Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    22. Pierapałki sołtysa Nowaha Tryścianoha (2)

    Stanisłava Żynela sudzili za toje, szto byŭszy nimieckim soltysam „vymagał bezwzględnego podporządkowania się zarządzeniom władz niemieckich, uciekając się nawet do przemocy w wypadku, gdy ktoś uchylał się od stawianych przez niego żądań, a nawet biciem terroryzovał ludność swego sołectwa”. Prakuratar dakazvaŭ, szto ad 1942-ho da…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    10. Siêta nauka ne dla mene

    Ślubuję uroczyście, że będę: a) zachowywać postawę moralną i obywatelską godną studenta Polskiej Rzeczypospolitej Ludowej; b) systematycznie i pilnie zdobywać wiedzę w celu należytego przygotowania do pracy zawodowej oraz aktywnego uczestniczenia w budowie socjalizmu… („Ślubowanie studenta”, 1977) Čom ja pujšov studyjovati fizyku, a ne, prykładom,… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Беларускі гісторык з Лондана

Успамін

2 студзеня 2024 года споўнілася 100 гадоў з дня дня нараджэння беларускага гісторыка, рэлігійнага дзеяча, публіцыста і выдаўца з Лондана Юры Весялкоўскага (1924-2017). Так хутка бяжыць час, што нават і не верыцца, што ў гэтага беларуса (нарадзіўся ў Новым Свержані на Стаўбцоўшчыне) – такі вялікі юбілей. Хаця і пражыў ён 93 гады. Нейкіх сем гадоў не дажыў да свайго стагоддзя. Але ў апошнія гады жыцця ў спадара Весялкоўскага здарыўся інсульт, ён моцна хварэў, таму яму было не да творчасці і не да перапіскі. За ім глядзела яго жонка Марыя Весялкоўская (Ахрымня).

Пазнаёміўся я завочна з Юрыем Весялкоўскім у 1991 годзе. Адшукаў яго хатні адрас і напісаў пісьмо-просьбу, каб мне даслаў адзін з нумароў часопіса „Голас Часу”, які ён выдаваў на беларускай мове ў Лондане. Праз пэўны час я атрымаў ліст і некалькі розных нумароў часопісаў „Аб’еднаньне”, „Званіца” і „Голас Часу”.

Так мы пачалі ліставацца, а часам гутарыць з ім па тэлефоне. Часцей за ўсё ён мне тэлефанаваў, казаў, што даслаў з выданняў яшчэ на мой хатні адрас. А дасылаў ён мне свае кнігі. Першым з іх было выданне „Дарогі Рымскіх Папаў на Ўсход” (Лондан, 1992). Я яе ўважліва прачытаў і зразумеў, што Юры Весялкоўскі, як адзначаў беларускі гісторык Антон Мірановіч з Польшчы, быў у апазіцыі да беларускага ўніяцка-місіянерскага асяродку ў Лондане. У друку заўсёды выступаў з пазіцый толькі праваслаўных вернікаў і супраць польскай шавіністычнай палітыкі ў міжваенны перыяд. Я гэта таксама адчуў, калі пісаў прадмову да яго вялікай кнігі „Дух часу” (Беласток-Лондан, 2005). Напісаць прадмову да гэтай кнігі палемічна-крытычных артыкулаў мяне папрасіў сам аўтар. Я пагадзіўся. Але спачатку трэба было грунтоўна пазнаёміцца са зместам кнігі, перачытаць усе артыкулы, хаця многія з іх друкаваліся ў часопісе „Голас Часу” і я ведаў іх змест.

Аўтабіяграфічная кніга Юры Весялкоўскага і часопіс, які ён выдаваў
 Часопіс, які выдаваў Юры Весялкоўскі

У кнігу „Дух часу”, сабраную з важкіх праблемных артыкулаў, аўтар уклаў усё сваё жыццё, роздум, боль, няспраўджаныя спадзяванні, памылкі, калдобы шматлікіх дарог, што аддалялі і набліжалі яго да Бацькаўшчыны. Набліжэнне найбольш складвалася ўнутранае – праз роздумнае судакрананне з павучальнымі ўрокамі мінуўшчыны (раздзелы „Аб мінулым Беларусі”, „Усходнія і заходнія суседзі”). Юры Весялкоўскі не паглыбляўся ў свой жыццяпіс. Не імкнуўся разабрацца, як стаўся надлом яго юначай душы, якая пачала ўжо спакушацца сумленнасцю свайго Беларускага шляху. Ускочыць з агню ды ў полымя – на гэта штурхалі абставіны. Ды няпроста было выскачыць з падзей, што ўцягвалі яго ў вогненны вір. Але выжыў і застаўся шчырым праваслаўным беларусам.

Дарэчы, кніга „Дух часу” Юры Весялкоўскага пабачыла свет з маёй прадмовай „Відушчая памяць даследчыка”. Праўда, некалькі абзацаў, якія датычылі Кастуся Каліноўскага і католікаў, ён выкрасліў з прадмовы. Я не стаў з ім спрачацца, таму што адчуваў – гэта вынікаў не дасць і ўсё будзе так, як вырашыў сам спадар Весялкоўскі. 

Далей біяграфічныя вехі аўтара кнігі „Дух часу” праглядваюцца пункцірна. „З Мінска лёс закінуў нас у Францыю…”. Затым у польскае войска, што фармавалася ў Італіі. На шчасце, „немцы скапітулявалі ў Італіі” і перад Юрыем расхілілася прасветліна вучобы ў польскай гімназіі пры войску. Вось там і намецілася вядучая ідэя далейшага жыцця на чужыне: аб’еднанне! Настойлівае адшуканне беларусаў дзеля аб’еднання. Асабліва ўцалелых маладых беларускіх сіл, што групаваліся пры гімназіях. Рыхтаваўся грунт для беларускай арганізацыі – неадкладна, прыспешна. З афіцыйнага дазволу галоўнага штабу польскай арміі. Стаўся не дужа абяцальным той першы агульны З’езд Беларусаў Вялікабрытаніі ў Лондане (1947 г.). Былі гімназіяльныя звальненні, былі ганенні. Аднак пазітыўная роля З’езда заключалася ўжо ў самім стварэнні першай беларускай арганізацыі: Згуртаванне беларусаў у Вялікай Брытаніі (ЗБВБ). На жаль, сілы супрацьдзеяння вялі да расколу гэтай яшчэ неакрэплай арганізацыі. Убачылася небяспека з самымі сумнымі наступствамі. Тым, хто выйшаў з ЗБВБ, прыйшлося закладваць новую арганізацыю – Хрысціянскае Аб’еднанне Беларускіх Работнікаў (ХАБР). Ёсць у гэтай назве дамінуючае слова: АБ’ЯДНАННЕ. Слова-ідэя – у імя пераадоленьня расколу. Дзякуючы высілкам сяброў новай арганізацыі ўзнік, такім чынам, шырокавядомы ў заходніх колах часопіс „Аб’еднаньне”(1948 г.), штомесячнік, якому Юры Весялкоўскі аддаў восем гадоў шчырай арганізацыйна-творчай працы (1954-1962). У свет выйшлі больш сотні нумароў. Потым яшчэ два гады выдавалася „Званіца” (1974-1976).

Юры Весялкоўскі малады
Юры Весялкоўскі малады

Юры Весялкоўскі з усім сваім выдавецкім вопытам і сумленнасцю быў пакліканы да працягу – прыняў нялёгкі клопат рэдагаваньня двухмесячніка „Голас часу” (1989-1996). Часопіс разгортваў далей магчымасьці яго публіцыстычнага дару творчасці. „Голас часу” пісаў праўду, часам горкую, але праўду, – падкрэсліваў гэты дужа істотны момант аўтар, шчыры працаўнік па прызванню і ўсвядомленаму абавязку. – Можа каму і гэты мой артыкул не падабаецца, у якім я выказваю крыўды. Але тут не ходзіць пра мяне, але пра жыццё беларускай арганізацыі і тыя беларускія часопісы, што заўчасна памерлі праз несвядомую дзейнасць некаторых людзей. Кожны з нас робіць памылкі, але на некаторыя з іх не можа быць апраўдання. Людзі павінны памятаць, што на свеце многа што мяняецца і ўсякія хітрыкі, ашуканствы, нажывы і праступствы толькі да часу”. І з аўтарам можна пагадзіцца. Дарэчы, амаль усе нумары гэтага часопісу я маю ў сваёй хатняй бібліятэцы. Ды і сяды-тады друкаваўся на яго старонках, асабліва што датычыць праваслаўнай гісторыі, тых жа Жыровічаў, гутаркі з праваслаўнымі святарамі, вершы і г.д. Цяпер гэта ўжо гісторыя. 

Юры Весялкоўскі ў сталым узросце
Юры Весялкоўскі ў сталым узросце

З 1946 года Юры Весялкоўскі жыў у Лондане. Працаваў на розных работах, у тым ліку на фабрыцы на Актон Таўн у Сі-Ай-Ві, потым у фірме „Брытыш Гір Грайндыбанк” і на фабрыцы „Інтэрнашанал Тайм Рэкордынг”. Свой жыццёвы шлях беларус са Стаўбцоўшчыны апісаў у кнізе „Няясна мроіліся новыя дарогі” (Лондан, 1997). Ва „Уводзінах” да яе доктар гістарычных навук Антон Мірановіч адзначыў, што „ўспаміны Юрыя Весялкоўскага набліжаюць чытачу вобраз беларускай эміграцыі ў Вялікабрытаніі, знаёмяць з іх палітычным, рэлігійным і прафесійным жыццём. Чытачы атрымаюць таксама добрае і аўтэнтычнае апісанне падзей, якія адбыліся ў 1939-1944 гадах на тэрыторыі Беларусі…”. 

Аўтабіяграфічная кніга Юры Весялкоўскага
Аўтабіяграфічная кніга Юры Весялкоўскага

Акрамя вышэй названых выданняў з друку выйшлі кнігі Юрыя Весялкоўскага: „Што прывяло Армію Краёву на Беларусь?” (Лондан, 1995), „Беларусь у Першай сусветнай вайне” (Беласток-Лондан, 1996), „Нарысы па гісторыі Беларусі. Частка I – да 1384 года” (Беласток-Лондан, 1998), „Па слядах Другой сусветнай вайны” (Вільня, 2002), „Нарысы па гісторыі Беларусі” (Беласток-Лондан, 2002), „Рабы ў старажытным і сучасным свеце” (Беласток-Лондан, 2003), „Ад Гарбачова да Белавежы” (Беласток-Лондан, 2004), а таксама зборніка вершаў „Каляды на чужыне” (Вільня, 1999) і іншыя. 

Сяргей Чыгрын

Фотаздымкі з архіва аўтара

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў траўні

    770 – у 1254 г. быў падпісаны мірны дагавор паміж вялікім князем Міндоўгам і галіцка-валынскім князем Данілам Раманавічам. 740 – разгром у 1284 г. войскамі літоўскага князя Рынгальда мангола-татарскіх войск каля вёскі Магільна. 530 – у 1494 г. у Гародні …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (183) – 21.05.1841 г. у Парыжы памёр Юльян Урсын Нямцэвіч (нар. 16.02.1758 г. у Скоках пад Бярэсьцем), удзельнік паўстаньня Т. Касьцюшкі ў 1794 г. і лістападаўскага паўстаньня 1830-1831 гг., паэт, пісьменьнік, мэмуарыст.
  • (155) – 21.05.1869 г. у Сцепанаване (Армэнія) нар. Мікалай Чуркін, кампазытар і фальклярыст. Закончыў музычнае вучылішча ў Тбілісі (1892), Пецярбургскую АМ. (1899). Настаўнічаў і кіраваў харамі ў Вільні, Мсьціславе, Магілёве, з 1935 г. – у Менску.
  • (130) – 21.05.1894 у Старым Крыўцы каля Навазыбкава нар. Мікалай Галадзед, дзяржаўны дзеяч БССР. У гг. 1927 – 1937 быў старшынёй Савета Народных Камісараў БССР і членам Прэзыдыума Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР. 14.06.1937 г.
  • (126) – 21.05.1898 г. нар. ў Лэнчыцы Кастусь Кіслы (бацька паходзіў з-пад Слоніма), выдатны беларускі музык, кампазітар, дырыжор царкоўных і сьвецкіх хораў. З 1932 г. па 1944 г. жыў у Беластоку. Арганізатар і дырыжор школьнага хору пры саборы сьв. Мікалая. Таксама вёў беларускі хор у Беластоку да 1939 г. Арыштаваны саветамі ў 1939 годзе. У 1941 г. уцёк зь няволі. Да 1943 г. кіраваў папулярным Ансамблем Песьні й Танца ў Беластоку. З 1944 г. на эміграцыі. У  1953-1956 гг. (пасьля сьмерці Міколы Равенскага) кіраваў хорам беларускіх студэнтаў у Лювэне (Бельгія). З 1956 г. кіраўнік беларускіх сьвецкіх і царкоўных хораў у Кліўлендзе (ЗША). Кампанаваў царкоўную музыку, аўтар музычнага зборніка „Вялікдзень”. Памёр 8.01.1980 г. у Беластоку, Пахaваны на праваслаўных могілках у Беластоку-Выгодзе.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis