Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Ён быў паэтам з адметным почыркам

Я быў апошнім з літаратараў, які бачыў жывым Юрку Голуба. 28 верасня я паехаў у Гродна, загадзя дамовіўшыся з ім, што мы сустрэнемся і ён мне перадасць усё тое, што ў яго было, звязанае з жыццём і творчасцю заходнебеларускага паэта Міхася Васілька (Міхася Касцевіча, 1905-1960). Дарэчы, сын Міхася Васілька Леанід Касцевіч некалі працаваў у газеце „Праца”, пісаў матэрыялы пра жыццё і справы Зэльвеншчыны. „Забірай усё сабе, Сярожа, бо я ўжо нічога не напішу пра Васілька. За мяне зробіш ты. Я ўжо рыхтуюся туды…”, – сказаў мне Юрый Уладзіміравіч у тэлефоннай размове. „Куды туды?” – пытаюся ў яго. „Ты што, не ведаеш, куды людзі рыхтуюцца?.. – неяк здзіўлена запытаў у мяне старэйшы сябра.

Мы сустрэліся ў яго гродзенскай кватэры, Юрый Уладзіміравіч перадаў мне папку з матэрыяламі пра Васілька, падпісаў зборнічак паэзіі грузінскага паэта Нікалоза Бараташвілі, які ён пераклаў на беларускую мову, і мы пайшлі. „Я цябе правяду да прыпынку, а сам пайду па справах”, – сказаў паэт.

Юрка Голуб (1947-2020) на вокладцы кнігі „Поруч з дажджом”, 2001 г.
Юрка Голуб (1947-2020) на вокладцы кнігі „Поруч з дажджом”, 2001 г.

Мы ціха рухаліся па праспекце Будаўнікоў і гутарылі пра жыццё-быццё. І зноў Юрый Уладзіміравіч нагадаў, што ён „рыхтуецца ўжо туды”. Я яму сказаў, што рана яшчэ рыхтавацца, бо не ўсё зроблена, не напісана новых кніг, не выдадзена. А ён стаяў на сваім: „Ды напісана шмат. Ляжыць дома новая кніга паэзіі, абяцалі ў Мінску выдаць, але так і не выдалі…”.

Ідучы неспяшаючыся да прыпынку, мы вялі гутарку і пра палітыку, літаратуру, пісьменнікаў. Юрка Голуб ведаў шмат, сустракаўся з цікавымі людзьмі, умеў распавесці захапляючыя гісторыі, таму яго заўсёды можна было слухаць бясконца.

Да прыпынку пад’ехала слонімская маршрутка, і мы пачалі развітвацца. Юрый Уладзіміравіч моцна ціснуў маю руку і глядзеў проста ў вочы. Бачна было, што ён кудысьці спяшаўся, але і не хацеў са мной развітвацца. Адчувалася, што ён хутка заплача…

Я сеў у маршрутку, а ён стаяў на прыпынку. Калі аўтамабіль пачаў рухацца, ён памахаў мне рукой і пайшоў па сваіх справах. А праз  некалькі дзён Валянцін Дубатоўка мне патэлефанаваў і сказаў, што ў Юркі Голуба здарыўся інсульт і дабавіўся яшчэ каранавірус. І што ён ляжыць у бальніцы ў рэанімацыі ў цяжкім стане.

12 кастрычніка Юрка Голуб пакінуў гэты свет. У Беларусі не стала яшчэ аднаго таленавітага паэта, журналіста, публіцыста, перакладчыка. Але найперш – паэта. А Зэльвеншчына страціла знакамітага земляка, які любіў родны кут больш за ўсё на свеце. Дзесяткі вершаў Юрка Голуб прысвяціў сваім землякам і роднай Зэльве. А такія радкі, як з верша „Побач з Зэльвенскім вадасховішчам” запамінаюцца адразу:

 

На вадохрышча ладзяць

Вадасховішчу одум

З-пад Бародзіч Уладзя,

З Караліна Мікодым…

 

Часта Юрка Голуб гасціў у Алега Лойкі ў Слоніме – доктара філалагічных навук, прафесара, былога дэкана філфака БДУ. Калі ён пайшоў на пенсію – жыў у родным горадзе на беразе Шчары. Алег Антонавіч некалі кіраваў універсітэцкім літаб’яднаннем „Узлёт”. Наведваў „Узлёт” і Юрка Голуб. У 1967 годзе выйшаў з друку другі „ўзлётаўскі” зборнік паэзіі „Натхненне”. Гартаю сёння гэтую кнігу, якую з небудзённай цікавасцю бяру ў рукі часта і чытаю. Тады ўсе яны, аўтары „Натхнення”, былі маладыя і прыгожыя, ад Бога таленавітыя. А гэта – Яўгенія Янішчыц, Мар’ян Дукса, Сяргей Законнікаў, Анатоль Казловіч, Алесь Разанаў, Казімір Камейша,Уладзімір Дзюба… Сярод гэтых талентаў – і Юрка Голуб. Зачытваюся яго юнацкімі радкамі:

 

Маладыя мадонны

З белым плёсам плячэй!

Усплывае з прадоння

Смутак вечны вачэй…

 

Гасцюючы ў Алега Лойкі, Юрка Голуб і славуты слонімец гадзінамі разважалі пра літаратуру, прыгадвалі той час, які прайшоў, які яны перажылі і з кім мелі сустрэчы. А калі вяртаўся Юрый Уладзіміравіч у Гродна, нараджаліся слонімскія радкі. Напісаўся і верш „Слонімскія настроі”, прысвечаны Алегу Лойку. Ёсць там і такія радкі:

 

А ў Слоніме

Дыму шмат у коміне.

Трэсне раптам комін –

Задубее Слонім.

 

У 2016 годзе я склаў кнігу вершаў беларускіх паэтаў, прысвечаных старажытнаму гораду Слоніму і яго ваколіцам, а таксама знакамітым людзям слонімскай зямлі. А вось назву да кнігі ніяк прыдумаць не змог. І прыгадаў гэты верш Юркі Голуба, дзе назва верша якраз пасавала да назвы кнігі. Патэлефанаваў Юрыю Уладзіміравічу і папрасіў дазволу на тое, каб зборнік назваць „Слонімскія настроі”. „Я яшчэ буду рады і задаволены, калі назва майго верша паслужыць назвай усёй кнігі”, – сказаў Юрка Голуб. Кніга з такой назвай і пабачыла свет у мінскім выдавецтве „Кнігазбор”. Туды, дарэчы, акрамя верша „Слонімскія настроі” ўвайшоў і класічны верш Юркі Голуба „Слонімскі апокрыф”…

Пасля заканчэння Зэльвенскай сярэдняй школы Юрка Голуб паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на філалагічны факультэт. Закончыўшы ўніверсітэт, ён пачаў працаваць рэдактарам у рэдакцыі літаратурна-музычных перадач на Гродзенскай абласной студыі тэлебачання. У 1978 годзе паэт загадваў аддзелам культуры абласной газеты „Гродзенская праўда”, а праз год стаў загадчыкам аддзела культуры мастацкага вяшчання Гродзенскага аблтэлерадыё. З 1972 года вёў на Гродзенскай абласной студыі тэлебачання штомесячную перадачу „Гродзеншчына літаратурная”, у якой знаёміў з творчасцю пісьменнікаў-землякоў. Пад рэдакцыяй Юркі Голуба выйшлі з друку некалькі літаратурных гадавікоў пісьменнікаў Гродзеншчыны „Галасы”.

Шлях у літаратуру Юрка Голуб пачаў у 1963 годзе, калі ваўкавыская раённая газета апублікавала яго першы верш. Потым паэтычныя радкі друкаваліся ў іншых газетах і часопісах. З друку выходзяць яго паэтычныя зборнікі „Гром на зялёнае голле”, „Дрэва навальніцы”, „Векапомнае поле”, „Помню пра цябе”, „Сын небасхілу”, „Поруч з дажджом”, „Багра”, „Краявід”, „Зажураны камень” і іншыя. Творчасць Юркі Голуба была адзначана Літаратурнай прэміяй імя Аркадзя Куляшова.

Пра гродзенскага паэта можна прыгадваць шмат. Ён быў творцам з адметным почыркам і светапоглядам. Шкада, што мы ўсе без яго ўжо будзем сустракацца на літаратурных імпрэзах, не будзем чуць ягоных цікавых успамінаў пра людзей, і проста Юркі Голуба ніколі ўжо не будзе з намі поруч. Але заўсёды будуць жыць і гучаць яго магутныя вершы, у якіх паэт застаўся верным сваім вытокам – непаўторнай Бацькаўшчыне, глыбінным карэнням чалавечай душы, усяму, што створана людскім розумам і рукамі.

Сяргей Чыгрын

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (456) – У 1568 г. пачала дзейнасьць заблудаўская друкарня ў маёнтку Рыгора Хадкевіча, у якой друкаваліся кірылічныя кнігі, між іншым „Евангельле вучыцельнае” (1569) і „Псалтыр з Часасловам” (1570).
  • (208) – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры ў 1884 г.), паэт, драматург, публіцыст. Быў сябрам У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў на беларускай і польскай мовах. Запачаткаваў беларускія пераклады творчасьці А. Міцкевіча, між іншым пераклаў „Конрада Валенрода”.
  • (137) – 4.11.1887 г. у Капылі, Слуцкага павету нар. Зьміцер Жылуновіч (літаратурны псэўданім Цішка Гартны, замучаны савецкай бясьпекай 11.04.1937 г.), пісьменьнік, выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч. Пісаць пачаў у 1908 г. у „Нашай Ніве”.
  • (109) – у лістападзе 1915 г. у выніку стараньняў беларускіх нацыянальных дзеячаў (падчас нямецкай акупацыі) пачалі адкрывацца на Віленшчыне першыя беларускія школы.
  • (95) – 4.11.1929 г. у в. Таргуны каля Докшыц нар. Сяргей Карніловіч, выпускнік Гімназіі імя Янкі Купалы ў Віндышбэргэрдорфе (Нямеччына). З 1949 г. жыў у эміграцыі ў Кліўленд (ЗША). Адзін з самых актыўных арганізатараў беларускага грамадзка-рэлігійнага жыцьця ў гэтым горадзе, між іншым

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis