Без яго творчасці ўвогуле цяжка ўявіць, як бы развівалася наша прыгожае пісьменства.
Вастрыню, містыку, дзёрзкую непакорнасць, свабоднае пераасэнсаванне старадаўніх легенд, за якімі хаваецца крытыка сучаснасці, пераняў ад яго Янка Купала. Гэта асабліва выразна бачна ў «Магіле льва», «Бандароўне», «Сне на кургане», вершах, складзеных падчас Першай сусветнай вайны.
Янка Купала, які пісаў пра боль, гвалт, здраду, вар’яцтва, паэт, для якога розніцы паміж рэальнасцю і пеклам амаль не было ніякай, – натхняўся менавіта падобным інфернальна-фантастычным бокам вершаў і паэм Міцкевіча. Боль Міцкевіча за палякаў, якія загубілі сваю незалежнасць, тоесны такому ж фізіялагічна моташнаму болю Янкі Купалы за сваіх абыякавых суайчыннікаў.
Эмацыянальна больш устойлівы Якуб Колас натхняўся ў Адама Міцкевіча іншым.
Якубу Коласу была блізкая светлая іронія Міцкевіча.
Яму вельмі імпанавала тое, што, ствараючы вялікія паэмы, Міцкевіч насычае іх безупынным дзеяннем, напаўняе гумарам, ад чаго падобныя творы становяцца лёгкімі, амаль бязважкімі, як музыка Моцарта.
Падобнай лёгкасці Якуб Колас і вучыўся ў Адама Міцкевіча.
«Новая зямля» напоўнена манументальна-іранічнай напеўнасцю, праз якую, бы праз нейкі таемны партал, можна ўцячы з прыкрага зняволення рэчаіснасці ў іншы выдумана-фантазійны свет ідэалізавана-прывіднай, як сон, роднай мінуўшчыны.
Седзячы ў Парыжы, пасвараны з Папам Рымскім, расчараваны ў выніках паўстання 1830–1831 гг., самотны і адзінокі Адам Міцкевіч, каб канчаткова не патануць у смутнаглядстве, стварае ці не самы яркі, паводле сваёй фантазійнай нязмушанасці, твор «Пан Тадэвуш», дзе яго радзіма з яе пушчамі, паляваннямі, пацешнымі шляхцічамі і цудоўнымі дамамі, прыгожымі раманамі і марамі аб гераічных паўстаннях паказана чароўным раем, поўным сонечнай цеплыні і радасці.
Падобнае ж уражанне ўзнікае і ад «Новай зямлі», якую Якуб Колас пачаў ствараць у царскай турме, калі ад яго адвярнуліся сябры і каханая, а ў паэта быў выбар: ці засіліцца ў пятлі, ці змагацца з нягодамі рэчаіснасці, ствараючы светлую фантазію роднага краю, чыя жыццярадаснасць павінна перамагчы панурую турэмную нязменнасць рэальнасці.
Як і для Міцкевіча, так і для Якуба Коласа шматлікія апісанні прыроды мелі падкрэслена тэрапеўтычнае значэнне. Па жыцці яны шмат у чым сумняваліся, але захоўвалі нязменную ўпэўненасць у той простай ісціне, што людзі здрадзяць, а прырода – не.
Многія вершы і паэмы Максіма Танка 30-х гадоў, паводле сваёй падкрэсленай баладнасці, сацыяльнай вастрыні, непрыкрытай нязгоды з тагачаснымі палітычнымі рэаліямі, яркай драматургічнай тэатралізацыяй, нечаканымі эпітэтамі, гэтаксма пераклікаюцца з творамі Адама Міцкевіча.
Абодва паэты дастаткова абвострана рэагавалі на тыя ці іншыя палітычныя і сацыяльныя з’явы, маўчаць не ўмелі (нават калі і трэба было), складалі правакацыйныя эпіграмы, гумарыстычнапарадыйныя опусы, за якія пасля маглі цярпець і розныя непрыемнасці.
Адам Міцкевіч не толькі натхняў, захапляў, эстэтычна ўзбагачаў беларускіх класікаў.
Ён іх творча ратаваў.
Калі нашы паэты браліся яго перакладаць, дык мелі магчымасць у самыя палітычна цяжкія часы дастаткова смела выказвацца аб той рэчаіснасці, у якой вымушаны былі існаваць.
Як вядома, у 1930-я гг. было толькі дзве магчымасці, каб хоць неяк творча захавацца.
Першая – гэта сысці ў дзіцячую літаратуру (як гэта зрабіў Тодар Кляшторны), другая – схавацца ў перакладах, што акурат і здзейсніла пераважная большасць ацалелых пісьменнікаў.
Да 85-годдзя з дня смерці Адама Міцкевіча на старонках «Полымя рэвалюцыі» (1940, № 11) з’явілася вельмі цікавая падборка твораў польскага паэта.
Перакладчыкамі выступілі Янка Купала, Якуб Колас, Максім Танк, Валянцін Таўлай, Міхась Клімковіч, Канстанцін Цітоў. Аўтарам вельмі цікавага артыкула пра творчасць Міцкевіча быў Пятро Глебка.
Якія ж вершы, балады і ўрыўкі з паэм былі выбраны для публікацыі?
Падборка была вельмі нечаканая.
Адкрываецца ўсё іранічна-містычнай баладай «Пані Твардоўская», якую Янка Купала пералажыў на беларускую мову яшчэ на пачатку 1910-х гадоў.
Да вясёлага, творчага пана Твардоўскага, які ўмее здзіўляць сваіх сяброў нечаканымі імправізаванымі фокусамі і чарамі (памятаем, што сам Міцкевіч любіў пацяшаць публіку дзівоснымі імправізацыямі), з’яўляецца Мефістофель, каб забраць героя ў пекла.
Сітуацыя, здаецца, безвыходная.
Д’ябал не паддаецца ні на якія хітрыкі, не баіцца нават святой вады. Але пана Твардоўскага нечакана ратуе… уласная жонка: «Глянь, вунь баба, як печ грудзі, / Гэта, чорце, мая жонка. /…/ Прысягні ты ёй каханне, / Паслухмянасць і пашану; / Зломіш хоць адно заданне, / Будзе ўмова скасавана. / Ловіць гэта чорт паўвухам, / А паўвокам сочыць самку. / Быццам бачыў, быццам слухаў, / І збліжаецца пад клямку. / А Твардоўскі пры ім суча, / Нібы выпусціць баіцца. / Скочыў дзюркай чорт ад ключа / І дагэтуль скача гіцаль».
Міцкевіч, калі складаў гэту жартаўлівую баладу і выяўляў жанчыну такім гратэскна-брутальным чынам, паказаўшы яе істотай ад аднаго выгляду каторай сам Мефістофель напускае ў штаны, ратаваўся ад сваіх любоўных залежнасцяў, якія ламалі яму жыццё і прычынялі вялікія душэўныя непрыемнасці.
Але для Янкі Купалы істотным момантам у баладзе з’яўляецца менавіта нечаканы прыход Д’ябла (які тут успрымаецца яскравай метафарай пэўных органаў), што хоча «арыштаваць» вясёлага, бесклапотнага героя (замест метафарычнага пана Твардоўскага падстаўляйце сюды каго хочаце: Алеся Дудара, Тодара Кляшторнага, Міхася Чарота).
Янка Купала нездарма прапанаваў для «Полымя рэвалюцыі» менавіта гэту баладу.
Так, Мефістофель можа прыйсці ў любы момант, можа паспрабаваць зацягнуць цябе ў сваё пекла, але ж, аказваецца, і яго можна абдурыць, напалохаць, перамагчы!
Паэт, які захаваў унутраную творчую незалежнасць і свабоду, абавязкова пераможа любога Мефістофеля.
Дзякуючы Адаму Міцкевічу, схаваўшыся ў прасторы перакладу яго быццам бы просценькай жартоўнай балады, Янка Купала змог выказаць вельмі важную, смелую і нечаканую для тагачаснага запалоханага грамадства думку: Любы д’ябал рана ці позна асуджаны на паразу, у той час як песняра чакае перамога!
Імёны Валерыя Маракова, Юркі Лявоннага, Уладзіміра Хадыкі ды многіх іншых вяртаюцца з нябыту.
Адразу ж пасля «Пані Твардоўскай» на старонках «Полымя рэвалюцыі» мы чытаем уступ да паэмы «Конрад Валенрод» у перакладзе таго ж Янкі Купалы.
Тэкст напоўнены трывожна-трагічным чаканнем немінучай бітвы, якая прынясе вялікае спусташэнне і гора нашаму народу. Пакуль жа перад намі своеасаблівае зацішша перад страшнай бурай, якое, паводле перакладчыка, нагадвае час «Берыеўскай адлігі», што ў любую секунду можа абрынуцца новым вадаспадам рэпрэсій.
Міхась Клімковіч з таго ж «Конрада Валенрода» прапануе для беларускага савецкага чытача баладу «Альпурга».
Чаму менавіта яе?
А таму што ў ёй расказваецца пра тое, як мужны арабскі воін пранікае да захопнікоў іспанцаў і, ахвяруючы сваім жыццём, заражае іх усіх чумой.
Чаму першы старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, г. зв. «чыноўнік ад літаратуры» Міхась Клімковіч выбраў менавіта гэты ўрывак?
Чаму ўвогуле з усёй багатай спадчыны Адама Міцкевіча ў «Полымі рэвалюцыі» двойчы друкуюцца ўрыўкі менавіта з «Конрада Валенрода»?
Адказ знойдзем у артыкуле Пятра Глебкі, надрукаваным у тым жа часопісе: «Ідэя паэмы выклікала гарачыя спрэчкі. У чым жа сутнасць і ідэя паэмы? Конрад Валенрод, галоўны герой, быў калісьці літвінам. У маленстве, у час нападу крыжакоў на Літву, ён быў узяты ў палон. Там яго ахрысцілі і далі імя Вальтэр Альфа. У замку, у якім ён выхоўваўся, знаходзіўcя стары літоўскі вайдэлот (народны песняр). Ён абудзіў у Вальтэра пачуццё любасці да прыгнечанай Літвы, і Альфа ў час бойкі паміж крыжакамі і літоўцамі пераходзіць да літоўцаў. Ён пасяляецца ў літоўскага князя Кейстута і жэніцца з яго дачкой Альдонай. Тым часам напады крыжакоў на Літву не спыняюцца. Страціўшы ўсякую надзею адстаяць Літву сілаю зброі, Вальтэр Альфа пад імем Конрада Валенрода ўступае ў ордэн крыжакоў, дабіваецца там пасады магістра і сваёю здрадаю прыводзіць ордэн да пагібелі, а сам канчае жыццё самагубствам. /…/ Учынак Валенрода ёсць для яго суровая і непазбежная неабходнасць» (Пятро Глебка. Адам Міцкевіч. // Полымя рэвалюцыі. 1940, № 11).
Беларускія пісьменнікі пачуваліся ў стане ў той час, бы той Конрад у стане ворагаў, крыжакоў, дзе нельга было сябе выдаць, але трэба было займаць пасады і чыны, дамагацца таго, каб да іх прыслухоўваліся, каб такім чынам, магчыма, спярша і не зусім заўважна і пакрысе, але «знутры» не даваць загінуць наша краіне.
Менавіта Міхась Клімковіч быў адзін з тых, хто спрыяў вызваленню Наталлі Арсенневай. Каб ён не займаў высокую пасаду, наўрад ці да яго прыслухоўваліся б.
Менавіта Пятро Глебка ратаваў тэкст «Віленскіх камунараў» Максіма Гарэцкага, а затым (разам з Петрусём Броўкам) дамагаўся ў канцы 50-х вяртання з нябыту многіх беларускіх паэтаў.
Менавіта Максім Танк, калі займеў Сталінскую прэмію, змог дапамагаць і спрыяць зняволеным Пятру Бітэлю (яшчэ аднаму перакладчыку Адама Міцкевіча!) і Барысу Мікулічу.
Менавіта Янка Купала і Якуб Колас змагаліся (на жаль, няўдала) за тое, каб вызваліць легендарнага рэдактара «Нашай Нівы» Аляксандра Уласава.
Публікацыяй адпаведных твораў Адама Міцкевіча ў «Полымі рэвалюцыі» беларускія пісьменнікі яскрава акрэслілі сваю пазіцыю. Адам Міцкевіч, як бачым, натхняў іх не толькі ў плане творчасці, але і ў тым, як можна супрацьстаяць бытаванню, у якім яны мусілі выжываць, як можна нават у самых неспрыяльных умовах ратаваць сваё.
Васіль Дранько-Майсюк