Potym Jurczeniu na UB dapytwali jaszcze czatery razy. Na kaniec pry prysustwi prakuratara. Jurczenia szczacielno raskazwaŭ, jak zaŭdawaŭ Niemcam ludziej, jakich pośle rasstralali. Nadto nie piareczyŭ toża, kali pytali jaho, ci heto praŭda, szto świedczyli ludzi. Na kaniec 15 stycznia 1953 r. pryznaŭso da winy,…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ
Posłuchavšy v radivi 13 hrudnia 1981 promovu generała Jaruzelśkoho razy dva-try, my z Gienikom R. i Janom G. vyryšyli, što nam u Varšavi nema sensu zmahatisie ni za socijalizm, ni proti socijalizmu, i postanovili evakuovatisie na Biłostôčynu. Zreštoju, šče pered południom toho samoho dnia administracija domów studenta ohołosiła zarządzenie, što studenty povinny pokinuti akademiki i jiêchati dochaty.
ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ
Жыве ў Гародні вельмі цікавы і таленавіты чалавек, кандыдат культуралогіі, навуковец, публіцыст, празаік, парадыст Янка Трацяк. Ён друкаваўся ў „Пагоні”, „ЛіМе”, „Ніве”, „Полымі”, „Arche”, зборніку „Колькі ў небе зор” (Смаргоншчына літаратурная, 2009 г.). Аўтар навуковай манаграфіі „Беларускае каталіцкае духавенства ля вытокаў сацыякультурнай ідэнтыфікацыі” (2013), зборніка „Партрэты ў інтэр’еры Гародні: пародыі, эпіграмы” (2013), заходне-беларускага рамана-хронікі „Саветы” (2015), навучальна-метадычных дапаможнікаў „Біблія ў кантэксце беларускай культуры” (2003), „Уводзіны ў турызм” (2011), „Культурны турызм” (2014). Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, галоўны рэдактар часопіса Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў „Новы Замак”. Працуе ў Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, дацэнт. Пра гісторыю, літаратуру, педагогіку, культуралогію і пра ўсё іншае сёння з Янкам Трацяком гутарыць наш карэспандэнт.
Спадар Янка, Вы шмат гадоў адпрацавалі ў Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Што сёння найбольш прыгадваецца з тых гадоў ва ўніверсітэце?
– 34 гады разам з вучобай – гэта большая палова жыцця. Найбольш цікавы перыяд – гэта „ліхія” 1990-я. У 1991 годзе мяне запрасілі на толькі што створаныя факультэт беларускай філалогіі і культуры (дэкан Ігар Жук) і кафедру беларускай культуры (загадчык Аляксей Пяткевіч). Кім толькі не прыходзілася быць: навуковым супрацоўнікам, лабарантам, загадчыкам лабараторыі, аспірантам, і ў 1995 годзе нарэшце выкладчыкам. У 1997 годзе скончыў аспірантуру (завочна) і абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму „Культурна-асветніцкая дзейнасць беларускіх каталіцкіх святароў пачатку ХХ ст. – 1939 г.”. Зарплаты той ледзь-ледзь хапала, каб толькі не памерці з голаду, але мы жылі ідэямі, энтузіязмам, асабліва ў першую палову 1990-х гадоў.
Спадар Янка, Вы шмат гадоў адпрацавалі ў Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Што сёння найбольш прыгадваецца з тых гадоў ва ўніверсітэце?
– 34 гады разам з вучобай – гэта большая палова жыцця. Найбольш цікавы перыяд – гэта „ліхія” 1990-я. У 1991 годзе мяне запрасілі на толькі што створаныя факультэт беларускай філалогіі і культуры (дэкан Ігар Жук) і кафедру беларускай культуры (загадчык Аляксей Пяткевіч). Кім толькі не прыходзілася быць: навуковым супрацоўнікам, лабарантам, загадчыкам лабараторыі, аспірантам, і ў 1995 годзе нарэшце выкладчыкам. У 1997 годзе скончыў аспірантуру (завочна) і абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму „Культурна-асветніцкая дзейнасць беларускіх каталіцкіх святароў пачатку ХХ ст. – 1939 г.”. Зарплаты той ледзь-ледзь хапала, каб толькі не памерці з голаду, але мы жылі ідэямі, энтузіязмам, асабліва ў першую палову 1990-х гадоў.
Калі найцікавей было там працаваць і з кім?
– Цікава працаваць тады, калі працуеш з аднадумцамі, і калі бачыш плён сваёй працы А на кафедры працавалі на той час вельмі цікавыя і таленавітыя людзі: Аляксей Пяткевіч, Сяргей Габрусевіч, Юрась Пацюпа, Генадзь Семянчук, Эдзік Мазько, Сяргей Токць, Сяргей Піваварчык і іншыя. Пастаянныя навуковыя абмеркаванні, дыспуты і нават спрэчкі на кафедры вакол пытанняў беларускай гісторыі, культуры, мовы – проста заварожвалі. Існавала такая творчая, здаровая атмасфера. Чыталі мы на ўсіх факультэтах такія прадметы як „Гісторыя беларускай культуры”, „Беларуская культура ў еўрапейскім кантэксце” і „Уводзіны ў беларусазнаўства”. Зараз такія дысцыпліны ва ўніверсітэце не выкладаюцца. Ужо ў 1993 годзе вырашылі перакінуць нашу кафедру („бацылу нацыяналізму” паводле слоў рэктара А. В. Бадакова) на гістарычны факультэт, рэарганізаваны ў факультэт гісторыі і культуры. Вядома, што ў 1991 года на гістарычны факультэт збегла шмат каго з партыйнага кіраўніцтва вобласці, з кафедры гісторыі КПСС – працаваць там было няёмка. Пасля прэзідэнцкіх выбараў (1994) першае, што было зроблена – гэта ліквідацыя факультэта беларускай філалогіі. Ці мог існаваць такі факультэт, на якім не толькі выключна ўсе студэнты і выкладчыкі, але нават і тэхнічныя работнікі размаўлялі на беларускай мове?..
Пасля кафедру беларускай культуры перакінулі ў „аб’яднанне кафедр сацыяльна-гуманітарных дысцыплін”, пасля яе перайменавалі ў кафедру беларускай культуры і рэгіянальнага турызму, пасля ў кафедру турызму і культурнай спадчыны. Але гэта ўжо зусім іншая кафедра – ад таго першага складу засталіся толькі тры выкладчыкі. Не гучыць на кафедры беларуская мова і амаль што ўсе прадметы чытаюцца выкладчыкамі на рускай мове (за выключэннем аднаго-двух, у тым ліку і мяне), і не пачуеш навуковых дыспутаў, і няма тут таго творчага духу… як няма яго ва універсітэце сёння ўвогуле. Ад гэтага вельмі сумна.
Можа, Вы проста пастарэлі?
– Не бачу я энтузіязму і ў вачах маладых. Але мова і адукацыя па-беларуску са старасцю і з чым-небудзь іншым не звязаны. Проста, усё лепшае знішчаецца.
Ведаем Вас як літаратара і даследчыка Заходняй Беларусі. Але, на маю думку, найцудоўнейшай Вашай кнігай з’яўляецца манаграфія „Беларускае каталіцкае духавенства ля вытокаў сацыякультурнай ідэнтыфікацыі” (Гродна, 2013). Раскажыце пра гэта выданне. І як падобная манаграфія стваралася?
– Па-першае, хацелася не проста расказаць пра такі феномен як беларускае каталіцкае духавенства (нават артыкула ў беларускіх энцыклапедыях няма пад такім назовам, а разам з тым – гэта ўнікальная і масавая з’ява першай паловы ХХ стагоддзя) – хацелася паказаць вытокі фармавання іх нацыянальнай свядомасці, раскрыць фактары, якія ўплывалі пры выбару нацыянальнай прыналежнасці – гэта вельмі важны момант, асабліва для духоўных асобаў. І ў першую чаргу – гэта біблейскі фактар: як у Новым, так і Старым Запаветах вітаецца права на існаванне кожнага этнасу, кожнага народу, нацыі, вітаецца кожная мова і патрыятызм і адмаўляць гэта іншым народам – значыць, супярэчыць Волі Божай, Божаму Замыслу, Божаму Промыслу… Паводле біблейскіх тэкстаў выцякае выснова, што кожны народ павінен ісці сваім шляхам да Бога і мець на гэтым шляху сваіх пастыраў і павадыроў… Толькі вось гістарычна склалася так, што ў гэтым праве сталі адмаўляць беларусам як католікам, так і праваслаўным. А па-другое, тое, што ва ўніяцкіх і каталіцкіх асяродках гэта сталі разумець ужо ў пачатку ХІХ стагоддзя тлумачыцца кантэкстам фармавання нацыянальных адметнасцей беларускай культуры і яе прыналежнасці да агульнаеўрапейскіх ідэй асветніцтва і гуманізму… І гэта толькі адзін з фактараў, які аргументуецца ў манаграфіі.
Я лічу, што гэтае выданне заслугоўвае самых сур’ёзных прэмій і яго трэба перавыдаваць у лепшай паліграфічнай якасці і са здымкамі.
– Да мяне асабіста звярнуліся больш дзесяці каталіцкіх святароў з жаданнем набыць гэтую манаграфію – ёсць попыт і кніга была б запатрабаванай. Цікава было б пачытаць яе і праваслаўным святарам, бо гутарка тут ідзе не столькі пра каталіцкае духавенства, колькі пра ўмовы, крытэрыі, фактары тэалагічныя, канфесійныя, гістарычныя, культурныя, палітычныя, дзяржаўныя, нацыянальныя, сацыяльныя… Прыводзіцца, я не пабаюся сказаць, глыбокі культуралагічны і філасофскі аналіз таго, чаму ў гэтым на сто адсоткаў „спольшчаным” каталіцкім духавенстве раптам больш двухсот святароў заяўляюць пра сябе, што яны не палякі і хочуць навучаць людзей у зразумелай для іх мове (беларускай)… Такога не было ў асяродку праваслаўных святароў. Чаму?.. А што да перавыдання, дык я б з задавальненнем пагадзіўся б, калі б толькі былі прапановы ад выдавецтваў, можа, ад духоўных уладаў, ад свецкіх па справах рэлігій і веравызнанняў. Перакананы, што гэта манаграфія шмат каму дапамагла б зразумець сваю нацыянальную ідэю.
Наогул, пра ўсіх тых каталікоў-беларусаў можна пісаць цэлыя манаграфіі і даследчыя працы, а таксама іх выдаваць асобнымі кнігамі. На жаль, справа ў гэтым накірунку рухаецца слаба.
– Справа рухаецца слаба з усім, што мае нейкія адносіны да фармавання нацыянальнай канцэпцыі беларускай гісторыі, культуры, веры і мовы: нацыянальнай памяці і годнасці, нацыянальнага гонару і нацыянальных сімвалаў і атрыбутыкі… Адзін навуковец з Магілёва на адной канферэнцыі заявіў, што „нам сейчас не нужно формировать белоруский этнос в нацию – нам достаточно белорусского этноса”. І гэта па сутнасці – дзяржаўная праграма, у чым няцяжка пераканацца, калі адсочваць адносіны дзяржавы да гэтых праблемаў. Улады вельмі слаба маскіруюць той факт, што такія праграмы праводзіцца звычайна ў калоніях альбо на акупаваных тэрыторыях. Уявіце, што можа быць, калі 200 праваслаўных святароў сёння загавораць у царкве на беларускай мове… А гэта магло б быць пацвярджэннем і таго, што я не маю рацыі наконт акупаванай тэрыторыі. А што да тэмы беларускага каталіцкага духавенства, дык тут варта сказаць, што падрыхтавана да друку мая чарговая манаграфія „Беларускае каталіцкае духавенства ў сацыякультурным працэсе першай паловы ХХ стагоддзя. Ч. 1: Арганізацыя беларускага душпастырства ва ўмовах канфесійна-нацыянальнай палітыкі 1913–1939 гадоў.
Гэта вельмі цікава. І будзем чакаць выдання. Ведаю, што Вы таксама даследуеце турыстыку Беларусі. Што скажаце на гэты конт?
– На гэты конт мне менш за ўсё хацелася б гаварыць. Чаму? У мяне базавая адукацыя філалагічная, кандыдацкая па культуралогіі, асабіста распрацоўваў і некалькі гадоў чытаў такія курсы студэнтам як „Біблія ў кантэксце беларускай культуры”, „Канфесійны рух у Беларусі”, „Рэлігія ў сістэме беларускай культуры”, „Ментальнасць беларусаў”, „Тапанімія Беларусі”… Курс „Беларуская культура ў еўрапейскім кантэксце” я пашырыў да індаеўрапейскага кантэксту (цікавымі былі факты, да прыкладу: этымалогія слова сябар паводле індыйскіх санскрыптаў сабар – той, хто дапамагае, альбо слова блага – боства ва ўсходніх народаў, якое прыносіла бяду, і г. д.). І ўсе гэтыя курсы былі ліквідаваны ў сістэме вучэбнага плану Гарадзенскага ўніверсітэта… Вось тады і прыйшлося ўзяцца за турыстыку, каб застацца ва ўніверсітэце. Практычна з нуля распрацоўваў такія курсы як „Уводзіны ў турызм”, „Культурна-пазнавальны турызм”, „Агратурызм і экатурызм”, „Рэкрэацыйны і бальнеалагічны турызм”. Выдаў падручнік „Культурны турызм” (Гродна, 2014), метадычныя рэкамендацыі па „Уводзінах у турызм”… Але ўсё гэта не маё…
А калі ўвогуле гаварыць сёння пра беларускі турызм як сістэму?..
– Дык тут варта адзначыць некалькі момантаў: 1) турызм – перспектыўны кірунак бізнесу пры ўмове змены адмоўнага іміджу краіны ў вачах сусветнай супольнасці; 2) прываблівая і гарантаваная дзяржаўная інвестыцыйная палітыка; 3) адмена віз і змены ў фармальнасцях мытна-памежных патрабаванняў; 4) дзяржаўная падтрымка ў развіцці нацыянальных брэндаў, адметнасцей і ўнікальнасцей беларускіх форм і кампанентаў – тое, што адрознівае краіну ад суседаў (беларуская кухня, фальклор, галерэя помнікаў нацыянальных герояў, нацыянальны каларыт і г. д.)… Замежныя турысты дзівяцца з таго, што апрача метро за тры-чатыры дні знаходжання ў Мінску, яны так і не пачулі беларускай мовы і не ўбачылі аніводнага надпісу па-беларуску… А ў тых гарадах, дзе няма метро, увогуле складваецца ўражанне, што гэта Расія…
А цяпер зноў вернемся да творчасці і кніг. Яшчэ ніяк не прачытаю Ваш заходне-беларускі раман „Саветы”. Чаму Вас зацікавіла гэта тэма?
– Тэма прыходу саветаў у 1939 годзе на сённяшні дзень, як, дарэчы, і 1863 год, з’яўляюцца закрытай тэмай – гэтыя тэмы не даследуюцца навуковымі ўстановамі, не пішуцца дысертацыі і кнігі – толькі некалькі прыватных ініцыятываў, якія з’віліся ў апошні час, і не адной літаратурна-мастацкай інтэрпрэтацыі. А падзеі настолькі трагічныя для нашага краю, для народаў, якія тут пражывалі, што, здавалася, павінна былі прыцягнуць дзесяткі даследчыкаў і пісьменнікаў… Але ніхто не хацеў рызыкаваць.
Асабіста мне не давалі супакою супярэчнасці вакол верасня 1939 года з дзяцінства: афіцыйна гаварылі пра вызваленне і аб’яднанне, а ў народзе бытавала свая версія ў форме вершаваных радкоў, якія мы дзяцьмі завучвалі на памяць: „Жылі-былі тры бандыты: Ленін, Сталін і Мікіта. Адзін рэзаў, другі – біў, ну а трэці ўсіх саліў”. Шмат чаго цікавага пра тыя падзеі пачуў я і ад старэйшых людзей. А ў працэсе працы над раманам далучыліся яшчэ і архіўныя матэрыялы і мемуарная літаратура. Мне заставалася толькі зрабіць літаратурную апрацоўку тэкстаў – так і атрымаўся раман-хроніка.
Пад Вашай рэдакцыяй выйшлі з друку ўжо два, як я не памыляюся, штогоднікі Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў „Новы замак”. Апошні выпуск даволі павялічаны па аб’ёме і па колькасці аўтараў. Вельмі цікавы альманах. Як працуецца з ім Вам, як рэдактару і аўтару публікацый на яго старонках?
Янка Трацяк (крайні злева) з пісьменнікамі Гародні
– Інакш – маё разуменне канцэпцыі альманаху. Так, хацелася б, каб альманах быў шматжанравым і разнастайным па змесце. Я не прыхільнік такой прыгладжанай „прылізанай” літаратуры, дзе творы падбіраюцца быццам па тэорыі бесканфліктнасці, альбо „хаця каб чаго не выйшла”. У такіх рамках літаратура не творыцца. Будуць тэксты, але ў іх не будзе ні паэзіі, ні прозы… А, папраўдзе, сустракаюцца ў тоўстых часопісах і такія творы, дзе ўсё складна, прыгожа і эстэтычна, але твор ні пра што. Калі пачынаюцца абмеркаванні, каго друкаваць а каго не толькі таму, што ён камусьці не падабаецца, рушыцца канцэпцыя альманаха. Патрэбна і літаратурнае хуліганства, і „скандальныя” творы; галоўны крытэрый – мастацкі ўзровень і абавязкова пра нешта. На тое ён і літаратурны альманах. У перспектыве рана ці позна альманах павінен альбо самаакупляцца, альбо ён проста спыніць сваё існаванне. Як аўтар друкаваўся ў альманаху і як паэт, і як празаік, і як байкапісец, і як парадыст…
Зборнік пародый і эпіграм ад Янкі Трацяка
– Сама апошняя пародыя – гэта пародыя на нейкага Янку Трацяка. Яна гучыць так.
Грэшнік
Воля ж Яго – толькі ў небе –
Тут, на зямлі, не да Бога…
Думкаю, словам, учынам,
Хто з нас не грэшны, не грэшны…
Божа, даруй нам правіны!
Божа, даруй, хоць бы рэшту!.
Янка Трацяк
Думай сябе я суцешыў:
Воля Яго ж – толькі ў небе –
Цела сваё смела цешыў,
Іншых спакусаў не грэбаў.
Шмат ёсць у свеце суцехі –
Людзі ж – такая прырода:
Грэх свой – усім на пацеху,
Верш свой,
– дык верш для народа.
Свету я зведаў прычыны,
Каюся – грэшны я, грэшны.
Божа, даруй грэх з жанчынай!
Божа, даруй – пісаў вершы!
Над чым цяпер працуе грэшнік Янка Трацяк з Гародні?
– Шмат зараз звалілася звычайнай рэдактарскай працы. Пры альманаху „Новы Замак” задумалі зрабіць сваю бібліятэчку. Вось выдалі агульнымі намаганнямі, дзякуючы і пісьменніцы Святлане Абдулаевай з Наваградку, і табе, Сяргей, зборнік вершаў рэпрэсіраванага паэта Самсона Пярловіча. Зараз працуем над новым праектам. Але не гэта для мяне галоўнае – галоўнае дапісаць да кропкі тое, што ўжо распачата.
– забойства язычнікамі ў 1250 г. ігумена Лаўрышаўскага манастыра, прападобнага Елісія, кананізаванага як сьвяты Беларусі. – 31.03.1785 г. у Варшаве памёр Антоні Тызэнгаўз (нар. у 1733 г. у Новаельні на Гродзеншчыне), палітычны і грамадзкі дзеяч ВКЛ, асьветнік, з 1765 г. …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ
Календарыюм / Kalendarium
Сёньня
(161) – 22.03.1864 г. быў павешаны ў Вільні Кастусь Каліноўскі.
(104) – 22.03.1921 г. у Вільні выйшаў першы нумар газэты „Беларускі Звон”, якога выдаўцом ды рэдактарам быў Францішак Аляхновіч. Газэта выдавалася да 24.02.1923 г.