Pa prostu / Па-просту

  • Szucman z Nowaj Wioski

    Z cyklu "Płacz zvanoŭ" (Cz. 25)

    – Trzeba, żeby wszyscy Polacy chwycili się za prawo, bo jeśli Białorusy wezmą władzę w swoje ręce, to wszystkim będzie źle… Usim wiadomo, szto kali wosieniaj 1939 roku sawiety zajmali Zachodniuju Biełaruś, z wielkaj radaściu prywitali ich asobienno prawasłaŭnyja. Heto mieło swaje pryczyny, bo pad…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Hapčyna vnučka

    Siête stałosie v marciovi.

    Porankami šče trochi moroziło, ale dniom sonečko dobre hrêło, sniêh davno rozstav napreč. Posliêdnich para dion pohoda była vže vesnianaja.Agata šparko išła z dočkoju na prystanok, vony vybralisie do Biłostoku do dochtora. Marjola raz-po-raz pudbihała, starajučysie pospiêti za materoju, a siête ne było takoje proste…. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Забыты мастак

Карціны Юдаля Пэна, якія ратуюць ад вар’яцтва

У дзяцінстве яго білі старазаконныя, за тое, што малюе вобраз чалавека. Сварылася маці і таксама магла даць добрага кухталя. Малявальшчык шыльдаў, да якога Пэна аддалі ў вучні, толькі і рабіў, што ганіў агулам усіх мастакоў, бо „мала зарабляюць і толькі п’юць”.

Словам, не ад кога з дарослых Юдаль Пэн, калі яшчэ быў зусім маленькім, не меў падтрымкі. Яго малюнкі (асабліва карыкатуры) падабаліся толькі сябрам па вуліцы.

Тое, што юнага мастака-габрэя б’юць за яго мастацтва родзічы і старазаконнае атачэнне – факт, вядома, звычайны. 

Дастаткова прыгадаць пякельнае дзяцінства Хаіма Суціна альбо Заіра Азгура.

Аўтар помніка Якубу Коласу ў сваіх успамінах „Незабыўнае” згадваў, што „неяк мяне злавіў адзін старавер і доўга мясіў нагамі. Я нават тады, калі (…) ляжаў у бальніцы (…) адчуваў на сабе яго вялізныя боты з падковамі на абцасах. Яшчэ і сёння на маім левым калене ёсць сьлед ад таго абцаса” (Заір Азгур. Незабыўнае. Мінск, 1962).

Аўтапартрэт, 1922
Аўтапартрэт, 1922

Ад гэтага „следу”, які незагойнай псіхалагічнай траўмай прыносіў вялікія пакуты многім будучым вялікім гарбэйскім жывапісцам, скульптарам і графікам ХХ стагоддзя – нараджалася новае мастацтва. 

Падобная рана пякла ім сэрца, разрывала на шматкі душу, калі яны ўжо пасталелі, і таму палотны, скульптуры афорты і ксілаграфіі ў гэтых майстроў былі падкрэслена ламанымі, вострымі, балючымі, экспрэсіўна-экзальтаванымі. 

Прыгадайце хаця б жывапіс Хаіма Суціна (неаднаразова ў дзяцінстве збітага ледзьве не да смерці), разгайдана-імправізацыйную графіку Цфані Кіпніса, востравугольна-дэструктыўныя скульптуры Восіпа Цадкіна, змрочна-пастозныя палотны Міхаіла Кікоіна…

Крыху асобна тут стаяць марфейныя фантазіі Марка Шагала (дзе, няма суцінаўскай псіхапаталогіі, але жаданне ўцячы з гэтай пачаварнай рэальнасці, паляцець у свой гарманічны рай – безумоўна, прысутнічае) і велічна-безаблічныя ў сваім аднолькава светлым аптымізме манументы Заіра Азгура (ён наадварот ствараў іншую крайнасць – свет падкрэсленай, ледзьве не даведзенай да абсурду гармоніі, пазбаўленай індывідуальнасці).

Партрэт М.Шагала, 1914
Партрэт М.Шагала, 1914

Марк Шагал і Заір Азгур, як вядома, былі вучнямі Юдаля Пэна.

Хаім Суцін і Міхаіл Кікоін нейкі час бралі ўрокі жывапісу ў Янкеля Кругера і хутка адтуль збеглі, бо не маглі паразумецца з настаўнікам.

Для Шагала і Азгура Пэн быў літаральна бацькам родным.

Заір Ісакавіч са шчырым замілаваннем ўзгадвае, як Юдаль Моўшавіч сваіх вучняў, бедных габрэйскіх хлопчыкаў „…частаваў цукеркамі і чаем, вадзіў па горадзе, а мяне (…) за тое, што я добра нарысаваў маску Давіда, павёў у цырк”. 

Купаньне каня. 1910-я гг.
Купаньне каня. 1910-я гг.

Іншымі словамі, герой нашага артыкулу рабіў усё, каб „след ад абцасу”, як мага хутчэй знік з іх збалелай свядомасці. 

Удзячны Марк Шагал, калі ў першыя гады савецкай ўлады кіраваў мастацкім працэсам у Віцебску, узяў на работу Пэна і з кранальнай пяшчотай апекваўся ім.

Юдаль Пэн для сваіх вучняў зрабіў галоўнае і самае важнае. 

Ён зразумеў, што навучыць маляваць зможа кожны мастак-прафесіянал, а вось зрабіць так, каб (выбачайце за пафас) сэрца габрэйскага хлопчыка-мастака, здратаванае жалезным ботам старавера, пазбавілася ад болю і напоўнілася гармоніяй і любоўю – вось асноўная мэта сапраўднага педагога. 

І тут яго карэннае адрозненне ад іншага вядомага габрэйскага выкладчыка, згаданага ўжо Янкеля Кругера, які канфліктаваў з асобнымі вучнямі-экспрэсіяністамі, і не вельмі шкадаваў, калі яны пакідалі яго і знікалі назаўсёды ў Парыжы.

Шагал таксама з’ехаў у Еўропу. Але Пэна не забываў ніколі. Пісаў яму. Падахвочваў старога, каб той стварыў свой жыццяпіс, які б Марк Захаравіч выдаў бы ў Берліне. Разам з Восіпам Цадкіным пасылаў у Віцебск гнеўныя лісты, каб жыхары горада усяляк дапамагалі Пэну, стваралі для яго працы спрыяльныя ўмовы.

Унікальнасць Юдаля Моўшваіча як мастака ў тым, што яго жывапіс мае гіпнатычна-станоўчую энергетыку.

Тут няма нават намёку на нейкі надлом, смутнаглядства, боль. Хаця сам, як чалавек, Пэн быў дастаткова востры, прыдзірлівы, нервовы. 

Снеданне, аўтапартрэт, 1932
Снеданне, аўтапартрэт, 1932

Напрыклад у „Заяве… пракурору Віцебскай акругі аб невыкананні камітэтам па арганізацыі юбілейнай выставы мастацтваў нацыянальнасьцяў СССР абавязальніцтваў па аплаце дастаўкі карцін і кепскім абыходжанні да яго прац” (Ю. М. Пэн у прыжыццёвых публікацыях і Дзяржаўнага архіву Віцебскай вобласці. Віцебск, 2017), Пэн пратэстуе супраць таго, што на гэтай маскоўскай выставе арганізатары падрапалі некалькі яго карцін і паламалі, пры перавозцы, старыя рамы. 

Калі замест авангардыста Марка Шагала кіраваць у Віцебскім мастацкім тэхнікуме прыйшоў строгі рэаліст Міхаіл Керзін, дык Юдаль Пэн (у вачах многіх такі ж самы прадстаўнік старой традыцыйнай школы) са скандалам звальняецца. 

Пры савецкай уладзе і да самай смерці яго афіцыйна збольшага шанавалі (калі не лічыць асобных крытычных артыкулаў), пісалі з пашанай, але колькі Пэн не прасіў, так і не далі прасторную, цёплую майстэрню, і мастак працягваў пакутваць у сваіх цесных, брудных і змрочных трох пакоях, дзе было не павярнуцца ад карцін, а зімою ад марозу апухалі рукі.

Адкуль жа ў Пэна тады ў мастацтве такая дабрыня, цяпло, такая ўтульнасць?

Хто натхняў? 

Сапраўдная загадка!

У яго рэалістычна-наіўных, дэталёва прамаляваных палотнах пануе цішыня і засяроджанасць.

Героі – шаўцы, гадзіншчыкі, краўцы, муляры, талмудысты – у спакойна-сузіральнай адзіноце займаюцца сваёй такой сціплай, але вельмі патрэбнай справай. 

Гадзіншчык, 1914
Гадзіншчык, 1914

Яны паціху, без крыку і мітусні ствараюць, можна сказаць, нейкае новае, апазіцыйнае крыклівай паўсядзённасці, жыццё. 

На сталах (ды іншых працоўных месцах) у герояў безліч маленькіх прылад, дэталяў (кожная намалявана з вялікай любоўю). Яшчэ крыху, і ўсё гэта будзе сабрана ў новы дзівосны гадзіннік, увасобіцца ў шыкоўна пашыты касцюм, страката намаляваную шыльду, пабудаваную сцяну новага дома.

Паводле няхітрай, але такой мудрай філасофіі Пэна ад нервовага і заўсёды несправядлівага жыцця ратуе толькі праца. Ціхая, шчырая, сумленная, пазбаўленая пафаснай істэрычнасці, пасля якой на адну гарманічную рэч будзе болей. 

Нягучныя па каларыце, часам, па-дзіцячы двухмерныя карціны Юдаля Моўшавіча, якія ён з геройскай упартасцю ствараў у самыя трагічныя часы савецкай улады (сваім сціплым рамеснікам ён не здрадзіў і пры сталіншчыне) натхнялі і напаўнялі станоўчай энергетыкай многіх знявераных і знерваваных жыхароў Віцебска.

Да Пэна хадзілі цэлыя экскурсіі. Па некалькі за дзень. Асабліва шмат было наведвальнікаў у канцы 1920-пачатку 30-х гадоў. 

Страх перад арыштамі, калектывізацыяй, разгромам НЭПа, рэпрэсіямі трэба было хоць неяк, хаця б на гадзінку прыглушыць, суцішыць. 

У цеснай, змрочнай, бруднай майстэрні Пэна гэта было цалкам магчыма. 

Якія б не адбываліся за ваконі дзікія буры, але сакратападобны пекар з аднайменнай карціны з філасофскім спакоем будзе рабіць сваю святую справу. 

Мудры і крыху меланхольны персанаж з палатна „Стары шавец” працягне шыць нейкі чырвоны халат. І калі глядзіш на гэты шэдэўр, то ўзнікае адчуванне, што герой зацыроўвае не дзірку на тканіне, а з хірургічнай віртуознасцю зшывае рубцы, якія ўтвараліся на сэрцах запалоханых сучаснікаў Пэна.

Стары шавец, 1910-я
Стары шавец, 1910-я

Юдаль Пэн не любіў прадаваць сваіх карцін. Адмаўляўся гэта рабіць і ставіўся да іх з такой жа павышанай увагай і пяшчотай, як маладыя бацькі да сваіх немаўлят.

І яго можна зразумець.

Героі з яго палотнаў, безумоўна, ратавалі і самога творцу.

Акружаны сваімі адданымі лекарамі, стваральнікамі новай рэальнасці, дзе пануе толькі спакойна-гарманічная праца альбо такі ж гарманічна-сцішаны адпачынак пасля работы („Шавец-камсамолец”) Пэн захоўваў тую неаходную ступень жыццёвай бадзёрасці, якая дазваляе не звар’яцець і не загінуць у заўсёдна неспавядлівай рэальнасці.

Шавец-камсамолец. 1925
Шавец-камсамолец. 1925

Яго цудадзейныя палотны давалі яму не толькі духоўную, але і фізічную моц. 

Пасля 80-ці год мастак марыў ажаніцца і актыўна шукаў сабе юную нявесту, здзіўляў сяброў і вучняў, калі сам насіў сабе і калоў дровы. Да самай смерці захаваў эратычную пачуццёвасць да красунь, і нават увесь асобны пакой адвёў пад карціны, на якіх былі выяўлены адно толькі аголеныя дзяўчаты… 

Юдаль Пэн мог пражыць і да ста гадоў. 

Спатрэбілася ўмяшанне невядомага забойцы, каб жыццё майстра абарвалася першага сакавіка 1937 года.  

Васіль Дранько-Майсюк

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Календарыюм

Гадоў таму

  • у ліпені-жніўні

    – у ліпені 1000 г. памерла князёўна полацкая, вялікая княгіня кіеўская Рагнеда. Разам з сынам Ізяславам адрадзіла беларускую, крывіцкую дзяржаву – Полацкае Княства. Першая ігуменьня ў Беларусі, у манастве – Анастасія. – 13 ліпеня 1260 г. войскі старабеларускай дзяржавы – …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (456) – у 1569 г. была распаўсюджвана выдадзеная ў сакавіку г.г. у Заблудаве першая друкаваная кніжка Беласточчыны “Евангельле вучыцельнае”.
  • (149) – 3.07.1876 г. у фальварку Пясчына на Лідчыне нар. Цётка (сапраўднае прозьвішча Алаіза Пашкевіч, пам. 5.02.1916 г. у Старым Двары на Лідчыне, дзе і пахавана), паэтка, празаік, нацыянальна-асьветніцкая дзеячка. Склала „Лемантар”, „Першае чытаньне для дзетак-Беларусаў”, была рэдактарам першага дзіцячага часопісу на беларускай мове „Лучынка”.
  • (146) – 3 ліпеня 1879 г. у в. Ачукевічы на Наваградчыне нар. Васіль Рагуля, грамадзка-палітычны дзеяч. Між іншым быў беларускім паслом ды сэнатарам у міжваеннай Польшчы. Пасьля вайны на эміграцыі. Памёр 16.06.1955 г. у Нью-Ёрку.
  • (115) – 3.07.1910 г. у вёсцы Міхнаўка каля Ляўкова Старога на Беласточчыне нарадзіўся Аляксей Грыцук, грамадзкі дзеяч, гісторык, літаратуразнавец, настаўнік. З 1948 г. жыў у Канадзе, з'яўляўся шматгадовым старшынёй Згуртаваньня Беларусаў Канады. Памёр 30.05.1976 г. у Кінгстон.
  • (81) – 3 ліпеня 1944 г. Савецкая Армія пасьля цяжкіх баёў вымусіла нямецкія войскі пакінуць Мінск. Беларуская сталіца ў выніку баёў была ўшчэнт зьнішчана, а пасьля вайны ўвесь горад пабудаваны наноў, у зьмененым соцрэалістычным выглядзе. 3 ліпеня штогод сьвяткуецца як „Дзень

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2025 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com