Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    Na dopyt uziaty byŭ miż inszym Ramuald Rajs „Bury”

    Pra toje, dzie buduć padłożany miny, kromie manciora wiedaŭ jaszcze jaho spolnik, jaki byŭ felczaram (sanitariuszam) u szpitali ŭ Staroj Wilejcy. Tolko ŭ listapadzie 1948 r. mancioru ŭdałoso zwiazacca z dochtaram Marozam. Ad peŭnaj kabiety, jakaja pryjechała da Biełagardu z Biełastoka, dawiedaŭso, szto leczyć jon…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Hapčyna vnučka

    Siête stałosie v marciovi.

    Porankami šče trochi moroziło, ale dniom sonečko dobre hrêło, sniêh davno rozstav napreč. Posliêdnich para dion pohoda była vže vesnianaja.Agata šparko išła z dočkoju na prystanok, vony vybralisie do Biłostoku do dochtora. Marjola raz-po-raz pudbihała, starajučysie pospiêti za materoju, a siête ne było takoje proste…. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Памяць

Калі з’явіцца новы Кастусь Каліноўскі?

Ён першы сярод нашых дзеячаў, хто адкрыта заявіў – Беларусь павінна быць самастойнай.

Жыў паводле філасофіі: лепей скончыць свой век на шыбеніцы, чым здрадзіць сябрам і ўласным перакананням.

Як сапраўдны рамантык хацеў бачыць беларусаў такімі, якім быў сам: смелымі, самаахвярнымі, эмацыйна адкрытымі, прынцыповымі, артыстычнымі, свабоднымі.

У лютым спаўняецца 185 гадоў беларускаму герою – паўстанцу, публіцысту, паэту Кастусю Каліноўскаму.

 

Кастусь Каліноўскі, 1863 г. Архіўнае фота з Вікіпедыі
Кастусь Каліноўскі, 1863 г. Архіўнае фота з Вікіпедыі

Ён здзіўляў сваім радыкалізмам. Напрыклад, неаднаразова ў сваіх артыкулах і ўлётках зазначаў, што «…перад усім нам трэба знішчаць гэтую гнілую і гангрэнозную касту, якую называюць дваранствам»; «Паўстанне мае быць чыста народным – шляхта, паколькі з намі не пойдзе, няхай гіне – тады сялянская сякера не павінна спыніцца нават над калыскай шляхецкага дзіцяці».

Але разам з тым не знойдзена ніводнага доказу, каб Каліноўскі ўласнаручна, альбо па ягонаму загаду хто-небудзь з паўстанцаў чыніў гвалт над шляхтай.

Праўда, калі прадстаўнікі шляхты з ім не пагаджаліся, то па ўспамінах сучаснікаў быў гатовы ўжыць зброю. Горача пераконваў аднаго з лідараў паўстання Францішка Далеўскага далучыцца да яго ў змаганні за вольную Беларусь і ад Расійскай Імперыі і ад Польшчы: «…Францішак, пераходзь да нас! Цудаў даб’ёмся, калі ты нас зразумееш, калі будзеш з намі! Тваёй галавы, твайго сумлення нам не хапае!.. Маўчыш! Значыць, не? Знаю цябе, не пойдзеш за намі, выходзіць – супраць нас! Калі так, дык ведай жа – я сам цябе тут у тваім уласным доме сярод тваіх блізкіх прыкончу кінжалам!». Але гэта былі толькі словы і нікога кінжалам наш герой не забіваў.

У сваёй дзейнасці рабіў стаўку на сялянства, стварыў дзеля іх першую газету на беларускай мове „Мужыцкая праўда”, агітаваў уступаць у ягоныя атрады і разам біць маскаля, але адначасова і абураўся, што простыя мужыкі дапамагаюць расейскім войскам лавіць паўстанцаў. Раззлаваны Каліноўскі тады абураўся: «За вашую долю кроў праліваюць справядлівыя людзі, а вы – як тыя Каімы да Юды Скарыёты – добрых братоў прадавалі ворагам вашым! (…) якім вы правам смелі памагаці маскалю ў нячыстаму дзеле?! (…) Вы скажаце, што гэта рабілі паняволі, – но мы людзі вольныя, нямаш у нас няволі! а хто з вас хоча няволі маскоўскай – таму мы дамо шыбеніцу на галіну!».

Так, ён больш за ўсё на свеце хацеў, каб беларусы нарэшце адчулі сябе свабоднымі, каб не згіналіся пад мацнейшага, не хадзілі ў чарадзе паслухмянымі баранамі, а ў сваіх выказваннях пра тое, што наш народ павінен стаць вольным забываўся на ўсялякую дыпламатыю. Адзін з паўстанцаў Валеры Пшыбароўскі пісаў, што Каліноўскі: «…быў адным з галоўных прыхільнікаў і папулярызатараў сепаратысцкіх літоўскіх памкненняў і не адзін раз выказваўся на сваёй сакавітай народнай мове, што «дурным варшаўскім мазгаўням нельга давяраць лёсы Літвы»; «Канстанцін Каліноўскі (…) настойліва праводзіў ідэю аб самастойнасці Літвы»; «…Літва (…) павінна выкарыстаць разлад паміж Расеяй і Польшчай і зрабіцца самастойнай».

Як любы лідар, Кастусь Каліноўскі не цярпеў пярэчанняў. Напрыклад, адзін з кіраўнікоў партыі «белых» Якуб Гейштар адзначаў: «Гарачы, нястрыманы і прасякнуты крайнімі прынцыпамі, ён (…) не любіў апазіцыі, а таму акружаў сябе людзьмі, якія слепа зь ім згаджаліся»; Ежы Кучэўскі-Порай успамінаў, што: «Каліноўскі пярэчыў супраць усяго, ня даў нікому гаварыць, дык мы папрасілі яго, каб дазволіў нам спачатку паразумецца паміж сабой, а потым ужо з ім разам», а ветэран рэвалюцыйнага руху Апалін Гофмейстар дадаваў: „Каліноўскі вельмі быў рады, што я ня лезу ні ў якія яго загады…”.

Кастусь Каліноўскі. Рэтушаванае і каларызаванае сучаснай тэхнікай фота
Кастусь Каліноўскі. Рэтушаванае і каларызаванае сучаснай тэхнікай фота

Калі паўстанне было разгромленае, дык адзін з праўладных імперскіх пісьменнікаў Усевалад Крастоўскі ў рамане „Крывавы пуф” апісаў Каліноўскага чалавекам, які, бы сапраўдны гіпнатызёр, мог падпарадкаваць сваёй волі многіх. Прынамсі, галоўны герой рамана, расейскі малады афіцэр, становіцца бязвольнай марыянеткай у руках „каварнага” Каліноўскага, які выведзены тут сапраўдным Мефістофелем.

Пра гіпнатычнае ўздзеянне нашага героя на ўдзельнікаў паўстання пісаў ягоны паплечнік і родзіч Юзаф Каліноўскі: «…Я бачыў у ім чалавека рашучага, знаходлівага, які ўсёй сваёй дзейнасцю і ахвярнасцю (…) якбы папракае іншых у баязлівай асцярожнасці і слабасці. Сама небяспека яго палажэння ператварала яго ў своеасаблівага волата і магла прыцягваць да яго іншых (…) Сваёю знаходлівасцю і самаадданасцю ён узбуджаў іншых; кажучы шчыра, я сам захапіўся гэтым бокам яго дзейнасці…».

Наш герой ведаў, што многія яго суайчыннікі баяцца актыўна падтрымліваць паўстанне, яны нямоцныя, слабыя, а таму і напраўду ўжываў, дзеля сваіх мэтаў, розныя сродкі: угаворы, пагрозы, хітрасць, шантаж. Дробны чыноўнік Эразм Заблоцкі ўспамінаў: «…калі я (…) адмаўляўся ад пасады камісара, то Каліноўскі сказаў мне, што ў такім выпадку ён аддасць мяне ў рукі законага ўраду (…): «Не, брат, цяпер не час аднеквацца, калі замежныя краіны вядуць перамовы (…) у нашу карысць, а вы, баязліўцы (…) хочаце даць Расіі сродак упэўніць іх, што у нас толькі дзіцячыя гульні, як яно і ёсць, і няма сапраўднага патрыятызму. Я вас усіх бачу, а таму раблю так, каб прымусіць служыць Жонду Нарадоваму і такім чынам упэўніць замежны ўрад, што патрыятызм у нас існуе».

Каліноўскаму балела, што многія з яго паплечнікаў аказаліся палахлівымі зайцамі, сам жа ён і сяброў і ворагаў здзіўляў смеласцю. Ён, бы сапраўдны артыст, мяняў сваё аблічча, мог пераапрануцца ў святара, купца, старога жабрака, знаходзіцца пад самым носам ворага і не быць ім заўважаным.

Калі паўстанне сышло на нябыт, а ўся наша зямля была аздоблена шыбеніцамі і кожны дзень вешалі сяброў і паплечнікаў Каліноўскага, а яго самога актыўна шукалі, ён не ўцёк, не эміграваў, як яму настойліва раілі, а застаўся ў Вільні рыхтаваць новае паўстанне.

Ён не прапускаў ніводнага павешання. Якуб Гейштар пісаў: «Ён, якога пільна шукалі, на кожную экзекуцыю прыходзіў да Дамініканскіх брам, бачыў тых, каго вялі на смерць, і пад пагрозай штодзённага арышту ні на хвіліны ня страціў энэргіі».

А калі ж арыштавалі і самога Каліноўскага (яго выдаў паўстанцкі камісар Магілёўскага ваяводства Вітальд Парфіяновіч), то наш герой адмовіўся называць імёны сваіх таварышаў, усяляк стараўся адвесці ўвагу следчых ад сваёй каханай Марыі Ямант і яе сям’і: «…не бываў у доме Ямантаў, (…) акрамя маладога Іосіфа Яманта, нікога ня ведаю»; «Выпрацаваўшы працай і жыццём разуменне, што (…) шпіёнства апаганьвае чалавека (…) я палічыў неабходным заявіць Следчай Камісіі, што ў яе допытах наконт асобаў, якія ёй называюцца, я (…) павінен быць стрыманы ў сваіх паказаннях (…) Прычыны і наступствы мною добра абдуманы (…) Мой гонар, годнасць і тое становішча, якое я займаў у грамадстве, не дазваляюць мне зрабіць іначай».

Не баяўся смерці, а шыбеніцу параўноўваў з укрыжаваннем. За некалькі месяцаў да арышту пісаў: «Маскалі (…) пад рознымі прозвішчамі шукаюць мяне ў Вільні (…) то праз вакно на дах, то іншымі спосабамі заўжды шчасліва выслізгваю з іх рук. Бог нада мной апякуецца, а калі прыйдзецца павіснуць, то хай гэта будзе на пацеху усім літоўскім панам і прасветлай Маскве»; «І шыбеніца сталася сёньня тым, чым быў крыж, калі Хрыстос зрабіў яго знакам збавеньня – яе асьвяцілі нашыя героі…».

Сто гадоў таму назад, калі нашыя нацыянальныя дзеячы паверылі ў тое, што Масква дазволіць савецкай Беларусі праводзіць нацыянальную палітыку, аднаго з першых, каго паднялі на штандар нашага адраджэння – быў Кастусь Каліноўскі.

Тагачасны галоўны тэатр нашай краіны (БДТ-1) ставіў баявічны спектакль, дзе наш герой, на манер Зорра, перамагае царскія войскі, у такім жа вострасюжэтным стылі быў зняты аднайменны фільм, а для многіх нашых паэтаў – Каліноўскі быў крыніцай натхнення.

Сёння яго імя непапулярнае ў дзяржаўных беларускіх колах. Прапагандысты імкнуцца ператварыць нашага героя ў экстрэміста і злачынцу. Імкнуцца, бо адчуваюць і па сёння, што такі чалавек, з такой вялікай сілай волі, выключнымі лідарскімі якасцямі, моцным характарам і бязмежнай смеласцю мог бы прынесці шмат шкоды сённяшняму рэжыму.

Нам вельмі не хапае такога чалавека, які натхняў бы сваёй мужнасцю нас і яднаў дзеля адзінай важнай мэты – нашай свабоды і праўдзівай незалежнасці.

Спадзяюся, што неўзабаве новы Кастусь Каліноўскі ў нас з’явіцца.

Ізраіль Заштофт

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У красавіку

    – 9(21).04.1835 г. у Віцебску нар. Ялегі Пранціш Вуль (сапр. Элегі Францішак Карафа-Карыбут), беларускі паэт. Удзельнічаў у  студзенскім паўстаньні, за што быў сасланы ў Сібір. Апошнія гады жыцьця правёў у Варшаве, дзе з Вінцэсем Каратынскім і Адамам Плугам стварыў беларускі …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (678) – 27.04.1347 г. у Вільні быў замучаны сьв. Антоній – першы з трох віленскіх мучанікаў (праз некалькі тыдняў мучаніцкую сьмерць прыняў сьв. Іаан, а потым сьв. Яўстафій). Былі яны кананізаваныя ў 1374 г. На месцы іх сьмерці князь Канстанцін Астрожскі ў пачатку XVI ст. пабудаваў Сьвята-Троіцкі Сабор.
  • (106) – 27.04.1919 г. польскія войскі занялі Гародню, дзе ад 21.12.1918 г. знаходзіўся Урад Беларускай Народнай Рэспублікі на чале з Антонам Луцкевічам і беларускія войскі.
  • (96) – 27.04.1929 г. у Вільні нар. Юры Туронак, беларускі дзеяч і гісторык, аўтар кніг „Białoruś pod okupacją niemiecką” (Warszawa 1993), „Wacław Iwanowski i odrodzenie Białorusi” (Warszawa 1992), „Książka białoruska w II Rzeczypospolitej
  • (80) – 27.04.1945 г. БССР прынята ў склад членаў-заснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
  • (37) – 27.04.1988 г. памёр у ЗША Вітаўт Тумаш – грамадзкі дзеяч, лекар, выдатны скарынавед. Нар. 20.12.1910 г. у в. Сьпягліца, Вілейскага павету. Выпускнік Віленскай Беларускай Гімназіі. Пасьля на мэдычным факультэце Віленскага Унівэрсытэту. Актыўна ўдзельнічаў у беларускім студэнцкім жыцьці. У гадах 1940-1941 быў старшынёй Лодзінскага аддзелу Беларускага Камітэту Самапомачы, членам Нацыянальнага Цэнтра створанага ў Бэрліне 19.04.1941 г. Зь ліпеня па лістапад 1941 г. бурмістр Менску. Рэдактар „Раніцы”. Пасьля вайны жыў у ЗША. Быў вельмі актыўным на грамадзкай і навуковай ніве, між іншым шматгадовым старшынёй Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2025 Czasopis