Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Галоўнае, каб дапісаць тое, што распачата…

Янка Трацяк
Янка Трацяк

Жыве ў Гародні вельмі цікавы і таленавіты чалавек, кандыдат культуралогіі, навуковец, публіцыст, празаік, парадыст Янка Трацяк. Ён друкаваўся ў „Пагоні”, „ЛіМе”, „Ніве”, „Полымі”, „Arche”, зборніку „Колькі ў небе зор” (Смаргоншчына літаратурная, 2009 г.). Аўтар навуковай манаграфіі „Беларускае каталіцкае духавенства ля вытокаў сацыякультурнай ідэнтыфікацыі” (2013), зборніка „Партрэты ў інтэр’еры Гародні: пародыі, эпіграмы” (2013), заходне-беларускага рамана-хронікі „Саветы” (2015), навучальна-метадычных дапаможнікаў „Біблія ў кантэксце беларускай культуры” (2003), „Уводзіны ў турызм” (2011), „Культурны турызм” (2014). Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, галоўны рэдактар часопіса Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў  „Новы Замак”. Працуе ў Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы,  дацэнт. Пра гісторыю, літаратуру, педагогіку, культуралогію і пра ўсё іншае сёння з Янкам Трацяком гутарыць наш карэспандэнт.

Спадар Янка, Вы шмат гадоў адпрацавалі ў Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі  Купалы. Што сёння найбольш прыгадваецца з тых гадоў ва ўніверсітэце?

– 34 гады разам з вучобай – гэта большая палова жыцця.  Найбольш цікавы перыяд – гэта „ліхія” 1990-я. У 1991 годзе мяне запрасілі на толькі што створаныя факультэт беларускай філалогіі і культуры (дэкан Ігар Жук) і кафедру беларускай культуры (загадчык Аляксей Пяткевіч). Кім толькі не прыходзілася быць: навуковым супрацоўнікам, лабарантам, загадчыкам лабараторыі, аспірантам, і ў 1995 годзе нарэшце выкладчыкам. У 1997 годзе скончыў аспірантуру (завочна) і абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму „Культурна-асветніцкая дзейнасць беларускіх каталіцкіх святароў пачатку ХХ ст. – 1939 г.”. Зарплаты той ледзь-ледзь хапала, каб толькі не памерці з голаду, але мы жылі ідэямі, энтузіязмам, асабліва ў першую палову 1990-х гадоў.

Спадар Янка, Вы шмат гадоў адпрацавалі ў Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі  Купалы. Што сёння найбольш прыгадваецца з тых гадоў ва ўніверсітэце?

– 34 гады разам з вучобай – гэта большая палова жыцця.  Найбольш цікавы перыяд – гэта „ліхія” 1990-я. У 1991 годзе мяне запрасілі на толькі што створаныя факультэт беларускай філалогіі і культуры (дэкан Ігар Жук) і кафедру беларускай культуры (загадчык Аляксей Пяткевіч). Кім толькі не прыходзілася быць: навуковым супрацоўнікам, лабарантам, загадчыкам лабараторыі, аспірантам, і ў 1995 годзе нарэшце выкладчыкам. У 1997 годзе скончыў аспірантуру (завочна) і абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму „Культурна-асветніцкая дзейнасць беларускіх каталіцкіх святароў пачатку ХХ ст. – 1939 г.”. Зарплаты той ледзь-ледзь хапала, каб толькі не памерці з голаду, але мы жылі ідэямі, энтузіязмам, асабліва ў першую палову 1990-х гадоў.

Калі найцікавей было там працаваць і з кім?

– Цікава працаваць тады, калі працуеш з аднадумцамі, і калі бачыш плён сваёй працы А на кафедры працавалі на той час вельмі цікавыя і таленавітыя людзі: Аляксей Пяткевіч, Сяргей Габрусевіч, Юрась Пацюпа, Генадзь Семянчук, Эдзік Мазько, Сяргей Токць, Сяргей Піваварчык і іншыя.  Пастаянныя навуковыя абмеркаванні, дыспуты і нават спрэчкі на кафедры вакол пытанняў беларускай гісторыі, культуры, мовы – проста заварожвалі. Існавала такая творчая, здаровая атмасфера. Чыталі мы на ўсіх факультэтах такія прадметы як „Гісторыя беларускай культуры”,  „Беларуская культура ў еўрапейскім кантэксце” і „Уводзіны ў беларусазнаўства”. Зараз такія дысцыпліны ва ўніверсітэце не выкладаюцца. Ужо ў 1993 годзе вырашылі перакінуць нашу кафедру („бацылу нацыяналізму” паводле слоў рэктара А. В. Бадакова) на гістарычны факультэт, рэарганізаваны ў факультэт гісторыі і культуры. Вядома, што ў 1991 года на гістарычны факультэт збегла шмат каго з партыйнага кіраўніцтва вобласці, з кафедры гісторыі КПСС – працаваць там было няёмка. Пасля прэзідэнцкіх выбараў (1994) першае, што было зроблена – гэта ліквідацыя факультэта беларускай філалогіі. Ці мог існаваць такі факультэт, на якім не толькі выключна ўсе студэнты і выкладчыкі, але нават і тэхнічныя работнікі размаўлялі на беларускай мове?..

Пасля кафедру беларускай культуры перакінулі ў „аб’яднанне кафедр сацыяльна-гуманітарных дысцыплін”, пасля яе перайменавалі ў кафедру беларускай культуры і рэгіянальнага турызму, пасля ў кафедру турызму і культурнай спадчыны. Але гэта ўжо зусім іншая кафедра –  ад таго першага складу засталіся толькі тры выкладчыкі. Не гучыць на кафедры беларуская мова і амаль што ўсе прадметы чытаюцца выкладчыкамі на рускай мове (за выключэннем аднаго-двух, у тым ліку і мяне), і не пачуеш навуковых дыспутаў, і няма тут таго творчага духу… як няма яго ва універсітэце сёння ўвогуле. Ад гэтага вельмі сумна.

Можа, Вы проста пастарэлі?

– Не бачу я энтузіязму і ў вачах маладых. Але мова і адукацыя па-беларуску са старасцю і з чым-небудзь іншым не звязаны. Проста, усё лепшае знішчаецца.

Ведаем Вас як літаратара і даследчыка Заходняй Беларусі. Але, на маю думку, найцудоўнейшай Вашай кнігай з’яўляецца манаграфія  „Беларускае каталіцкае духавенства ля вытокаў сацыякультурнай ідэнтыфікацыі” (Гродна, 2013). Раскажыце пра гэта выданне. І як падобная манаграфія стваралася?

– Па-першае, хацелася не проста расказаць пра такі феномен як беларускае каталіцкае духавенства (нават артыкула ў беларускіх энцыклапедыях няма пад такім назовам, а разам з тым – гэта ўнікальная і масавая з’ява першай паловы ХХ стагоддзя) – хацелася паказаць вытокі фармавання іх нацыянальнай свядомасці, раскрыць фактары, якія ўплывалі пры выбару нацыянальнай прыналежнасці – гэта вельмі важны момант, асабліва для духоўных асобаў. І ў першую чаргу – гэта біблейскі фактар: як у Новым, так і Старым Запаветах вітаецца права на існаванне кожнага этнасу, кожнага народу, нацыі, вітаецца кожная мова і патрыятызм і адмаўляць гэта іншым народам – значыць, супярэчыць Волі Божай, Божаму Замыслу, Божаму Промыслу… Паводле біблейскіх тэкстаў выцякае выснова, што кожны народ павінен ісці сваім шляхам да Бога і мець на гэтым шляху сваіх пастыраў і павадыроў…  Толькі вось гістарычна склалася так, што ў  гэтым праве сталі адмаўляць беларусам як католікам, так і праваслаўным. А па-другое, тое, што ва ўніяцкіх і каталіцкіх асяродках гэта сталі разумець ужо ў пачатку ХІХ стагоддзя тлумачыцца кантэкстам фармавання нацыянальных адметнасцей беларускай культуры і яе прыналежнасці да агульнаеўрапейскіх ідэй асветніцтва і гуманізму… І гэта толькі адзін з фактараў, які аргументуецца ў манаграфіі.

Я лічу, што гэтае выданне заслугоўвае самых сур’ёзных прэмій і яго трэба перавыдаваць у лепшай паліграфічнай якасці і са здымкамі.

– Да мяне асабіста звярнуліся больш дзесяці каталіцкіх святароў з жаданнем набыць гэтую манаграфію – ёсць попыт і кніга была б   запатрабаванай. Цікава было б пачытаць яе  і праваслаўным святарам, бо гутарка тут ідзе не столькі пра каталіцкае духавенства, колькі пра ўмовы, крытэрыі, фактары тэалагічныя, канфесійныя, гістарычныя, культурныя, палітычныя, дзяржаўныя, нацыянальныя, сацыяльныя… Прыводзіцца, я не пабаюся сказаць, глыбокі культуралагічны і філасофскі аналіз таго, чаму ў гэтым на сто адсоткаў „спольшчаным” каталіцкім духавенстве раптам больш двухсот святароў заяўляюць пра сябе, што яны не палякі і хочуць навучаць людзей у зразумелай для іх мове (беларускай)… Такога не было ў асяродку праваслаўных святароў. Чаму?.. А што да перавыдання, дык я б з задавальненнем пагадзіўся б, калі б толькі былі прапановы ад выдавецтваў, можа, ад духоўных уладаў, ад свецкіх па справах рэлігій і веравызнанняў. Перакананы, што гэта манаграфія шмат каму дапамагла б зразумець сваю нацыянальную ідэю.

Наогул, пра ўсіх тых каталікоў-беларусаў можна пісаць цэлыя манаграфіі і даследчыя працы, а таксама іх выдаваць асобнымі кнігамі. На жаль, справа ў гэтым накірунку рухаецца слаба.

– Справа рухаецца слаба з усім, што мае нейкія адносіны да фармавання нацыянальнай канцэпцыі беларускай гісторыі, культуры, веры і мовы:  нацыянальнай памяці і годнасці, нацыянальнага гонару і нацыянальных сімвалаў і атрыбутыкі… Адзін навуковец з Магілёва на адной канферэнцыі заявіў, што „нам сейчас не нужно формировать белоруский этнос в нацию – нам достаточно белорусского этноса”. І гэта па сутнасці – дзяржаўная праграма, у чым няцяжка пераканацца, калі адсочваць адносіны дзяржавы да гэтых праблемаў. Улады вельмі слаба маскіруюць той факт, што такія праграмы праводзіцца звычайна ў калоніях альбо на акупаваных тэрыторыях. Уявіце, што можа быць, калі 200 праваслаўных святароў сёння загавораць у царкве на беларускай мове… А гэта магло б быць пацвярджэннем і таго, што я не маю рацыі наконт акупаванай тэрыторыі. А што да тэмы беларускага каталіцкага духавенства, дык тут варта сказаць, што падрыхтавана да друку мая чарговая манаграфія „Беларускае каталіцкае духавенства ў сацыякультурным працэсе першай паловы ХХ  стагоддзя. Ч. 1: Арганізацыя беларускага душпастырства ва ўмовах канфесійна-нацыянальнай палітыкі 1913–1939 гадоў.

Гэта вельмі цікава. І будзем чакаць выдання. Ведаю, што Вы таксама даследуеце турыстыку Беларусі. Што скажаце на гэты конт?

– На гэты конт мне менш за ўсё хацелася б гаварыць. Чаму? У мяне базавая адукацыя філалагічная, кандыдацкая па культуралогіі, асабіста распрацоўваў і некалькі гадоў чытаў такія курсы студэнтам як „Біблія ў кантэксце беларускай культуры”, „Канфесійны рух у Беларусі”, „Рэлігія ў сістэме беларускай культуры”, „Ментальнасць беларусаў”, „Тапанімія Беларусі”… Курс  „Беларуская культура ў еўрапейскім кантэксце” я пашырыў да індаеўрапейскага кантэксту (цікавымі былі факты, да прыкладу: этымалогія слова сябар паводле індыйскіх санскрыптаў сабар – той, хто дапамагае, альбо слова блага – боства ва ўсходніх народаў, якое прыносіла бяду, і г. д.). І ўсе гэтыя курсы былі ліквідаваны ў сістэме вучэбнага плану Гарадзенскага ўніверсітэта… Вось тады і прыйшлося ўзяцца за турыстыку, каб застацца ва ўніверсітэце. Практычна з нуля распрацоўваў такія курсы як „Уводзіны ў турызм”, „Культурна-пазнавальны турызм”, „Агратурызм і экатурызм”, „Рэкрэацыйны і бальнеалагічны турызм”. Выдаў падручнік „Культурны турызм” (Гродна, 2014), метадычныя рэкамендацыі па „Уводзінах у турызм”… Але ўсё гэта не маё…

А калі ўвогуле гаварыць сёння пра беларускі турызм як сістэму?..

– Дык тут варта адзначыць некалькі момантаў: 1) турызм – перспектыўны кірунак бізнесу пры ўмове змены адмоўнага іміджу краіны ў вачах сусветнай супольнасці; 2) прываблівая і гарантаваная дзяржаўная інвестыцыйная палітыка; 3) адмена віз і змены ў фармальнасцях мытна-памежных патрабаванняў; 4) дзяржаўная падтрымка ў развіцці нацыянальных брэндаў, адметнасцей і ўнікальнасцей беларускіх форм і кампанентаў – тое, што  адрознівае краіну ад суседаў (беларуская кухня, фальклор, галерэя помнікаў нацыянальных герояў, нацыянальны каларыт і г. д.)… Замежныя турысты дзівяцца з таго, што апрача метро за тры-чатыры дні  знаходжання ў Мінску, яны так і не пачулі беларускай мовы і не ўбачылі аніводнага надпісу па-беларуску… А ў тых гарадах, дзе няма метро, увогуле  складваецца ўражанне, што гэта Расія…

А цяпер зноў вернемся да творчасці і кніг. Яшчэ ніяк не прачытаю Ваш заходне-беларускі раман „Саветы”. Чаму Вас зацікавіла гэта тэма?

– Тэма прыходу саветаў у 1939 годзе на сённяшні дзень, як, дарэчы, і 1863 год, з’яўляюцца закрытай тэмай – гэтыя тэмы не даследуюцца навуковымі ўстановамі, не пішуцца дысертацыі і кнігі – толькі некалькі прыватных ініцыятываў, якія з’віліся ў апошні час, і не адной літаратурна-мастацкай  інтэрпрэтацыі. А падзеі настолькі трагічныя для нашага краю, для народаў, якія тут пражывалі, што, здавалася, павінна былі прыцягнуць дзесяткі  даследчыкаў і пісьменнікаў… Але ніхто не хацеў рызыкаваць.

Асабіста мне не давалі супакою супярэчнасці вакол верасня 1939 года з дзяцінства: афіцыйна гаварылі пра вызваленне і аб’яднанне, а ў народзе бытавала свая версія ў форме вершаваных радкоў, якія мы дзяцьмі завучвалі на памяць: „Жылі-былі тры бандыты: Ленін, Сталін і Мікіта. Адзін рэзаў, другі – біў, ну а трэці ўсіх саліў”. Шмат чаго цікавага пра тыя падзеі пачуў я і ад старэйшых людзей. А ў працэсе працы над раманам далучыліся яшчэ і архіўныя матэрыялы і мемуарная літаратура. Мне заставалася толькі зрабіць літаратурную апрацоўку тэкстаў – так і атрымаўся раман-хроніка.

Пад Вашай рэдакцыяй выйшлі з друку ўжо два, як я не памыляюся, штогоднікі Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў „Новы замак”. Апошні выпуск даволі павялічаны па аб’ёме і па колькасці аўтараў. Вельмі цікавы альманах. Як працуецца з ім Вам, як рэдактару і аўтару публікацый на яго старонках?

Янка Трацяк (крайні злева) з пісьменнікамі Гародні
Янка Трацяк (крайні злева) з пісьменнікамі Гародні

– Інакш – маё разуменне канцэпцыі альманаху. Так, хацелася б, каб альманах быў шматжанравым і разнастайным па змесце. Я не прыхільнік такой прыгладжанай „прылізанай” літаратуры, дзе творы падбіраюцца быццам па тэорыі бесканфліктнасці, альбо „хаця каб чаго не выйшла”.  У такіх рамках літаратура не творыцца. Будуць  тэксты, але ў іх не будзе ні паэзіі, ні прозы… А, папраўдзе, сустракаюцца ў тоўстых часопісах і такія творы, дзе ўсё складна,  прыгожа і эстэтычна, але твор ні пра што. Калі пачынаюцца абмеркаванні, каго друкаваць а каго не толькі таму, што ён камусьці не падабаецца, рушыцца канцэпцыя альманаха. Патрэбна і літаратурнае хуліганства, і „скандальныя” творы; галоўны крытэрый – мастацкі ўзровень і абавязкова пра нешта. На тое ён і літаратурны альманах. У перспектыве рана ці позна альманах павінен альбо самаакупляцца, альбо ён проста спыніць сваё існаванне. Як аўтар друкаваўся ў альманаху і як паэт, і як празаік, і як байкапісец, і як парадыст…

 

Зборнік пародый і эпіграм ад Янкі Трацяка
Зборнік пародый і эпіграм ад Янкі Трацяка

– Сама апошняя пародыя – гэта пародыя на нейкага Янку Трацяка. Яна гучыць так.

 

Грэшнік

Воля ж Яго – толькі ў небе –

Тут, на зямлі, не да Бога…

Думкаю, словам, учынам,

Хто з нас не грэшны, не грэшны…

Божа, даруй нам правіны!

Божа, даруй, хоць бы рэшту!.

Янка Трацяк

 

Думай сябе я суцешыў:

Воля Яго ж – толькі ў небе –

Цела сваё смела цешыў,

Іншых спакусаў не грэбаў.

Шмат ёсць у свеце суцехі –

Людзі ж – такая прырода:

Грэх свой – усім на пацеху,

Верш свой,

                     – дык верш для народа.

Свету я зведаў прычыны,

Каюся – грэшны я, грэшны.

Божа, даруй грэх з жанчынай!

Божа, даруй – пісаў вершы!

 

Над чым цяпер працуе грэшнік Янка Трацяк з Гародні?

– Шмат зараз звалілася звычайнай рэдактарскай працы. Пры альманаху „Новы Замак” задумалі зрабіць сваю бібліятэчку. Вось выдалі агульнымі намаганнямі, дзякуючы і пісьменніцы Святлане Абдулаевай з Наваградку, і табе, Сяргей, зборнік вершаў рэпрэсіраванага паэта Самсона Пярловіча. Зараз працуем над новым праектам. Але не гэта для мяне галоўнае – галоўнае дапісаць да кропкі тое, што ўжо распачата.

Гутарыў

Сяргей Чыгрын

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (461) – У берасьцейскай друкарні у 1563 г. была надрукавана Біблія – адно з самых поўных і лепшых тагачасных выданьняў, вядомая як „Радзівілаўская Біблія”.
  • (142) – 3.11.1882 г. у Акінчыцах нар. Якуб Колас (сапр. Канстанцін Міцкевіч, пам. 13.08.1956 г. у Мeнску), пісьменьнік, грамадзкі дзеяч, адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры. Друкавацца пачаў у 1906 г. у газэце „Наша Доля”, паэмы „Новая зямля” (1923), „Сымон-музыка” (1925), „Суд у лесе” (1943), „Адплата” (1946), „Рыбакова хата” (1947), аповесьці, п’есы, каля дваццаці зборнікаў вершаў, апавяданьняў, нарысаў ды іншых.
  • (114) – выданьне у 1910 г. першага зборніка вершаў Якуба Коласа „Песьні жальбы”.
  • (87) – 3.11.1937 г. расстраляны саветамі Максім Бурсевіч (нар. 9.08.1890 г. у Чамярах каля Слоніма), нацыянальны дзеяч, сакратар БСР Грамады.
  • (87) – 3.11.1937 г. расстраляны саветамі Павал Валошын (нар. 10.07.1891 г. у Гаркавічах Сакольскага павету), дзеяч БСР Грамады, дэпутат Сойма (1923-1928).

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis