Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Дзённік рэдактара

Gра падзеі на Падляшшы і сучасныя выклікі

Пачатак кастрычніка

Выйшаў новы нумар Часопіса і адразу меў я прыемныя тэлефанаванні ад чытачоў з падзякай за цікавы змест. Адбыў дзве доўгія гутаркі, спярша па-польску, пасля па-беларуску. „Tak trzymać!” – заклікаў чытач з Бельска, які быў пад уражаннем нашай паслядоўнасці ў ацэнцы падзей ў беларускім жыцці на Падляшшы. Дзякаваў, што мы ёсць і безупынна заступаемся за істотныя для тоеснасці нашай меншасці справы, клапоцімся пра лёс нацыі. Асабліва ў выпадку балючай гістарычнай памяці, не дазваляючы на спробы польскіх нацыяналістаў фальшаваць дзейнасць „выклятых жаўнераў” у дачыненні да мірнага насялення беларускіх вёсак. Чытач сказаў, што наш штомесячнік яму цікавы таксама таму, бо наогул дае вобраз багатага ўсё-такі беларускага жыцця ў Польшчы.

Чарговае тэлефанаванне меў я – ужо па-беларуску – з Нарвы. Чытач прасіў, каб з ім скантактаваўся аўтар артыкула пра смерць бацюшкі Пятра Паплаўскага. Паколькі ў кастрычніцкім нумары была надрукавана трэцяя і заадно апошняя частка гэтага падрабязнага журналісцкага даследавання Аркадзія Панасюка, нашага супрацоўніка з Гайнаўкі, падказаў ён, што ў Нарве жыве яшчэ мужчына, які ведае пра пэўныя акалічнасці, якія могуць унесці нешта новае да вобразу і не выясненых дагэтуль прычын тадышняй трагедыі з васьмідзясятых гадоў мінулага стагоддзя. Я вядома перадаў хутка Арку нумар тэлефона са спадзяваннем, што дапіша ён эпілог.

А мне ў скрупулёзным апісанні міліцыйна-пракурорскага расследавання справы а. Паплаўскага не хапіла больш дакладнага расказу пра арганізацыю пахавання. Паводле маіх звестак была вернікам у Беластоку пададзена іншая гадзіна развітання са святаром. Калі прыйшлі яны ў сабор, аказалася, што паніхіду ўжо адслужылі і труну павезлі ў Нарву. Гэта быццам было зроблена спецыяльна, каб пазбегчы шуму сярод праваслаўных, як гэта нядаўна было ў каталікоў пасля жудаснага забойства капелана Салідарнасці – ксяндза Папялушкі. Магчыма ў архівах ІНП захаваўся нейкі след пра тое, на чый загад трэба было так а не інакш арганізаваць паховіны а. Паплаўскага, у якога самагубства не паверылі ні сям’я, ні многія іншыя.

Патэлефанавала яшчэ Валя Швед, якая трымае кантакт з праф. Тэрэсай Занеўскай з Варшавы. Сказала, што купіла некалькі экземпляраў кастрычніцкага Часопіса і шукае, каб яшчэ дакупіць, але не ведае дзе. Аказваецца, пасылае яна апошнія нумары сям’і праф. Тэлесфора Позняка з часткамі артыкула „A serce zostało w Trepałowie”, які пра знакамітага славіста з Уроцлава напісала праф. Занеўская. Я прапанаваў, што мы самі як рэдакцыя гэтым зоймемся, калі ёсць такая патрэба, бо нашто яшчэ хтосьці іншы мае выдаткоўваць свае грошы. – Але, спадар рэдактар, гэта не праблема, – сказала пані Валя, перадаючы заадно падзяку і задавальненне артыкулам сям’і прафесара з Уроцлава. А пры нагодзе паінфармавала мяне, што на пачатку лістапада у Падляшскай кніжніцы ў рамках „Літаратурных серадаў” пройдзе сустрэча прымеркаваная яе мужу Віктару ў гадавіну смерці (памёр 22 кастрычніка 2020 г.). Вядома, я мушу там быць. Віктар Швед надта прыгожа сваёй творчасцю і жыццём запісаўся ў гісторыі нас беларусаў на Падляшшы. А быў яшчэ і пастаянным чытачом і сябрам Часопіса.

4 кастрычніка

Некалькі гадзін не працаваў Фейсбук. Гэтай аварыі я нават не заўважыў, даведаўся толькі на другі дзень, калі ўзнік шум у інтэрнэце. Многія карыстальнікі Фейсбука, у тым ліку мае знаёмыя, у каментарах жаліліся, што нейкі час не маглі змяшчаць допісаў ці дыскутаваць на важныя паводле іх тэмы. Але былі і такія, якія адумаліся, што замест гэтага знайшлі час на… размовы з жонкай і дзецьмі.

Сапраўды вымушаны тэхнічнай аварыяй перапынак дзейнічання Фейсбука паказаў, наколькі людзі ад яго сталі проста залежныя, як заўладаў ён іхнім стылем штодзённага жыцця. Але папраўдзе стаў і злодзеем часу, нават большым ужо чымсьці тэлевізар! Бо тыя каментары і дыскусіі ў Фейсбуку пераважна нічога не мяняюць, а толькі адводзяць ад сям’і і сяброў у рэальнасці, не дазваляюць заняцца сваімі карыснымі справамі.

Але Фейсбук, ці наогул інтэрнэт, дае ўсё-такі магчымасць лепш арыентавацца ў тым, што адбываецца навокал, а нават у свеце, паглыбляць веды, інтэлектуальна развівацца. Трэба толькі ўмець гэтым карыстацца, каб з інфармацыйна-пляткарскага шуму вылавіць тое, што сапраўды важнае і цікавае.

Я ўжо даўно заўважыў, што ў Фейсбуку няма месца на нейкія інтэлектуальныя разважанні. Таму не здзіўляе, што наша там старонка Часопіса не карыстаецца надта вялікай папулярнасцю. Аўдыторыю абмяжоўвае не так тэматыка, як яе ў большасці беларускі запіс, недаступны не толькі для палякаў, але і, на жаль, для многіх беларусаў. Але важнае, што прынамсі мае яна часам ажно тысячы высвятленняў, дзякуючы чаму людзі хаця ведаюць пра нашае існаванне і сайт, на які іх накіроўвае Фейсбук. Каб у Часопісе больш было зместу польскамоўнага, пэўна крыху больш мелі б мы і чытачоў. Але тады сталася б гэта запярэчаннем істоты выдання. Адыход ад сваёй мовы гэта яе ігнараванне. Такі ход быў бы гістарычна невыбачальным. А ў нашым выпадку пісаць (і чытаць) па-беларуску дазваляе яшчэ і самарэалізавацца, узбагачаць сваю душу, маральнасць, унутраную эстэтыку. Бо мы – усё-такі – эліта. Прызнаюся, я сам даволі позна гэта зразумеў, але з поўнай свядомасцю ў Часопісе стараюся цяпер пісаць як мага больш па-беларуску, добра ведаючы, што гэтыя мае тэксты прачытаюць мабыць толькі адзінкі. Але нягледзячы на тое мае гэта каласальнае значэнне не толькі для мяне, але і ў шырэйшым аспекце.

6 кастрычніка

Сёння даведаўся, што ў маім Востраве былі бежанцы, якім удалося перасекчы беларуска-польскую мяжу. Схаваліся ў старэнькай драўлянай хаце, пабудаванай яшчэ ў ХIХ стагоддзі, у якой даўно ўжо ніхто не жыве, а апусцелы панадворак парослы цяпер кустамі і буякамі па пахі. Адчынілі дзверы, разбіваючы замок з прыбітай цвікамі зашчэпкай. Падобна, было іх шэсць асоб. Хтосьці паведаміў памежнікаў, якія іх забралі і кудысьці павезлі, пэўна, назад на мяжу. Тая хатка стаіць на пачатку вёскі, некалькі наступных дамоў таксама апусцелыя. Мабыць бежанцаў прыкмеціў хтосьці праязджаючы вуліцай. Пасля іх у хаце і на панадворку засталіся пустыя банкі з-пад кансерваў, пластмасавая бутэлька ад напою, слоік з рэшткай недаедзенай квашанай капусты і паперка ад упакоўкі новых шкарпэтак. Этыекты, якім я ўважліва прыгледзеўся, паказваюць, што імігранты пакупкі зрабілі ў краме ў Крынках. Толькі напой быў нетутэйшы, куплены, відаць, яшчэ ў Беларусі. Цікава, як рэагавалі прадаўшчыцы ў крынскай краме, калі пабачылі такіх пакупнікоў. А можа хтосьці ім дапамог зрабіць пакупкі…

12 кастрычніка

Урэшце пабачыў я бежанцаў на свае вочы. З мосту на рацэ Супрасль зрабіў здымак чатыром цемнаскурым людзям, якіх на берагу ракі пільнавала ўжо машына паліцыі. Відаць, халоднай ноччу прадзіраліся яны праз Кнышынскую пушчу. Ад мяжы прайшлі больш за сорак кіламетраў, праз балоты Слоі і Сакалды. Супраслі ўжо пераадолець не змаглі.

Які іх далейшы лёс? – падумалася мне. Калі папросяць прытулку ў Польшчы, трапяць у асяродкі для чужаземцаў. А калі не, бо вядома, што іх мэтай Нямеччына або Францыя, перакінуць іх назад за мяжу. Такая менавіта ёсць працэдура. Але чаму яны так упіраюцца, каб не спыніцца ў Польшчы, але пагаджаюцца ізноў на катаргу на мяжы? Вядома, што ў Нямеччыне бежанцы маюць гарантаваныя намнога лепшыя матэрыяльныя ўмовы, але дабрацца туды, аказваецца, ім вельмі цяжка. Тым не менш ізноў рызыкуюць сваім здароўем, а нават жыццём, спрабуючы перасячы мяжу ў чарговы раз.

Гэты жах трывае ўжо некалькі месяцаў і канца яму не відаць. Імігрантам пакуль не страшны нават холад, а хутка пачнуцца маразы.

Аднак можна заўважыць, што стаўленне да бежанцаў з боку палякаў як і нас беларусаў усё-такі крыху памянялася. Летам, як толькі ўспыхнула гэтая бяда, меў я шмат размоў на гэтую тэму з рознымі асобамі. Тады большасць маіх суразмоўцаў адназначна падтрымлівала дзеянні польскіх уладаў, каб усімі мэтадамі спыніць хвалю бежанцаў з Блізкага ўсходу і Афрыкі. Відаць гэта было таксама па каментарах у Інтэрнэце. У інфармацыйнай прасторы ствараўся тады вобраз адзічэлых ісламістаў, гультаёў, якія шукаюць лёгкага жыцця, таксама небяспечных тэрарыстаў, якія намераны падарваць Еўропу. З часам аднак такое жорсткае стаўленне памякчэла. Многія пабачылі – у асноўным дзякуючы Фейсбуку – што гэта пераважна нармальныя людзі, якія ўцякаюць ад бяды, а то і смерці, у сваіх краінах. Сярод іх шмат адукаваных, якія ведаюць замежныя мовы і так як мы свабодна паслугоўваюцца мабільнай сувяззю ці інтэрнэтам. Тады ў Польшчы ў многіх сэрцах, асабліва жанчын, зрадзіліся літасць і спачуванне, а ў след звычайная дапамога гэтым няшчасным людзям, насуперак дзеянням улады, якая ўсё ўзмацняе жорсткія метады супраць імігрантаў. Уведзеная ўздоўж мяжы зона надзвычайнага становішча блакіруе аднак большую гуманітарную дапамогу гэтым людзям.

На жаль, увага грамадства накіравана цяпер перад усім на праявы ўсяго гэтага няшчасця, на цярпенне людзей. Пра прычыны мала ўжо хто гаворыць. Але рашыць праблему магчыма толькі прымушаючы Аляксандра Лукашэнку, каб спыніў хвалю імігрантаў, а не помсціў Польшчы і Еўропе за санкцыі, пасылаючы тысячы людзей на загароджаную калючым дротам мяжу. Трэба пэўна падобных уступак, як раней у выпадку Турцыі ці Грэцыі. Бо нават самы вышэйшы плот тут не дапаможа, а толькі на доўга раздзеліць Беларусь ад Захаду, а нас, беларусаў у Польшчы, ад нацыянальнай радзімы.

15 кастрычніка

Патэлефанаваў Міхал У. з Варшавы. Ён журналіст адной з цэнтральных газет, а родам з-пад Беластока. Мяне ведае яшчэ з часоў трыялогаў у Лапічах, на якіх пастаянна бываў. Цяпер патэлефанаваў, каб расказаць яму пра адносіны да імігрантаў жыхароў з зоны надзвычайнага становішча і нас – польскіх беларусаў. Міхал задумаў напісаць пра гэта большы артыкул. Асабліва цікавіла яго Міхалова, пра якое апошнім часам зрабілася надта гучна ў сувязі з асаблівым стаўленнем бурмістра горада да праблемы імігрантаў на мяжы.

Паколькі я ў свой час некалькі гадоў працаваў у міхалоўскім магістраце, Міхал спадзяваўся дапамогі з майго боку, каб лепш разабрацца, як на самой справе выглядае рэальная дапамога самаўраду і жыхароў гэтай гміны імігрантам.

Сапраўды, гледзячы на тое з боку, перад усім праз Інтэрнэт, больш дакладна бачу і разбіраюся, пра што насамрэч разыходзіцца вось бурмістру Марку Назарку. Бо не толькі пра дапамогу бежанцам, паколькі, на жаль, яны сюды пэўна нават не заходзяць, хаця быццам дзве асобы там былі.

У гутарцы з Міхалам, якая цягнулася амаль гадзіну часу, я падрабязна распавёў пра нібыта гуманітарную акцыю ў Міхалове і яе сапраўдныя вынікі.

Усё пачалося, калі ў свет паплылі сумныя абразкі дзяцей чужаземцаў, якіх памежнікі прывезлі за агароджу міхалоўскай стражніцы, а затым перавезлі іх зноў на мяжу. Неўзабаве адбылася сесія рады горада, на якую быў запрошаны намеснік камандуючага пагранічнай службы ў Міхалове, каб прадставіць інфармацыю аб актуальнай сітуацыі і дзеяннях на польска-беларускай мяжы. У дыскусіі бурмістр Марэк Назарка запрапанаваў дапамогу з боку самаўраду. Радныя, якія сядзелі пры стале, на якім сімвалічна пакладзены быў калючы дрот, згадзіліся, каб у мясцовым пажарным дэпо стварыць пункт дапамогі патрабуючым, дзе ўцекачы змогуць абагрэцца, знайсці цёплую ежу і часовы прытулак. – Надыходзіць вось зіма,– заўважыў бурмістр, – ужо мерзнуць людзі, мерзнуць дзеці! Ці маем чакаць, што будзем знаходзіць нябожчыкаў?

Інфармацыя пра стварэнне ў Міхалове пункту дапамогі патрабуючым імігрантам маланкавая разышлася па ўсёй краіне. Пачалі прыходзіць пачкі з цёплай вопраткай, кансервамі, пледамі. Прыватныя асобы і некаторыя польскія самаўрады сталі пералічаць грошы на банкаўскі рахунак міхалоўскіх пажарнікаў, якім самаўрад даручыў абслугу пункту. Яны таксама паразвешвалі ў навакольных вёсках інфармацыю на некалькіх мовах з просьбай, каб патрабуючыя туды кіраваліся. Рэзультат аднак пакуль нулявы. Змерзлыя і стомленыя імігранты, якім удаецца перасекчы мяжу, не рызыкуюць ісці ў Міхалова, каб абагрэцца. Ведаюць, што тады пападуць у рукі памежнікаў, якія адвязуць іх назад на мяжу.

Ці не ведае гэтага бурмістр Назарка? Ведае. Але яму разыходзіцца яшчэ пра іншае. Выкарыстоўвае нагоду, каб сабе і гміне рабіць проста рэкламу, паказваць які ён добры і зычлівы людзям, уражлівы на крыўду і пакуты іншых. А Міхалова – такое цудоўнае месца.

Марэк Назарка ад пачатку двухтысячных гадоў, калі пачаў кіраваць гмінай, заўсёды меў такія схільнасці. Падымаў розныя ініцыятывы, часта нетыповыя для іншых самаўрадаў, каб толькі Міхалова як найчасцей успаміналася ў медыях. Гэта на яго думку спосаб на прамоцыю гміны і яе ажыццяўленне, каб людзі сюды прыязджалі і сяліліся. І каб паяўляліся інвестары. Але гэта стратэгія пакуль амаль не спрацавала.

Нягледзячы на асабістыя амбіцыі, Марэк Назарка цяпер можа аднак прычыніцца да супрацьдзеяння вакол гуманітарнага міграцыйнага крызісу. Выступіў вось з ініцыятывай, каб іншыя самаўрады далучыліся да такой як у Міхалове дапамогі бежанцам. Хаця перад усім у такі спосаб хоча размеркаваць пачкі з дапамогай, якія няспынна шлюць людзі з усяе Польшчы і не хапае ўжо для іх месца ў пажарным дэпо. Шкада толькі, што не ўключаюцца ў гэта афіцыйныя ўрадавыя структуры. Можна мець уражанне, што дзеянні ў Міхалове не надта падабаюцца польскім уладам. На старонцы гміны ў Фейсбуку бурмістр пажаліўся, што „незалежна ад вялікага націску медыяў і пазаўрадавых арганізацый, сітуацыя на мяжы і падыход улады не мяняюцца”.

Мае знаёмыя з Міхалоўскай гміны, з якімі трымаю кантакт, расказалі мне, што мясцовыя жыхары збянтэжаныя ўзніклай сітуацыяй. Яны, вядома, занепакоены міграцыйным крызісам, але „піяр” Назаркі не надта ім падабаецца. Бачаць у гэтым яго спробу адвярнуць увагу грамадства ад іншых праблем у гміне. Таксама асабістых клопатаў бурмістра, паколькі мае ён заведзеныя дзве пракурорскія справы ў следстве па няправільнасцях у самаўрадзе, якое цягнецца ўжо чацвёрты год.

Пакуль не прыносіць рэзультатаў і іншая шумная ініцыятыва Назаркі. У міхалоўскі ліцэй з разрэкламаваным на ўсю Польшчу класам дыска-пола ў гэтым годзе паступіў толькі няпоўны дзясятак вучняў.

22 кастрычніка

У Гарадку на прэзентацыі кніжкі з размовай з Лёнікам Тарасэвічам. Паехаў я туды, хаця дзень раней такая сустрэча адбылася ў Беластоку. Спадзяваўся, што ў Гарадку будзе аднак цікавей. І не памыліўся. Прыемна яшчэ і было сустрэць гарадоцкіх сяброў і супрацоўнікаў дому культуры, дзе шэсць гадоў быў я дырэктарам.

Пра кніжку „Не апускаю рук” з размовай з мастаком з Валілаў, якую зрабіла сімпатычная журналістка і гісторык мастацтва Малгажата Чыньская, жыхарка Кракава, я пачуў яшчэ летам. Тады выдавецтва «Чарнэ», якое яе рыхтавала, звярнулася да мяне з просьбай, каб удакладніць подпіс пад нейкім здымкам. Пасля, калі кніжка ўжо выйшла, пачытаў я фрагменты, якія з’явіліся ў Інтэрнэце. Зразумеў, што для мяне гэтая кніжка не надта інтрыгуючая, паколькі большасць з расказаў у ёй Лёніка я ад яго пачуў раней, калі на працягу дваццаці гадоў мы часта сустракаліся. Спярша рыхтуючы «Гарадоцкія навіны», а пасля ў Віле Сакратас у Крынках.

Калі ўвайшоў у прыгожы будынак дому культуры, адразу ўзніклі прыемныя ўспаміны дзесяцігадовай ўжо даўнасці. Калі стаў я там дырэктарам, на пачатку прыйшлося кіраваць не толькі мясцовай культурай, але і наглядаць за капітальным рамонтам будынку, які праходзіў амаль два гады. Помню, я заангажаваўся ў гэта ад усёй душы. Разам з працаўнікамі і калектывамі („Расспяваным Гарадком”, „Асеннім лістом”, „Капэлай Хутар”, залуцкай „Калінай”…) мы не толькі ўважліва сачылі, каб не дапусціць памылак і „фушэркі”, але і настойліва дамагаліся мадыфікацый. Падрыхтаваны раней тэхнічны праект на жаль меў шмат хібаў. Запомнілася лазенка з туалетам, якая ў дакументацыі была прадбачана як адна для мужчын і жанчын. Я як інжынер па адукацыі падказаў, у які спосаб зрабіць дзве асобныя. Такога тыпу паправак было шмат, але ў рэзультаце атрымалі мы ў карыстанне сапраўды камфортны будынак. Толькі што пусты – без мэблі і тэхнічнага абсталявання. На гэта ў бюджэце гміны не хапіла ўжо грошай. Прыйшлося шукаць іх самому. Напісаў я некалькі праектаў, каб атрымаць на абсталяванне грошы з еўрапейскіх фондаў. І ўдалося. У доме культуры з’явіліся і новая мэбля, і сучасная эстрадная тэхніка, камп’ютары да працы, а нават новыя музычныя інструменты і касцюмы для калектываў.

Зноў з прыемнасцю сеў я ў крэсла ў глядзельнай зале, хаця калісь маё месца перад усім было на сцэне, як вядучага шматлікія імпрэзы. Цяпер слухаў, што скажа Лёнік і аўтарка інтэрв’ю. Размову вёў Коля Ваўранюк. Спачатку быў ён у клопаце, бо як беларускаму журналісту тут прыйшлося яму гутарыць па-польску. І не толькі таму, што беларускай мовы не ведала спадарыня Чыньская. Але на канец сустрэча зрабілася больш свойскай і беларуская мова ўсё-такі яшчэ крыху прагучала.

Праф. Лявон Тарасэвіч, Малгажата Чыньска і рэд. Мікола Ваўранюк падчас размовы вакол кніжкі „Не апускаю рук” у Гмінным цэнтры культуры ў Гарадку Фота Радаслава Кулешы (ГЦК у Гарадку)
Праф. Лявон Тарасэвіч, Малгажата Чыньска і рэд. Мікола Ваўранюк падчас размовы вакол кніжкі „Не апускаю рук” у Гмінным цэнтры культуры ў Гарадку
Фота Радаслава Кулешы (ГЦК у Гарадку)

На працягу двух гадзін Лёнік расказаў пра ўсё сваё жыццё, шмат дадаўшы да таго, што сказаў у кніжцы. Я даведаўся няшмат новага, але іншыя слухалі яго з большым зацікаўленнем. Гэта зразумелае. Аднак з гутаркі вылавіў я крыху надта цэльных заўваг майго сябры. Хаця б тое, што на мастака не вывучышся, мастаком становішся. Гэта, памятаю, заўважыў калісь і Сакрат Яновіч, адрозніваючы рамяство ад мастацтва, журналістыку ад літаратуры. Ніякая, нават найбольш прэстыжная школа, як варшаўская Акадэмія мастацтваў, якую закончыў і ў якой працуе цяпер праф. Тарасэвіч, не зробіць з кагосьці мастака, калі ён не мае мастацкай душы. Без гэтага можа вывучыцца на дэкаратара, але мастаком не стане. Гэта можна прыкласці і да іншых творчых прафесій, што даўно зразумеў і я як рэдактар, журналіст, аўтар тэкстаў.

Лёнік з нескрыванай удзячнасцю прызнаўся, што не стаў бы ён мастаком, каб не зямля, дзе вырас і надалей жыве, хаця пераважна ёсць у Варшаве і іншых гарадах. Кожнага мастака і яго творчасці немагчыма зразумець, не ведаючы яго дзяцінства, скуль ён вырас і як жыве. Малгажата Чыньска сказала, што калі ехала вось цягніком у Беласток, мільгаючыя пейзажы за вакном напаміналі ёй творчасць Тарасэвіча. Так як і каляровыя вяргіні ля Вілы Сакрата у Крынках, ці аздобныя куры ў Валілах.

Пачуўшы тое я ўспомніў адну з выставак Лёніка з пачатку двухтысячных гадоў, хіба ў Варшаве, з аранжавай мяшалкай, з якой звісаў размаляваны ў паскі застылы бетон. Тады якраз будаваў я дом у Беластоку і Лёнік часта да мяне заязджаў. На панадворку доўга стаяла ў мяне бетонная мяшалка, якая стала і мастацкай інспірацыяй.

Лёнік у размове, так як і ў кніжцы, часта спасылаўся на сваю беларускую дзейнасць. Сказаў, што ў гэтай дзялянцы не ўсё атрымалася так як хацеў. Жыццё зверыфікавала гэтыя планы і амбіцыі. Тлумачыў, што трэба чакаць чацвёртае (раней казаў – трэцяе) пакаленне, якое нанова падыме на Беласточчыне беларускую справу. На жаль, усё яшчэ яго не відаць. У зале моладзі не было, а пераважна пакаленне пяцьдзясят плюс…

„Nie opuszczam rąk” – кніжка безумоўна надта важная для нас беларусаў, але і палякам, якім усведамляе, колькі яны трацяць не прывязваючы адпаведнай увагі да культур іншых грамадзян, якія могуць ўзбагачаць як Тарасэвіч польскую культуру. Я толькі спадзяваўся, што размова з мастаком будзе напісана больш па мастацку. Атрымалася звычайная гутарка, хаця пра незвычайныя справы.

Юрка Хмялеўскі

Галоўны рэдактар

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (456) – У 1568 г. пачала дзейнасьць заблудаўская друкарня ў маёнтку Рыгора Хадкевіча, у якой друкаваліся кірылічныя кнігі, між іншым „Евангельле вучыцельнае” (1569) і „Псалтыр з Часасловам” (1570).
  • (208) – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры ў 1884 г.), паэт, драматург, публіцыст. Быў сябрам У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў на беларускай і польскай мовах. Запачаткаваў беларускія пераклады творчасьці А. Міцкевіча, між іншым пераклаў „Конрада Валенрода”.
  • (137) – 4.11.1887 г. у Капылі, Слуцкага павету нар. Зьміцер Жылуновіч (літаратурны псэўданім Цішка Гартны, замучаны савецкай бясьпекай 11.04.1937 г.), пісьменьнік, выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч. Пісаць пачаў у 1908 г. у „Нашай Ніве”.
  • (109) – у лістападзе 1915 г. у выніку стараньняў беларускіх нацыянальных дзеячаў (падчас нямецкай акупацыі) пачалі адкрывацца на Віленшчыне першыя беларускія школы.
  • (95) – 4.11.1929 г. у в. Таргуны каля Докшыц нар. Сяргей Карніловіч, выпускнік Гімназіі імя Янкі Купалы ў Віндышбэргэрдорфе (Нямеччына). З 1949 г. жыў у эміграцыі ў Кліўленд (ЗША). Адзін з самых актыўных арганізатараў беларускага грамадзка-рэлігійнага жыцьця ў гэтым горадзе, між іншым

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis