Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    24. Dochtar Maroz (6)

    U archiwie IPN kromie dakumentaŭ UB majuć jaszcze druhuju dakumentacju – z Wajskowaho rajanowaho sudu ŭ Biełastoku, dzie krychu bolsz infarmacjaŭ pra sprawu Wacława Maroza. Baraniŭ jaho adwakat Alaksandar Saroka z Warszawy. 26 kwietnia 1950 r. jak obrońca wojskowy pasłaŭ da suda ŭ Biełastoku piśmo,…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Hapčyna vnučka

    Siête stałosie v marciovi.

    Porankami šče trochi moroziło, ale dniom sonečko dobre hrêło, sniêh davno rozstav napreč. Posliêdnich para dion pohoda była vže vesnianaja.Agata šparko išła z dočkoju na prystanok, vony vybralisie do Biłostoku do dochtora. Marjola raz-po-raz pudbihała, starajučysie pospiêti za materoju, a siête ne było takoje proste…. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Дзённік рэдактара

Bój, zdaniem polityka PiS, rozegra się między potomkami nomenklatury PRL i podziemia antykomunistycznego. Czyżby?

18 красавіка 2025 г.

Набліжаюцца прэзідэнцкія выбары ў Польшчы. Праз месяц, 18 траўня, за вышэйшы пост у краіне будуць змагацца трынаццаць кандыдатаў. Вядома, што толькі некаторыя могуць разлічваць на большую колькасць галасоў. Іншым разыходзіцца толькі пра тое, каб выкарыстаць выбарчую кампанію дзеля прэзентацыі палітычных поглядаў перад шырэйшымі коламі грамадства. У такі спосаб хочуць утрымаць або выпрацаваць сабе пазіцыю на будучыню.

Польская канстытуцыя дае адносна мала паўнамоцтваў прэзідэнту ў кіраванні дзяржавай. Не так як у Беларусі, дзе ўжо трыццаць гадоў усе палітычныя і нават адміністрацыйныя рашэнні залежаць ад Лукашэнкі. У Польшчы ўлада прэзідэнта мае перадусім рэпрэзнтатыўны характар, хаця гэта ён зацвярджае прынятыя парламентам законы. І пра гэта ідзе менавіта барацьба ў цяперашніх выбарах. Грамадзянская платформа, якая з кааліцыянтамі ад снежня 2023 г. кіруе дзяржавай, змагаецца за свайго кандыдата, Рафала Тшаскоўскага, каб як прэзідэнт краіны не блакаваў рашэнняў урада і парламента як рабіў гэта дзеючы прэзідэнт Анджэй Дуда як прыхільнік апазіцыйнага Права і Справядлівасці. На гэта накладаецца таксама ідэалагічны падзел – ці Польшча мае быць кансерватыўнай краінай, якая ўсільна трымаецца свайго традыцыйнага польска-каталіцкага характару, ці больш прагрэсіўнай і шырэй адкрытай на Еўропу і свет.

Вакол гэтага менавіта ідзе гарачая дыскусія перад травеньскімі выбарамі. Відаць тое было таксама падчас першых публічных дэбатаў кандыдатаў. Мне аднак цяжка было іх глядзець, вытрымоўваў толькі да паловы. З увагі на нізкі ўровень і моўную агрэсію кандыдатаў. Іх маналогі ў дыскусію пра будучыню Польшчы нічога новага не ўносілі.

Мяне як літвіна-беларуса з быццам польскім прозвішчам (што не да канца ёсць праўдай) надта смешыць, калі кансерватыўныя кандыдаты Гжэгаж Браўн і Славамір Менцэн усюды на мітынгах выступаюць як вялікія абаронцы польскасці і палохаюць немцамі ды навалай нацый з Еўропы і свету. Мне падаецца, што можа быць гэта праявай неафіцтва. У Польшчы былі і ёсць такія выпадкі, што грамадзяне з іншанацыянальнымі каранямі намагаюцца паказваць, што яны палякі і вялікія польскія патрыёты. Скажам, у дзяржаўных структурах Народнай Польшчы – асабліва да 1968 г. – шмат было яўрэяў, што ўцалелі з галакосту. Але сваіх дзяцей выхоўвалі ўжо на „этнічных” палякаў, нічога ім не гаворачы пра іх яўрэйскае паходжанне. Часам нават рабілі з іх каталікоў, хрысцілі. Хаця найчасцей былі атэістамі, то ў іх кватэрах культываваліся каталіцкія звычаі, сядалі да вілеі, ставілі ёлку, а на Вялікдзень фарбавалі яйкі.

З нечым падобным ёсць у выпадку г.зв. праваслаўных палякаў. Розніца такая, што іх бацькі не мелі поўнай нацыянальнай свядомасці, таму нават не мусілі так як тыя польскія яўрэі гэтага прамоўчваць. Нашчадкі такіх сем’яў і ведаць не хочуць, што іх дзяды, прадзеды былі рускімі, а ў сённяшнім разуменні – нават саміх палякаў – беларусамі. На шчасце не адракліся яшчэ ад спадчыны сваіх продкаў. Захавалася ў іх перададзеная ў генах любоў да беларускай песні, культуры, этнаграфіі. Можа таму не далучаюцца да радыкальных польска-каталіцкіх палітычных партый і грамадскіх рухаў. Хаця непакоіць, што некаторыя такія маладзёны прымалі ўдзел у сумных маршах польскіх нацыяналістаў у Гайнаўцы. Яны напэўна прагаласуюць цяпер за кандыдатаў ад Канфедэрацыі. Але, на шчасце, думаю, такіх будуць адзінкі. 

Можна ўсміхацца, што абаронцы польскасці маюць тыпова польскія прозвішчы як… Браўн ці Мэнцэн, але мне не да смеху, калі чую, што яны гавораць на выбарчых мітынгах. „To jest Polska!” – такі лозунг аднаго з іх. Гэта крыху трывожыць нас беларусаў і іншыя нацыянальныя меншасці. Нешта падобнае крычалі „Буры” і яго жаўнеры на Бельшчыне і Гайнаўшчыне, таксама „акоўцы” што адразу пасля ІІ-ой сусветнай вайны выганялі на ўсход праваслаўных з Плянтаў ды іншых вёсак на маёй Крыншчыне.

І вось нядаўна, у канцы сакавіка, пабываў у Саколцы кандыдат Кафедэрацыі Славамір Менцэн. На выбарчую сустрэчу з ім прыйшло шмат людзей, пераважна маладых. Абаронца польскасці сказаў між іншым:

– Калі я стану прэзідэнтам, усе яны – немцы, украінцы ў Польшчы – будуць прыстасоўвацца да польскага заканадаўства, польскіх правілаў, польскіх інтарэсаў і польскай мовы. Таму што гэта Польшча. Яны павінны прыстасоўвацца да нас, а не мы да іх. Мы тут дома.

Пра беларусаў, праўда, кандытат не згадаў, але пэўна забыўся. Шкада, што ніхто не спытаў пра яго прозвішча. Бо слова Менцэн мае якраз нямецкае паходжанне, як і Браўн, дарэчы. Азначае „чалавек з Менца” або Менц, што з’яўляецца назвай горада ў Германіі. Сам кандыдат на прэзідэнта Польшчы пра гэта добра ведае. Яго прадзед Юзэф быў карэнным немцам, жыў у ваколіцы Тухолі, сто з нечым кіламетраў на поўдзень ад Гданьска. Ажаніўся з полькай, а яго двух сыноў сталі ўжо палякамі. Дзед Славаміра нават у 1939 годзе стаў жаўнерам Войска Польскага і ваяваў з немцамі, а потым уступіў у шэрагі Арміі Краёвай. Унук гэтым ганарыцца, пра што напісаў на платформе „X”. Таксама пра тое, што брат дзеда служыў у Вермахце. Публічна прызнаўся да гэтага, каб у выбарчай кампаніі не выцягнулі таго як калісь Данальду Туску, праз што прайграў прэзідэнцкія выбары з Лехам Качынскім. Але дзед цяперашняга прэм’ер-міністра, кашуб, быў прымушаны ўступіць у Вермахт і як толькі змог уцёк і вярнуўся ў Гданьск, а дзяцей выхаваў на палякаў. Туску і не толькі яму пэўна цяжка зразумець, адкуль у Менцэна (якому няма яшчэ сорак і мог бы быць яго сынам) такое вялікае імкненне, каб узвялічваць польскасць і ставіцца да іншых нацый і народаў, у тым ліку немцаў, амаль што з пагардай.

Адзін з палітыкаў Права і Справядлівасці – партыі, якая так як і Канфедэрацыя надта ўзвялічвае польскасць – сказаў, што выбарчая барацьба вядзецца цяпер паміж нашчадкамі былых супрацоўнікаў ведамстваў і структур Народнай Польшчы, у тым ліку Службы бяспекі, і нашчадкамі антыкамуністычнага падполля. Лёгка дадумацца, што першых прадстаўляе перадусім Рафал Тшаскоўскі ад Грамадзянскай платформы, а другіх Кароль Наўроцкі, якога фірмуе ПіС.

Калі трымацца падзелу паводле таго палітыка, так сабе думаю, да якой групы магу я прыналежаць. Напэўна не да нашчадкаў „акоўцаў”. Калі ўжо, то да тых, якія ад іх пацярпелі. І не таму, што былі камуністамі, бо не былі. Таксама не магу сказаць, што я нашчадак будаўнікоў Народнай Польшчы, а тым больш яе элітаў. Але дзяцей ці ўнукаў адных і другіх шмат ведаю. Некаторых пазнаў яшчэ як вучань Электрычнага тэхнікума ў Беластоку. Мне ўдалося патрапіць у гэтую школу крыху заднімі дзвярыма (спярша год правучыўся ў іншай), бо прымалі туды пераважна па знаёмстве (z protekcji) і за хабары. У маім класе былі сыны між іншым дырэктароў буйных устаноў і прадпрыемстваў. А пасябраваў я з сынам начальніка гміны з Гайнаўшчыны. Бацькам аднаго з вучняў быў былы афіцэр войскаў генерала Андэрса. Такіх як я хлопцаў з вёскі ў класе было толькі некалькі. Сыны наменклатуршчыкоў, помню, паводзілі сябе даволі ганарліва, з пачуццём перавагі. Але найчасцей былі яны слабымі вучнямі, а я меў тую сатысфакцыю, што лепш ад іх вучыўся і даваў ім перад урокамі перапісваць хатнія задачы з матэматыкі, бо яны з гэтым не спраўляліся, не ўмелі іх рашаць.

Сапраўды пасля развалу камуны тыя сыны наменклатуршчыкаў у выбарах галасавалі спярша на левых, а пасля ўжо на Платформу. А той сын андэрсоўскага афіцэра стаў дзеячам Салідарнасці і цяпер напэўна аддасць свой голас на Наўроцкага.

Прэзідэнцкія выбары ў траўні пройдуць, думаю, ужо не паводле такога падзелу. Бо за трыццаць пяць гадоў вырасла новае пакаленне, для якога часы Народнай Польшчы, як і тадышняе антыкамуністычнае змаганне не такія істотныя. Яно жыве перадусім сучаснасцю ды глядзіць у будучыню.

У нашым рэгіёне пра вынік выбараў у значнай меры вырашаць беларуска-праваслаўныя галасы. Хаця ў папярэдніх самаўрадавых ды парламенцкіх ПіС крыху іх узяў, то Наўроцкі цяпер завельмі на іх разлічваць не можа. Выбарчыя апытанні паказваюць, што ў Беластоку ды там, дзе пражывае наша меншасць, выйграе Тшаскоўскі. Лепшы вынік чымсьці ва ўсёй краіне можа атрымаць у нас таксама Шыман Галоўня. 

Хутчэй за ўсё будзе другі тур, а ў ім яшчэ больш жорсткая барацьба.

Юрка Хмялеўскі, Галоўны рэдактар

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Календарыюм

Гадоў таму

  • у траўні

    – у 1085 г. дружыны Полацкага княства на чале з князем Усяславам Чарадзеем абаранілі беларускія землі ад захопніцкага нашэсьця князя кіеўскага Усяслава Манамаха. Захопнікі зьнішчылі Менск. Як пісаў кіеўскі летапісец „Не засталося ні чалавека, ні жывёлы”. – напады крыжакоў у …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (187) – 11.05.1838 г. у Вільні памёр Андрэй Сьнядэцкі (нар. 30.11.1768 г. у Рыдлеве каля Жніна), хімік, лекар, філёзаф і асьветнік, з 1797 г. працаваў як прафэсар хіміі і мэдыцыны ў Віленскім унівэрсытэце, у 1816-1822 гг. рэдагаваў „Wiadomości Brukowe”, аўтар першага падручніка хіміі на польскай мове „Początki chemii” (1800) i працы „Teoria jestestw organicznych” (1804-1811). Пахаваны на вясковым могільніку ў Гародніках Ашмянскага пав. недалёка родавага маёнтка Сьнядэцкіх у Балтупю.
  • (170) – 11.05.1855 г. Яўстафій Тышкевіч заснаваў у Вільні музэй старажытнасьцей. Большасьць экспанатаў была з тэрыторыі Беларусі.
  • (126) – 11.05.1899 г. у Вазьнясенску на Украіне ў сям’і выхадцаў з Беларусі нар. Глеб Глебаў (сапр. Сарокін), акцёр. З 1926 г. працаваў у Беларускім Дзяржаўным Тэатры імя Янкі Купалы. Вызначаўся ў камэдыйных ролях (Пустарэвіч ў „Паўлінцы” Я. Купалы, Туляга ў „Хто смяецца апошнім” К. Крапівы, Гарпагон у „Скупым” Мальера). Памёр 3.03.1967 г. у Менску, пахаваны на Усходніх могілках.
  • (72) – 11.05.1953 г. памёр у Быдгашчы Гасан Канапацкі (нар. 25.02.1879 г. у Менску), палкоўнік, беларускі дзеяч міжваеннага перыяду ў Вільні, камандзір беларускіх аддзелаў у польскім войску ў 1919-1921 гадах.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2025 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com