Pa prostu / Па-просту

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Waśkowa spowed’ (1)

    Nadworie Styczeń sioho roku buw tepły i niemorozny. W Ryhoruwciach uże po tradycji bołoto, zemla rozmerzła. W miastowych czerewykach rozmemłeny kaluży preskokowaty treba, kob bołotom botiki ne barzo pobrudyty. Abo wody w ich ne nabraty. Peredom ide mużczyna pożyły, zhorbiany, pałkoju podperajetsia i ide czerez… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS, Facebook i Telegram

Вясковая адзінота

Ад бульбы да бульбы

Вось так год за годам праходзяць – ад бульбы да бульбы, – любіць паўтараць Наталля. І гэтая яе прымаўка выдатна адлюстроўвае вясковае жыццё. Вясной саджаюць бульбу, даглядаюць усё лета, абіраюць каларадскіх жукоў, напрыканцы лета і ў верасні капаюць, а зімой адпачываюць. Той, хто сабраў вялікі ўраджай, частку бульбы восенню прадае на кірмашах ці па аб’явах, ці раздае дзецям. Наталля са сваім „дзедам” не прадаюць, хаця кожны год саджаюць мо з дванаццаць палосак. Некалькі мяхоў забірае звычайна адзіная іх дачка, што жыве ў горадзе. Аднак ўсё адно застаецца больш, чым трэба бацькам. Калі Наталлю пытаеш, навошта тады столькі саджаць, яна толькі разводзіць рукамі і ўсміхаецца:

– А што яшчэ ў вёсцы рабіць? Усе вакол так робяць, жыццё такое нашае, ад бульбы да бульбы.

Сапраўды, апрача працы на градках, цяжка знайсці ў вёсцы занятак сталым людзям. „Дзед” калі-некалі яшчэ можа выбрацца ў грыбы ці з вудамі на сажалку. А Наталля ўвесь час у хаце. Каб не паўсядзённая праца ў агародзе, з нуды можна памерці. Хаця, трэба прызнаць, пенсійны ўзрост перажывае кабета лепей ад дзеда.

Саша (так завуць Натальчынага мужа, але знаёмыя паміж сабой называюць яго выключна „дзедам”), раней рабіў кіроўцам і нядаўна мусіў пайсці на пенсію. Але не таму што сам хацеў, а бо ўжо папрасілі. Добра па ім відаць, што сумуе па працы, бо ўвесь час імкнецца сябе нечым заняць – ці то нешта напраўляе ў хаце, ці то ў сваім старым рыдване, хаця і скардзіцца на хворыя суставы.

– Калені баляць і ўзрост ужо адчуваецца добра, – часта паўтарае ён мужыкам у бані, – магу цяпер толькі да трох гадзін нешта рабіць. Але, пакуль ёсць хаця б нейкае здароўе, трэба рабіць. Бо калі няма працы, то й жыцця ўжо няма. Вось, цешча мае 92 гады, але ходзіць, хаця б з дзвюма палкамі, каб далей жыць – нават бульбу капала самастойна!

Жывуць Наталля з Сашам разам мо ўжо з гадоў сорак пяць, ці нават больш. Розныя моманты былі ў іх супольным жыцці, казаў быў „дзед”, але, тым не менш, засталіся яны разам. Прычым разам яны ўсюды, амаль ніколі не пабачыш іх паасобку – ці то ў агародзе, ці то ў горадзе, калі едуць на закупы, ці то ў царкве па нядзелях, ці то ў краме пасля літургіі.

Вясковую аднастайнасць разбаўляе ім унучка, якую дачка прывозіць на лета і на зімовыя канікулы. Наталля з „дзедам” становяцца ў гэты час лагаднейшымі, расказваюць пры кожнай аказіі, як забаўляюць дзяўчынку.

Гэтым летам дзяўчынка прабыла ў іх менш, чым звычайна. Дачка павезла яе на мора, упершыню ў жыцці. Два дні хіба ехалі аўтобусам недзе ў Краснадарскі край у Расеі, у Турцыю дачка казала за дорага было ляцець. Наталля ўвесь час іх адпачынку не крыла непакою. Казала, сувязь была паскудная, інтэрнэт увогуле часам не працаваў, баялася, каб не прыляцелі ў тое месца дроны. Дзед быў больш стрыманы, аднак відаць па ім было, што таксама моцна нерваваўся. Толькі калі дачка з ўнучкай вярнуліся, пачалі Наталля з мужам зноў усміхацца і жартаваць. Зараз вось капаюць бульбу і чакаюць, калі малая зноў прыедзе іх наведаць, хаця й наракаюць, што вучыцца ў школе не надта ёй хочацца, адное мультфільмы глядзець.

Зімой жа час у вёсцы будзе цягнуцца павольней, чым звычайна. Трэба будзе Наталлі з „дзедам” чымсьці сабе займаць, сумаваць па ўнучцы і чакаць пачатку новага сезону ў агародзе і садзе, карацей кажучы – неяк мусяць пражыць да новай бульбы.

Тэкст і фота Сяргея Александровіча 

Календарыюм

Гадоў таму

  • у лістападзе

    685 – у 1341 г. войскі Вялікага Княства Літоўскага акружылі крыжацкую цьвердзь Баербург і прыступілі да яе здабыцьця. Падчас атакі загінуў вялікі князь Гедымін. 210 – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары / Poprzednie numery

Усе правы абаронены; 2026 Czasopis
Social Media Auto Publish Powered By : XYZScripts.com