Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    19.Szalony kamandant z Sannikoŭ

    Pośle taho, jak letam 1944 r. Krasnaja Armia prahnała ad nas hitleraŭcaŭ, z zaniatych viosak na front brali maładych mużczyn. Tak mabilizavali miż inszym Kola K. z Sannikoŭ – apuściełaj cipier vioski pad Krynkami, pamiż Kruszynianami i Szaciłami. Jon naradziŭso ŭ 1916 r. Za polskim…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

RSS і Facebook

У вянок памяці

Адыходзяць паэты…

Разгар лета. У дзень у краму забягаюць тыя, у каго ёсць час. У Тарнопалі ў „склепе” набудзеш і тое, што возяць абвазныя крамы, але тут і халодным напоем можаш пачаставацца, і марозівам, бо стаяць халадзільнікі. Але можам узяць і цяплейшае пітво. Марцін вядзе тут краму, родам з Бандароў, заснаваў яе быў яшчэ яго бацька. Можна сказаць, што Марцін тут у прымах быў, але ўжо не ёсць. Але інтарэс працуе. Цяперашніх людзей ведае тутэйшых, старэйшых не вельмі, хіба што каторы прыходзіць па пакупкі.

А Марцін Гайдука ведаў, Валодзю? Ведаў, прыязджаў на ровары па пакупкі, з Гайдукоў, з хутара яшчэ званага Полымем, браў тое што найбольш трэба. Мала пра што Валодзя распытваўся ў людзей, і яны ім таксама не вельмі цікавіліся. Дзівакаваты. Суседзі нават гневаліся на яго, бо быццам бы ўбачыў тое што не трэба, і можа даказаў каму. Справядлівы такі. Якія тут дзялы – можа што ў плёнтку злапалася, можа хто якое дрэва зваліў… Лес кругом. Людская справа, чалавекам трэба быць. Не, не будуць гаварыць людзі пра тое што было, бо ж паэт ужо нябожчык, пакоіцца на ляўкоўскім могільніку. А тут у карму пасярод Тарнопаля зайшлі хлопцы, якія маглі б быць яго дарослымі ўнукамі. Пра ўсё пачуць можна, але не пры чужых.

– „Склеп” гэта як „мувніца”, – кажа прадавец. – Навіны ўсялякія, парады, сакрэты. О, тут хлопец хоча прадаць аўто, праўда, паношанае, але марка якая! Але што сказана тут, дык застаецца як у ксяндза. Тайна споведзі! Валодзя прыязджаў на закупы, а нават часам вершыкі казаў. Едла купляў. Што людзі ў нас купляюць? „Ужыўку”, хлеб. Хлеб з Беластока прадаем і Міхалова, бо Нараўка адмовілася ў нас свой хлеб прадаваць. Не вельмі „аплачваецца” мне гэты тут інтарэс, але без склепу была б бяда. У мяне можаш заплаціць нават банкавай крэдытнай картай!

– О, цябе памятаю са школы, – кажа мне Яраслаў Леўчук. Можа, але ўжо з часу, калі я адбывала студэнцкую практыку ў семяноўскай школе. Яраслаў ведае, што я з „Нівы”, а пра тое, што я вершы пішу, ведае з Радыё Рацыя. Ну, зямлячка. А пра Валодзю чуў, што гэта „паэта тарнапольскі” быў.

– Тут паэтаў шмат у ваколіцы, – пачынаю пералічваць доўгі спісак. – У Ціванюках жыў паэт Аркадзь Леўшук, дзвесце метраў ад яго – у Юшкавым Грудзе Люба Саковіч, у Рыбаках дзядзька Фёдар Хлябіч, памёр ужо, і яго хросная дачка Марыся Хлябіч піша вершы… У Лешках – Тадзік Кунцэвіч…. На семяноўска-нараўчанска-бандарскай зямлі найбольшая шчыльнасць паэтаў. І тых, што друкуюць, і тых, што гавораць вершы нават самі не ведаючы пра гэта, і тых, што складаюць вершы сваім жыццём і нікому іх не рассакрэчваюць. Ёсць такія, што нічога не напісалі, бо не мелі калі, але яны – душою паэты…

– А Валодзю… не дацанялі, – ціха кажа Яраслаў. – Ну, сябры думалі… што ён трошку… ну… Дзівак, словам. Бо ён такі і быў. Не трымаў кантакту з людзьмі. Прыязджаў у краму, раз у тудзень, купляў што трэба, і ўсё – больш не паказваўся. З хаты не выходзіў. Гэта ўсё. Нічога пра яго кепскага не скажаш, тым больш што пра памералага не выпадае. Як адзін, самотны чалавек, то напэўна дзівачэе. Ані пагаварыці з кім… Бо ўсе ад яго адкінуліся. 

Яраслаў Леўчук жыве на Вянзкове, па-нашаму на Хаміным. І там народу малавата.

– Там жывем. Матка мая памерла, яшчэ бацька ёсць. Я маю хату ў Гайнаўцы, але мушу тут ужо быць, бо ойцец ужо хворы. Недалёка адсюль, кіламетры тры, мігам праедзеш. Раблю на чыгунцы, манеўровым. Ну, гэта ў нас чыгунка мае развівацца, маюць рабіць тое ціто, пагранпераход, але як да таго дойдзе, як тое будзе, то хто яго ведае… 

– За гэтым густым лесам нават не ўбачыш старой семяноўскай станцыі, нат не дадумаешся, што там штосьці было. А зараз разваліны таго славутага бара, ён здаецца, „Рандо” называўся… – кідаю вокам на зялёны густы лес. – Людзі мала што пра сябе ведаюць…

– О, а тут Аля ў краму прыйшла, – схамянуўся хлопец з Хамінога. – Аля вершы піша!

– А чыя Аля гэта? – узіраюся ў чарнявую шчуплую жанчыну, што прыехала ў краму з двума хлопцамі, сынком Дарафеем і яго сябрам Марцінам.

– Ясвіловіча. Пекныя вершы піша! А сястра яе Аня, можа ведаеш, таксама. А маці іх – Жэня з Ляўкова. Піша і так і так – і па-польску, і па-свойму, – інфармуе Ярак, пакуль Аля падыдзе пад краму. Усё ж ведае Яраслаў, хто ў ваколіцы піша вершы! – Аля, хадзі сюды! Я  ўжо Міры сказаў, што ты прыгожыя вершы пішаш. Такая праўда.

– Ну, можа які запісала, – перлінамі смяецца жанчына. – Пісаць па-беларуску не вельмі ўмею, не хачу язык ламаць. Але магу сказаць, што па-свояму пішу. Ці гэта вершы… Як мы жывём на вёсцы магу напісаць. Жыву ў Семяноўцы, на хутары. На найдаўжэйшай вуліцы – Ланковай. Сама родам з Ляўкова. Пасля ліцэя я працавала прыбіральшчыцай, цяпер я хлебаробка, удава.. Наша вуліца Ланковая вельмі доўгая – ідзе з Семяноўкі, праз Асовае, аж да нас, кіламетраў пяць будзе. А нумар маёй хаты – 114. Канец лесу, і па правым боку – мае будынкі. Дзесяць гектараў абрабляю, гадую кароў, бычкоў. І пра іх напісала: „Нашто гэтыя кальчыкі? Няхай імёны маюць быкі!”

Тут слухачы пад крамай пачынаюць біць брава. 

– Мая сястра Марынка таксама вершы пісала. А якія там вершы мае! Задумаецца верш, дык і напішу. Прачытаю. Адзін фацэт сказаў: „Такія вершы нямодныя”. 

– Ты на пахаванне маёй мамы напісала цудны верш, – прыгадвае Ярак.

– Я напісала?.. Ой, не памятаю… Я маю шмат напісаных накідаў, але не перапісаныя яны. Можа і нямодныя, але напісаныя як ва ўласнай абароне. Пачала пісаць яшчэ ў ліцэі. Першыя вершыкі, калі мая сястрычка маленкая была. Я жыла ў інтэрнаце. Святло пагасілі, нельга было запаліць. На вуліцы свяціў ліхтар. Я ўзяла даўгапіс, лісток, і стала пісаць, што мне ў галаву прыйшло. Гэта было пра нашу Марынку, па-польску. „Tak niedawno urodzone, przez mamusię nakarmione, bez imienia toto jeszcze, i na cały dom już wrzeszczy!”. Раніцай устала, і перапісала. Вершаў у мяне занатавана шмат, па розных шуфлядах-нешуфлядах. Маю вершыкі для канкрэтных асоб, на імёны. Пра сельскую гаспадарку, жыццё ў вёсцы. Пра гаспадара, стомленага ад работы, які ўжо на жонку і не гляне… Сатырычныя вершы, у нас людзі найбольш любяць смешныя вершы…

– Я працавала крыху ў гміне, – прыгадвае Аля. – Перапісвала газету, каб навучыцца хутка друкаваць на машынцы. Прыйшла старая жанчына і стала наракаць. А я давай друкаваць: „Chodzi po świecie starucha, kulawa, ślepa i głucha… Z twarzą ku ziemi schylona, z laską idzie zgarbiona…”. Вось і маеш тую старасць. Ехала калісь у Беластоку ў гарадскім аўтобусе, людзі вельмі брыдка лаяліся, а і малыя дзеці былі сярод пасажыраў. Мне гэта так не спадабалася, і склала верш „Лаціна па-польску”. А па-свойму пісаць – трэба сур’ёзна. „Пісаць па-беларуску трэба знаці, так добра як гаварылі бацька і маці”. Непрафесіяналка я. Часам так мне мовы разам сплятуцца, што цяжка рыфму злапаць, – смяецца. – Тая асоба, што казала, што мае вершы „нямодныя”, сама піша „класічныя”. Мая сястра Аня таксама штосьці піша. А сястра Ірэна мае агратурыстычную гаспадарку, і я ёй вершык склала. І нашаму бацюшку. І пра банк. І пра Марцінаву краму. 

Пісала Аля з Семяноўкі... (на здымку крайняя справа) Фота Міры Лукшы
Пісала Аля з Семяноўкі… (на здымку крайняя справа)
Фота Міры Лукшы

… Я вершаў Валодзевых не чытала, не давялося, – з сумам дадае Аля. – Але ведала яго. Я малако прывозіла ў скупку, ён таксама. Чула, што ён паэт. Па-мойму быў ён чалавек спакойны, і можна было з ім пагаварыць пра ўсё, калі пачаць размову. Але чалавек быў ён скрытны. А чытала я вершы паэта з Лешукоў, Тадзіка, бо ў маёй сястры Ірэны ёсць яго ксёнжачка; з цікавасцю яе прачытала. Буду мець час, перапішу і свае вершыкі, тыя што на лісточках пазапісваныя. Але дзе той час… Бывае, еду на рыбалку (вязу сябра Геня), і тады стараюся пісаць вершы – ён ловіць, а я сваё запісваю. Раніцай, пакуль спяць, я запішу што-небудзь. А потым то вязі, то прывозь, то рабі ў полі… Дзяцей трое маю. Па-беларуску слаба я пішу, і слаба чытаю. Хаця мой дзед ад першага нумара „Ніву” выпісваў і яе чытаў. І мама мая ўчесь час чытае „Ніву”, а я – час ад часу. І мае дзеці ўсе вучыліся беларускай мовы, малы вучыцца цяпер у Лілі Тарасевіч у Нараўцы…

Вяртаюся з нашага наваколля гадзіны праз тры. А мой мабільнік, вырваўшыся з зоны недахопу пакрыцця сувязі, проста гудзе зычным голасам Алі Ясвіловіч:

– Міра, я верш напісала. Слухай, па-свойму!

Наша простая мова, нашы простыя словы. Запісаныя ў гэтай газеце, напрыгажэйшай газеце на свеце. 

І ўсё што нас цікавіць, і ўсё што нас расславіць – усё знойдзеце вы тут, апісаны наш родны кут.

Вашы справы сэрцу блізкі, вашы думкі і запіскі, многа звестак і павестак, для сыноў і для нявестак,

А таксама дочкам, зяцям, усім знаёмым, унукам, бабцям. І дарослыя і дзеткі – прачытайце з „Нівы” звесткі!

Адышла Аля раптам, перамогшы шмат чаго кепскага, ды перамагла яе хвароба. Засталася яе песня – прысабечаная нараўчанскімі дзеячамі культуры – пра «Нараўку натуральна» – файны гмін пра хараство людзей, прыроды і працу для роднай старонкі.

Міра Лукша

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • у верасні

    1040 – У 983 г. вялікі князь Уладзімір на чале дружын, аснову якіх складалі дрыгавіцкія і крывіцкія воі, рушыў супраць яцьвягаў. Армія перайшла па землях сёньняшняй Беласточчыны і паводле „Повести временных лет” як напісана „Въ лето 6491 иде Володимир на …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (258) – 25 верасьня 1765 г. у Гузаве (зараз Мазавецкае ваяв.) нарадзіўся Міхал Клеофаc Агінскі – дзяржаўны дзеяч, дыпламат, кампазітар (памёр 15.10.1833 г. у Флярэнцыі (Італія), дзе пахаваны ў пантэоне Санта Кручэ).
  • (175) – 25.09.1848 г. у Магілёве нар. Вацлаў Федаровіч, краязнавец, калекцыянер, юрыст, член-карэспандэнт Кракаўскай АУ. З 1884 г. жыў у Віцебску, працаваў намесьнікам старшыні Віцебскай вучонай архіўнай камісыі. Пісаў артыкулы па гісторыі краю ў „Витебские губернские ведомости”. Памёр 11.01.1911 г. у Рызе, пахаваны ў Віцебску на могілках касьцёла сьв. Варвары.
  • (148) – 25 верасьня 1875 г. у в. Асаўцы Кобрыньскага павету нарадзіўся Сяргей Паўловіч, настаўнік, нацыянальны дзеяч. У 1925-1928 гг. быў дырэктарам Віленскай Беларускай Гімназіі. Адзін з кіраўнікоў Таварыства Беларускай Школы. За беларускую, патрыятычную дзейнасьць пазбаўлены правоў навучаньня. Актыўна выступаў супраць палянізацыі беларускага насельніцтва. Між іншым быў рэдактарам дзіцячага царкоўна-культурнага часопіса „Снапок” (у 1937-1939 гадах), аўтарам школьных падручнікаў ды дапаможнікаў на беларускай мове. Памёр 16.09.1940 г. у Вільні, пахаваны на праваслаўных Свята Ефрасіньнеўскіх могілках.
  • (110) – 25.09.1913 г. у в. Нобель Пінскага павета нар. Сяргей Грахоўскі, беларускі пісьменьнік. У 1936 г. закончыў літаратурны факультэт Мінскага пэдагагічнага Інстытута, працаваў рэдактарам на Беларускім радыё. У 1936 г. рэпрэсаваны, 10 гадоў быў у лагеры. У  1946 – 1949 гг. выкладаў рускую мову і літаратуру ва Урэцкай сярэдняй школе на Случчыне. Пасьля паўторна арыштаваны і сасланы на вечнае пасяленьне ў Новасібірскую вобласьць. Пасьля рэабілітацыі ў 1955 г. вярнуўся ў Беларусь, працаваў на радыё, у часопісах „Бярозка”, „Вясёлка”. Першы верш надрукаваў у 1926 г. У 1973 і 1983 гг. выдаваліся яго „Выбраныя творы” ў 2 тамах. Памёр 11.12.2002 г. у Менску, пахаваны на Усходніх могілках.
  • (109) – 25.09.1914 г. у Зэльве Гродзенскага пав. нар. Аўген Смаршчок, праваслаўны сьвятар, старшыня Саюза Беларусаў у Бэльгіі. Рукапаложаны ў сан сьвятара Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) у 1950 г., быў адным з ініцыятараў і арганізатараў БАПЦ у Бэльгіі. Памёр 25.09.1984 г. у Грэверы каля Лювэну ў Бэльгіі.
  • (102) – 25-28.09.1921 г. у Празе адбылася Першая Усебеларуская Канфэрэнцыя – сход прадстаўнікоў беларускіх арганізацыяў з Заходняй Беларусі, Латвіі, Летувы, Нямеччыны, Чэха-Славакіі. Прысутныя падтрымалі прынцып поўнай незалежнасьці ды непадзельнасьці Беларусі. Між іншым удзельнікі сходу сьцьвердзілі, што лічаць ворагамі беларускага народу кожнага хто прызнае Рыжскі мірны трактат, які падзяліў беларускія землі між Расею і Польшчу. Прысутная на канфэрэнцыя была беларуская дзеячка родам з падбеластоцкіх Агароднічак Вера Маслоўская (Матэйчук).
  • (85) – 25.09.1938 г. у Краснасельскім каля Ваўкавыска нар. Вячаслаў Целеш, мастак і беларускі дзеяч у Латвіі. Жыве ў Рызе. Віншуем!
  • (58) – 25.09.1965 г. у Гільдэсгайм у Нямеччыне памёр Міхась Маскалік (нар. 18.03.1903 г. у Гарадзеі), каталіцкі сьвятар усходняга абраду, беларускі хадэцкі дзеяч.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Copyright © 2023 Czasopis