Юрка Лявонны, якому ў ліпені спаўняецца 115 гадоў, марыў складаць тонкія лірычныя ажурныя вершы, але быў вымушаны ляпіць з сябе пралетарскага паэта, які абавязаны любіць «барабанныя» творы Маякоўскага, павінен ганіць «упадніцкія» вершы «ўзвышаўцаў», а з беларускіх літаратараў у плане эстэтыкі мусіць арыентавацца на Чаротаўскае: «Над абшарамі Польшчы, / Арол белы ў паветры палошча / Крывавыя когці… /…/ І адным магутным махам, – / Галавы яго не стала… / На ўвесь край засакатала… / І арол забіты – белы / Камянём зьляцеў у бяздоньне. / На зямлі крычаць „Пабеда”…» (Міхась Чарот. Чырвонакрылы вяшчун. 1927)
Юрка Лявонны арыентаваўся не толькі на падобную бальшавіцкую рыторыку, але і на шчодрае ўжыванне русізмаў.
Бо, калі можна Міхасю Чароту, то чаму нельга і яму?
Але гэта не замінала Лявоннаму на старонках «Магілёўскага селяніна», «Камунара Магілёўшчыны», «Чырвонай зьмены» ўпікаць, скажам, Алеся Дудара, што ў яго новым зборніку вершаў «Вежа» «…кідаюцца ў вочы русіцызмы: „наняць”, „заветы”, „пячаць”, „падарылі”, „яда”» (Юр. Ляв. Ал. Дудар. Вежа. // Чырвоная зьмена. No 94. Нядзеля, 26 жніўня, 1928), альбо абурацца магілёўскімі палітычнымі плакатамі: «Цікавыя лёзунгі ў апошні час зьявіліся на сьценах нашых некаторых устаноў. /…/ у магазынах і крамах і нават у нашым дзяржтэатры разгоністымі літарамі на мэтровых палотнішчах невядомая рука вывела сказы і словы ад якіх… бярэ жудасьць. „Атнашэньне”, „раскрэпашчэньне” /…/ і іншыя камбінацыі самых дзікіх слоў, якіх няма ні ў воднай мове» (Юр. Чыя рука піша, чыя галава думае? // Камунар Магілёўшчыны. No 39. Нядзеля, 30 сакавіка, 1930).
Вялікі прыхільнік Сяргея Ясеніна і Анатоля Марыенгофа (а хто з тагачасных юных паэтаў у сярэдзіне 20-х не быў іх фанатам?), на старонках «Савецкай Беларусі» вінаваціў Язэпа Пушчу ў захапленні імажынізмам. Рэцэнзуючы яго кнігу «Vita», Юрка Лявонны пісаў: «Калі разглядаць літаратурныя ўплывы на творчасьць Пушчы, дык адразу застановішся на С. Ясеніне з яго школай „лева-імажыністых”… /…/ Гэта тэндэнцыя – „вобраз праз вобраз” – ёсьць у шмат якіх маладнякоўцаў. І яшчэ пройдзе, мусіць некалькі гадоў, пакуль захапленьне гэта ўкладзецца ў належныя рамкі, каб ня было, часам, як зараз – незразумелых выбрыкваньняў» (Юрка Лявонны. «Vita». Язэп Пушча. // Савецкая Беларусь. No 161. Нядзеля, 18 ліпеня, 1926).
Думаю, калі Язэп Пушча чытаў гэты артыкул, то не столькі быў раззлаваны на 17-гадовага крытыка, колькі іранічна ўсміхнуўся.
Чаму?
Бо Юрка Лявонны ў тым жа самым нумары змяшчае свой верш «Захавалась мінуўшчына цесная…», дзе ёсць выразныя «лева-імажынсцкія» радкі:
Сьветла-кудрыя межы азораны.
На палёх завіваецца рунь.
У краіне, дзе віліся вораны,
Ветры новыя ліжуць расу…
Усё сваё трагічна-кароткае жыццё Юрка Лявонны змагаўся са сваімі ж мастацка-эстэтычнымі схільнасцямі.
Ён, прыхільнік класічнай рускай паэзіі, эстэцкіх літаратурных гульняў пачатку стагоддзя, камернай лірыкі, пазбаўленай усялякага намёку на мітынговую дэкламацыю, быў вымушаны складаць вершы, дзе, па сутнасці, добраахвотна адмаўляўся ад усяго таго, што любіў:
У нашы дні найноўшыя,
У будаўнічы пал,
Тэмы адыйшоўшыя
Лепей не чапай!
Ну, хіба скажаш важкае
Пра неба ці гэрань,
Калі змаганьне наскае
Абуджывае раньне?
(Юрка Лявонны. Юбілейная песьня. // Магілёўскі селянін. No 19. Пятніца, 22 лютага, 1929)
Штодзень публікаваў такія дрындушкі, дзе змагаўся, напрыклад… з мясцовымі алкаголікамі: «У Чорназёмавым савеце – / У Салтанаўцы – / Ёсьць хлапчына на прымеце – / Горкі п’яніца… /Гэта – ўдалы Шынкароў. /(Хлопец – „золатца”!) / Цераз шэсьцдзесят двароў / Лепш не знойдзеце!.. / Самагонку квартай п’е – / Глядзіць зьверам… / Бабам – дыхаць не дае, /Ломіць дзверы…» (Юрачка. Дзе што робіцца. // Магілёўскі селянін. No 28. 8 мая, 1927).
І тут цалкам можна зразумець тое раздражненне і нават злосць, з якой Юрка Лявонны крытыкуе першую кнігу Валерыя Маракова «Пялёсткі», ад якой быццам бы патыхае «поўным бясьсільлем», а з боку формы яе ўзровень «невысокі» (Юрка Лявонны. Валеры Маракоў. «Пялёсткі». // Савецкая Беларусь. No 294. Субота, 25 снежня, 1926).
Лявонны зайздросціў.
І не толькі таму, што ў яго калегі (аўтар «Пялёсткаў» меў усяго 17 гадоў!) ужо была кніга, у той час, як першы зборнік героя нашага артыкула («Комсамольскія вершы») з’явіўся толькі ў 1930 годзе.
Зайздрасць, відаць, заключалася ў тым, што маладзейшы за Лявоннага Маракоў знаходзіў у сабе сілы абараняць свае эстэтычныя прынцыпы і не падняў так хутка рукі ўгору, калі яго пачалі ганіць за розныя «смутнаглядныя ўхілы».
У сваёй дзівоснай «Маёй паэме» (1928 г.) Валеры дае эмацыянальна-дакладнае апісанне гэтаму часу (канец 20-х гг.), калі маладых паэтаў пачалі творча ламаць:
Ноч лягла на Менскія бульвары,
Чорным вокам падміргнула мне.
Дальні плач надломанай гітары –
Гэта крык
Аб раненай вясне.
Дарагія,
Блізкія чарцяты,
Сёння я паэт,
Ці не паэт?
Плачуць клёны ў золата заката,
Скача нейкі згублены шкілет.
Юрка Лявонны апраўдваўся. «Не паэтам» ён быць не хацеў. Ува многіх сваіх вершах і прозе гучыць матыў гэтага самападманлівага самаапраўдання.
Яго закранала, калі чуў ад сваіх таварышаў папрокі за плакатнасць «ударніцкіх» вершаў.
Свае настроі выявіў у «Размове з поэтамі-ўдарнікамі»:
…Часам напомняць
«сябры» і «сяброўкі»:
– Ў балотак агітак,
ты, братка, зайшоў;
Чаму ў цябе мэтрам –
поэт a la Боўка?
Куды лепей
Таўбін ці Куляшоў!
(Юрка Лявонны. Размова з поэтамі-ўдарнікамі. // Полымя. 1931, No 8). Ці верыў ён сам да канца ў магчымасць, кажучы словамі сучаснага паэта, «пісьма інакшага і рытму»?
Ён так і не змог да канца «перабудавацца».
У вершы «БДТ-1-му» ў яго прарываецца шчырае жаданне, каб у нашай недалёкай будучыні з’явіліся не новыя эпігоны Дзям’яна Беднага ці Андрэя Александровіча, а «свае Шэкспіры, Гётэ ды Мальеры!..» (Юрка Лявонны. БДТ 1-му. // Магілёўскі селянін. No 33. Нядзеля, 22 красавіка, 1928)
Калі аналізаваў творчасць Якуба Коласа, то, забыўшыся пра «маладнякоўскую» ўстаноўку ісці «ў рожкі са старымі», пісаў, што творы аўтара «Сымона-музыкі» маюць агульнаеўрапейскую каштоўнасць і яго вершы, паэмы, аповесці можна цаніць не толькі за іх часам вымушаную «рэвалюцыйнась». Паволе Юркі Лявоннага: «Колас каштоўны зараз для нас не толькі сваім рэвалюцыйна-афарбованым паваротам к Кастрычніку. Справа ў тым, што яго творчасьць – ня толькі творчасьць настрою… Мастацкі вытрыманыя малюнкі сялянскага жыцьця, беларускай прыроды, старога бюракратычнага чыноўніцтва – напрыклад у „Новай зямлі”, рэальнаабмаляванае настаўніцтва „У палескай глушы”, тонкі гумар „У ціхай вадзе” – усё гэта грунтоўныя ўклады нават у агульна-эўрапейскую літаратуру…» (Юрка Лявонны. Колас пясьняр сярмяжнай Беларусі. // Магілёўскі селянін. No 69, 24 лістапада, 1926).
За два гады да свайго арышту ўпікаў беларускіх жывапісцаў-сацрэалістаў, што іх палотны пазбаўлены «подыхаў жыцьця»: «З паасобных майстроў перш за ўсё спыняюць на сабе ўвагу акадэмісты Волкаў, Кругер, Віер. /…/ Праўда, стараньне максімальна выпісаць натуралістычныя дэталі часамі шкодзіць таварышам, а пэўная „иконописнасть” пазбаўляе іхнія карціны подыхаў жыцьця, дынамікі» (Юр. Лявонны. Мастакі БССР за 15 год. // Звязда. No 53. Пятніца, 9 сакавіка, 1934).
Як і многія тагачасныя паэты, Юрка Лявонны быў кінаманам, але і тут, хоць і лічыўся «пралетарскім» паэтам, не хаваў захаплення стужкамі, знятымі паводле класічных твораў, рэжысёрамі, якія пачыналі свой творчы шлях у дарэвалюцыйнай Расіі: «З аўторку „Чырвоная Зорка” дэманструе цікавую фільму „Кацярына Ізмайлава” зробленую [рэжысёрам Чэславам Сабінскім] па аповесьці вядомага расійскага пісьменьніка Ляскова. У „Кацярыне Ізмайлавай” паказана трагэдыя жанчыны ва ўмовах купецкага жыцьця старой Расіі, з яе дзікім укладам, поўным забабонаў, звычаяў, умоўнасьцяў. Апрача глыбокага псыхолёгічнага зьместу, у фільме дадзены прыгожыя малюнкі прыроды – ноч на Волзе, паўднёвыя сады і г. д.» (Юр. «Кацярына Ізмайлава». // Магілёўскі селянін. Чацьвер, 9 лютага, 1928).
У той жа час ідэалагічна-правільныя фільмы Сяргея Эйзенштэйна не натхнялі, і выступленне пасля кінасеанса мясцовага балалаечніка радавала больш, чым метафары галоўнага савецкага рэжысёра: «Фільм – бытавы. Але ў паасобных месцах „бытавізм” перарастае ў натуралізм, і даволі грубы… Рэжысура належыць вядомаму дзеячу кіно Эйзенштэйну. Шчыра кажучы, ад яго можна было чакаць большага. Усё-такі можна было б увесьці і разьвіць пэўную фабулу, ажывіць дзею, аздобіць яе. /…/ Нельга не адзначыць выступленьні звыш праграмы віртуозабалалаечніка Кір. Плансона. Яго нумары выконваюцца сапраўды мастацка» (Юр. Лявонны. Старае і новае. // Камунар Магілёўшчыны. No 146. Пятніца, 13 сьнежня, 1929).
Юрка Лявонны ў нас звыкла асацыіруецца менавіта як паэт.
Нядаўна выдадзеная кніга яго выбраных твораў «Пералівы» (2018), укладзеная Віктарам Жыбулем, змяшчае ў сабе толькі вершы.
Але вядома, што куды больш творчай свабоды Юрка Лявонны адчуваў у прасторы прозы, дзе ў яго можна адшукаць нямала па-сапраўднаму прыгожых рэчаў. Цікава, што ў апавяданнях паказаў сябе большым паэтам, чым у вымушаных рыфмаваных агітках.
Вось, напрыклад, чытаем самы пачатак празаічнага твора «На новых сьцежках»: «Дні пяшчотныя, верасьнёвыя. Асыпае лісьцё вузорысты клён, ганак у пажоўклай цьвецені стаіць і марыць… У верасьні жыцьцё – што крыніца: чэрпай, чэрпай з яе, але не забруджвай. Бо сапсуеш яе, ключы перасохнуць, зьнікне вада жывая і не будзе чалавеку радасьці…» (Юрка Лявонны. На новых сьцежках. // Магілёўскі селянін. No 66. Нядзеля, 18 жніўня 1928).
І тут адчуваецца, што гэтае казачна-магічнае пажаданне аўтар адрасуе самому сабе.
Юрка Лявонны патаемна спадзяваўся, што рана ці позна, але на Беларусі прыйдзе «час Шэкспіраў, Гётэ, Мальераў», і калі здарыцца гэты шчаслівы момант, то яго творчая крыніца ўсё яшчэ зможа адрадзіцца, ператварыцца ў магутную раку, ачысціцца ад штампаванарыфмаплётнай штодзёншчыны, у якой ён пакуль быў вымушаны патанаць.
Тады ён пакажа, што з’яўляецца сапраўдным паэтам, не горшым ні за Валерыя Маракова, ні за іншых аднагодкаў-таварышаў, якія пакуль глядзяць на яго з насмешлівай паблажлівасцю.
Ён здзівіць, абавязкова здзівіць!
Хай толькі наступіць гэты запаветны час!
Васіль Дранько-Майсюк