Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    13. Jak zhinuŭ „Tiszka”

    Szkoła ŭ Haradku ad 20 wieraśnia 1970 r. maje imia bratoŭ partyzantaŭ Michała i Alaksandra Chrenoŭskich z niedalokaha Dzierniakowa. Jak maładych jaszcze kawaleraŭ zastrelili ich Niemcy padczas abławaŭ u tutejszych lasach. Dla miascowych życielej stalisa jany hierojami. Na staroncy szkoły ŭ Internecie pra patronaŭ jest...ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Ne može byti!

    Pameť na trochu dovš

    Тварь ли я дрожащая или право имею… (Ф.М. Достоевский) – Ja svoju mamu pometaju słabo, – tichim hołosom načała rozkazuvati Lila. – Dobre, što maju para zdymkuv, to choč znaju, jak vyhladała. Ale rozkažu tobiê jeji historyju, to može takim sposobom pameť ob jôj ostanetsie...ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Памяць

Калі з’явіцца новы Кастусь Каліноўскі?

Ён першы сярод нашых дзеячаў, хто адкрыта заявіў – Беларусь павінна быць самастойнай.

Жыў паводле філасофіі: лепей скончыць свой век на шыбеніцы, чым здрадзіць сябрам і ўласным перакананням.

Як сапраўдны рамантык хацеў бачыць беларусаў такімі, якім быў сам: смелымі, самаахвярнымі, эмацыйна адкрытымі, прынцыповымі, артыстычнымі, свабоднымі.

У лютым спаўняецца 185 гадоў беларускаму герою – паўстанцу, публіцысту, паэту Кастусю Каліноўскаму.

 

Кастусь Каліноўскі, 1863 г. Архіўнае фота з Вікіпедыі
Кастусь Каліноўскі, 1863 г. Архіўнае фота з Вікіпедыі

Ён здзіўляў сваім радыкалізмам. Напрыклад, неаднаразова ў сваіх артыкулах і ўлётках зазначаў, што «…перад усім нам трэба знішчаць гэтую гнілую і гангрэнозную касту, якую называюць дваранствам»; «Паўстанне мае быць чыста народным – шляхта, паколькі з намі не пойдзе, няхай гіне – тады сялянская сякера не павінна спыніцца нават над калыскай шляхецкага дзіцяці».

Але разам з тым не знойдзена ніводнага доказу, каб Каліноўскі ўласнаручна, альбо па ягонаму загаду хто-небудзь з паўстанцаў чыніў гвалт над шляхтай.

Праўда, калі прадстаўнікі шляхты з ім не пагаджаліся, то па ўспамінах сучаснікаў быў гатовы ўжыць зброю. Горача пераконваў аднаго з лідараў паўстання Францішка Далеўскага далучыцца да яго ў змаганні за вольную Беларусь і ад Расійскай Імперыі і ад Польшчы: «…Францішак, пераходзь да нас! Цудаў даб’ёмся, калі ты нас зразумееш, калі будзеш з намі! Тваёй галавы, твайго сумлення нам не хапае!.. Маўчыш! Значыць, не? Знаю цябе, не пойдзеш за намі, выходзіць – супраць нас! Калі так, дык ведай жа – я сам цябе тут у тваім уласным доме сярод тваіх блізкіх прыкончу кінжалам!». Але гэта былі толькі словы і нікога кінжалам наш герой не забіваў.

У сваёй дзейнасці рабіў стаўку на сялянства, стварыў дзеля іх першую газету на беларускай мове „Мужыцкая праўда”, агітаваў уступаць у ягоныя атрады і разам біць маскаля, але адначасова і абураўся, што простыя мужыкі дапамагаюць расейскім войскам лавіць паўстанцаў. Раззлаваны Каліноўскі тады абураўся: «За вашую долю кроў праліваюць справядлівыя людзі, а вы – як тыя Каімы да Юды Скарыёты – добрых братоў прадавалі ворагам вашым! (…) якім вы правам смелі памагаці маскалю ў нячыстаму дзеле?! (…) Вы скажаце, што гэта рабілі паняволі, – но мы людзі вольныя, нямаш у нас няволі! а хто з вас хоча няволі маскоўскай – таму мы дамо шыбеніцу на галіну!».

Так, ён больш за ўсё на свеце хацеў, каб беларусы нарэшце адчулі сябе свабоднымі, каб не згіналіся пад мацнейшага, не хадзілі ў чарадзе паслухмянымі баранамі, а ў сваіх выказваннях пра тое, што наш народ павінен стаць вольным забываўся на ўсялякую дыпламатыю. Адзін з паўстанцаў Валеры Пшыбароўскі пісаў, што Каліноўскі: «…быў адным з галоўных прыхільнікаў і папулярызатараў сепаратысцкіх літоўскіх памкненняў і не адзін раз выказваўся на сваёй сакавітай народнай мове, што «дурным варшаўскім мазгаўням нельга давяраць лёсы Літвы»; «Канстанцін Каліноўскі (…) настойліва праводзіў ідэю аб самастойнасці Літвы»; «…Літва (…) павінна выкарыстаць разлад паміж Расеяй і Польшчай і зрабіцца самастойнай».

Як любы лідар, Кастусь Каліноўскі не цярпеў пярэчанняў. Напрыклад, адзін з кіраўнікоў партыі «белых» Якуб Гейштар адзначаў: «Гарачы, нястрыманы і прасякнуты крайнімі прынцыпамі, ён (…) не любіў апазіцыі, а таму акружаў сябе людзьмі, якія слепа зь ім згаджаліся»; Ежы Кучэўскі-Порай успамінаў, што: «Каліноўскі пярэчыў супраць усяго, ня даў нікому гаварыць, дык мы папрасілі яго, каб дазволіў нам спачатку паразумецца паміж сабой, а потым ужо з ім разам», а ветэран рэвалюцыйнага руху Апалін Гофмейстар дадаваў: „Каліноўскі вельмі быў рады, што я ня лезу ні ў якія яго загады…”.

Кастусь Каліноўскі. Рэтушаванае і каларызаванае сучаснай тэхнікай фота
Кастусь Каліноўскі. Рэтушаванае і каларызаванае сучаснай тэхнікай фота

Калі паўстанне было разгромленае, дык адзін з праўладных імперскіх пісьменнікаў Усевалад Крастоўскі ў рамане „Крывавы пуф” апісаў Каліноўскага чалавекам, які, бы сапраўдны гіпнатызёр, мог падпарадкаваць сваёй волі многіх. Прынамсі, галоўны герой рамана, расейскі малады афіцэр, становіцца бязвольнай марыянеткай у руках „каварнага” Каліноўскага, які выведзены тут сапраўдным Мефістофелем.

Пра гіпнатычнае ўздзеянне нашага героя на ўдзельнікаў паўстання пісаў ягоны паплечнік і родзіч Юзаф Каліноўскі: «…Я бачыў у ім чалавека рашучага, знаходлівага, які ўсёй сваёй дзейнасцю і ахвярнасцю (…) якбы папракае іншых у баязлівай асцярожнасці і слабасці. Сама небяспека яго палажэння ператварала яго ў своеасаблівага волата і магла прыцягваць да яго іншых (…) Сваёю знаходлівасцю і самаадданасцю ён узбуджаў іншых; кажучы шчыра, я сам захапіўся гэтым бокам яго дзейнасці…».

Наш герой ведаў, што многія яго суайчыннікі баяцца актыўна падтрымліваць паўстанне, яны нямоцныя, слабыя, а таму і напраўду ўжываў, дзеля сваіх мэтаў, розныя сродкі: угаворы, пагрозы, хітрасць, шантаж. Дробны чыноўнік Эразм Заблоцкі ўспамінаў: «…калі я (…) адмаўляўся ад пасады камісара, то Каліноўскі сказаў мне, што ў такім выпадку ён аддасць мяне ў рукі законага ўраду (…): «Не, брат, цяпер не час аднеквацца, калі замежныя краіны вядуць перамовы (…) у нашу карысць, а вы, баязліўцы (…) хочаце даць Расіі сродак упэўніць іх, што у нас толькі дзіцячыя гульні, як яно і ёсць, і няма сапраўднага патрыятызму. Я вас усіх бачу, а таму раблю так, каб прымусіць служыць Жонду Нарадоваму і такім чынам упэўніць замежны ўрад, што патрыятызм у нас існуе».

Каліноўскаму балела, што многія з яго паплечнікаў аказаліся палахлівымі зайцамі, сам жа ён і сяброў і ворагаў здзіўляў смеласцю. Ён, бы сапраўдны артыст, мяняў сваё аблічча, мог пераапрануцца ў святара, купца, старога жабрака, знаходзіцца пад самым носам ворага і не быць ім заўважаным.

Калі паўстанне сышло на нябыт, а ўся наша зямля была аздоблена шыбеніцамі і кожны дзень вешалі сяброў і паплечнікаў Каліноўскага, а яго самога актыўна шукалі, ён не ўцёк, не эміграваў, як яму настойліва раілі, а застаўся ў Вільні рыхтаваць новае паўстанне.

Ён не прапускаў ніводнага павешання. Якуб Гейштар пісаў: «Ён, якога пільна шукалі, на кожную экзекуцыю прыходзіў да Дамініканскіх брам, бачыў тых, каго вялі на смерць, і пад пагрозай штодзённага арышту ні на хвіліны ня страціў энэргіі».

А калі ж арыштавалі і самога Каліноўскага (яго выдаў паўстанцкі камісар Магілёўскага ваяводства Вітальд Парфіяновіч), то наш герой адмовіўся называць імёны сваіх таварышаў, усяляк стараўся адвесці ўвагу следчых ад сваёй каханай Марыі Ямант і яе сям’і: «…не бываў у доме Ямантаў, (…) акрамя маладога Іосіфа Яманта, нікога ня ведаю»; «Выпрацаваўшы працай і жыццём разуменне, што (…) шпіёнства апаганьвае чалавека (…) я палічыў неабходным заявіць Следчай Камісіі, што ў яе допытах наконт асобаў, якія ёй называюцца, я (…) павінен быць стрыманы ў сваіх паказаннях (…) Прычыны і наступствы мною добра абдуманы (…) Мой гонар, годнасць і тое становішча, якое я займаў у грамадстве, не дазваляюць мне зрабіць іначай».

Не баяўся смерці, а шыбеніцу параўноўваў з укрыжаваннем. За некалькі месяцаў да арышту пісаў: «Маскалі (…) пад рознымі прозвішчамі шукаюць мяне ў Вільні (…) то праз вакно на дах, то іншымі спосабамі заўжды шчасліва выслізгваю з іх рук. Бог нада мной апякуецца, а калі прыйдзецца павіснуць, то хай гэта будзе на пацеху усім літоўскім панам і прасветлай Маскве»; «І шыбеніца сталася сёньня тым, чым быў крыж, калі Хрыстос зрабіў яго знакам збавеньня – яе асьвяцілі нашыя героі…».

Сто гадоў таму назад, калі нашыя нацыянальныя дзеячы паверылі ў тое, што Масква дазволіць савецкай Беларусі праводзіць нацыянальную палітыку, аднаго з першых, каго паднялі на штандар нашага адраджэння – быў Кастусь Каліноўскі.

Тагачасны галоўны тэатр нашай краіны (БДТ-1) ставіў баявічны спектакль, дзе наш герой, на манер Зорра, перамагае царскія войскі, у такім жа вострасюжэтным стылі быў зняты аднайменны фільм, а для многіх нашых паэтаў – Каліноўскі быў крыніцай натхнення.

Сёння яго імя непапулярнае ў дзяржаўных беларускіх колах. Прапагандысты імкнуцца ператварыць нашага героя ў экстрэміста і злачынцу. Імкнуцца, бо адчуваюць і па сёння, што такі чалавек, з такой вялікай сілай волі, выключнымі лідарскімі якасцямі, моцным характарам і бязмежнай смеласцю мог бы прынесці шмат шкоды сённяшняму рэжыму.

Нам вельмі не хапае такога чалавека, які натхняў бы сваёй мужнасцю нас і яднаў дзеля адзінай важнай мэты – нашай свабоды і праўдзівай незалежнасці.

Спадзяюся, што неўзабаве новы Кастусь Каліноўскі ў нас з’явіцца.

Ізраіль Заштофт

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў сакавіку

    520 – 4.03.1503 г. – памір’е (на 6 гадоў) паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Вялікім Княствам Маскоўскім, паводле якога да Масквы адышло 29 гарадоў і 70 валасьцей, у тым ліку Чарнігаў, Бранск, Старадуб, Гомель. 160 – 11.03.1863 г. – царскі …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (158) – 23.03.1865 г. у Валожыне, Ашмянскага павету нарадзіўся Стары Улас (Уладыслаў Сівы-Сівіцкі), паэт, празаік, зьбіральнік беларускага фальклёру. З 1907 г. друкаваўся ў „Нашай Ніве”, потым у заходнябеларускіх выданьнях. Памёр 30.09.1939 г. у Шашэльгішках на Віленшчыне. Пахаваны на могілках у Сужанах.
  • (128) – 23.03.1895 г. у Лугавой каля Капыля нар. Васіль Сташэўскі, драматург і празаік. Закончыў Несьвіжскую настаўніцкую сэмінарыю (1914) і Менскі настаўніцкі інстытут (1924). Працаваў настаўнікам у Оршы, з 1927 г. – адказным сакратаром літаратурнага аб'яднаньня "Маладняк", з 1929 г. –  аб'яднаньня „Полымя”. У гг. 1928-1929 працаваў у газэце „Савецкая Беларусь”. У 1937 г. рэпрэсіраваны і прыгавораны да вышэйшай меры
  • (98) – 23.03.1925 г. у в. Мора на Беласточчыне нарадзіўся Віктар Швед, паэт, актыўны дзеяч беларускага руху на Беласточчыне. Друкуецца з 1957 г. Дэбютаваў у „Ніве” вершам „Я беларус”. Аўтар многіх зборнікаў вершаў, сааўтар падручнікаў на беларускай мове. Жыве ў Беластоку. Віншуем Вас, спадар Віктар!
  • (45) – 23.03.1978 г. у Менску памёр Рыгор Шырма (нар. 8(20).01.1892 г. у в. Шакуны, Пружанскага  павету), харавы дырыжор, фальклярыст, грамадзкі дзеяч. Актыўна ўключыўся ў беларускі рух у 1922 г., дзейнічаў у Беларускім Выбарчым Камітэце. Пасьля стаў настаўнікам сьпеву ў Віленскай Беларускай Гімназіі, выхавацелем у інтэрнаце гімназіі. Грамадзка працаваў у Таварыстве Беларускай Школы. Выдаваў зборнікі беларускіх песьняў.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Copyright © 2023 Czasopis