Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    Na dopyt uziaty byŭ miż inszym Ramuald Rajs „Bury”

    Pra toje, dzie buduć padłożany miny, kromie manciora wiedaŭ jaszcze jaho spolnik, jaki byŭ felczaram (sanitariuszam) u szpitali ŭ Staroj Wilejcy. Tolko ŭ listapadzie 1948 r. mancioru ŭdałoso zwiazacca z dochtaram Marozam. Ad peŭnaj kabiety, jakaja pryjechała da Biełagardu z Biełastoka, dawiedaŭso, szto leczyć jon…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Hapčyna vnučka

    Siête stałosie v marciovi.

    Porankami šče trochi moroziło, ale dniom sonečko dobre hrêło, sniêh davno rozstav napreč. Posliêdnich para dion pohoda była vže vesnianaja.Agata šparko išła z dočkoju na prystanok, vony vybralisie do Biłostoku do dochtora. Marjola raz-po-raz pudbihała, starajučysie pospiêti za materoju, a siête ne było takoje proste…. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Алесь Дудар і яго антыкрамлёўская дзейнасць

З цыклю "Расстраляныя: вяртанне з пекла" (частка 6)

Як вы ведаеце, у канцы 1920-х амаль уся ўлада ў Крамлі пачала належыць Сталіну. Для яго ўжо стала неактуальным гуляцца з беларусамі, украінцамі ды іншымі народамі СССР у развіццё нацыянальнай культуры. Сталін паціху пачынае праводзіць іншую палітыку.

Алесь Дудар гэтую змену нацыянальнага клімату актыўна адчувае. У кнігарнях усё меньш беларускіх кніг. У правінцыі беларускія кнігі проста не распакоўваюцца і ляжаць на складзе. На сцэне беларускага тэатра ў акцёраў становіцца ўсё горшай беларуская мова. П’есы, якія іграюцца – гэта драматургія маскоўскіх аўтараў. Беларусь усё больш і больш пачынала нагадваць не самастойную рэспубліку, а пазаддзе усходняга брата. З падобным Алесь Дудар мірыцца не хацеў.

Восенню 1928 года, на старонках „Савецкай Беларусі” Алесь Дудар распачаў знакамітую тэатральную дыскусію. Пад тым жа псеўданімам Тодар Глыбоцкі ён напісаў серыю артыкулаў: «Калі-ж запяюць верацёны?»; «Даволі анекдотаў»; «Таптаньне на месцы», дзе адкрыта пісаў, што БДТ-1, замест таго, каб ставіць беларускіх аўтараў і знаёміць нас з лепшымі здабыткамі ўкраінскай і еўрапейскай драматургіі, па-рабску капіруе маскоўскі тэатр і праводзіць свядомую русіфікацыю. Вось, напрыклад, у артыкуле „Даволі анекдотаў”, Алесь Дудар пісаў: «Першым і самым грозным недахватам у нас зьяўляецца рэпертуарны голад. Няма п’ес, якія можна было-б прыняць да пастаноўкі ў нашы акадэмічныя тэатры. Няма п’ес!.. А калі мы паглядзім на тыя п’есы, што аказаліся годнымі, што мы ўбачым? Мы ўбачым пераклады п’ес, якія адыйшлі ў Маскве, ці ў Ленінградзе, пасьпелі там надакучыць, ці ўстарэць. «Калі сьпяваюць пеўні», «Луна зьлева», «Мяцеж», «Разлом», «Бронецягнік», «Савецкі чорт» – цэлая паводка, на верхні якой, як убогія чаўны, хістаюцца паасобныя заслугоўваючыя ўвагі (наколькі могуць заслугоўваць увагі ўсялякія недаедкі). Няўжо наш тэатр даў падпіску разьвівацца менавіта па тых этапах, якія дае нам расейскі тэатр? Чаму гэта беларускаму гледачу важней паднесьці барацьбу сібірскіх партызанаў, чым вывесьці на сцэну сваіх барацьбітоў? Як кажуць расейцы, «ударь раз, ударь два, но нельзя же до бесчувствия». А ў нас запазычанымі трафарэтамі «ударяют» больш, чым да «бесчувствия». А ў артыкуле «Таптаньне на месцы» («Савецкая Беларусь». 13 лістапада 1928 г. № 260) наш герой адзначаў: «Заместа таго, каб паклапаціцца аб набыцьці рэпэртуару, які быў бы лёгічна зьвязаны з папярэднім шляхам тэатру і адначасова даваў бы поступ наперад, БДТ І затаптаўся на месцы паміж „Мяцежам”, „Верацёнамі” і „Бронецягніком”. У пагоне за перастарэлымі навінкамі маскоўскіх тэатраў, БДТ І адышоў ад сваёй сапраўднай і настойнай задачы». 

Акрамя таго, Алесь Дудар абураўся, што беларускія пісьменнікі не маюць такіх ганарараў, як расійскія. Пра што даволі эмацыйна выказаўся ў артыкуле «Больш увагі да пісьменьніка» („Савецкая Беларусь”,16 кастрычніка 1927 г. № 236): «У нас няма пісьменьнікаў, якія жывуць выключна на свае літаратурныя заработкі. Бадай што ўсе прымушаны займаць службовыя пасады (…). У Маскве налічваецца 2 069 чалавек, якія жывуць літаратурнаю працаю. (…) Робіцца дзіўным, чым гэта беларускія пісьменьнікі і перад кім саграшылі, што яны ня маюць магчымасьці атрымліваць хаця б па 300-400 рублёў у месяц зь літаратурнай працы? Наадварот, у беларускіх пісьменьнікаў адбіраюць апошнія магчымасьці папоўніць свой жабрацкі ганарар».

Не пакідаў Алесь Дудар і навучальныя вышэйшыя ўстановы, куды таксама пранікала маскальшчына, з якою ён, будучы студэнтам Беларускага Дзяржаўнага ўніверсітэта, змагаўся дастаткова арыгінальна. Наш герой успамінаў: «У 1927-28 гг. я зьяўляўся студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.(…) У пачатку 1928 году, чытаючы сэмінарскі даклад па заходнеэўрапейскай літаратуры, я падкрэсьлена зрабіў яго на расейскай мове. (…) Мне задалі запытаньне, чаму я раблю даклад не па-беларуску. Гэтага мне і трэба было, і я напаў на студэнтаў жа, заяўляючы, што яны не цікавяцца беларускай мовай і беларусізацыяй, і таму я хацеў быць толькі больш зразумелым для большасьці (сказана было іранічна)». Алесь Дудар у гэтым змаганні ня быў адзінокі. Зьміцер Жылуновіч, Міхась Зарэцкі, Анатоль Вольны на старонках „Савецкай Беларусі”, у часопісах „Полымя”, „Маладняк” у грамадскіх дыскусіях гэтаксама выказвалі занепакой і абурэнне тым, што беларусізацыя на самай справе больш нагадвае спектакль, а не рэальнасць, што Беларусь ізноў губляе саму сябе і становіцца проста ценем Масквы, а не паўнавартаснай нацыянальна адметнай рэспублікай.

Чаго ж хацеў Алесь Дудар? 

У сваіх марах якой павінна быць Беларусь наш герой больш глядзеў на Захад, а не на Усход. Напрыклад, хацеў, каб членскія білеты сяброў «Маладняка» былі напісаныя не толькі па-беларуску, але і па-француску. Паводле яго словаў: «У сярэдзіне 1926 году мы зьбіраліся выдаць сябрам „Маладняка” новыя білеты. …Тэкст быў пададзены на беларускай і… на францускай мовах. Думка гэта належала мне, і кіраваўся я прыкладам з украінскай „Ваплітэ” [згуртаваньне „Вольная акадэмія пралетарскай літаратуры”], якая надпісы падавала таксама на ўкраінскай і францускай мовах. Галоўліт забараніў францускі тэкст, і на гэтым усё скончылася».

Алесь Дудар хацеў каб нашая моладзь меньш чытала па-руску, а больш па-беларуску, таму марыў, каб у айчыннай літаратуры больш з’явілася кніг для лёгкага чытання. Як тут не ўспомніць тое, што менавіта Дудар, разам з Анатолем Вольным і Андрэем Александровічам былі аўтарамі першай беларускай савецкай прыгодніцкай вострасюжэтнай кнігі для моладзі „Ваўчаняты”, якая выйшла яшчэ ў 1925 годзе. Абураючыся, што ў нас мала падобных кніг, ён пісаў: «Для чытача застаецца ідэалам дынамічнасьць дзеі, вострае і нечаканае завязваньне і разьвязваньне інтрыгі ды іншыя элемэнты прыгодніцкага раману. (…) Нам у далейшым трэба было б паклапаціцца, каб даць масаваму чытачу лёгкую і даступную кніжку ў гэтым жанры. (…) Неабходна наладзіць выданьне сэрыі прыгодніцкіх кніжак…».

Таксама вялікую ўвагу ўдзяляў Алесь Дудар і вывучэнню фальклёру. У артыкуле «Сацыяльна-бытавыя матывы беларускіх народных казак» (часопіс «Полымя». 1928, № 6) ён пісаў: «Дажываюць свой век апошнія з магікан – стагадовыя дзяды ды бабулькі, якія яшчэ перахоўваюць багаты казачны матэрыял. Тым больш цікава цяпер, пакуль казка яшчэ жыве, пакуль усякае дасьледаваньне ў гэтым кірунку яшчэ можа быць дапоўнена жывымі матэрыяламі. Беларуская казка да самага апошняга часу (…) выпала з поля ўвагі дасьледцаў фальклёру…»

А што ва ўласнай творчасці? Што ў гэты востры перыяд у Алеся Дудара адбываецца ў вершах, прозе? 

У гэты час героямі вершаў Алеся Дудара становяцца не ўдарнікі сацыялістычнай працы, не камсамольцы, селькоры, партыйныя дзеячы, а зусім іншыя людзі. 

5-га траўня, таго ж 1928 года Алесь Дудар друкуе ў „Савецкай Беларусі” верш пра дзівакаватага і па-сутнасці лішняга чалавека Юзіка, які прадае газэты на панэлі мулкай, ня хоча працаваць у дзяржаўных кіёсках і аберагае, як можа сваю незалежнасьць ад савецкай рэальнасці. Верш гэты быў надрукаваны толькі адзін раз у газэце «Савецкая Беларусь» і больш нідзе і нікім не перадрукоўваўся: «Сыпле сонца залатое зерне,/а панэлі грае самацьветам./ Абудзіўся Юзік у сутарэньні,/ рана-рана рушыць па газэты./ Разам з маткай ім гадоў за сотню./ Цэлы дзень ён у горадзе вандруе./ Напавер газэту дасьць ахвотна,/ не прадасьць, дык проста падаруе./ Хоча спаць – засьне на тратуары./ За тавар свой ён зусім спакойны –/ ўсе знаёмы з Юзікавым тварам/ і ня толькі людзі – нават коні./ Камэрсант наш Юзік гэніяльны,/ толькі часам блытае залішне –/ камсамольца называе панам,/ нэпмана гатоў назваць – брацішка./ Ці пісьменны ён, сказаць баюся,/ а палітык – дык нямнога гэткіх./ Юзік аб „Савецкай Беларусі”/ кажа – „лібэральная газэта”/ Дзень праходзіць – купіць матцы булку,/ толькі чуць ня хоча пра кіёскі./ Усё вандруе па панэлі мулкай/ ды газэты сьвежыя разносіць./ Як прагоніць сонца ноч сьляпую,/ Юзік наш ужо напагатове:/ міла так газэту прапануе –/ мо й ня трэба, ну, а як адмовіць!..» Верш шмат у чым аўтабіяграфічны. Алесь Дудар быў такім жа наіўным і неспрактыкаваным, як і Юзік, ён таксама ня вельмі ўмеў сябраваць з рэальнасцю, кранальна клапаціўся пра сваю маму і быў адзіны здабытчыкам на той час у сям’і. 

Алесь Дудар адчувае, разумее, што творыцца нешта нядобрае. Ненармальная сітуацыя была па ўсёй рэспубліцы. 

Асабліва востра яна адчувалася ў сценах Беларускага дзяржаўнага універсітэта. У аўторак, 4-га снежня 1928 года, у 278 нумары „Савецкай Беларусі” на апошняй старонцы з’явіўся ліст у рэдакцыю за подпісам Андрэя Александровіча, Алеся Дудара і Міхася Зарэцкага: «Паважаны таварыш рэдактар, дазвольце праз вашу газэту давесьці да ведама савецкай грамадзкасьці наступнае. Зь нейкага часу ў сьценах Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту пачалося ўпартае цкаваньне беларускіх пісьменьнікаў-студэнтаў /…/ Беларускіх пісьменьнікаў абвінавачваюць у групавой замкнутасьці, /…/ у „белорусском шовинизме”, /…/ у тым, што яны чыста апранаюцца, носяць гальштукі, каўнерыкі, капялюшы, акуляры /…/ Беларускіх пісьменнікаў абліваюць памыямі самай бруднай хуліганскай лаянкі, абзываючы „животными”, раўняючы з „собакамі” і ўжываючы іншыя няпрыстойныя ў сьценах Універсітэту прыёмы. /…/ Усё гэта зрабіла немагчымым для беларускага пісьменьніка заставацца ў Беларускім Дзяржаўным Універсітэце і прымусіла нас з болем у сэрцы пакінуць яго і шукаць магчымасьці пашырэньня сваёй асьветы ў іншых навучальных установах Савецкага Саюзу». 

Хлопцы нават не ўсведамлялі ў што ўвязваліся. Гэта быў нават ня выхад асобнай часткі літаратараў, каб заснаваць новае аб’яднанне „Узвышша”. Усё было куды сур’ёзьней. Ужо зусім хутка пачнуцца чысткі ў партыі, а пасля гэтых чыстак уздымецца першая хваля рэпрэсій супраць дзеячаў культуры. Нашы героі падстаўляліся. Яны, як быццам былі аслепленыя, як быццам і сапраўды паверылі, што ў той краіне, дзе яны жывуць, магчымыя дыскусіі, магчыма вось проста так, безпакарана змагацца за беларусізацыю, сыходзіць фактычна па палітычна-нацыянальных матывах з галоўнага ўніверсітэту нашай рэспублікі. Як быццам, можна было ўсё. Іхняя заява была сапраўдным шокам. І для сяброў, і для партыйцаў. Але неўзабаве быў дадзены адказ. Пачалася сапраўдная, непрыхаваная вайна супраць беларускіх пісьменнікаў. 

У тым жа годзе Алесь Дудар складае свой славуты антыкрамлёўскі верш „Пасеклі наш край папалам…”:, дзе былі такія радкі: «Мы не шкадуем мазалёў./ Мы за чужых праклёны роім,/ Але бяз торгу і бяз слоў/ Мы аддаем сваіх герояў./ Ня сьмеем нават гаварыць/ І думаць бяз крамлёўскай візы,/ Бяз нас ўсё робяць махляры/ Ды міжнародныя падлізы».

І як вынік неўзабаве Алесь Дудар арыштаваны ГПУ 20.3.1929 г.; высланы на тры гады ў Смаленск.

Зноў арыштаваны ў Смаленску 22.7.1930 г. і прывезены ў Менск на допыты па справе „Саюза вызваленьня Беларусі”. 

У 1931-м годзе зноў у Смаленску. 

Пад час высылкі яго кідае жонка (паэтка Натальля Вішнеўская), а сярод паэтаў наведвае толькі Валеры Маракоў. Не хацеў ісці на супрацоўніцтва з энкавэдыстамі. 

Па вяртанні ў Менск займаўся ў асноўным перакладамі. 

Трэці раз Алесь Дудар быў арыштаваны 31-га кастрычніка 1936 годзе ў Менску па адрасе: вул. Правадная, д. 15а, кв. 2. 

28 кастрычніка 1937 года прыгавораны тройкай да расстрэлу па абвінавачанні ва ўдзеле ў «антысавецкай аб’яднанай шпіёнска-тэрарыстычнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі», на наступны дзень расстраляны ў Пішчалаўскім замку ў ліку 36 чалавек пакараных у ноч з 29 на 30 кастрычніка.

Падчас хрушчоўскай «адлігі», дзякуючы настойлівасці яго малодшай сястры імя паэта вяртаецца ў нашу літаратуру ў другой палове 1950-х гг. У нешматлікіх кнігах выбранага з Алеся Дудара хацелі зрабіць такога тыповага камсамольскага паэта, але з пачатку 2000-х, дзякуючы руплівасці Ганны Севярынец, якая выдала найбольш поўны том яго твораў, стаўленне да пісьменніка памянялася.

Алесь Дудар цудоўны разнапланавы паэт, які складаў і тонкія лірычныя вершы, і элітарную лірыку і балючыя экспрэсіяністычныя творы, адзін з першых ў Беларусі, хто у сваіх публіцыстычных і паэтычных творах пачаў выступаць супраць палітыкі Крамля, быў першы беларускі паэт арыштаваны за сваю антысавецкую дзейнасць.

Алесь Дудар быў фізічна знішчаны. Але духоўна ён з намі. Яго творчасць ратуе. 

Васіль Дранько-Майсюк

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У красавіку

    – 9(21).04.1835 г. у Віцебску нар. Ялегі Пранціш Вуль (сапр. Элегі Францішак Карафа-Карыбут), беларускі паэт. Удзельнічаў у  студзенскім паўстаньні, за што быў сасланы ў Сібір. Апошнія гады жыцьця правёў у Варшаве, дзе з Вінцэсем Каратынскім і Адамам Плугам стварыў беларускі …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (250) – 24.04.1775 г. у Будлеве Бельскага пав. Гродзенскай губ. (зараз гміна Вышкі, Бельскага пав. Падляшскага ваяв.) нар. кс. Якуб Забядэвуш Фалькоўскі, адзін з пачынальнікаў навучаньня глуханямых мове жэстаў, быў рэктарам піярскай школы ў Шчучыне, у 1817 г. адкрыў у Варшаве першую польскую школу для глуханямых. У 1826-1837 гг. быў першым пробашчам касьцёла сьв. Аляксандра ў Варшаве на Пляцы Трох Крыжоў, у якога падзямельлях пахаваны пасля сьмерці. Памёр у Варшаве 2.09.1848 г.
  • (140) – 24.04.1885 г. у Гродзенскай губ. (у Гродне або ў Кузьніцы) нар. Анна Саланка, настаўніца, якая ў 1909 г. разам з сястрой Марыяй і кс. Францішкам Грынкевічам заснавалі Гродзенскі гурток беларускай моладзі, першую беларускую арганізацыю на Гарадзеншчыне. У 1906 г. закончыла Гродзенскую жаночую гімназію і выехала на навуку ў Інсбрук, дзе з кс. кс. Ф. Грынкевічам і Адамам Лісоўскім заснавала беларускі гурток. У 1911 г. выйшла замуж за гімназіяльнага настаўніка Алексея Селівачова. Памерла ў Вільні 2.02.1915 г. Пахавана на могілках Росы.
  • (136) – 24.04.1889 г. у Стоўпцах нар. Юры Сабалеўскі, беларускі палітычны і нацыянальны дзеяч, пасол у польскі сойм у 1926-1928 гг. Арыштаваны НКВД пасьля 1939 г., уцёк з савецкай турмы ў канцы чэрвеня 1941 г. Актыўна ўдзельнічаў
  • (81) – 24.04.1944 г. у Суботніках каля Іўя нар. Зянон Пазьняк, археоляг і палітычны беларускі дзеяч. Зараз у эміграцыі. Жадаем шмат сілаў і нягаснучай надзеі на сапраўдную Беларусь!

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2025 Czasopis