Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Я прывык рабіць усё сам…

Унікальны чалавек жыве ў Лідзе. Гэта пісьменнік і журналіст, культуролаг і грамадскі дзеяч Станіслаў Суднік. Той самы спадар Суднік, які некалі ў Казахстане выдаваў беларускамоўную газету „Рокаш”. Той самы Суднік, які выдаў „Кароткі расійска-беларускі вайсковы слоўнік” і „Расійска-беларускі вайсковы слоўнік” на 8 тысяч слоў разам з Сяргеем Чыславым і „Шыхтавы статут Беларускага войска”. Той самы Суднік, які напісаў і выдаў шэраг паэтычных зборнікаў. Той самы Суднік, які сёння рэдагуе ў Беларусі газету ТБМ „Наша слова” і рэгіянальны часопіс „Лідскі летапісец”. А яшчэ Станіслаў Суднік – падпалкоўнік, які ўзнагароджаны медалём „За баявыя заслугі” і ордэнам „За службу Радзіме”. А я яму сёння, калі б гэта было ў маіх сілах, даў бы яшчэ званне заслужанага работніка культуры Беларусі і ўзнагародзіў бы яго ордэнам Францыска Скарыны. Ён даўно гэтага заслугоўвае. Але такіх людзей улада сёння ў Беларусі ўшаноўваць не любіць. Пра ўсё гэта я і вырашыў сёння пагутарыць са Станіславам Суднікам.

Мне вельмі прыемна з табой, Станіслаў, пагутарыць. Я ж ведаю цябе з тых далёкіх 1990-х гадоў, калі ты мне з Казахстана дасылаў беларускую газету Прыазерскай гарадской рады ТБМ „Рокаш”, якую ты з беларусамі там выдаваў. У сваім хатнім архіве маю нумароў 14, здаецца. З таго часу ты і працуеш плённа і дужа на карысць роднай мовы і нашага слова. Дзякуй табе за гэта! Як тады узнік „Рокаш”?

Станіслаў Суднік
Станіслаў Суднік

– Як глянуць на справу сёння, то гэта была вельмі рызыкоўна – выдаваць нацыяналістычную беларускую газету на тэрыторыі савецкай вайсковай часці ў Казахстане. Гэта было амаль неверагодна. І назва „Рокаш” („Метеж”). Не памятаю добра, хто прапанаваў выдаваць газету, але выбар невялікі: ці я сам, ці Ігар Супаненка. Супаненка быў больш радыкальны. Назву прыдумаў я, не прыдумаў, а запазычыў слова з нейкай кніжкі, сёння не памятаю, з якой. Метад выдання таксама прыдумаў я. У маім аддзеле з’явіліся прымітыўныя першыя кампутары, і мы іх выкарысталі. Сканера не было. Прынтар быў матрычны. Праграм вёрсткі не было. Але „Рокаш” стаў другой пасля „Нашага слова” газетай ТБМ.

А як склаўся лёс тых, хто рыхтаваў „Рокаш”, я маю на ўвазе Ігара Супаненку, Андрэя Аўчыннікава, Аляксея Мазурава, ды іншых? Яны хто былі па нацыянальнасці? І дзе яны сёння?

Усё даволі складана. Пасля таго, як я пакінуў Казахстан, там не засталося таго, што мы называем адміністратыўным рэсурсам. Хлопцам стала цяжка, і лёс пачаў кідаць, куды каго. Мне не далі заняць прыстойную пасаду ў Беларусі, каб пацягнуць хлопцаў дадому, кожны прабіраўся, як мог. Ігар Супаненка паслужыў яшчэ недзе пад Оршай, потым звольніўся і перабраўся ў Мінск. Сын яго скончыў ліцэй імя Коласа. Іван Ягораў звольніўся там, у Казахстане, і пераехаў у Рагачоў. Стась Цвірка даслужыў да пенсіі ў Расіі і вярнуўся ў свае Ганцавічы, Мікола Усовіч звольніўся там жа ў Казахстане, апошні час жыў у Нясвіжы. Дзе Мазураў і Аўчыннікаў, не ведаю.

Што датычыць нацыянальнасці, там нікога гэта не хвалявала. Вызначальным было стаўленне да незалежнасці Беларусі. Кампутарамі кіраваў і забяспечваў працу татарын маёр Фелікс Хузяханаў, першым за набор сеў малодшы сяржант Слава Лычак з Кіева, малюнкі рабіў Ібраім Сейтасманаў, татарын з Узбекістана, таму рыцар Пагоні ў нас больш нагадвае татарскага ваяра; Аўчыннікаў і Мазураў – салдаты з Расіі. Здаецца Мазураў, а мо Аўчыннікаў, гаварыў: „Што вы са мной зрабілі, я ж рускую мову забыў, куды ж я паступлю?” Салдаты сядзелі за беларускім наборам…

І тады, і цяпер ты пішаш вершы. Выдаў кнігі „Пагоня за мову”, „Мой Грунвальд”, „Лідскія скрыжалі”, „Літва”, „Пілігрымка дадому”. Праз усе зборнікі праходзіць гістарычная тэматыка. Чаму так? А дзе лірыка кахання?

Калі я пісаў лірыку кахання, тады мяне не друкавалі. А гістарычная тэматыка – не зусім гістарычная. Гісторыя – хутчэй дэкарацыя да сучасных падзей, якія трапляюць у вершы, ці да сучасных думак або ідэй.

Я баюся нават пералічваць усе твае пасады і клопаты, найперш звязаныя з Таварыствам беларускай мовы. Калі ты ўсё паспяваеш?

– Не паспяваю. Нічога не паспяваю. Каб паспяваў, усё было б лепш. Я па сутнасці сваёй – рамеснік, прывык рабіць усё сам ад пачатку да канца. Дрэнны арганізатар, асабліва камандаваць не ўмею. І калі нечым кірую, то толькі па неабходнасці…

Але ты шмат часу рэдагуеш газету ТБМ „Наша слова”. Скажы некалькі слоў пра газету, пра клопаты вакол яе і пра газетныя планы. І, наогул, ці ёсць яны?

17 сакавіка 2019 года газеце „Наша слова” споўнілася 29 гадоў. Больш за чвэрць стагоддзя „Наша слова” ідзе да чытача, нясе людзям беларускае слова, беларускую мову і беларускі клопат пра іх. На жаль, за 29 гадоў не зменшылася колькасць праблем, якія стаяць перад нашым народам у пытаннях захавання, адраджэння і росквіту беларускай мовы. І хоць за 29 гадоў шмат чаго змянілася, але і сёння першымі словамі, якія бачаць людзі, узяўшы ў рукі „Наша слова”, ёсць несмяротныя словы Францішка Багушэвіча: „Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!” Таму ўсе гэтыя 29 гадоў „Наша слова” несла і будзе несці далей цвёрдую веру ў тое, што „не пакінем і не ўмрэм”. Мы вечныя, як гэты белы свет! Газета „Наша слова” – цэнтральны орган ГА „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”. І хоць ТБМ мае і іншыя выданні: газету „Новы час”, часопісы „Верасень” і „Лідскі летапісец”, электронны часопіс „Нясвіжскія каеты”, інтэрнэт-партал http://tbm-mova.by, сайты nslowa.bynaszaslowa.by, але, менавіта, газета „Наша слова” пакуль што выконвае асноўныя задачы па адлюстраванні дзейнасці Таварыства і па рэалізацыі асноўных інфармацыйных, агітацыйных і арганізацыйных аспектаў гэтай дзейнасці. Газета «Наша слова» выходзіла штотыднёва, накладам 2000 асобнікаў, аб’ёмам 8 палос. Фармат А-3. Адзін колер. Мы вытрымалі ўсе апошнія гады стабільны аб’ём і наклад. Ні адзін нумар за гэтыя гады не быў затрыманы ні на адзін дзень. Але ў апошні час газета выходзіць накладам 1500 асобнікаў, выходзіць стабільна. Выхад газеты арганізоўваецца і фінансуецца Установай інфармацыі “Выдавецкі дом ТБМ”, якая знаходзіцца па адрасе: 231293, Гарадзенская вобл., Лідскі р-н,  в. Даліна. З нагоды такога свайго размяшчэння УІ  «Выдавецкі дом ТБМ» працягвае ўваходзіць у Асацыяцыю выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб’яднаныя Масмедыя». Адзін з кірункаў дзейнасці газеты „Наша слова” – абарона лінгвістычных правоў беларускага этнасу. Яна ідзе па асобных кірунках.

І што гэта за кірункі?

– Першы і асноўны кірунак, як ні парадаксальна, гэта не забяспечыць права грамадзян Беларусі на атрыманне інфармацыі, а забяспечыць права выказацца па любой тэме са спектра праблемаў звязаных з беларускай мовай і культурай.

  1. Фіксацыя парушэнняў моўных правоў грамадзян Беларусі і паказ дзейнасці Таварыства па абароне гэтых правоў.
  2. Арганізацыя кампаній па супрацьдзеянні наступу на моўныя правы беларусаў і асвятленне ходу і вынікаў гэтых кампаній.
  3. Барацьба за права на чысціню і дасканаласць беларускай літаратурнай мовы. Адукацыйная дзейнасць, разгляд і аналіз складаных з’яваў у беларускім мовазнаўстве, папулярызацыя дасканаласці і багацця беларускай мовы.
  4. Паказ жыцця дзейнасці Таварыства ў цэлым і асобных арганізацый. Адлюстраванне праблем, якія ўзнікаюць перад Таварыствам, і мераў Таварыства па іх развязванні.
  5. Папулярызацыя краязнаўчых, гістарычных і культурніцкіх аспектаў і бакоў жыцця беларускай нацыі.

Хто з’яўляецца аўтарамі „Нашага слова”? Газета ўсё ж выдаецца без ганарараў…

– На працягу 21 года лідскага перыяду выдання газета адзін раз на паўгода мела аднаго штатнага карэспандэнта, увесь астатні час газета працуе па прынцыпу „народнай газеты”. Мы друкуем толькі тыя матэрыялы, якія дасылаюць нашыя чытачы, сябры ТБМ і сталыя аўтары, некаторым з якіх выдадзены пасведчанні няштатных карэспандэнтаў. Гэта Эла Оліна і Аляксей Шалахоўскі з Мінска, прафесар Павел Сцяцко з Гародні, Леанід Лыч з Мінска ды іншыя аўтары. Вельмі актыўна пісаў у газету прафесар Іван Лепешаў, але яго ўжо няма з намі, як і Уладзіміра Содаля. Мы мелі адзін унікальны нумар, у якім былі змешчаны матэрыялы аднаго акадэміка, трох дактароў навук і двух кандыдатаў навук, што сведчыць пра высокі ўзровень аўтарскага калектыву. Аднак большасць матэрыялаў  – гэта матэрыялы аўтараў, якія пішуць ад выпадку да выпадку, а то і адзін раз у жыцці. Мы друкуем матэрыялы людзей, якія не могуць надрукавацца нідзе. У 2013 годзе – годзе 150-х угодкаў паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага беларуская дзяржаўная ды і недзяржаўная прэса вельмі мала друкавала артыкулаў і даследванняў пра гэтае паўстанне. Мясцовыя краязнаўцы напрацавалі вельмі шмат матэрыялаў, але надрукаваць не мелі дзе.  Таму „Наша слова” надрукавала 91 матэрыял пра паўстанне, была асноўным прапагандыстам ідэй паўстання, усе, якія былі дасланыя. Мы рэгулярна асвятлялі 500-годдзе бітвы пад Воршай…

Значыць, газета з’яўляецца своеасаблівай дэмакратычнай трыбунай. Так?

– Так. Вельмі часта і дзяржаўныя структуры не могуць размясціць інфармацыю пра сваю дзейнасць у дзяржаўных жа СМІ. На культурніцкія тэмы там няма месца. Газета супрацоўнічала з самымі рознымі дзяржаўнымі ўстановамі. Асабліва цесна мы супрацоўнічалі, як ні дзіўна, з Прэзідэнцкай бібліятэкай Рэспублікі Беларусь, якая актыўна размяшчае ў нас свае матэрыялы. Мы друкуем матэрыялы з мінскіх устаноў культуры, а таксама, што лагічна, мы цесна супрацоўнічаем з Лідскім райвыканкамам і многімі структурамі падраздзяленнямі ідэалогіі і культуры: Лідская цэнтральная раённая бібліятэка імя Янкі Купалы, метадычны кабінет, Лідскі музей.

Такім чынам, газета „Наша слова” сапраўды ёсць своеасаблівая трыбуна, яна абараняе права грамадзян на свабоднае выказванне сваіх поглядаў, сваіх грамадскіх і грамадзянскіх пазіцый.

Але асноўнай тэмай усё ж з’яўляецца абарона роднай мовы…

– Гэта так. Адной з асноўных тэмаў, якую падымаюць аўтары допісаў у газету і ў сядзібу ТБМ – гэта сістэматычныя парушэнні правоў беларускамоўных грамадзян з боку на сёння ўжо часта не самой дзяржавы і нават не дзяржаўных структур, а асобных чыноўнікаў у гэтых структурах.

Гэтыя парушэнні бываюць двух тыпаў:

– „законныя” – гэта значыць тыя, якія чыноўнікі апраўдваюць, абапіраючыся на законы Рэспублікі Беларусь і ў першую чаргу на закон „Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”;

– незаконныя –гэта тыя, якія чыноўнікі дапускаюць, парушаючы імі ж напрыманыя законы і падзаконныя акты, нахабна ігнаруючы ўсё, што на карысць беларускай мовы.

Што датычыць дзяржавы, то яна сваё парушэнне правоў усіх грамадзян Беларусі зрабіла ў 1995 годзе, правёўшы незаконны рэферэндум, які пазбавіў беларускую мову статусу адзінай дзяржаўнай з усімі наступствамі.

Барацьба супраць „законных” парушэнняў – гэта перш за ўсё барацьба супраць перакосу білінгвістычнай сітуацыі. Гэта барацьба грунтуецца больш на маральных фактарах, чым на прававых. Білінгвістычная сітуацыя ў нас супярэчыць звычаёваму праву, паводле якога, калі ў нас дзве дзяржаўныя мовы, то палова ўсяго ўсякага павінна быць па-беларуску, а палова па-руску. На справе ж, гэта далёка не так. Таму ў газеце ў гэтай сітуацыі друкуюцца перш за ўсё артыкулы, якія ўскрываюць згаданыя перакосы, а таксама паказваюць станоўчыя прыклады пераадолення гэтых перакосаў. Таксама гэта маса лістоў у самыя  розныя інстанцыі. Ні адна газета не друкуе гэтыя лісты і адказы на іх. А ўправа ТБМ адправіла толькі за 2014 год больш за 300 лістоў і фактычна на ўсе атрымала адказы. Газета „Наша слова” ад пачатку 2015 года практычна ў кожным нумары друкуе і друкуе гэтыя адказы, бо яны важныя не толькі для гісторыі, а і для планавання наступных дзеянняў арганізацыі, для таго, каб усе актывісты ТБМ ведалі стан спраў у кожнай вобласці нашай беларускай рэчаіснасці.

Барацьба супраць незаконных парушэнняў –  гэта перш за ўсё прыцягненне органаў улады да выпраўлення гэтых парушэнняў.  Абапіраючыся на пэўную падтрымку ў саміх органах улады ТБМ звяртаецца з лістамі ў розныя дзяржаўныя структуры. І газета „Наша слова” публікуе адказы. Напачатку для дзяржаўных структураў гэта было нечаканасцю, але даволі хутка ўсе зразумелі, што ўсе іхнія адпіскі, а часта чыстай вады лухта, будуць апублікаваныя, і адказы пачалі паступаць больш-менш абгрунтаваныя, што дае магчымасць не толькі маніторыць сітуацыю, але і параўноўваючы, скажам, два ўніверсітэты, падштурхоўваць тыя, дзе сітуацыя горшая, да яе паляпшэння.

Газета „Наша слова” шмат пісала і піша пра тапаніміку…

– Так. Мы шмат пісалі пра тапаніміку. ТБМ праводзіла канферэнцыі, дзе падымаліся пытанні тапанімікі. Сябры ТБМ уваходзілі з прапановамі ў органы ўлады. І быў прыняты даволі прагэсіўны закон „Аб геаграфічных назвах…”. У выніку барацьба з русіфікатарскімі памкненнямі некаторых чыноўнікаў з плоскасці маральнай пераведзена ў плоскасць прававую. Цяпер яны мусяць выдумляць розныя хітрыкі, але не так лёгка гэта ўдаецца. Галоўнае, каб грамадскасць не спала ў шапку, і рэальна можна не дапусціць ніводнай іншамоўнай назвы.

ТБМ і „Наша слова” праводзілі кампаніі доўгатэрміновыя і разавыя.Што гэта за кампаніі?

– Доўгатэрміновыя кампаніі гэта:

– Увядзенне ў Беларусі святкавання Міжнароднага дня роднай мовы. Пачаўшы з 2002 года ў Лідзе, працягнуўшы ў 2005 годзе – у Мінску, прышпіліўшы да гэтага дня ў 2009 годзе Агульнанацыянальную дыктоўку, мы вывелі на 2015 год гэта свята на даволі высокі ўзровень. З 2006 года Міжнародны дзень роднай мовы пазначецца ў дзяржаўным календары „Родны край”. У многіх гарадах і раёнах свята стала вельмі папулярным. Сёлета ў свяце былі задзейнічаны практычна ўсе ўніверсітэты краіны, у тым жа Лідскім раёне ў свяце ўдзельнічала да 12 тысяч чалавек. 9700 чалавек пісалі Агульнанацыянальную беларускую дыктоўку. Кожны год „Наша слова” імкнецца паказаць усю геаграфію Агульнанацыянальнай дыктоўкі і Міжнароднага дня роднай мовы. Сёмы год мы штурхаем ідэю святкавання Еўрапейскага дня моў 26 верасня. Свята ладзілася ў Лідзе і ў Магілёве. Адзначэнне Еўрапейскага дня моў уносіцца ў Планы дзейнасці ТБМ на чарговы год. „Наша слова” пастаянна прапагандуе гэтую дату. Будзем спадзявацца, што ў свой час Еўрапейскі дзень моў стане такім жа папулярным, як і Міжнародны дзень роднай мовы.

– Кампанія за беларускія класы. „Наша слова” найбольш поўна асвятляла кожны рух у гэтым кірунку.

– Барацьба за выкладанне гісторыі Беларусі і геаграфіі Беларусі на беларускай мове. Справа ішла вельмі цяжка. Першае, што ўдалося дабіцца, чыноўнікі ад адукацыі пачалі скрозь пальцы глядзець на тое, што многія настаўнікі ў рускамоўных школах без падручнікаў выкладаюць гісторыю Беларусі па-беларуску. Па звестках з Міністэрства адукацыі ў такіх умовах вучаць гісторыю больш за 20 тысяч вучняў рускамоўных школаў. Нарэшце мы атрымалі заяву новага міністра адукацыі, што гісторыя і геаграфія Беларусі ва ўсіх школах будзе выкладацца па-беларуску. Пачакаем на рэлізацыю заявы, але не проста пачакаем. ТБМ і „Наша слова” ў тым жа –  ужо больш за пяць гадоў ТБМ і „Наша слова” вядуць барацьбу за прыняцце ў краіне Закона „Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы”. Тут поспехаў не шмат, але і з павесткі дня пытанне ніхто здымаць не збіраецца. Прыняцце гэтага закона ніколькі не перашкаджае пастаяннаму змаганню ТБМ за вяртанне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай. Закон „Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы” да месца будзе заўсёды, бо ўсе мы і бачым і ведаем рэальную глыбіню зрусіфікаванасці беларускага грамадста ў Беларусі

Разавыя акцыі:

– За каляндар „Родны край”.  Адрыўны беларускамоўны каляндар „Родны край” пачаў выходзіць з 1990 года (надрукаваны каляндар на 1991 год) і карыстаўся вялікай папулярнасцю, якая была косткай у горле пэўнай катэгорыі. Каляндар на 1991 год меў наклад 26 000 ас., на 1992 – 100 000 ас., на 1993 год – 100 000 ас., на 1994 – 130 000 ас., на 1995 – 200 000 ас., на 1996 – 100 000 ас., на 1997 – 60 000 ас., на – 1998 – 75 000 ас., на 1999 – 30 000 ас., на 2000 – 35 100 ас., на 2001 – зноў 60 000 асобнікаў. У гэтым годзе зноў пайшоў пад’ём беларускасці ў гэтым пытанні, выйшлі календары „Праваслаўныя святыні Беларусі” накладам 20 000 ас., „Каталіцкія святыні Беларусі” накладам 10 000 асобнікаў. А далей нечай воляй пачалася дыскрэдытацыя календара „Родны край”. Каляндар пачалі выпускаць так, каб ён пазніўся ў продаж, трапляў у крамы ў канцы снежня, заставаўся нераспрададзеным. Наклад календара на 2002 год склаў 30 000 ас., на 2003 – 30 000 ас., на 2004 – толькі 10 000 ас., на 2005 – 15 000 ас., на 2006 – 10 000 ас., на 2007 – 7 000 асобнікаў. На 2008 год каляндар не выйшаў, як выданне, якое не карыстаецца папулярнасцю. ТБМ рашуча выступіла супраць гэтага здзеку. „Наша слова” апублікавала не адзін матэрыял. У выніку каляндар пачаў выходзіць ізноў: на 2009 год – накладам 7 000 ас., на 2010 – 13 000 ас., на 2011 – 9 000 ас., на 2012 – зноў 7 000 ас., на 2013 – 7 000 ас., на 2014 – 6000 ас., на 2015 – 4 500 ас., на 2016 – 6000 ас., на 2018 – 4 000 ас., на 2019 – 4 000 асобнікаў. Такім чынам сказаць, што мы тут перамаглі, не выпадае. Наклад календара збіты з 200 000 да 4 000. Так каляндар захавалі, але на ўзроўні, які ўлады лічаць не шкодным для сябе. У любы момант выдаўцы могуць ізноў заявіць пра яго непапулярнасць.

– За беларусізацыю Мінскага метро змаганне абвастрылася перад чэмпіянатам свету па хакеі 2014 года. Тут акрамя ТБМ уключыліся ўсе беларускія сілы сталіцы. У прынцыпе, па часе даволі хутка пытанне было вырашана на нашу карысць. У метро надпісы былі зроблены па-беларуску на кірыліцы і на беларускай лацініцы. У англійскай версіі абвестак таксама гучалі беларускія назвы прыпынкаў. А вось за Берасцейскі вакзал змагацца не хацеў ніхто. Дзякуй карэспандэнтам, якія даведаліся, што спланаваны надпісы толькі па-руску і па-англійску. ТБМ і „Наша слова” адразу ўключыліся ў змаганне. Берасцейскія чыгуначнікі стаялі цвёрда і тупа, але пайшлі звароты ў розныя ўладныя структуры, быў у чарговы раз арганізаваны збор подпісаў. Трэба, аднак, думаць, што асноўнае слова тут сказаў усё-такі старшыня Берасцейскага аблвыканкама, і асноўнай мовай вакзала стала беларуская мова.

Ведаю, што ТБМ вядзе барацьбу за права на чысціню і дасканаласць беларускай літаратурнай мовы.

– Беларуская мова жывая, яна развіваецца і мяняецца. У мову пранікаюць іншамоўныя словы, узнікаюць наватворы – дарэчныя і недарэчныя. „Наша слова” дае магчымасць выказацца і наватарам, і кансерватарам. Мы сочым толькі за тым, каб палеміка ішла ў прыстойных формах. Трэба сказаць, штэ многія спрэчкі носяць хутчэй сатырычна-гумарыстычны характар, як да прыкладу артыкулы пра так званую „прышпільную мову”. Вельмі шмат месца мы давалі дактарам філалагічных навук Паўлу Сцяцко і Івану Лепешаву, а таксама іншым навукоўцам-філолагам.

Газета „Наша слова” паказвае і дзейнасць ТБМ…

– Паказ жыцця дзейнасці Таварыства беларускай мовы ў цэлым і асобных арганізацый у прыватнасці мае вялікае значэнне для падтрымкі маральнага духу ў Таварыстве. Калі з усёй краіны ідзе інфармацыя пра дзейнасць адных арганізацый ТБМ, узнікае ўпэўненасць і жаданне працаваць ў іншых. „Наша слова” піша пра з’езды, рады, публікуе дакументы, планы, пастановы, робіць даступным для ўсіх дзейнасць Таварыства…

Такім чынам невялікая газета „Наша слова” робіць усё магчымае для абароны права грамадзян Беларусі на беларускасць. Вядома ж, для іншаземцаў гэта гучыць дзіка, але жыхарам Беларусі ўсё зразумела, бо тут само права быць беларусам трэба адстойваць кожны дзень, а то і часцей.

Некалі трэба будзе больш грунтоўна напісаць пра „Наша слова”. Гэта таксама з’ява, гэта прыклад сапраўднай народнай газеты. Магчыма, і „Наша слова” некалі будуць вывучаць, як вывучаюць цяпер дарэвалюцыйную „Нашу ніву”.

Станіслаў, ты яшчэ грамадскі актывіст не толькі на Лідчыне і Нясвіжчыне, але і ў Беларусі ў цэлым. Ты арганізоўваеш пісаць беларускія дыктоўкі, наладжваеш сустрэчы, прапагандуеш роднае слова, сустракаешся з людзьмі, прымаеш удзел у розных мерапрыемствах… Ды немагчыма пералічыць.  Ты не стаміўся ад усяго гэтага? Табе ж сёлета ў верасні ўжо будзе 65. Як ніяк, але ж гэта ўзрост…

– Які я там ужо актывіст. Як ржавы паравоз на рэйках. Магу стаяць, магу трохі ехаць. Магчымасці манеўру крайне абмежаваныя. Паціху здаю пасады. Калі яшчэ нешта ўдаецца зрабіць, то гэта дзякуючы тым доўгім гадам працы, на працягу якіх мы фармавалі лідскае грамадства. Тут гаворыш: „Дыктоўка”, – і тысячы людзей ведаюць, што гэта такое, хто што павінен зрабіць. Прымаецца рашэнне, і праз тыдзень 9700 чалавек піша дыктоўку. Усё арганізавана, усе тэксты распрацаваны. Акрамя дыктоўкі яшчэ маса розных мерапрыемстваў. Гаворыш: „Крыжы” –  і ўжо толькі дзесяткі, але ведаюць, каму падаць заяўку, каму скасіць траву, каму каго запрасіць. Некалькі дзён і імпрэза гатовая. Гаворыш: „Рыхтуем чарговы нумар альманаха „Ад лідскіх муроў”, –  і ўсім вядома, хто рэдактар аддзела паэзіі, хто адказвае за прозу. Застаецца сказаць тэрмін. А што да стомы. Справа без стомы, што страва без солі. Што ж гэта за праца, на якой не томішся?  Ад такой працы і смаку няма. Гэта толькі чыноўнікі ўмеюць працаваць так, што пот з іх цурчыць, і не стамляюцца.

На маім стале ляжаць альманахі „Ад лідскіх муроў” (ужо восьмы нумар), „Нясвіжскі ўток”, наваградскі альманах „Стольны град”. Усе яны выйшлі з друку толькі дзякуючы табе. Гэта я шчыра кажу… А вось гарадзенскі прафесар Аляксей Пяткевіч не любіць такіх рэгіянальных выданняў. Што ты на гэты конт скажаш?

– Гэта вечная спрэчка гарадзенскіх элітаў з „плебеямі” ад літаратуры, тыпу мяне. Шаноўны прафесар Пяткевіч толькі выказаў гэтую пазіцыю. Паводле іх – друкавацца маюць права толькі высокія таленты, якія, канешне ж, усе з Гародні. Астатнім уваход забаронены. У Лідзе іншы падыход. Мы імкнёмся даць магчымасць надрукавацца кожнаму. За пяць гадоў у „Лідскай газеце” надрукаваўся 101 аўтар. У альманаху „Ад лідскіх муроў” за пяць гадоў (7-мы і 8-мы выпускі) надрукаваліся недзе за сорак аўтараў. У „Новым замку” за гэты час надрукаваўся, здаецца, адзін лідзянін, яшчэ адзін надрукаваўся ў „Верасні”. Ну то што, пакінем у лідскай літаратуры гэтых двух, а астатніх куды? А гэта ж творцы, у іх ёсць іскра Божая. Няхай, нават, па ўзроўні некаторыя знаходзяцца на ўзроўні інсітнай (наіўнай)  літаратуры. Таму мы і гаворым пра 500 лідскіх літаратараў. Але гэта фундаментальная спрэчка, ніякіх адносін да маіх добрых адносінаў з прафесарам Пяткевічам не мае.

Акрамя газеты „Наша слова” ты яшчэ рэдагуеш часопіс „Лідскі летапісец”. Раскажы чытачам пра гэта выданне.

– „Лідскі летапісец” – гэта ўжо не проста часопіс, гэта з’ява. „Лідскі летапісец” стварыў лідскае краязнаўства. Некалі „Ziemia Lidzka” выходзіла два гады, а колькі карыснага зрабіла, колькі ўсяго надрукавала. „Лідскі летапісец” выходзіць 22-гі год. Сёння нельга нікому нічога напісаць па гісторыі Ліды, не пагартаўшы „Лідскі летапісец”. Маем ужо адну дыпломную работу ў адной з ВНУ чыста па „Лідскім летапісцы”.

Часопіс, які выдае Станіслаў Суднік
Часопіс, які выдае Станіслаў Суднік

Не прынята расказваць анекдоты пра сябе, але ў Лідзе чуваць такі:

„Пасля выхаду пятага нумара часопіса „Наша гісторыя” ў Судніка спыталі:

– Ну як табе?

– Добра, –  адказаў Суднік, –  павёўшы вокам у бок 83-га нумара „Лідскага летапісца”.

Ты жывеш у Лідзе, а нарадзіўся ў вёсцы Сейлавічы Нясвіжскага раёна. Бачу па справах, што ты не забываеш і сваю маленькую радзіму. Моцна яна цябе прыцягвае. Так?

– Ну, гэта проста рыса беларускага характару. Яшчэ Скарына гэта адзначаў. Суднік тут не пры чым. Мабыць, усе мы ў нашым жыцці ўспамінаем дзяцінства, як нешта лепшае, што ў нас было, таму і цягне ўвесь век у край, дзе табе было добра. Каб не цягнула на радзіму, трэба моцна ў ёй расчаравацца. Чэслаў Неман прыехаў пасля многіх гадоў у Васілішкі, наздымаў некалькі плёнак, потым узяў і ўсе іх засвяціў, паехаў. Ён не напісаў у тастаменце, каб пахаваць яго ў Васілішках. Расчараваўся і адрэзаў. Але большасць не адразае. Наадварот, забяры ў мяне сёння Сейлавічы, то я назаўтра і памру.

А з якімі вертыкальшчыкамі лягчэй працаваць – лідскімі ці нясвіжскімі? Ці яны аднолькавыя?

– Тут не трэба разглядаць вертыкаль, як нешта маналітнае. Яна складаецца з людзей. Лідзе апошнім часам шанцуе на старшынь выканкамаў, таму ўдавалася шмат што добрага і карыснага зрабіць. У Нясвіжы старшыні таксама неблагія, але мяняюцца, як пальчаткі. Не паспееш на прыём трапіць адзін раз, а яго ўжо некуды перавялі. Што датычыць ідэолагаў, то гэта звычайная інквізіцыя, што ў Лідзе, што ў Нясвіжы. Некалі ў камуністычных парткамаў хоць градацыя была: паставіць на від, вымова, строгая вымова… А сёння на ўсё адзін адказ: „Не дазваляем!”. Формула іхняй дзейнасці: „Дазволіць мы вам нічога не можам (не хочам), а забараніць можам усё”. Таму і адбываюцца суцэльныя несанкцыянаваныя акцыі, тыпу пастаноўкі крыжа ў Стрэліцы. Пісалі, прасілі, спрабавалі дамовіцца, каб на месцы старога крыжа паставіць новы. Адказу не атрымалі. Паставілі самі, нічога не парушылі, а не дагадзілі. А калі параўноўваць: нясвіжскія ідэолагі арыштавалі палову накладу альманаха „Нясвіжскі ўток”. Лідскія ідэолагі толькі што разграмілі лідскае літаб’яднанне „Суквецце”. Рыхтык блізняты…

Калі б заўтра беларусы цябе абралі б прэзідэнтам. Што ты зрабіў бы ў роднай краіне ў першую чаргу?

– Зрабіў бы парламенцкую рэспубліку. Трэба вярнуцца да сваёй роднай сістэмы кіравання. Павінны кіраваць эліты. Паны-рада кіравалі Вялікім Княствам і няблага. Каб кароль не перашкаджаў, было б яшчэ лепей. А то нам ад парадыгмы адзінага Бога навязалі памазаніка Божага. Потым нібыта пайшлі да ўлады масаў, а ўстанавілі дыктатуру пралетарыяту ў асобе аднаго пралетарыя. Беларусь ужо зрабіла крок наперад – у нас улада аднаго селяніна, па Леніну прадстаўніка класа цёмнага і рэакцыйнага, але ўсё-такі ўжо не пралетарыя, які праляцеў міма ўсяго і нічога не меў. Селянін хоць кароўку меў, невялікая, а ўсё-такі маёмасць. Таму ў нас безумоўна зроблены крок наперад. І нікуды мы не дзенемся. Суднік прэзідэнтам не будзе, але Беларусь будзе вольнай, багатай і беларускай.

Гэта прэзідэнцкія планы. А якія планы ў сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Станіслава Судніка?

– Якія планы? Планаў столькі, што сказаць страшна. Бліжэйшы – зборнік ліцвінскіх гавэндаў. А там, што Бог дазволіць.

Гутарыў

Сяргей Чыгрын

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (456) – У 1568 г. пачала дзейнасьць заблудаўская друкарня ў маёнтку Рыгора Хадкевіча, у якой друкаваліся кірылічныя кнігі, між іншым „Евангельле вучыцельнае” (1569) і „Псалтыр з Часасловам” (1570).
  • (208) – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры ў 1884 г.), паэт, драматург, публіцыст. Быў сябрам У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў на беларускай і польскай мовах. Запачаткаваў беларускія пераклады творчасьці А. Міцкевіча, між іншым пераклаў „Конрада Валенрода”.
  • (137) – 4.11.1887 г. у Капылі, Слуцкага павету нар. Зьміцер Жылуновіч (літаратурны псэўданім Цішка Гартны, замучаны савецкай бясьпекай 11.04.1937 г.), пісьменьнік, выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч. Пісаць пачаў у 1908 г. у „Нашай Ніве”.
  • (109) – у лістападзе 1915 г. у выніку стараньняў беларускіх нацыянальных дзеячаў (падчас нямецкай акупацыі) пачалі адкрывацца на Віленшчыне першыя беларускія школы.
  • (95) – 4.11.1929 г. у в. Таргуны каля Докшыц нар. Сяргей Карніловіч, выпускнік Гімназіі імя Янкі Купалы ў Віндышбэргэрдорфе (Нямеччына). З 1949 г. жыў у эміграцыі ў Кліўленд (ЗША). Адзін з самых актыўных арганізатараў беларускага грамадзка-рэлігійнага жыцьця ў гэтым горадзе, між іншым

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis