Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (3)

    Na UB u Sakołcy i pośle ŭ sudzie ŭ Biełastoku abvinavaczanych i śviedkaŭ asablivo szczacielno raspytvali pra sąd doraźny, jaki Niemcy pierad rasstrełam zrabili ŭ vadzianym mlinie ŭ Nietupie. Hety dzieravianny budynak staić i dziś nad reczkaj pry szasie da Kruszynianaŭ nidaloko vioski Biełahorcy. Daŭno…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • „Ja choču byti bliźka ludiam”

    Rozhovôr Jana i Haliny Maksimjukov z poetkoju Zojoj Sačko

    Jan: Čy pomniš, koli v tebe zjavivsie impuls, kob napisati peršy viêrš? I na jakôj movi tobiê napisałosie? Zoja: O, ja dumała, što ty tak i načneš… Ja učyłaś u školi v Parcievi, de była prykładnoju učenicieju. Pan od pôlśkoji movy skazav prynesti viêršyki pud… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Чым жывуць беларусы ў Грузіі?

Пасля кожнай глабальнай негатыўнай падзеі людзі мігруюць у больш спакойную краіну, дзе можна жыць без страху, працаваць, атрымліваць адукацыю, гадаваць дзяцей. Звычайным накірункам беларусаў да 2020 году была Заходняя Еўропа. У 2020-21 гг. да гэтага накірунку дадалася Украіна, бо шмат каму трэба было проста з’язджаць, тэрмінова эвакуявацца, і Украіна – спрыяльная для гэтага краіна. Туды не трэба візы, адсутнічае моўны бар’ер і да таго ж хапае прапаноў па працы, хоць і без высокіх заробкаў.

Але вайна, якую пачала Расія супраць Украіны ў 2022 годзе, ускладніла гэты шлях. Цяпер да сваіх паўднёвых суседзяў беларусы едуць, каб трапіць у вайсковыя батальёны альбо валанцёрскія суполкі. І на першы шэраг сярод спакойных заходнееўрапейскіх краін для міграцыі выйшла Грузія. Наш карэспандэнт у Грузіі Ягор Віняцкі задаў шэраг аднолькавых пытанняў некалькім беларусам, каб даведацца, як ім жывецца на Каўказе, як яны ўладкаваліся на працу, з чаго жывуць, якія ў іх адчуванні і спадзяванні.

Калі і чаму ты трапіў /-ла ў Грузію?

Пётр: У Грузію я трапіў у снежні мінулага, 2021 года. Прыехаў сюды, бо заканчваўся тэрмін майго легальнага знаходжання ва Украіне. Там жа я апынуўся з-за пагрозы крымінальнай справы.

Аліса: Я прыехала у лістападзе 2021 года, пераехала з Украіны.

Мікіта: З’ехаў у Грузію з-за вайны, бо была пагроза, што дзяржава адправіць ваяваць на чужую тэрыторыю. Ні ваяваць, ні парушаць Канстытуцыю, ні страляць у сваякоў – я сабе не магу дазволіць. Сярод іншых краін у Грузіі самы прымальны фінансавы і юрыдычны клімат, гэтак жа мясцовая цэнзура на парадкі мякчэй чым у РБ.

Што радуе ў Грузіі?

Пётр: Найперш, і ўласна першае, што кінулася ў вочы па прыездзе, гэта прырода. Спалучэнне гор і мора выклікае неверагоднае ўражанне! Грузія ў розных рэгіёнах па-рознаму выглядае і суадносна выклікае розныя, але аднолькава моцныя пачуцці.

500 метраў над узроўнем Чорнага мора. Фота аўтара.
500 метраў над узроўнем Чорнага мора. Фота аўтара.

Акрамя гэтага вельмі радуе атмасфера паасобных гарадоў. Традыцыйны Каўказ спалучаецца разам з сучаснасцю. Я бачу даволі шмат асаблівасцяў, у тым ліку праявы дрэннага густу (маю на ўвазе горадабудаванне), але няма ніякага жадання крытыкаваць Грузію. Усё арганічна.

Аліса: Галоўнае, што радуе, гэта неверагодна багатая культура і тое, што яна кардынальна адрозніваецца ад звыклай еўрапейскай культуры. Люблю грузінскую музыку, грузінскія танцы, грузінскі эпас. Мне здаецца, што ў грузінскім характары адчуваецца глыбокая ўнутраная сіла, непахіснасць і дзікасць – і гэта мяне захапляе. У Грузіі часцей чым у іншых краінах узнікае пачуццё праўдзівасці ад усяго, што мяне атачае. А яшчэ, вядома, атрымліваю асалоду ад неверагодна прыгожых краявідаў на кожным кроку.

Мікіта: Вельмі шмат сонца і дажджоў, мора, горы, выдатна чыстае паветра і вада. І, здаецца, пах свабоды.

Што здзіўляе ў Грузіі?

Пётр: Дзіўным з пачатку (потым звыкся з гэтым) казалася адсутнасць правілаў дарожнага руху. Я, як носьбіт беларускай законапаслухмянасці, зусім не гатовы быў да такога! Натуральна, тут без звычкі вельмі небяспечна! Але на самой справе, месяц максімум, і ты ўжо натрэніраваўся.

Вельмі здзівіла колькасць беларусаў, якія тут апынуліся ўвесну. Чуеш паўсюль размовы пра Кастрычніцкую, Нямігу, абрыўкі знаёмых навін, і ўсё гэта за шмат кіламетраў ад дома. Асаблівае адчуванне, нібыта планета сапраўды вялікая вёска (раней так казалася толькі адносна Мінска).

Аліса: Мяне здзіўляе стаўленне да часу. Здаецца, грузіны не спяшаюцца, а гэта не заўсёды добра. Ад затрымкі свайго і чужога часу зніжаецца мэтанакіраванасць і амбіцыйнасць. Але, магчыма, што такое успрыманне – гэта следства звычцы жыць у надзвычай паскоранай еўрапейскай культуры.

Мікіта: Многія працэсы і сэрвісы альбо адсутнічаюць, альбо на зачаткавым этапе (далёка не ўсе, многае тут больш прагрэсіўнае на дзесяць гадоў чым у РБ). Фактычна ёсць адчуванне машыны часу, па некаторых аспектах каля 20 гадоў у мінулае.

Што бянтэжыць у Грузіі?

Пётр: Спачатку вельмі бянтэжылі некаторыя бытавыя дробязі. Напрыклад тое, як у Грузіі з вялікім наплывам беларусаў\расійцаў сталі выдаваць карткі ў банку. З цябе бяруць суму наперад (чаго раней не было) і могуць нават ніякага рахунку не адчыніць. Адчувалася гэта літаральна як адносіны да нас як да людзей іншага сорту.

Таксама не вельмі радуе сэрвіс, але я лічу гэта дробязямі. Тым не менш, гэта адназначна кропка росту. Ніякай „Сакартвэло цэ Эўропа” не будзе, пакуль у цябе мінімум двойчы ў месяц знікае інтэрнэт, у некаторых кавярнях замову нясуць болей за гадзіну і абслугоўванне ў гатэлях нярэдка не адпавядае колькасці зорак.

Аліса: У Грузіі мяне нічога не бянтэжыць. Па-першае, мне тут усё падабаецца. А па-другое, гэта не мая краіна, каб яе асуджаць. Я ўспрымаю ўсё як усталяваны парадак рэчаў. Хачу сказаць, калі прыязджаеш у госці, то не скардзішся, што мэбля нязручная. Вось і тут для мяне гэтак жа. Я проста прымаю ўсё як ёсць.

Ёсць рэчы, якія мяне здзіўляюць, часам магу пашкадаваць, што няма магчымасці дастаць звыклыя рэчы, набыць танныя квіткі дадому ці нейкія падобныя дробязі побытавага ўзроўню – але гэта праблемы не краіны, а праблемы мае, таму што я звыклася да іншага. Таму мяне гэта не хвалюе.

Мікіта: Нізкі ўзровень сярэдняй адукаванасці і выхаванасці асабліва моладзі. Яны больш эмацыйныя чым рацыянальныя. Гэтак жа наяўнасць жабракоў на вуліцах, якія часам паводзяць сябе нахабна і задзірліва. На жаль яны лёгка сыходзяць ад любой адказнасці, бо з імі аддаюць перавагу не звязвацца і часам падаюць ім міласціну як адкупныя. Непрыемнай асаблівасцю стала багацце інсулінавых шпрыцаў на пляжы, наўрад ці тут так шмат дыябетыкаў. Глядзець пад ногі на пляжы вельмі важнае ўменне, якое можа захаваць жыццё. Але я стаўлюся да ўсяго з разуменнем, мясцовыя не асабліва перажываюць, праз час я таксама стаў менш перажываць па гэтых прычынах, ды і наогул па любых падставах.

“Паважаючы старэйшых – яшчэ ніхто не зганьбіўся. Дапамагаючы бедным – яшчэ ніхто не збяднеў. Саступаючы месца людзям – яшчэ ніхто не памёр”. Шыльда на дарожным прыпынку ў Аджарыі. Фота аўтара.
“Паважаючы старэйшых – яшчэ ніхто не зганьбіўся. Дапамагаючы бедным – яшчэ ніхто не збяднеў. Саступаючы месца людзям – яшчэ ніхто не памёр”. Шыльда на дарожным прыпынку ў Аджарыі. Фота аўтара.

Чым ты тут займаешся?

Пётр: Працую інтэрнэтна, шпацырую па горадзе (ня гледзячы на тое, што амаль год тут гэтым займаюся!), часам праводжу час з сябрамі, сюды іх з’ехала даволі шмат. Смачная ежа, смачнае піва, мора. Рай!

Аліса: Я працую дыстанцыйна, плаваю, шпацырую, чытаю кнігі, маю зносіны з цудоўнымі людзьмі, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь.

Мікіта: Я адкрыў сваю справу, не скажу што ўсё гладка, але 1% падаткаў і ў цэлым прыемны падаткавы клімат многія пытанні касуе. У РБ усё на парадак больш складна і дорага, а пытанне, як мне дапамагла дзяржава за гэтыя грошы, заўсёды вісіць у паветры без адказу. Тут хаця б не перашкаджаюць працаваць.

Чаго табе тут не хапае як беларусу / -сцы?

Пётр: Зусім іншая ментальнасць. Нягледзячы на тое, што беларусаў прыехала шмат, адчуваеш, што ты ў зусім іншай краіне, з іншымі этнічнымі звычкамі і традыцыямі. Суадносна напрыклад з Украінай гэты пункт вельмі выразны.

Таксама жыццё наогул тут іншае, больш паўднёвае. Больш энергіі, хаатычнасці. Гэта нават у паветры адчуваецца. Але акрамя тугі па родным і сябрамі асабліва дадому не хочацца. Добра памятаеш адчуванне небяспекі даўжынёй у год і тое, як тут вольна дыхаецца. Але ў Новую Беларусь, зразумела, вярнуся.

Аліса: Мне страшэнна бракуе магчымасці бачыць сваю сям’ю ў любы час. Хутчэй за ўсё гэта праблема многіх беларусаў, якія былі вымушаныя з’ехаць.

Яшчэ мне не хапае дому (глабальна, і месца, дзе я нарадзілася і вырасла). Часам я магу заплюшчыць вочы і пачуць спевы птушак у лесе вакол бабулінай хаты. І я дакладна ведаю, што так не спяваюць анідзе ў свеце.

А з побытавых рэчаў – у Батумі дэфіцыт добрых кніг на рускай мове.

Мікіта: Вядома не хапае зносін з беларусамі на роднай мове, але гэтага і ў РБ не хапае, тут мы над гэтым прадуктыўна працуем, суполка вельмі дружная і лёгка ідзе на кантакт у гэтым плане. Усе дапамагаюць адзін аднаму і падтрымліваюць. Не хапае звыклых сэрвісаў накшталт агрэгатару інтэрнэт крам, многія тавары з цэнамі завышанымі ў разы, нават адносна Турцыі, да якой рукой падаць. Але ўсё гэта нязначныя дробязі, з якімі можна мірыцца.

Ці адчуваецца беларускае асяроддзе ў тваім горадзе і чым яно адметнае, чаго яму не хапае?

Пётр: Яно развіваецца. Спачатку было зашмат ныцця, а салідарнасць адчувалася не вельмі. Зараз прапорцыі змяніліся, людзі сталі больш устойлівыя. Шмат хто развівае у Грузіі бізнес. Дыяспара ўжо даволі моцна дае аб сябе ведаць – ты заўсёды можаш звярнуцца да беларусаў на чатах і заўсёды знайсці дапамогу і падказку.

Беларускі Вольны Хор выступае ў Батумі ў рамках Міжнароднага Тыдня беларускай культуры. Фота аўтара.
Беларускі Вольны Хор выступае ў Батумі ў рамках Міжнароднага Тыдня беларускай культуры. Фота аўтара.

Я не ўпэўнены, што нечага не стае беларускаму наваколлю. Усё выглядае даволі гарманічна, на мой погляд.

Аліса: У маім горадзе так шмат беларусаў, што часам складваецца ўражанне, што гэта Мінск, толькі ў іншых дэкарацыях. Вось, напрыклад, кавярня, дзе працуюць барысты з дзвюх маіх любімых мінскіх кавярняў.

Гэты асяродак адметны тым, што тут сабраліся абсалютна найлепшыя людзі. Калі я з гонарам сустракаю беларусаў, я пачынаю любіць Беларусь яшчэ больш – бо ў ёй жывуць такія неверагодныя людзі. Недахопаў, калі шчыра, я не адчуваю.

Мікіта: Шмат беларускіх і ўкраінскіх сцягоў, нас падтрымлівае ўвесь свет і Грузія ў прыватнасці. Вялікі дзякуй усім за такую шчырую падтрымку. Хацелася б такога клімату ў Беларусі на радзіме, але пакуль ёсць як ёсць. Спадзяюся, што мы на парозе сур’ёзных змен, якія дазволяць краіне заквітнець з новай сілай, у нас ёсць усе ўмовы дамагацца поспехаў на роўным з самымі паспяховымі краінамі свету.

Даволі часта на балконах можна пабачыць беларускія і ўкраінскія сцягі. Фота аўтара.
Даволі часта на балконах можна пабачыць беларускія і ўкраінскія сцягі. Фота аўтара.

Чаму беларусам трэба навучыцца ў грузінаў?

Пётр: Ёсць пэўныя этнічныя асаблівасці, якім не навучышся. Энергія, пэўная шумнасць, і выцякаючыя з гэтага любоў да бясконцых свят, вялікая таварыскасць і нават лёгкая запальчывасць – усё гэта стварае нацыянальны непаўторны характар.

Мне здаецца, не ў апошнюю чаргу дзякуючы гэтым характарыстыкам, грузіны (каўказцы ўвогуле) меней трымаюцца за рэчы, нават за ўласнае жыццё, чым беларусы. Гэта даволі карысная якасць, бо чым больш народ залежыць ад чаго заўгодна, тым лягчэй ім кіраваць.

Аліса: Мне не здаецца, што адным нацыям не трэба чамусьці вучыцца ў іншых. Гэта як характар – мы ўсе прыгожыя таму, што ўнікальныя.

Мікіта: Спакою, пара перастаць бегчы кудысьці, спыніцца, агледзецца і выбраць новы шлях, старанна ўсё ўзважыўшы. Свет патрабуе пастаяннага паскарэння, а жыць без спешкі значна прыемней і нават шчаслівей, чым пастаянна кудысьці спазняцца.

Чаго ты чакаеш ад жыцця?

Пётр: Увогуле тое, як зараз складваецца мае жыццё, мне падабаецца. Ёсць пэўныя планы прафесійнага развіцця. Але зразумела, калі гэта будзе магчыма, абавязкова паеду дадому.

Аліса: Ад жыцця я чакаю магчымасці зрабіць нешта добрае і важнае. Шчасця. І новых выклікаў.

Мікіта: Заўтра будзе лепш чым учора! Веру ў гэта, нягледзячы ні на што. Чакаю вяртання на радзіму, дзяржава якой любіць і паважае сваіх грамадзян, не толькі калі яны ўсім задаволеныя, але і калі жадаюць зменаў.

Што будзе далей з Беларуссю, Грузіяй, Расіяй, сусветам? Паспрабуй пафантазіраваць.

Пётр: На маю думку, яшчэ доўгі час дыктатарскія рэжымы будуць атручваць землі Беларусі і Расіі. Таму трэба наладжвацца жыць удалечыні ад радзімы. Але я лічу, што ў некаторы момант сітуацыя схлопнецца і зменіцца. Не будзе доўгага перыяду пахмелля, шматгадовых рэформаў. Сучасныя постсавецкія рэжымы да такой ступені ненатуральныя, што як толькі яны прыпыняць існаванне, нібыта нацягнутая цеціва сарвецца, і людзі апынуцца ў сапраўднай сучаснасці.

Аліса: Фантазіраваць – гэта значыць уявіць тое, што вы хочаце і ў што верыце? Тады я веру, што людзі ў свеце нарэшце зразумеюць, што трэба накіраваць сваю энергію на важныя рэчы – экалогію, навуку, культуру, адукацыю. Я веру, што справядлівасць, чалавечнасць, адказнасць і дабрыня выйдуць на першае месца ў спісе каштоўнасцей і кожны пачне імі кіравацца. Я хачу, каб людзі аднойчы аб’ядналіся і пачалі думаць і развівацца як адзінае Чалавецтва. Не спрачацца адзін з адным, а разам ісці наперад і змагацца за агульныя мэты.

Я думаю, што ў Беларусі так ці інакш улада зменіцца. І ўсе беларусы гэтым разам паедуць дадому будаваць сапраўдную краіну для жыцця. Думаю, гэта будзе выдатны час.

Наконт астатніх краін – не мне гадаць. Я не хачу «хадзіць у чужы манастыр» і вызначаць, што правільна, а што не, – проста таму, што не ўпэўнена, што ў мяне дастаткова ведаў, каб рабіць высновы пра іншыя краіны для іх жыхароў.

Мікіта: Пераможа дабро і праўда, а ўсе хто не чыстыя душой і намерамі адкажуць за сваю подласць, калі не тут, дык на тамтым свеце. Складана сказаць, што будзе, ніхто гэтага не ведае. Але мы дакладна павінны жыць у міры і згодзе, а таксама быць выгаднымі суседзямі ў гандлёвым плане, – гэта выгадна для ўсіх. Адукацыя павінна стаць прэстыжнай, праца высокааплатнай, суды незалежнымі, МУС дапамагаць грамадзянам сваёй краіны, змяняльнасць улады стаць аксіёмай не толькі на паперы, але і на практыцы.

Апытаў і запісаў

Ягор Віняцкі

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў кастрычніку

    1005 – 1019 г. першая згадка ў летапісах пра Бярэсьце. 710 – 1314 г. князь Давыд Гарадзенскі разбіў вялікі паход крыжакоў на Наваградак. 625 – 1399 г. паражэньне ад татараў арміі Вялікага Княства Літоўскага на чале зь князём Вітаўтам на …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (761) – Першыя пісаныя зьвесткі (1263 г.) пра вядомы Ляшчынскі манастыр, які размяшчаўся ў Лешчы (прадмесьці Пінска).
  • (312) – У 1712 г. нар. Сьцяпан Аскерка (год сьмерці невядомы, паходзіў зь сям’і заможнага шляхціца з Наваградчыны), дарадчык прускага караля Фрыдрыха ІІ. Напісаў і прадставіў яму выдатнае наватарскае эканамічнае дасьледаваньне „Плян, які не зьяўляецца нормай”.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis