
10 мая ў Беластоку адбыўся XX Краёвы з’езд дэлегатаў Беларускага грамадска-культурнага таварыства, найстарэйшай беларускай арганізацыі ў пасляваеннай Польшчы. Прынялі ўдзел 54 дэлегаты
Справаздачу з дзейнасці склаў уступаючы старшыня Галоўнага праўлення, доктар Васіль Сегень, пералічваючы дасягненні і працу беларускіх актывістаў, адзначаючы праблемы і клопаты ды старанні за чарговыя гады.
Праўда, ад горада Беластока не было – ці не традыцыйна – нікога, хто павіншаваў бы найстарэйшую беларускую арганізацыю ў «шматкультурным Беластоку» (чым так хваляцца ўлады), ці ад ваяводы, паявіўся і выступіў госць з’езду – старшыня Камісіі па справах нацыянальных меншасцяў пры Сейміку Падляшскага ваяводства Ігар Лукашук:
– 70 гадоў гісторыі – гэта тысячы выканаўцаў, сотні калектываў, мерапрыемстваў. Гэта такі падмурак, каб потым у 80-ых, 90-ых паўставалі новыя аб’яднанні, новыя плыні дзейнасці, каб беларускі рух развіваўся. І гэта вялікі ўклад БГКТ у развіццё і захаванне нашай тоеснасці.

Васіль Сегень: – Пагаварылі мы пра тое, што добрае, можа што трэба памяняць, ёсць нейкія выклікі, якія нясе жыццё, не толькі для меншасных арганізацый. Наша Таварыства ўнесла немалы ўнёсак у развіццё нашай беларускай культуры ў Польшчы, культуры нашага рэгіёна і Польшчы. Дакладаемся да сучаснага пошуку ўласнага голасу, памяці і ідэнтычнасці ў грамадстве.
Падчас з’езду дэлегаты падвялі вынікі дзейнасці арганізацыі за апошнія гады, сярод якой была таксама міжнародная з беларусамі Латвіі і Літвы. Большасць дзейнасці прыходзіць у валантарыяце, пры падтрымцы польскага Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі (як усіх меншасных арганізацый у Польшчы), а таксама самаўраду Падляшскага ваяводства – сейміка. Час ад часу ўдаецца атрымаць невялікую падтрымку ад горада Беластока на гарадскія мерапрыемствы. Сярод галоўных тэмай з’езду было змяншэнне ўдзелу моладзі ў грамадскім жыцці і старэнне актыўнага складу арганізацыі. Гаварылася і пра недахоп кадраў, абмежаванае фінансаванне і цяжкасці з арганізацыяй буйных культурных падзей, пошуку новых формаў працы, якія дазволілі б утрымаць і развіць беларускую культурную прастору на Падляшшы.

На юбілейным з’ездзе дэлегаты выбралі новыя кіруючыя органы Таварыства. У выніку галасавання быў абраны новы склад Праўлення, у які ўвайшоў 21 чалавек. Старшынём Беларускага грамадска-культурнага таварыства на чарговую чатырохгадовую кадэнцыю дэлегаты пераабралі Васіля Сегеня. Намесніцай старшыні абрана Данута Тымашэвіч, а сакратаром ГП БГКТ – Радаслаў Дамброўскі. (лук)
Фота Міры Лукшы











