Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    Za rasstreł kaniec kancoŭ nikoho nie abwinawacili

    Potym Jurczeniu na UB dapytwali jaszcze czatery razy. Na kaniec pry prysustwi prakuratara. Jurczenia szczacielno raskazwaŭ, jak zaŭdawaŭ Niemcam ludziej, jakich pośle rasstralali. Nadto nie piareczyŭ toża, kali pytali jaho, ci heto praŭda, szto świedczyli ludzi. Na kaniec 15 stycznia 1953 r. pryznaŭso da winy,…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    14. Chto vpravo, chto vliêvo, chto v błudy

    Posłuchavšy v radivi 13 hrudnia 1981 promovu generała Jaruzelśkoho razy dva-try, my z Gienikom R. i Janom G. vyryšyli, što nam u Varšavi nema sensu zmahatisie ni za socijalizm, ni proti socijalizmu, i postanovili evakuovatisie na Biłostôčynu. Zreštoju, šče pered południom toho samoho dnia administracija domów studenta ohołosiła zarządzenie, što studenty povinny pokinuti akademiki i jiêchati dochaty. ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Дзённік рэдактара

Усюдыісны Юрый

6 траўня 2023 г.

Царква ў Кажанах Фота Юркі Хмялеўскага
Царква ў Кажанах
Фота Юркі Хмялеўскага

На Юрыя ў Кажанах над Нарваю. Прыхадское свята там у канцы верасня – на Уздзвіжанне Крыжа Гасподняга, бо так высвенчана была цяперашняя царква, якую пабудавалі ў 1886 г. Паводле гістарычных звестак ранейшая была Георгіеўская і таму па сёння ўрачыста адзначаеца тут і гэтае свята. Кажанскі прыход старадаўні, дакументы згадваюць пра яго ўжо на пачатку ХVII ст. Магчыма ўжо раней стаяла там царква, паколькі праваслаўе ў гэтым кутку замацавалася яшчэ ў ХVI ст., бо так датаваны храм у суседнім Суражы. 

Тут на моцна праваслаўных некалі землях цяпер пераважаюць католікі. Аднак на Юрыя ў царкве ў Кажанах вернікаў было нямала. Шмат, праўда, прыезджых, але і тутэйшыя яшчэ трымаюцца, і пачуць можна нават мясцовую гаворку. 

Настаяцелем там цяпер айцец Ян Койла, які калісь быў дырэктарам Радыё Артадоксія. Разам з некалькімі бацюшкамі дастойна адслужыў ён літургію. Сама царква прыгожа адноўленая і задбаная. Але так як ва ўсіх прыходах безупынна трэба штосьці там рамантаваць. Айцец Ян сказаў, што ў бліжэйшых планах ёсць аднаўленне царкоўнага бруку, паколькі каменная агарожа ў многіх месцах ўжо проста развалілася. Спецыялісты выцанілі кошт інвестыцыі на амаль мільён злотых. Такіх грошай прыхаджане самі сабраць не ў змозе. Але настаяцель не падае духам, разлічваючы на ўспамажэнне звонку ад улад, устаноў і прыватных спонсараў. Прысутныя ў храме не пашкадавалі на гэта грошай, хто колькі мог паклаў у каробачку, з якою святар прайшоўся.

Набажэнства завяршылася традыцыйным Крэстным ходам вакол царквы. Тады вернікі былі сведкамі чагосьці незвычайнага. Я таксама ўслед за многімі глянуў уверх і на небе, цэнтральна над храмам, пабачыў рэгулярны круг светлыні – вянок ні то воблачны, ні то штучны нейкі, дыяметрам 20-30 метраў. Нешта таямнічае, цудоўнае. На прысутных выклікала гэта аграмаднае ўражанне. Такі знак многія ўспрынялі як асаблівае благаслаўленне.

Пры ўваходзе на царкоўны пляц былі таксама два страганы-лаўкі з ледзянцамі, „мачкамі”, ветрачкамі і іншымі цацкамі. Гэта здаўна неад’емны вобраз нашых царкоўных фэстаў. Звычай яшчэ трымаецца, хаця не ў такім маштабе як калісь. Памятаю даўнія фэсты са свайго дзяцінства паўвеку ўжо таму. Было шматлюдна і вельмі калярова. 

На Юрыя ездзілі мы з бацькамі фурманкай у Юраўляны. Ад таго і пайшла назва гэтай вёскі, – ад Юр’еўскай царквы менавіта. Само свята безумоўна мае яшчэ язычніцкі радавод. Гэта адаптаваны хрысціянамі культ Ярылы, бога вясны і ўрадлівасці. 

Назва Юраўляны распаўсюдзілася толькі ў XVII ст. Раней былі гэта Паплаўцы або хутчэй за ўсё Паплавічы. У маім падкрынскім і сакольскім старонні можна заўважыць пэўную рэгулярнасць калі гаворка пра назвы мясцовасцей. Ёсць тут цэлы рад вёсак з канцоўкай -чы – Малявічы, Шчасновічы, Кнышэвічы, Сукавічы, Гаркавічы (непадалёк Юраўлян), а за Крынкамі Лапічы і Жылічы. Усе яны надта старадаўнія. Далей уздоўж ракі Свіслачы пераважаюць назвы з канцоўкай -аны – Азяраны, Ласіняны, Крушыняны, Лужаны. Гэтыя вёскі крыху ўжо малодшыя. Таму як у люстэрку відаць, што гэтыя словы, якія пераважна нам незразумелыя, адпавядаюць рознаму паходжанню людзей, якія тут перад вякамі пасяліліся. У дадзеным выпадку гэта два народы, дзве культуры. А былі таксама іншыя. 

У маім наваколлі коратка існавала яшчэ адна Юр’еўская царква – у Шудзялаве. Пабудавалі яе ў 1900-1907 г.г., а галоўнымі фундатарамі былі ўладальнік маёнтку Слойка Аляксандр Анненкаў і яго жонка папечыцельніца Вольга. У жніўні 1915 г. храм узарвалі расійскія войскі, а ў трыццатых гадах католікі раскідалі муры, а з цэглы, з якой былі пастаўлены, пабудавалі сённяшні касцёл.

Калі гэты храм існаваў, быў ён тут вялікім праваслаўным цэнтрам. Можна толькі ўявіць сабе як выглядала тады прыхадское свята. У „Гродзенскіх епархіяльных ведамасцях” з 1904 г. ёсць справаздача з гэтай падзеі. У ёй напісана, што на Юрыя ў Шудзялаве былі натоўпы народу пад тры тысячы вернікаў. Самае цікавае гэта тое, што людзі з суседніх прыходаў у Востраве і Самагрудзе прыбылі на свята Крэстным ходам. З харугвамі наперадзе ішлі пяць вёрст. Выглядала гэта самавіта і – як адзначыў аўтар справаздачы – благотворно действовало на толпу. Падчас літургіі братчыкі стаялі ў царкве з запаленымі свечкамі.

Ажно не верыцца, што так было ў нас на Юр’я. Калі? Сто і крышку гадоў таму.

Юрка Хмялеўскі

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У сакавіку

    – забойства язычнікамі ў 1250 г. ігумена Лаўрышаўскага манастыра, прападобнага Елісія, кананізаванага як сьвяты Беларусі. – 31.03.1785 г. у Варшаве памёр Антоні Тызэнгаўз (нар. у 1733 г. у Новаельні на Гродзеншчыне), палітычны і грамадзкі дзеяч ВКЛ, асьветнік, з 1765 г. …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (459) – 11 сакавіка 1566 г. быў зацьверджаны Другі Статут Вялікага Княства Літоўскага – збор законаў, вялікі помнік беларускай юрыдычнай думкі ды пісьменнасьці.
  • (162) – 11.03.1863 г. – царскі ўказ пра ўвядзэньне абавязковага выкупу праз сялян зямлі на ўласнасьць у Віленскай, Гарадзенскай, Ковенскай і Менскай губэрнях.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2025 Czasopis