Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (1)

    U viosaczcy Trejgli niedaloka Krynak za sanacji żyli bahatyja haspadare Jurczeni, jakija mieli 23 ha ziamli. „Bahatyroŭ” u czerwcu 1941 r. enkavudzisty vyvieźli na Sibir (viarnulisa ŭ 1946 r.). Z hetaj pryczyny pośle pajszła ŭ vioscy i vakolicy nizhoda. Syn „kułakoŭ” Edzik za sanacji byŭ…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    11. Jabłyka i pomarančy

    Knižki i filmy podôbny do jabłyk i pomarančuv. Odny i druhi naležat do ovocuv, ale smakujut preč po-raznomu. (Steven King) To było tohdy, jak ja brontavsie hołodny po Krystijaniji, siêtum divovidnum miêsti, kotoroho čołoviêk ne pokine, poka vono ne nakłade na joho svojoji pôznaki… Siêty… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Дзённік рэдактара

3 верасня 2023 г.

Мая школа ў Востраве (фота з 2009 г.). Цяпер там ёсць невялікі гатэлік і будынак выглядае крыху інакш Фота Януша Корбеля
Мая школа ў Востраве (фота з 2009 г.). Цяпер там ёсць невялікі гатэлік і будынак выглядае крыху інакш
Фота Януша Корбеля

Пачаўся новы навучальны год. Даволі дрэнна склалася сітуацыя вакол беларускага школьніцтва на Падляшшы. У Бельскім і Гайнаўскім белліцэях ужо год часу непрыхільныя беларускасці людзі намагаюцца адмяніць статут гэтых школаў, каб не было ў іх абавязку навучання беларускай мовы. Гэта абазначае, што страцяць яны цяперашні характар, надта важны для фарміравання няпольскай нацыянальнай тоеснасці вучняў. 

На жаль тыя бацькі, якія настойваюць вызваліць сваіх дзяцей ад вывучання беларускай мовы, літаратуры і традыцыі, знайшлі падтрымку польскага ўраду. Нягледзячы на грамадскі супраціў – не толькі з боку самой меншасці – Падляшская кураторыя асветы вырашыла памяняць характар ліцэяў зверху. Чуючы пра тое яшчэ ў мінулым навучальным годзе частка вучняў Бельскага белліцэя выпісалася з урокаў беларускай мовы. У Гайнаўцы яшчэ змагаюцца, каб да гэтага не дапусціць. Настаўнікі і большасць бацькоў там катэгарычна супраць такіх змен.

Праз год аднаму і другому ліцэю будзе 80 гадоў. Гэта сярэднія школы з вялікай традыцыяй, якія маюць высокі ўзровень навучання. Навошта тады мяняць штосьці, што добра працуе?

Аказваецца справа не ў гэтым. Так, на жаль, цісне на нас асіміляцыя і паланізацыя. У дадзеным выпадку выразна з дазволам дзяржавы, якая ж абавязана еўрапейскімі законамі берагчы нацыянальныя меншасці. Будзе тады абсурдным і смешным, калі ў ліцэях у Бельску і Гайнаўцы – з акцэнтаванай цяпер дадатковай беларускай мовай навучання – такі прадмет стане маргінальным.

Прыпамінаецца мне дзяцінства. У пачатковую школу пайшоў я 1 верасня 1970 г. Неўзабаве здарылася якраз тое, што цяпер адбываецца з белліцэямі. Польшча тады ўзяла курс на аднанацыянальную дзяржаву. 22 лютага 1971 г. Міністэрства адукацыі выдала загад аб добраахвотнасці навучання беларускай мовы. З гэтай пары бацькам трэба было штогод складаць пісьмовыя заявы аб жаданні вучыць іх дзяцей беларускай мове. Крыху памятаю той закалот і непаразуменне ў нашым Востраве ды суседніх вёсках. Настаўнікі параздавалі вучням картачкі, каб занеслі іх бацькам. Але напісанае там пытанне тычылася не так прадмету беларускай мовы, колькі нацыянальнай ідэнтычнасці. „Жывeм у Польшчы, значыць мы – палякі” – пагаворвалі несвядомыя мужыкі. Гэтак жа і адказвалі. Прытым настаўнікі, большасць якіх былі беларусамі, да таго тутэйшымі родам з навакольных вёсак, людзям нічога нават не тлумачылі. Не было ў гэтай справе ніякіх сходаў ці сустрэч. На гэтую тэму з імі ніхто нават не гаварыў.

У рэзультаце ў нашай школе прадмет беларускай мовы ліквідавалі. Так, што я не паспеў на гэтыя ўрокі пахадзіць хаця б адзін годзік. Цалкам вывелі тады навучанне беларускай мовы са школаў у гмінах Крынкі, Гарадок, Міхалова, Кузніца і Шудзялава. Засталося яно – хаця не ўсюды – на Бельшчыне і Гайнаўшчыне. Там пэўна бацькі адказвалі на інакш пастаўленае пытанне або проста толькі падпісваліся пад згодай пасылаць сваіх дзяцей на ўрокі беларускай мовы.

Так як цяпер, тады таксама ў справу ангажаваўся арганізацыйны рух нашай меншасці, які прадстаўляла манапольнае Беларускае грамадска-культурнае таварыства. Яго падыход да асветніцкай праблемы быў аднак іншы. Ніхто не пратэставаў так як гэта адбываецца цяпер з закалотам вакол белліцэяў. Але і палітычныя абставіны былі іншыя. Тады наогул ніхто ў Польшчы не мог пратэставаць, пабойваючыся пра свой лёс. 

У прыступе камуністычнай улады кіраўніцтва БГКТ адыграла даволі няясную ролю. 28 кастрычніка 1971 г. паслала яно ліст у Міністэрства адукацыі з просьбай „zamiany szkół z językiem białoruskim na szkoły, w których język ten byłby tylko jednym z przedmiotów”. Разыходзілася толькі пра школы, у якіх фармальна дагэтуль па-беларуску вучылі яшчэ іншых прадметаў. А той ліст дзеячы БГКТ нібыта былі вымушаны паслаць з-за палітычнага ціску.

У маёй школе ў Востраве беларускай мове раней вучыў кіраўнік (перайменаваны за Герка на дырэктара) Мар’ян Філановіч. Ён быў з Шудзялава, з каталіцкай сям’і, а яго жонка – праваслаўная – з Азяранаў каля Крынак. Штогод ездзіў ён на настаўніцкія курсы ў Мінск. Вельмі любіў гэта. Вучні запамяталі яго ўлюбёную прымаўку: „У нас найбольшае свята, каб наесціся багата”. На пачатку шасцідзесятых гадоў дапамагаў ён таксама ў заснаванні ў наваколлі вясковых гурткоў БГКТ. Згадвае пра гэта Сакрат Яновіч ва ўспамінах „Не жаль пражытага”. Як штатны інструктар у той час разам з сябрам Янкам Беразаўцом начавалі аднаго разу ў Філановіча, які з сям’ёй жыў у школе. Напэўна кіраўнік размаўляў з імі па-беларуску. Аднак, калі я пайшоў у школу, ніколі такога з яго вуснаў не чуў. Хаця на перапынках усе мы вучні – праваслаўныя і каталікі – размаўлялі па-просту, то ён як і іншыя настаўнікі аказваліся да нас выключна па-польску. Дарэчы, да нашых бацькоў таксама. 

Аказваецца, ідэнтычна было на Бельшчыне, што мне крыху здзіўляе. Бо ўсё ж такі там так маланкава як у нас людзі тады яшчэ не палячыліся. Ну і навучанне беларускай мове ў іх уцалела. Я нядаўна запытаў пра гэта Яна Максімюка. Мой старэйшы крыху сябра ў шасцідзясятых гадах хадзіў у школу ў Гародчыне ў гміне Нарва.

„Акрамя дырэктаркі, якая была полькай, іншыя настаўнікі былі тутэйшыя падляшы, але на ўроках і па-за імі гаварылі з намі выключна па-польску” – сказаў Ян.

Задумаўся я, чаму якраз так. Бо не думаю, што быў такі прыказ зверху, каб настаўнікі прыватна не маглі размаўляць па-свойму з вучнямі і іх бацькамі. Урэшце зразумеў, – у іх быў нейкі псіхалагічны бар’ер. Бо школы былі ж польскія, а яны – польскія настаўнікі. Ну і мелі пэўна комплексы па поваду сваёй роднай мужыцкай мовы.

У тыя дзесяцігоддзі – да васьмідзясятых і дзевяностых гадоў – у вёсках бацькі яшчэ не гаварылі з дзецьмі па-польску. Значыць, не яны апалячвалі тыя пакаленні беларусаў на Беласточчыне. Рабіла гэта перадусім школа. Цяжка мець аднак за тое прэтэнзіі да настаўнікаў. Яны ж не мелі ў сябе няпольскай нацыянальнай свядомасці. Чамусьці да такога вываду раней ніхто ў нас не дайшоў, нават прафесары і даследчыкі, у тым ліку з Беларускага гістарычнага таварыства. Здаецца я першы гэта заўважыў.

А мая вучоба ў пачатковай школе выпала на гады росквіту сацыялістычнай Польшчы пры Герку за крэдыты замежных банкаў. У школе знялі партрэты лысаватага Леніна і барадатага Маркса, але прапаганда камунізму надалей прысутнічала. Настаўнікі рыхтавалі нас да „budowy socjalistycznej ojczyzny, aby Polska rosła w siłę, a ludzie żyli dostatniej”. У панядзелак раніцай заўсёды быў apel, а ў класах перад заняткамі трэба было на зважай спяваць гімн „Wszystko, co nasze, Polsce oddamy”.

З сацыялістычнага дабрабыту асабліва цешыўся дырэктар, партыйны дзеяч і яўны атэіст. Аднойчы перад навагодняй ёлкай ён завёў мяне і некалькіх сяброў ў канцылярыю, каб пахваліцца новым школьным набыткам – каляровым тэлевізарам. Пазней у сваім жыцці я не сустрэў больш задаволенага ўладай чалавека.

Прадмет польскай мовы мы вывучалі па падручніку „Nasz język ojczysty”, хаця нашай роднай мовай была простая – беларуская. Нягледзячы на тое, што не дадзена было мне вывучыць у школе яе літаратурны варыянт, пасля і без гэтага я ім авалодаў. 

Сёння беларускай мовай паслугоўваюся – вусна і пісьмова – лепш нават чымсьці выпускнікі белліцэяў. Вучобу пачынаў чытаючы „Ніву”, якую ў нашай вёсцы шмат хто выпісваў. У Крынках у кіёску ў сямідзясятых і васьмідзясятых гадах распрадавалі яе штотыдзень па дзвесце і больш экзэмпляраў. Цяпер цяжка ў гэта нават паверыць.

„Ніву” пачаў я свабодна чытаць, калі хадзіў яшчэ ў школу ў Востраве і сяк-так спазнаў кірыліцу на ўроках рускай мовы, ад пятага класа яны былі. Адразу заўважыў, што там пішуць на маёй мове, амаль ідэнтычнай як простая. Пасля не расставаўся з ёю ў сярэдняй школе і як студэнт. „Ніва”, помню, выходзіла ў чацвер, а пасля ў пятніцу, і яе проста чакалася.

З часам узяў я ў рукі і беларускія кніжкі. Ужо ў сярэдняй школе зачытваўся „Загонамі” Сакрата Яновіча, ад якога ўжо як рэдактар „Часопіса” сам навучыўся пісаць тэксты па-беларуску. А найбольш ад Міколы Гайдука, які рабіў гэта проста дасканала. Беларуская мова ў Беларусі па сёння менш для мяне натуральная, зашмат у ёй русізмаў і саветчыны.

Юрка Хмялеўскі

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў ліпені-жніўні

    710 – перамога дружын Давыда Гарадзенскага у 1314 г. над войскамі крыжакоў пад Наваградкам. 625 – 12 жніўня 1399 г. паражэньне войск Вялікага Княства Літоўскага на чале з князем Вітаўтам у бітве супраць войскаў Залатой Арды на рацэ Ворскла. 510 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (597) – у 1427 г. Вялікае Княства Літоўскае падпарадкавала сабе Вярхоўскія княствы (у вярхоўях ракі Ака).
  • (114) – 27.07.1910 г. у Войнаве Наваградзкага пав. памёр Уладыслаў Дыбоўскі (нарадзіўся 18.04.1838 г. у Адамарыне Вілейскага пав.), заолаг, батанік, палеантолаг, мінералог і фальклярыст. Закончыў Дэрпцкі унівэрсытэт, у якім працаваў з 1871 г., у 1878 г. пераехаў у Наваградчыну, дасьледаваў флёру і фаўну Наваградчыны, збіраў беларускі фальклёр.
  • (34) – 27.07.1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэклярацыю Аб Дзяржаўным Сувэрэнітэце БССР. Дзяржаўнае сьвята Рэспублікі Беларусь да часу прыходу да ўлады А. Лукашэнкі.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis