Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    Za rasstreł kaniec kancoŭ nikoho nie abwinawacili

    Potym Jurczeniu na UB dapytwali jaszcze czatery razy. Na kaniec pry prysustwi prakuratara. Jurczenia szczacielno raskazwaŭ, jak zaŭdawaŭ Niemcam ludziej, jakich pośle rasstralali. Nadto nie piareczyŭ toża, kali pytali jaho, ci heto praŭda, szto świedczyli ludzi. Na kaniec 15 stycznia 1953 r. pryznaŭso da winy,…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    14. Chto vpravo, chto vliêvo, chto v błudy

    Posłuchavšy v radivi 13 hrudnia 1981 promovu generała Jaruzelśkoho razy dva-try, my z Gienikom R. i Janom G. vyryšyli, što nam u Varšavi nema sensu zmahatisie ni za socijalizm, ni proti socijalizmu, i postanovili evakuovatisie na Biłostôčynu. Zreštoju, šče pered południom toho samoho dnia administracija domów studenta ohołosiła zarządzenie, što studenty povinny pokinuti akademiki i jiêchati dochaty. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Успамінаю чыгунку і вакзал у Плянце

Пуці, па якіх калісці імчалі паязды, зарастаюць дрэвамі і кустоўем (фота Міры Лукшы)
Пуці, па якіх калісці імчалі паязды, зарастаюць дрэвамі і кустоўем
(фота Міры Лукшы)

Я, ураджэнец Новага Ляўкова Нараўчанскай гміны, пра існаванне чыгункі ў нашым наваколлі ведаў з ранняга дзяцінства. З маёй роднай вёскі ўсе яе жыхары днём і ноччу чулі, калі ехалі і гудзелі паравозы ды стукалі коламі вагоны на спалучэннях рэек. Паднімаўся вялікі шум, калі поезд імчаў па жалезным мосце на рэчцы Нараўцы. На вакзале паравозы пераклікаліся галасістымі свісткамі.

Пасля заканчэння вучобы ў Пачатковай школе ў Старым Ляўкове, я пайшоў вучыцца ў Агульнаадукацыйны ліцэй у Гайнаўцы. Даязджаў поездам з вакзала ў Плянце. Пару гадоў ездзіў у вагонах, падчэпленых да паравоза. Пасля на шляху з Гайнаўкі ў Цісоўку пачалі курсіраваць г.зв. двухвагонныя тарпеды – венгерскія і польскія (тыя апошнія былі карацейшыя ад замежных) і прыходзілася ехаць усю дарогу (20 км) стоячы. Бывала, што моладзь збіралася ў канцы першага або другога вагона і ўчыняла „гайданку”. З дзесяць вучняў то прысядала, то зноў ставала на роўныя ногі. І вагон гайдаўся: калі зад падаваўся ўніз, то перад ішоў угору. Былі такія выбрыкі, дурныя жарты.

З Гайнаўкі чыгунка бегла акрай вёсак Дубіны, Навасады, Звадзецке, Пераходы, Гнілец, Сушчы Барок, Плянта і Семяноўка. Яна перасякае Белавежскую пушчу і паварочвае то ўлева, то ўправа. Прыгожыя тут ваколіцы. Чыгунка з Гайнаўкі ў Цісоўку бяжыць цераз жалезныя масты на Нараўцы, Баброўцы і Нарве. На шляху пасажырскія паязды затрымліваліся ў Гнільцы, Плянце (тут былі тры пероны і кожны дзень паязды адпраўляў дзяжурны руху ў службовай чырвонай шапцы), Семяноўцы і Цісоўцы.

Аднойчы я стаяў на пероне ў Плянце і чакаў на прыезд цягніка, на якім збіраўся ехаць у Гайнаўку. Прыехаў поезд і тут жа нехта паклікаў мяне да паравоза. У кабіне стаяў мой дзядзька Валодзя з Гайнаўкі. Вось неспадзеўка! Ён быў машыністам на гэтым паравозе. І мы паехалі. Цікава было глядзець цераз паравознае акенца. Калі я выйшаў у Гайнаўцы (меў прапанову ехаць далей), мне закружылася ў галаве ад уражанняў.

Летам жыхары Новага Ляўкова гналі кароў на супольнае пасвішча за лесам каля чыгункі, якое назвалі «Плянта». Стада налічвала 50-70 штук быдла. Кароў найчасцей пасвілі не толькі дарослыя, але і большыя дзеці. Летнія дні доўгія і пастушкі выдумлівалі розныя „штучкі”. Бралі з дому розных памераў жалезныя і мядзяныя цвікі (гвоздзікі) і клалі іх на рэйкі. Калі праехаў па іх поезд, цвікі былі пляскатыя і былі як вастрыё ножыкаў. Можна было падвастрыць іх на

г. зв. асёлцы (бруску), асаджвалі іх у г. зв. драўляныя калодкі, звязвалі дротам і можна было тое-сёе перарэзаць. Бралі мы гэтыя ножыкі (рабілі іх многа), ідучы па грыбы. Згубіш яго – якая гэта страта! Рабілі мы таксама рагаткі з чорнай і чырвонай гумы. З іх цэлілі то ў дупло ў дрэве, то збівалі сухія шышкі з галін елак і сосен. У цёплыя сонечныя дні мы лавілі рыб у Баброўцы, было іх сем відаў.

Але вяртаюся да чыгункі. Мы, старэйшыя і маладыя пастухі, цікавіліся праязджаючымі паяздамі ды тым, як для іх адкрываюць і замыкаюць семафоры. З будкі настаўшчыка беглі побач пуцей два сталёвыя провады або інакш дзве лінкі. Яны перасоўваліся: адна сунулася ў напрамку семафора, а другая ўзад. Калі на станцыю прыехаў поезд, хлапчукі хапалі рукамі за адзін з правадоў і трымалі яго. Калі семафор быў ужо адкрыты і  цягнік паехаў, пастухі не давалі яго закрыць, а пасля памахвалі яго паднятай „рукою”. Былі вось такія хуліганскія ўчынкі.

Пасля вайны ў Плянце Нараўчанскай гміны Гайнаўскага павета пабудавалі доўгі драўляны барак: меў ён 42 метры даўжыні і 12 метраў шырыні. Былі ў ім пачакальня для пасажыраў, касы, службовыя пакоі дзяжурнага руху і касіра, які прадаваў білеты, склад на пасылкі і багаж, буфет, святліца. Памятаю доўгі калідор, шмат акон ды cкрыпучыя драўляныя падлогі. У памяшканнях былі кафлёвыя печы. З будынка выходзіла ажно дзесяць комінаў.

Мне падабаўся драўляны цікавай архітэктуры дом чыгуначніка (цяпер рэдка дзе іх сустрэнем), у якім жыла сям’я спадара Заоніка. Стаяў ён пры самай пуці, так як і барак. Пры ім раслі кусты бэзу, язьміну і маладыя яблынькі. Яны ёсць і цяпер. Пры дарозе да вакзала расце і зараз многа прыгожых ліпаў, клёнаў і магутны дуб.

Калі я меў дзесяць гадоў, бацькі высылалі мяне на вакзал з конаўкамі малака і смятаны ды з сыром. Там ахвотна куплялі ў мяне сыры і масла сем’і чыгуначнікаў. Часам у нядзелю я і мой брат хадзілі на вакзал, каб купіць у буфеце вельмі смачны ліманад ды цукеркі. Чатыры гады (1958-1962) я ездзіў з плянтаўскага вакзала ў Агульнаадукацыйны ліцэй у Гайнаўцы. Тады ездзіла шмат людзей і быў даволі вялікі рух. Хто прыязджаў, а хто адпраўляўся ў дарогу. Ездзілі паравозы, як на старых кінафільмах. У вагонах вечарам і ноччу запальвалі вялікія, звісаючыя са столі, лямпы-карбідкі. Давалі яны бляклае сіняе святло. Так было ды й годзе.

У святліцы быў тэлевізар і мы, новаляўкоўцы, хадзілі глядзець кінафільм у суботнія вечары. Тут актыўна дзейнічаў Гурток вясковых гаспадынь (КГВ), арганізавалі двухгадовыя курсы сельскагаспадарчых ведаў і курсы на вадзіцельскія правы (я тут у 1966 годзе здаў экзамен на вадзіцельскія правы кіраваць матацыклам), а таксама курсы для фурманаў і веласіпедыстаў.

Раз у тыдзень – у сераду – у Плянту прыязджала кінаперасоўка. Ішлі лепшыя расійскія кінафільмы. Тут адбываліся вечарыны-акадэміі з нагоды дзяржаўных святаў, сустрэчы з цікавымі людзьмі (між іншым, з матросам з „Аўроры”). Працавала бібліятэка. Было шмат краёвай і савецкай прэсы. На сцэне выступалі мастацкія песенныя калектывы. Было гэта прытульнае, прыгожае ў сярэдзіне памяшканне. Святліцай шмат гадоў кіраваў былы ніўскі карэспандэнт Уладзімір Клімюк.

У плянтаўскай святліцы дзейнічаў многа гадоў вакальна-музычны калектыў. Займаліся ў ім дзяўчаты і юнакі з Плянты, Міклашэва, Сушчага Барка, Новага Ляўкова, а нават з Нараўкі і са Скупава. У святліцу купілі музычныя інструменты. Музычным кіраўніком быў Аляксандр Маеўскі. У гурце спявала восем маладых дзяўчат (сярод іх былі салісткі) і крыху менш юнакоў. Найлепшым акардэаністам быў Уладзімір Паўлючук. Калектыў ездзіў з канцэртамі ў Гайнаўку, Чаромху і Седльцы. Летам танцавальныя вечарыны адбываліся на свежым паветры на драўлянай пляцоўцы ў засені прыгожых вялікіх соснаў, бяроз і клёнаў. На акардэоне і бубне складна і прыгожа гралі да танцаў маладыя музыканты-цыганы (тады адна цыганская сям’я пару гадоў жыла ў Плянце). А моладзь з Плянты і навакольных вёсак любіла танцаваць!

…Зараз праз Плянту не ездзяць пасажырскія цягнікі. 21 лістапада 2012 года разабралі барак. На яго месцы выраслі дрэвы і кустоўе. Ужо нават няма некаторых пуцёў. Усё замерла. Глуха тут і сумна. Пероны зараслі дзе травой, дзе зялёным мохам…

Янка Целушэцкі

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У сакавіку

    – забойства язычнікамі ў 1250 г. ігумена Лаўрышаўскага манастыра, прападобнага Елісія, кананізаванага як сьвяты Беларусі. – 31.03.1785 г. у Варшаве памёр Антоні Тызэнгаўз (нар. у 1733 г. у Новаельні на Гродзеншчыне), палітычны і грамадзкі дзеяч ВКЛ, асьветнік, з 1765 г. …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (173) – 15.03.1852 у г. Усьвяты на Віцебшчыне нар. Аляксей Сапуноў (пам. 2.10.1924 г. у Віцебску), гісторык, першы выдатны дасьледчык Віцебшчыны.
  • (101) – 15.03.1924 г. у вёсцы Голя (цяпер Берасьцейская вобл.) на ўскраіне Белавежскай пушчы нар. Міхась Белямук, беларускі гісторык і грамадзкі дзеяч. Заснавальнік часопіса „Полацак”. З 1949 г. жыў у г. Кліўленд (ЗША), дзе памёр 31.10.2014 г.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2025 Czasopis