Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    19.Szalony kamandant z Sannikoŭ

    Pośle taho, jak letam 1944 r. Krasnaja Armia prahnała ad nas hitleraŭcaŭ, z zaniatych viosak na front brali maładych mużczyn. Tak mabilizavali miż inszym Kola K. z Sannikoŭ – apuściełaj cipier vioski pad Krynkami, pamiż Kruszynianami i Szaciłami. Jon naradziŭso ŭ 1916 r. Za polskim…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

RSS і Facebook

Дзённік рэдактара

11 сакавіка 2023 г.

Ян Сычэўскі (1937-2023) з намеснікам Васілём Сегенем падчас „Бандароўскай гасцёўні” летам 2018 г. у Бандарах  Фота Юркі Хмялеўскага
Ян Сычэўскі (1937-2023) з намеснікам Васілём Сегенем падчас „Бандароўскай гасцёўні” летам 2018 г. у Бандарах
Фота Юркі Хмялеўскага

Сёння на праваслаўных могілках у Беластоку-Дайлідах пахавалі шматгадовага старшыню БГКТ Яна Сычэўскага. У беларускім асяроддзі аб’явіўся ён даволі позна, бо ў 1991 г., калі было яму ўжо звыш 50-ці гадоў. Пачаў тады прыходзіць з братам Мікалаем на Варшаўскую 11 на сустрэчы Клуба беларускай інтэлігенцыі, пакліканага здаецца па ініцыятыве „адраджэнца-рэфарматара” Віктара Стахвюка, тадышняга сакратара БГКТ. Старшынёй арганізацыі быў Аляксандр Баршчэўскі, які жывучы і працуючы ў Варшаве, таварыствам кіраваў папраўдзе толькі фармальна. Гэта выклікала незадавальненне старых дзеячоў. У канцы 1991 г. прынялі яны Яна Сычэўскага ў склад Галоўнага праўлення і зрабілі яго намеснікам старшыні і неўзабаве старшынёй. Пазбыліся таксама Стахвюка, а новым сакратаром стала Валянціна Ласкевіч.

Ян Сычэўскі кіраваў БГКТ да 27 сакавіка 2022 г., калі на з’ездзе ўступіў месца свайму намесніку Васілю Сегеню. Тады было яму ўжо 85 гадоў.

З усіх старшынёў таварыства ён быў ім найдаўжэй. Па аб’ектыўных прычынах на працягу тых трыццаці гадоў БГКТ аднак з масавай некалі памянялася ў сціплую ўжо арганізацыю. Сычэўскаму прыйшлося кіраваць ёю пасля палітычных перамен у Польшчы як асобе прасякнутай ідэалогіяй мінулай эпохі. Нягледзячы на гэта ўвесь час быў актыўным і аддадзеным беларускай справе дзеячам. Пры тым доўга жыў у ілюзіі, працягваючы міф БГКТ як галоўнай і самай масавай беларускай арганізацыі ў Польшчы, хаця ў яе будынак на Варшаўскай 11 мала ўжо нават хто і заходзіў.

Запамяталася мне, як у 1995 г. зрабіў з ім у „Часопіс” доўгае інтэрв’ю. У такі спосаб хацеў я змякчыць напружаныя адносіны паміж БГКТ і ўсімі астатнімі арганізацыямі, пакліканымі новым маладым пакаленнем беларусаў у Польшчы. Крыху гэта ўдалося, бо пасля падзелы ў нашым асяроддзі не былі ўжо такімі варожымі і з часам сталі нават канструктыўнымі, бо кожны стаў рабіць сваё на карысць усяго асяроддзя. Калі браў я тое інтэрв’ю, мой суразмоўца чамусьці не хацеў расказаць пра сябе, безвынікова дапытваўся я таксама пра яго ранейшыя сувязі наогул з беларускасцю.

Ян Сычэўскі тады сказаў толькі, што нарадзіўся ён 26 сакавіка 1937 г. у вёсцы Стрыкі на Бельшчыне. Як выпускнік Бельскага педагагічнага ліцэя сем гадоў працаваў настаўнікам у пачатковых школах на Гайнаўшчыне. У 1967 г. скончыў гуманітарны факультэт Гданьскага ўніверсітэта з педагагічнай спецыяльнасцю. Затым працаваў інструктарам а пасля кіраўніком Дому культуры прафсаюзаў у Беластоку. З 1970 г. да выхаду на пенсію быў выкладчыкам у Беластоцкай палітэхніцы, дзе ўзначальваў кафедру новых метадаў навучання, хаця меў толькі званне магістра. Вёў заняткі для студэнтаў па псіхалогіі і сацыялогіі працы.

Аказваецца, што да беларускага руху туліўся ён яшчэ юнаком. Добра авалодаўшы беларускай літаратурнай мовай у ліцэі, дзе па-беларуску вялася яшчэ і матэматыка, і гісторыя, і мастацтва, захацеў стаць журналістам на працу ў „Ніве”, якую якраз арганізаваў Георгій Валкавыцкі. Будучы шматгадовы рэдактар тыднёвіка яго прозвішча запісаў нават у сваёй ручной нататцы, шукаючы кадраў для рэдакцыі, якая стартавала з першым нумарам у лютым 1956 г. Па нейкіх прычынах калектыў сфармаваўся без Яна.

Паўстагоддзя пазней Сычэўскі як старшыня БГКТ зрабіў грамадскую і палітычную кар’еру як дзеяч Саюза левых дэмакратаў (SLD). У 1997-2001 г.г. быў дэпутатам польскага Сейма, з 2002 па 2014 год – дэпутатам Падляшскага сейміка (да 2006 г. віцэ-маршалкам ваяводства).

На працягу тых жа 30-ці гадоў вакол старшыні БГКТ і самой арганізацым успыхалі таксама скандалы і недаразуменні. Так было ў 2001 г., калі Сычэўскі як дэпутат Сейма ў Мінску крытыкаваў перамены ў Польшчы і хваліў сітуацыю ў Рэспубліцы Беларусь. У 2006 г. у медыях загудзела, калі Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі стрымала для БГКТ фінансаванне з-за невялікай неправідловасці ў выдаткаванні субсідыі.

З Янам Сычэўскім прыйшлося мне крыху супрацоўнічаць як дырэктару Дому культуры ў Гарадку і пасля падчас працы ў магістраце ў Міхалове. Асабліва прыемна ўспамінаю арганізацыйныя сустрэчы перад фэстамі „Бандароўская гасцёўня”.

Спадар Янка ўсіх здзіўляў сваім фізічным станам, знешнім выглядам. Добра трымаўся, нягледзячы на свой пажылы ўжо ўзрост. 26 сакавіка споўнілася б яму 86 гадоў.

Вечная памяць!

Юрка Хмялеўскі

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • у верасні

    1040 – У 983 г. вялікі князь Уладзімір на чале дружын, аснову якіх складалі дрыгавіцкія і крывіцкія воі, рушыў супраць яцьвягаў. Армія перайшла па землях сёньняшняй Беласточчыны і паводле „Повести временных лет” як напісана „Въ лето 6491 иде Володимир на …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (113) – 23.09.1910 г. у Юраўшчыне каля Маладэчна нар. Юльян Сергіевіч, паэт і настаўнік (памёр 4.10.1976 г. у Ленкаўшчыне каля Маладэчна).
  • (99) – 23.09.1924 г. у Койданаве Мінскай вобласьці нар. Артур Вольскі, беларускі пісьменьнік. Вучыўся ў Віцебскім Мастацкім Вучылішчы (1938 – 1941), у час вайны служыў на Далёкім Усходзе. У 1952 г. дэмабілізаваўся. Працаваў у рэдакцыях газэт і часопісаў „Чырвоная зьмена”, „Бяроўка”, „Вясёлка”, рэдактарам у выдавецтве „Юнацтва”. Публікаваў з 1937 г., выдаў зборнікі паэзіі м. ін. „Водбліскі далёкіх маякоў” (1958), „Дабрата” (1966), „Наваселле дроў” (1990),

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Copyright © 2023 Czasopis