Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (2)

    UB-oŭcy z Sakołki, jakija pravia try let viali śledztvo, ustanavili, szto maldunak na rasstralanych „kamunistaŭ” skłali sołtys z Łapiczaŭ Ivan Charuży, sołtys z Trejglaŭ Franak Karpuk i padsołtys z hetaj vioski Edzik Jurczenia. Pad kaniec grudnia 1942 r. mielisa jany sptakacca ŭ czaćvier na bazary…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • „Ja choču byti bliźka ludiam”

    Rozhovôr Jana i Haliny Maksimjukov z poetkoju Zojoj Sačko

    Jan: Čy pomniš, koli v tebe zjavivsie impuls, kob napisati peršy viêrš? I na jakôj movi tobiê napisałosie? Zoja: O, ja dumała, što ty tak i načneš… Ja učyłaś u školi v Parcievi, de była prykładnoju učenicieju. Pan od pôlśkoji movy skazav prynesti viêršyki pud… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Дзённік рэдактара

24 снежня 2022 г.

У „Часопіс” напісаў адзінаццатую, апошнюю частку гісторыі пра „прарока” Ілью Клімовіча з суседняй з маім Востравам Грыбоўшчыны. Мог бы яе працягваць, бо засталося шмат нявыкарыстанага матэрыялу, а ўвесь час знаходжу новыя рэчы. З часам хочацца зрабіць з гэтага тоўстую кніжку. З такім менавіта намерам амаль год пісаў я штомесяц чарговыя часткі для „Часопіса”. Адразу выклікалі яны вялікі чытацкі рэзананс. Ужо недзе ў палове цыклу з’явіліся галасы, якія пацвердзілі мой намер і патрэбу, каб выдаць гэта адным томам, бо толькі ў такі спосаб магчыма ўвекавечыць мінулае. Патрэба ў гэтым яшчэ большая, паколькі нашумелая гісторыя „грыбоўскай секты” страшэнна перайначаная, мноства ў ёй міфаў і недарэчнасцяў.

Я так глыбока пранікнуў у тэму, што нават сам крыху ўражаны рэзультатамі свайго даследавання. Не думаў, што ўдасца мне знайсці аж столькі новых звестак пра Клімовіча, яго паклоннікаў і славуты Вершалін. Прыйшлося грэбціся ў архівах, шукаць верагодных інфармацый у гурбе накопленых мною кніжак, артыкулаў, запісаў і фільмаў у Інтэрнэце. Некаторыя звесткі і здагадкі атрымаў таксама ад чытачоў. Урэшце ўдалося скантактавацца з Тадэвушам Слабадзянкам, які перадаў мне ўвесь дыск сваіх матэрыялаў.

Пішучы для „Часопіса” разыходзілася мне галоўным чынам, каб храналагічна ўпарадкаваць усю гісторыю амаль векавой ужо даўнасці і скласці яе ў лагічнае цэлае. Думаю, што гэта мне ўдалося. На жаль, некаторыя прабелы засталіся. Перад усім не ўдалося мне ўстанавіць, што тварылася з Клімовічам у Грыбоўшчыне на працягу некалькі гадоў, калі судзіўся з архірэем з Гродна, каб вярнуць уласнасць сваёй слаўнай па сёння царквы. Але і так yдалося мне ўстанавіць даволі шмат невядомых дагэтуль дадзеных з яго біяграфіі. Часам ужо пасля публікацыі ў „Часопісе”, як у выпадку дакладнай даты нараджэння і хто з бацькоў быў католікам, а хто праваслаўным. Адшукаў, а было гэта надта цяжкім, адпаведныя метрыкі з царквы ў Востраве. Шчасліва захаваліся ў архіве. На такія патрэбныя запісы трапіў я выпадкова, толькі калі за другім разам пераглядаў тыя каліграфы з павелічальным шклом у руцэ. Прыдалося веданне рускай мовы, але і так да канца прачытаць тое дапамагла мне мая далёкая пляменніца з Растова над Донам.

Наўмысна толькі сігнальна апісаў я тое, што адбывалася ўдалечыні ад Грыбоўшчыны. У мяне ёсць свая тэорыя, чаму такія дзіўныя паводзіны і ўяўленні ўспыхнулі якраз у вёсках над Нарвай – Целушках, Паўлах, Рыбалах… Мне ўсё ж яшчэ трэба самому туды паехаць, каб паспрабаваць перанесці свае думкі ў тыя часы. Дамовіўся ўжо з сяброўкай Гражынай Хартанюк-Міхей з Універсітэцкай бібліятэкі ў Беластоку, якая жыве ў Целушках і ёсць солтысам вёскі, што неяк вясной правядзе мяне там па слядах ільінцаў.

Калі гаворка пра Валодзьку Паўлючука, які найбольш праславіў дзівы, якія там здарыліся, не збіраюся яго крытыкаваць. Хаця выпусціў ён у свет вар’яцкую гісторыю, пачутую ў сваіх Рыбалах і наваколлі, для мяне гэта крыху пабочная тэма. У сваю чаргу хочацца паказаць, колькі навыдумваў яшчэ Аляксей Карпюк у сваім „Вершалінскім раю”, у што паверыў нават Сакрат Яновіч і ў след за яго польскім перакладам ману падхапілі журналісты і інтэлектуалы.

Хаця наш штомесячнік нішавы, мне ўдалося з гэтай тэмай прабіцца дзякуючы яшчэ Інтэрнэту з Фейсбукам. Я ведаю, што маю серыю артыкулаў прачытала шмат людзей. Я ўпэўнены, што ўдалося мне найважнейшае – здолеў адкруціць хлуслівы і здзеклівы міф, паказаўшы высакародную мэту, да якой паслядоўна імкнуўся Клімовіч. Царкву, якую пабудаваў як апірышча праваслаўнай веры і пазнейшы наватарскі Вершалін для патрабуючых і шукаючы паратунку ў неспрыяльным свеце.

Каб напісаць кніжку, патрабую яшчэ трохі часу, можа нават год і больш. Іншая справа будзе яе выдаць і распаўсюдзіць. Не магу гэтага правароніць. Не можа быць гэта звычайная кніга, якія ў цяперашні час друкуюцца больш для амбіцыі аўтара, чымсьці з думкай пра чытача. Я мушу прабіцца з ёю да людзей. Увесь час думаю як гэта зрабіць.

А з лютага пачынаю ў „Часопісе” новы доўгі аповед у падобным стылі. На гэты раз будзе пра Сакрата Яновіча і яго прапушчаны раздзел у біяграфіі. Мэта падобная як і ў аповедзе пра „прарока” – вярнуць незвычайнай асобе належную пашану і справядлівую ацэнку.

Юрка Хмялеўскі

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • у верасні

    750 – няўдалая аблога ў 1274 г. Наваградка аб’яднанымі галіцка-валынскімі і татарскімі войскамі. 510 –  8.09.1514 г.  перамога пад Оршай (на рацэ Крапіўна) 30-тысячнай беларуска-літоўскай арміі пад кіраўніцтвам гетмана Канстанціна Астрожскага над утрая большым маскоўскім войскам. У выніку бітвы ўсходняя Беларусь была вызвалена …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (140) – 14.09.1884 г. у засьценку Вераскоўшчына Наваградзкага пав. нар. кс. Фабіян Абрантовіч, беларускі рэлігійны і грамадзкі дзеяч. Актыўна выступаў перад польскімі касьцельнымі і дзяржаўнымі ўладамі за вядзеньне багаслужбы ў касьцёлах на беларускай мове. У 1939 г. быў арыштаваны і замучаны савецкімі ўладамі (пам. у 1946 г. у Бутырскай турме ў Маскве).
  • (137) – У 1887 г. быў надрукаваны першы падручнік і слоўнік мовы эспэранта, аўтарства ўраджэнца Беластоку Людвіка Заменгофа.
  • (118) – 14.09.1906 г. у Вільні выйшаў з друку першы нумар першай легальнай беларускай газэты (тыднёвіка) „Наша Доля”. Літаратурны дэбют Якуба Коласа. У першым нумары „НД” быў надрукаваны ягоны верш „Наш край”. „Наша Доля” была закрыта царскімі ўладамі у палове сьнежня 1906 г. Выдаўцом газэты зьяўлялася Беларуская Сацыялістычная Грамада.
  • (118) – 14 верасьня 1906 г. выйшаў у Вільні першы нумар „Нашай Долі”. Сьвет пабачыла толькі 6 нумароў, зь якіх большасьць канфіскавала расейская цэнзура. Газэта была ліквідавана ўладамі.
  • (104) – 14 верасьня 1920 г. пастаноўкай „Рысь” паводле аповесьці Э. Ажэшка „У зімовы вечар” пачаў сваю дзейнасьць Беларускі Дзяржаўны Акадэмічны Тэатр ім. Янкі Купалы ў Менску.
  • (103) – 14.09.1921 г. выйшаў у Вільні з друку першы нумар тыднёвіка „Беларускія Ведамасьці” якога рэдактарам быў Максім Гарэцкі. „БВ” былі адным з лепшых беларускіх пэрыядычных выданьняў той пары. У ім друкаваліся публіцыстычныя, гістарычныя, літаратурныя тэксты выдатных беларускіх аўтараў.
  • (87) – 14.09.1937 г. расстраляны Сяргей Астрэйка, паэт (нар. 9.07.1912 г. у Каласоўшчыне на Меншчыне). Дэбютаваў у 1928 г., у 1932-1933 гг.  працаваў у слоўнікавай камісіі ў АН БССР; у 1933 г. быў арыштаваны і сасланы ў Ірбіт Сьвярдлоўскай вобл., у 1937 г. быў арыштаваны паўторна.
  • (60) – 14.09.1964 г. у Менску памёр Язэп Пушча (Іосіф Плашчынскі), беларускі паэт, адзін з заснавальнікаў літаратурных аб’яднаньняў „Маладняк” і „Узвышша”. Нар. 20.05.1902 г. у Каралішчавічах каля Менска. У 1920 г. закончыў Менскае рэальнае вучылішча, у 1925-1927 гг. вучыўся ў Беларускім Дзяржаўным Унівэрсытэце, а пасьля – у Ленінградзкім (да 1929 г.) Быў стыль-рэдактарам у Беларускім Дзяржаўным Выдавецтве. 25.07.1930 г.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis