася ўжо такім неверагодным, як раней. Тым болей, што чуткі даходзілі розныя, ад перакуленых машынаў да чалавечых ахвяр.
Да вечара чацьвярга насельніцтва камэры скарацілася да аптымальнай плотнасьці 10 чалавек на 10 коек. Пятнічная раніца пачалася спакойна і ціха. Упершыню за ўвесь час мы моўчкі сьнедалі. Гадзіны паміж сьняданкам і абедам праляцелі, а пасьля на калідоры пачалося ажыўленьне. Шмат жаночых галасоў. У турме, дзе пануе маскулінная атмасфэра, такое адразу падпадае пад пільную ўвагу. Сярод бясконцага шчабятаньня мы пачулі нешта пра душ і прагулкі. „Дзякуй Богу, хоць дзевак пачалі выводзіць, можа і да нас чарга дойдзе”, – падумалася мне. А між іншым гул усё нарастаў. Недзе недалёка ляснула турэмная кармушка і пачулася бойкае: „Зьбіраем рэчы на выхад! Амністыя!”. Вось гэта быў паварот! Здаецца такое за 26 гадоў не здаралася аніразу.
Камера за камерай вызвалялася. Дайшла чарга і да нас. Выводзілі па трое чалавек і дадавалі ў агульную калону. На калідоры я пабачыў агромністую кучу пакетаў з перадачамі. Яна была настолькі вялікай, што ў яе можна было б нырнуць і схавацца. Далей у нейкім кабінэце прапанавалі распісацца ў нейкай паперцы, быццам я раскайваюся ў тым, што „зрабіў” і што пры паўторным затрыманьні цягам года буду прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці. Такую паперку прапаноўвалі падпісаць усім „амніставаным”.
Агромністая калона была сфармаваная і выпраўленая ў шлях па калоніі. Ішлі тым жа шляхам, што і падчас этапа. Дзесьці ў канцы шляха я спытаў у канваіра, як нам дабрацца да Менску без грошай. На што мне быў дадзены адказ: „Вас давязуць на камфартабельным транспарце”. Пасьля ўсяго, што адбылося, такая фармулёўка яшчэ больш зьбянтэжыла. І тут адчыняюцца апошнія дзьверы, пасьля якіх я пабачыў алею, за ёй браму калоніі, а за брамай вольных людзей, якія сустракалі вязьняў.
На шляху да брамы мяне спыніла валанцёрка, спытала маё імя, прозьвішча і год нараджэньня, і занесла гэта ў ліст тых, хто выйшаў з жодзінскай турмы. Адразу пасьля да мяне падыйшоў і абняў мужчына, у якога на майцы было напісана „псіхолаг” і імя (нажаль я не запомніў). Пад словы „Трымай ваду, Ягор, і давай адыйдзем, зараз я табе растлумачу, што адбылося”, ён вывеў мяне з калоніі і я усьвядоміў, што я трапіў у сапраўдны намётавы валянтэрскі гарадок, які разьбіўся наўпрост пад брамай турмы. Я адчуў дэжавю, быццам гэта не Беларусь, а Украіна 2014 году падчас Майдану. Людзі пад навесамі раздаюць прысутным і тым, хто вызваліўся, запакаваныя бутэрброды, ваду, сокі, каву і гарбату. Побач ляжыць гара абутку, адзеньня. Дзяжураць лекары з аптэчкай, стаяць кіроўцы з картонкамі, на якіх напісаныя гарады, куды яны могуць завезьці людзей: „Менск”, „Гродна”, „Віцебск”, „Лагойск”, „Давязу ў любую кропку Беларусі” і г.д. Паркуецца нейкі грузавік з дзіўным прычэпам, выявілася, што гэта прыехала сапраўдная палявая кухня! У гэты ж час, псіхолаг тлумачыць, што адбыўся міліцэйскі гвалт 9-11 жніўня, што пасьля гэтага супрацоўнікі метрапалітэна сыйшлі ў кароткатэрміновую забастоўку, што тэлевізійнікі звальняюцца. Прадстаўнікі канфесій выказваюць абурэньне, шмат вядомых людзей заявілі аб падтрымцы патрабаваньняў пратэстоўцаў: адстаўка прэзідэнта, вызваленьне палітвязьняў і новыя свабодныя выбары. З прагай слухаю аповед, аглядваюся па баках і насілу стрымліваю сьлёзы шчасьця: „Нарэшце людзі абудзіліся і скінулі ярмо страху праз столькі гадоў”, – думаю я. Прыблізна так і ўяўляў я сабе гэты момант і верыў, што ён рана ці позна надыйдзе. Стэліўся з маці дзякуючы псіхолагу і застаўся там да позьняга вечара, сустрэў яшчэ некалькіх сяброў, дачакаўся Сашу і Сяргея. Уладзя выпусьцілі праз некалькі дзён.
Усю суботу я правёў за чыткай бягучых навінаў. А ў ноч з суботы на нядзелю я адчыніў Ютуб і некалькі гадзінаў глядзеў, што адбывалася 9-11 жніўня. Дзесьці а 5-й ранку мяне стала літаральна трэсьці ад убачанага, я зразумеў сэнс словаў маці, калі яна казала, што „Тут было такое, чаго ніколі не было”. Раніцай я адчуў сябе захварэўшым, ці то ад ютуба ці то ад кавіда. Але была нядзеля, я пайшоў на першы марш пратэсту, дзе маю хваробу як рукой зьнесла. І пратэст гэты цягнецца па сёньняшні дзень і няма яму ні канца ні краю.
J V