20 жніўня 2019 г. мінула 100 гадоў ад сьмерці Івана Луцкевіча – «найвялікшага піёнэра беларускага адраджэнскага руху», як пра яго пісалася ў міжваенны перыяд. Яго імя было ўпісана ў назву Беларускага музея ў Вільні, які праіснаваў міжваенны і ваенны час, каб у савецкай пасьляваеннай рэчаіснасьці разбрыцца па розных архіўных і музейных сховішчах Вільні і Менска. І толькі захаваныя штампы сьведчаць, што такі музей быў. Спробы яго рэканструкцыі ў Вільні пасьля распаду Савецкага Саюзу звяліся да грамадзкай арганізацыі, якую зараз узначальвае Людвіка Кардзіс. Яна сабірае па крупінках беларускую спадчыну і яна прыдумала, каб неяк успамянуць пра Івана Луцкевіча.
З 20 жніўня па 11 верасьня ў Дзяржаўным літаратурным музеі імя Янкі Купалы ў Менску была першая персанальная выстаўка пра Івана Луцкевіча, як «выбачэньне за годы беспамяцтва». Другую выстаўку «Іване жыві!» ладзіла ў Вільні ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце Людвіка Кардзіс. Адкрылася яна 28 верасьня падчас Міжнароднага Кангрэсу дасьледчыкаў Беларусі. Людвіка Кардзіс сабрала копіі дакументаў, сярод якіх была выпіска з кнігі Шаўлянскага рымакаталіцкага касьцёла аб нараджэньні Яна Германа Луцкевіча 28 мая 1881 г. Усе сабраныя матэрыялы не змясьціліся на стэндах. Іх храналягічны парадак паказваў этапы жыцьця аднаго з пачынальнікаў беларускага адраджэньня ад нараджэньня ажно да сьмерці. Іван Луцкевіч пражыў кароткае, але вельмі інтэнсіўнае жыцьцё – паміраў самотна маючы 38 гадоў здалёк ад Бацькаўшчыны – у Закапаным, куды ў чэрвені 1919 г. адправіўся лячыцца. Выстаўку адкрывалі Людвіка Кардзіс, Сяргей Харэўскі і Алеся Луцкевіч – унучка Антона Луцкевіча. Закрылася яна 17 кастрычніка. Варта было б яе паказаць далей, бо так у сапраўднасьці пра Івана Луцкевіча няшмат вядома, хаця гэта постаць энцыклапедычная (м. інш. Беларуская савецкая энцыклапедыя, т. 6, Мінск 1972, с. 444; Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі, т. 3, Мінск 1986, с. 306; Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, т. 4, Мінск 1997, с. 403-404). Пры нагодзе згадваю, што ў 1996 г. у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі ў Менску была выстаўка «Спадчына, якая належыць Беларусі», прысьвечаная 115 угодкам нараджэньня Івана Луцкевіча і 75 угодкам Беларускага музея імя І. Луцкевіча.
Аднак да 1981 г. у Беларусі (заадно і на Беласточчыне) увесь паваенны час імя Івана Луцкевіча замоўчвалася ў публіцыстыцы. Не ведаю, ці не першы пасьля ІІ сусьветнай вайны артыкул пра яго апублікаваў у беластоцкай «Ніве» 7 чэрвеня 1981 г. Аляксей Каўка (А. Каваль). Прымеркаваны ён быў да 100 годзьдзя з дня нараджэньня Івана Луцкевіча. У «Голасе Радзімы» ад 18 чэрвеня 1981 г. Мікола Іваноў і Леў Мірачыцкі апублікавалі юбілейны артыкул «Асветнік, папулярызатар, збіральнік». Цікава, што «ніўскі» артыкул выклікаў палеміку наконт Івана Луцкевіча паміж двума тадышнімі знаўцамі беларускай гісторыі Юрым Туронкам і Аляксандрай Бэргман. Юры Туронак 21 чэрвеня ў «Ніве» пісаў: «Ушаноўваючы памяць выдатнага сына Беларусі Івана Луцкевіча з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння, з жалем даводзіцца заўважыць, што гэты юбілей адзначаем мы амаль з пустымі рукамі. Не даследаваны найбольш элементарныя факты яго біяграфіі, не правераны недакладныя і не заўсёды аб’ектыўныя звесткі, апублікаваныя яго братам Антонам. Вось для прыкладу – справа яго вучобы. Як піша Антон Луцкевіч, восенню 1902 г. Іван паступіў у пецярбургскі Археалагічны Інстытут, які закончыў на працягу двух гадоў (!). Паводле Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, археалогію закончыў ён у Маскве, а А. Бергман падае, што ў Вене. Сапраўды, можна было б пасмяяцца, калі б не было так сумна… Час, вялікі час паправіць памылкі і паказаць нашчадкам праўдзівую постаць Івана Луцкевіча і верагодны яго жыццёвы плён» (Па плёнах пазнаеце іх, «Ніва», 21.06.1981 г., с. 4). Аляксандра Бэргман у спрэчцы з Юрым Туронкам пра Івана Луцкевіча пералічыла яго заслугі: «1) быў адным з заснавальнікаў БСГ, 2) адным з заснавальнікаў і выдаўцоў «Нашай долі» і «Нашай нівы», 3) адным з заснавальнікаў Беларускай гімназіі ў Вільні і іншых школаў і, урэшце, 4) быў заснавальнікам Беларускага музея ў Вільні. Ці на самай справе пра ўсё гэта нічога невядома? Няцяжка сабе ўявіць, якую аграмадную дакументацыю можна было б знайсці пра віленскі музей, або пра гімназію, яе заснаванне, «здабыццё» Базыльянскіх муроў і барацьбу за іх (пра гэта было нават у друку). Гэта ж былі афіцыйныя ўстановы — выключана, каб пра гэта ўсё не захаваліся ніякія дакументы. Але ці хто-небудзь іх шукаў? Не. Таму не хапае падрабязнасцей» (Спрэчка пра Івана Луцкевіча, «Ніва», 26.07.1981 г., с. 2).
На эміграцыі 100-ыя угодкі нараджэньня Івана Луцкевіча ўшанавалі адмысловай акадэміяй на 19 Кангрэсе Баларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня ў Нью-Брансьвіку 5 верасьня 1981 г., дзе з асноўным рэфератам выступіў Антон Адамовіч, які друкаваўся ў газэце «Беларус», а ў 1983 г. выйшаў ён асобнай брашурай «Як дух змаганьня Беларусі» (да 100-х угодкаў нараджэньня Івана Луцкевіча)».
Хаця з таго часу мінула амаль 40 гадоў, няшмат наперад пасунулася дасьледваньне жыцьця і дзейнасьці Івана Луцкевіча – далей яго асоба абрастае легендамі, якія пачалі стварацца пасьля яго сьмерці. Варта згадаць, што у 2007 г. у Менску стараньнем Анатоля Сідарэвіча выйшла кніга «Пра Івана Луцкевіча. Успаміны, сьведчаньні».
Заглянула я ў мінулае – у міжваенны час, каб пабачыць, як асоба Івана Луцкевіча станавілася легендай. Пра апошнія дні жыцьця Івана Луцкевіча пісалі ва ўспамінах сёстры Ляля і Юльяна Мэнке, якія ім апекаваліся ў Закапаным, куды ў чэрвені 1919 г. трапіў на лячэньне. Год пасьля сьмерці Івана Луцкевіча ў Вільні выйшла кніга ўспамінаў пра яго. Ва ўступе да яе пісалася: «Даць абраз душы чалавека, з каторым мы яшчэ ўчора разам працавалі для вялікае і сьвятое ідэі і каторы, памёршы, усё яшчэ як-быццам далей жыве з намі, — гэта на сёньня лішне трудная задача: лішне крэпка яшчэ зьвязана Яго «я» з усім, што робіцца навокал нас, каб Яго індывідуальнасьць можна было ўжо цяпер аддзяліць ад агульнае справы. Трэба многа часу, каб на фоне разьвіваючыхся выпадкаў ясна выкрысталізавалася Яго асоба; трэба, каб жыцьцё перарасло тое, што было створана Ім – Яго розумам, Яго мысьляй, Яго сэрцам. І толькі тады можна будзе за дзелам Яго жыцьця дагледзіць Яго самога. (…) Мы хочам паказаць, што можа зрабіць чалавек, які ўсей душой і сэрцам сваім пранікнуўся вялікай ідэяй і служэньню ёй аддаў усе свае сілы духовые і матэрыяльные, — і ахвяруем гэту кніжку памяці Яго замест вянка на далёкую магілу ў першые ўгодкі Яго сьмерці» (Памяці Івана Луцкевіча ў першые ўгодкі сьмерці яго (20.VIII.1919 – 20.VIII.1920), Вільня 1920, с. 4). У кнізе змешчаны біяграфічны тэкст «Жыцьце і праца Івана Луцкевіча» (не падпісаны Антонам Луцкевічам, але відавочна ягоны, паколькі ўваходзіць ён у зборнікі яго творчасьці) ды ўспаміны Лялі Мэнке, Адварда Будзькі, Максіма Гарэцкага, Леапольда Родзевіча, А. Сегеня, Міхала Кахановіча, Язэпа Салаўя, Кляўдыюша Душэўскага і Зьмітрака Бядулі. Юры Янкоўскі – польскі паэт футурыст прысьвяціў яму верш «Сьпячы лучнік».
Чытаючы ўспаміны Лялі Мэнке «Яго апошнія дні» адчуваецца атмасферу самотнасьці, у якой быў апошнія два месяцы жыцьця Іван Луцкевіч. Апекавалася ім у Закапаным менавіта яна. Яе сястра Юльяна, якая была яго нарачонай, была пра ім апошні тыдзень. Ляля Мэнке ўспамінала, што па дарозе ў Закапанае з перапынкам у Варшаве адведаў яго толькі Браніслаў Тарашкевіч. У далёкае Закапанае ніхто з беларусаў ані з сям’і не дабраўся, каб пабачыць яго жывым. На пахаваньне таксама ні радня, ні беларусы не даехалі, хаця адбывалася яно тры дні пасьля сьмерці Івана – 23 жніўня. Ляля Мэнке ўспамінала: «У суботу пасьля абеду яго харанілі. Ждалі кагоколечы з Варшавы. Дарэмна. (…) Ня многа нас было, але ўсё шчыра любіўшые і шкадаваўшые яго людзі, наперадзе йшлі два прыяцелі-ўкраінцы, нясучы велізарны пекны вянок з галін горнае лімбы і вераску – з шырокімі чорнымі ўстужкамі, на каторых залатымі літэрамі было напісана: «Борцові Білорусі від братів украінців». Так проста і так моцна…» (с. 34). Юльяна Вітан-Дубейкаўская ва ўспамінах пісаных у Нюнбэргу з 1953 г. таксама ўспамінала пахаваньне: «Я паклала яму вянок зь беларускімі йстужкамі: «Майму дарагому другу»; Ляля – вялізарны букет ягоных любімых мечыкаў, шмат кветак прынесьлі й іншыя, і сьвежы насып тануў у зелені і кветках. (…) Я парупілася, каб каля магілы паставілі загарадзь, пасадзілі кветкі на магілцы і зрабілі здымак. На разьвітаньне, на 9-ты дзень пасьля сьмерці Івана, я замовіла імшу з экзэквіяй» (Мае ўспаміны, Вільня 1994, с. 170).
Успомнены здымак магілы быў апублікаваны 21 кастрычніка на вокладцы «Беларускага жыцьця», рэдагаванага ў Вільні Францішкам Аляхновічам. Раней у той жа часопісі пасьля смерці Івана Луцкевіча 31 жніўня на вокладцы быў апублікаваны партрэт нябожчыка, аўтарства літоўскага мастака В. Дыдзякаса, нарысаваны ім 13 чэрвеня 1919 г., перад самым ад’ездам Івана ў Закапанае. Цікава, што аднойчы ён экспанаваўся Нацыянальным музеем Літвы як партрэт невядомага, што мела нагоду пабачыць Алеся Луцкевіч. На другой старонцы згаданай часопісі пра Івана Луцкевіча пісаў Францішак Аляхновіч. Як паведамляла «Беларускае жыцьцё» 6 кастрычніка ў панядзелак «а гадз. 10 с паловай раніцы за душу сьв. памяці Івана Луцкевіча адбудзецца жалобная імша» ў касьцеле Сьв. Яна. З гэтага ж нумара можна даведацца таксама пра вечар у памяць Івана Луцкевіча, які адбыўся 28 жніўня ў залі Віленскай беларускай гімназіі. Першым прамаўляў Янка Станкевіч, які схарактарызаваў бязмерную працу нябожчыка для нацыянальнай справы. Павал Аляксюк гаварыў аб ролі, якую Луцкевіч меў у адраджэньні Беларусі і клікаў маладое пакаленьне ісьці па гэтай самай дарозе. В. Дыдзякас казаў аб яго заслугах як вучонага і археолага. Францішак Умястоўскі ўспамінаў аб 1903-1905 гадах, калі пачыналася беларуская нацыянальная праца і аб першым спатканьні з Луцкевічам. Кс. Адам Станкевіч гаварыў аб уплыве Луцкевіча на маладое пакаленьне. Францішак Аляхновіч сказаўшы пару слоў аб вялікіх духах, памяць аб якіх жыве вечна, прадэкламаваў верш «Як я памру». Пасьля пару слоў успамінаў сказаў Адвард Будзька. Хор беларускіх настаўніцкіх курсаў пяяў «Вечную памяць», «Беларускі гімн» і «Край мой родны». Заля была шчыльна запоўнена публікай. Дзіўным застаецца, чаму праз год у кнізе памяці знайшліся толькі ўспаміны Адварда Будзькі, а няма там іншых, нават апублікаваных у 1919 г. успамінаў Францішка Аляхновіча. Пад здымкам магілы Івана Луцкевіча на вокладцы «Беларускага жыцьця» (№ 18, 31.10.1919 г.) можна прачытаць: «Мы даведаліся, што, як пачнуцца марозы, цело памёршага І. Луцкевіча будзе перавезено ў Вільню». Аднак вядома, што такое ніколі не адбылося. Іван Луцкевіч назаўсёды застаўся ў Закапаным. Нажаль ні сям’я ні беларусы не паклапаціліся пра захаваньне магілы. Зараз на ёй пахаваныя іншыя людзі. Праўда, у 1991 г. адбылося сімвалічнае перапахаваньне Івана Луцкевіча на віленскую Росу дзякуючы стараньням беларусаў з Вільні і Алега Латышонка, які прывёз у Вільню зямлю з магілы Івана Луцкевіча. Зараз на могілках Росы знаходзіцца сімвалічная магіла братоў Івана і Антона Луцкевічаў, у якой вечны спачын знайшлі Галіна Войцік і Лявон Луцкевіч.
Урачыста сьвяткаваліся ў Вільні 10 угодкі сьмерці Івана Луцкевіча. 17 лістапада 1929 г. у салі Віленскай беларускай гімназіі адбылася акадэмія, ладжаная Беларускім Студэнцкім Саюзам і Дырэкцыяй гімназіі. Захаваўся здымак з гэтай акадэміі. Відаць на ім м. інш. Антона Луцкевіча, Антона Нэканду-Трэпку, Яна Станкевіча, якія сядзяць за сталом на фоне партрэта Івана Луцкевіча, магчыма намаляванага Пётрам Сергіевічам. Вядомы партрэт яго нарысаваны мастаком і змешчаны ў брашуры Антона Луцкевіча «Беларускі музэй імені Івана Луцкевіча» (Вільня 1933, с. 5). Цікава, а дзе яны зараз? Нехта чытае даклад – магчыма Станіслаў Станкевіч. На акадэмію прыехаў з Латвіі Пігулеўскі – беларускі пасол у латвійскі сойм і кіраўнік беларускага аддзелу пры міністэрстве асьветы ў Латвіі.
Лістападаўскі нумар «Студэнскай Думкі» за 1929 г. у палавіне быў прысьвечаны Івану Луцкевічу. Быў у ёй апублікаваны біяграфічны артыкул студэнта Станіслава Станкевіча (апублікаваны таксама на польскай мове ў «Przeglądzie Wileńskim”), ды лірычная проза Аўгена Бартуля і верш Сяргея Сарокі, прысьвечаныя памяці Івана Луцкевіча. Не ведаю, ці сьвятваваліся чарговыя ўгодкі. Як успамінала Юльяна Дубейкаўская, яна з сястрою штогод 20 жніўня арганізавалі жалобную імшу па сьв. памяці Івану Луцкевічу, пра што паведамлялі людзей. У 1938 г. на імшы былі толькі яны дзьве, а ў 1939 г. — толькі адна Юльяна, Ляля ўжо не жыла. А пасьля пачалася вайна…
Івана Луцкевіча ўспомніў кс. Адам Станкевіч з нагоды 25-ых угодкаў Віленскай беларускай гімназіі, якія сьвяткаваліся ўрачыста ў Вільні ў 1944 г. У выдадзенай з гэтай нагоды кнізе кс. Адам Станкевіч пісаў пра Івана Луцкевіча як пра закладчыка Віленскай беларускай гімназіі: «Ідэя гэтай першай у Вільні беларускай сярэдняй школы зрадзілася ў душы аднаго з найгалаўнейшых пёнераў беларускага адраджэньня Івана Луцкевіча. Паява-ж гэтай школы ў сапраўднасьці жыцьцёвай – гэта так-жа вынік нязмернай працы і захадаў пераважна гэнага-ж Вялікага Беларуса. Стварыўшы гэты гістарычны памятнік свайму беларускаму народу – Віленскую Беларускую Гімназію, Іван Луцкевіч пражыў толькі паўгоду» (25-лецьце Беларускае Гімназіі у Вільні 1919-1944, Вілня 1944, с. 6). Далей успамінаў: «Помню, як сяньня, жалобную акадэмію у чэсьць слаўнага беларускага нябошчыка, якая была зладжана у Базыліянскіх мурох у залі гімназіі. Поўна было моладзі і старэйшага грамадзянства. Помню так-жа жалобнае набажэнства за душу яго, якое меў я гонар адпраўляць у касьцеле сьв. Яна, на якім так-жа была ўся гімназія і ўсё тагачаснае беларускае віленскае грамадзянства бяз рожніцы веравызнаньня. І на акадэміі і на набажэнстве чуўся жаль па родным Бацьку…» (с. 12). Кс. Адам Станкевіч асабіста знаў Івана Луцкевіча з 1912 ці 1923 г.: «Помню, як сяньня, – рухавага, гаворкага, сярэдняга росту, цёмна-валосага, з падаўгаватым тварам, крыху прыгорбленага, з люлькай у зубах, шчырага, аткрытага характару» (с.7).
Як пісаў кс. Адам Станкевіч, «за адну толькі гімназію ён заслужыў у беларускім народзе вечную удзячнасьць і насьмяротнае імя». Аднак 25-ых угодкаў сьмерці Івана Луцкевіча ў 1944 г. не прыйшлося адначаць. Замест упамінаньня пра яго Беларусь на доўгія гады пра яго забыла – у 1944 г. перасталі існаваць Віленская беларуская гімназія і Беларускія музей імя Івана Луцкевіча. Паколькі ў пачатку 90-ых гг. ХХ ст. удалося аднавіць беларускую сярэднюю школу ў Вільні як афіцыйную ўстанову, то музей далей астаецца расцярушаны і толькі грамадзкія ініцыятывы Людвікі Кардзіс нагадваюць пра патрэбу яго рэканструкцыі. Але ці калі-небудзь беларусы гэтага дачакаюцца?
Лена Глагоўская