Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Дзённік рэдактара

Чым далей у лес, тым больш грыбоў

3 студзеня 2024 г.

Зноў заглыбіўся я ў мінулае свайго роднага староння. Ужо даўно ўсвядоміў сабе з як вельмі старадаўніх зямель паходжу. Пра Крынкі і маё Вострава згадваюць дакументы „Літоўскай метрыкі”. У XV i XVI стагоддзі. А першы пісаны след адносна Крынак ажно з 1424 г. – у адным з пісем вялікага князя літоўскага Вітаўта, пасланым з Гродна на крыжацкі замак у Марыенбургу (Мальбарку). Пра гэта аднак у нас ніхто не ведае. Той гістарычны факт узгадваецца толькі ў пэўным навуковым артыкуле, які даслала мне выпадковая асоба яшчэ на пачатку двухтысячных гадоў.

Папраўдзе ўніверсітэцкія даследчыкі ранняй гісторыяй Крынак чамусьці ніколі не займаліся. Як першы мінулым роднага мястэчка пачаў цікавіцца Сакрат Яновіч. Было гэта пад самы канец 60-х гадоў ХХ ст. Будучы пісьменнік часта тады ездзіў у Варшаву, паколькі якраз пачаў завочную вучобу на аддзяленні паланістыкі Варшаўскага ўніверсітэта. Пры нагодзе наведваў Галоўны архіў даўніх актаў, у якім адшукаў старадаўнія дакументы пра Крынкі. На іх аснове напісаў тэкст у „Ніву” і артыкул у „Беларускі каляндар”.

Сакрат Яновіч ведаў, што шмат дакументаў пра Крынкі ёсць у архіве ў Гродне. Заглянуць туды доўга не было каму. Як першы зрабіў гэта гарадзенец Алесь Чобат, які пад канец дзевяностых і ў нулявыя супрацоўнічаў з „Часопісам”, звычайна раз у месяц прыязджаў да Яновіча ў Крынкі. Пачаў прывозіць артыкулы, напісаныя ім на аснове дакументаў з гродзенскага архіва. Пісьменнік перакладаў іх на польскую мову, апрацоўваў і перадаваў мне для публікацыі ў крынскім штомесячніку, які я выдаваў у 2001-2003 гадах. Гэта былі важныя тэксты, у якіх апісваліся падзеі, пра якія часта наогул яшчэ ніхто нават і не ведаў. Скажам пра змаганне крынчан у XIX ст., калі дамагаліся вяртання Крынкам гарадскіх правоў. Ці пра славуты бунт крынчан у 1905 годзе.

Праз некалькі гадоў заняўся гэтым – ужо больш сур’ёзна – малады гісторык з Гродна Віталь Карнялюк. Пачаў ён прыязджаць на „Беларускія трыялогі” і Сакрат Яновіч ангажаваў яго тады, каб пра гісторыю Крынак напісаў ён кніжку. Плаціў яму сваімі грашыма, агулам каля тысячы долараў.

Карнялюк кантракт выканаў. Напісаў кніжку аб’ёмам 200 старонак. У 2010 г. надрукаваў яе ў Гродне накладам 100 асобнікаў, якія адразу прывёз Яновічу. У кніжцы разглядаецца толькі адрэзак гісторыі Крынак 1795-1918 галоў, паколькі з такога перыяду ў архіве ў Гродне захоўваюцца дакументы, якімі пакарыстаўся аўтар. Выданне мае маргінальнае грамадскае значэнне, паколькі напісанае па-беларуску і таму мала каму даступнае.

Апрача Сакрата Яновіча і мяне кніжкай Карнялюка ніхто глыбей не пацікавіўся. Нават у Крынках, хаця і сёння ёсць яна ў мясцовай бібліятэцы. У свае рукі ўзяла яе яшчэ крынская аматарка мясцовай гісторыі – адзіная такая апрача мяне – Цэцылія Бах-Шчавінская. Магчыма спрабавала нават яе прачытаць, але безвынікова, паколькі ў сваіх артыкулах, якіх некалькі апублікавала, на гэтую кніжку амаль не паклікаецца (не ўсё па-беларуску ёй зразумелае). На жаль даволі даўно спыніла яна сваю старонку у Фейсбуку, прысвечаную гісторыі Крынак. Патлумачыла гэта тым, што яе ангажаванасць не мае належнай падтрымкі і зразумення асабліва з боку мясцовай улады, з якою яўна яна сканфліктавалася. Выглядае на тое, што гэта ўжо не зменіцца, а некаторыя веды пра мінулае Крынак, на жаль, пакіне яна ўжо толькі сабе самой.

Урэшце я пагадзіўся з тым, што немагчыма ўжо, каб дапоўніць шматлікія прабелы з гісторыі Крынак, а разам і майго Вострава. Асабліва з даўніх вякоў, паколькі не хапае дакументаў. Надта хацелася б устанавіць раннія падзеі адносна востраўскай царквы, таксама праваслаўя ў Крынках. Мабыць я ці хто іншы нешта яшчэ знойдзе. Але ўжо слабая надзея ў гэтым. 

Безумоўна дапамагчы маглі б археалагічныя раскопкі. Скажам на загадкавых могліцах – сярэдневяковых падобна – паблізу майго Вострава. Тым больш, што з’явіліся новыя тэхнічныя магчымасці, якія дазваляюць прасвятляць зямлю быццам Рэнтгенаўскім апаратам. Толькі што на такія раскопкі ўсё няма і няма грошай.

Надта інтрыгуе мяне яшчэ гісторыя суседняга Шудзялава, а найбольш тамашняга касцёла. У 1820 г. вянчаўся ў ім мой прапрапрадзед Каятан Хмялеўскі як прыхаджанін уніяцкай царквы ў Востраве, удавец. Яго жонка Магдаліна Шымановіч, таксама з Вострава, была каталічкай. На жаль, праз сем гадоў памерла. Сын Каятана з першага сужонства – таксама Каятан, пазней пісаўся Капітонам – гэта мой продак, і ад яго наш род пайшоў ужо выключна рускім. Спярша ўніяцкім, а з 1839 г. праваслаўным.

У пасведчанні аб смерці Магдаліны ксёндз напісаў, што пахавалі яе на могілках ля касцёла ў Шудзялаве. І вось нядаўна, неяк восенню, Кастусь Шыталь – эмігрант з Беларусі, які пражывае ў Беластоку – натрапіў у Інтэрнэце на невядомы дагэтуль здымак з пачатку ХХ ст. (1900 г.?). шудзялаўскага касцёла (ад 1879 г. – царквы), які быў пабудаваны ў 1817 г., у міжчасе вядома рамантаваны. Гэта ў ім вянчаліся Магдаліна з Каятанам. Калі пасля Студзеньскага паўстання касцёл стаў царквою, раз у месяц служыў у ім бацюшка з Вострава. На пачатку ХХ ст. побач была пабудаваная новая царква, ужо цагляная. Яе фундатаркай была ўласніца маёнтку ў Слойцы, расіянка Вольга Анненкава. Тады будынак папярэдняй царквы (касцёла) быў знесены, а з драўніны паставілі школу ў недалёкіх Сухінічах. У 1906 г. шудзялаўскія каталікі дамагліся дазволу на касцёл, якога будынак у наступным годе перавезлі з Карыціна.

У жніўні 1915 г. мураваны храм узарвала адступаючая царская армія. Пасля ў трыццатых гадах руіны спраталі, а з цэглы пабудавалі – ужо ў іншым месцы – цяперашні касцёл.

 

Невядомы дагэтуль здымак шудзялаўскага касцёла, знойдзены ў Інтэрнэце Кастусём Шыталем. Высокія крыжы гэта след даўніх могілак, што былі вакол
Невядомы дагэтуль здымак шудзялаўскага касцёла, знойдзены ў Інтэрнэце Кастусём Шыталем. Высокія крыжы гэта след даўніх могілак, што былі вакол

На здымку ад Кастуся адразу звярнуў я ўвагу на высокія драўляныя крыжы. Было для мяне адназначна, што стаялі яны на даўніх могілках, якія былі распаложаны вакол касцёла. Захаваліся некаторыя касцельныя метрыкі з Шудзялава з пачатку ХІХ ст. Ёсць там запісы, што на гэтых могілках хавалі людзей з усяго прыходу – з Вострава, Гураняў, Грыбоўшчыны. Значыць, нябожчыкаў прыходзілася везці нават дзесяць вёрст. Гэта было даволі складаным, асабліва зімой. На месцы тых жа могілак стаіць цяпер дом культуры ды іншыя будынкі.

Гісторыя касцёла ў Шудзялаве ды наогул каталікоў на Сакольшчыне ёсць даволі загадкавай. Лічыць так таксама наш новы супрацоўнік Пётр Кісель, які родам ад Кузніцы. Апошнім часам атрымоўваю ад яго знойдзеныя ім у Інтэрнэце архіўныя дакументы адносна мінулага нашага староння. Звярнуў ён мне ўвагу, што ў даступных апісаннях візітацый касцёлаў на Сакольшчыне шудзялаўскі адзначаецца рэдка, прытым як філіяльны сакольскага або невялічкі прыход з усяго 3-4 вёскамі.

Значыць, у мінулым існавала там праблема з вернікамі, паколькі большасць хрысціян у наваколлі складалі ўніяты. Выглядае на тое, што часткова належалі яны да касцёла ў Шудзялаве, які часама абслугоўваў уніяцкі парох. Ёсць на тое дакументы. На пачатку ХІХ ст. шудзялаўскі парох Ян Кульбацкі меў валоку зямлі ў Востраве. У 1805 г. хрысціў ён дзіцё ў касцёле ў Крынках так як раней у 1774 г. іншы ўніяцкі святар з Шудзялава, Рыгор Ванькоўскі.

Выглядае на тое, што ў многіх выпадках каталікі на Сакольшчыне гэта ранейшыя ўніяты. Яшчэ ў канцы XVII ст. парох у Крынках наракаў на ксяндза ў Шудзялаве, што той уніятаў пераводзіць у каталіцызм. Такое здаралася яшчэ амаль 200 гадоў пазней. Пасля Студзеньскага паўстання расійская адміністрацыя шудзялаўскага ксяндза Казіміра Емеліту адхіліла ад святарскай службы, бо той адмовіўся быў паспавядаць перад смерцю праваслаўнага. Гэта стала прэтэкстам каб наогул ліквідаваць касцёл, а будынак перарабіць на царкву.

Надта слушна заўважыў Пётр Кісель, пішучы ў сваім знакамітым артыкуле ў студзеньскім нумары „Часопіса”, што на Сакольшчыне карэннае насельніцтва ў большасці было рускае. Перавага настолькі была вялікай, што іх мова стала паўсюднай і як „простая” праіснавала нават да сёння.

 

13 студзеня 2024 г.

На сваёй старонцы Vostravo.pl сёння я распаўсюдзіў метрыкі народзінаў, шлюбаў і пахаванняў з востраўскай царквы з 1912 г. Раней апублікаваў запісы з 1892-1911 гг. У зручнай для пошуку праграме Microsoft Excel перапісвае мне іх мая далёкая пляменніца Карына Барысенка з Растова ў Расіі. Яе продкі да 1945 г. жылі ў Нетупе.

У тых жа метрыках знайшоў я новыя звесткі пра сваіх продкаў. Вось 8 студзеня 1911 г. ва ўзросце 75 гадоў памёр у Востраве Фелікс Хмялеўскі сын Капітона. Ён, а пасля яго нашчадкі, жылі па-суседску з намі. Фелікс быў нібыта братам майго прадзеда Клеменса, які памёр год раней. Папраўдзе яго прозвішча было Сінюта, паходзіў з вёскі Падбагоннікі каля Алексічаў за Крынкамі (цяпер у Беларусі).

Паводле вясковай легенды ў Востраве падсваталі яму старую дзеўку Хмялеўскую. Жаніха ў вялікім сакрэце прывезлі падчас жніва на жалязняку, схаванага пад снапамі збожжа. Бацюшка іх павянчаў, але Фелікса запісаў таксама як Хмялеўскага. Баяўся клопатаў, калі б у яго прыходзе раптам з’явілася чужое тут прозвішча.

Той старой дзеўкай была Агата Хмялеўская, дачка Капітона (Каятана). Бацюшка фармальна павянчаў… сястру з братам. Фелікса па-вулічнаму празывалі Лукашык. У Востраве з’явіўся ён недзе ў 1865-66 гг. у неспакойны час Студзеньскага паўстання. Агаце было ўжо больш за сорак. У 1867 г. нарадзілася ў іх дачка, якую ахрысцілі таксама як маці. Дзяцей было больш, паводле легенды сямёра сыноў і дзве дачкі.

Яшчэ ў міжваенны час нашы суседзі сваячыліся з пляменнікамі ў Алекшычах. Гэта навяло мяне на след, што Лукашык Сінюта і Фелікс Хмялеўскі – адна і тая ж асоба. Бываючы ў Беларусі я даведаўся, што такое прозвішча ў Алексічах і наваколлі можна сустрэць і сёння.

А вось 3 траўня 1912 г. у Востраве нарадзіўся Уладзімір Хмялеўскі, сын майго дзеда Мікалая з першага сужонства, які вярнуўся пасля з бежанства без сям’і. У 1925 г. ажаніўся другі раз з маёй бабуляй Стэфкай з Нетупы.

Дагэтуль мне не было нічога вядома пра першую жонку. Казалі толькі, што яна ў Расіі памерла, а дзеткі трапілі ў прытулак. І вось з царкоўнай метрыкі нараджэння Валодзі цяпер я даведаўся, што яе імя было Гануся, прозвішча – Чэмель. Родам была з Падзалукаў, бацька яе – Кандрат.

Цяпер чакаю ад Карыны метрык з чарговых гадоў – 1913, 1914 і да жніўня 1915 года. Магчыма яшчэ нешта пра сваю сям’ю на іх аснове даведаюся. 

Юрка Хмялеўскі

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (121) – 2.11.1903 г. у Варшаве памёр Адам Плуг (сапраўднае Антоні Пяткевіч), пісьменьнік і журналіст. (Пра А. Плуга больш глядзі ў календарыюме за мінулы месяц – з нагоды 190-ых угодкаў нараджэньня).
  • (115) – 2.11.1909 г. у Прусах Слуцкага пав. нар. Максім Лужанін, паэт, aўтар між іншым паэмаў „Неаплачаны рахунак”, „Галасуе вясна за вясну”. Памёр 16.08.2001 г. у Менску; пахаваны ў Паперні.
  • (94) – 2.11.1930 г. у вёсцы Бандары на Беласточчыне нар. Аляксандр Баршчэўскі (Алесь Барскі) паэт, літаратуразнавец, перакладчык, вучоны. Друкуецца з 1956 г., аўтар шматлікіх зборнікаў вершаў, паэм, навуковых артыкулаў, унівэрсытэцкіх ды школьнах падручнікаў. Шматгадовы старшыня „Белавежы”, ГП БГКТ. Віншуем з юбілеем!

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis