Яраслаў Яновіч прыслаў мне выдадзены ім нядаўна тоўсты том з незвычайным зместам. Гэта перадрук апошняй кніжкі яго бацькі Сакрата „Хатняе стагоддзе” з 2008 г. (раней часткамі апублікаванай у „Часопісе”) з паралельным перакладам сына на польскую мову. Траціну аб’ёму складаюць зноскі, допісы і паясненні, у тым ліку тлумачэнні слоў рэдкіх для польскамоўнага чытача.
Яраслаў здаўна жыве ў Лодзі, дзе закончыў музычную акадэмію. Ніколі аднак не парваў кантакту з нашым асяроддзем на Беласточчыне. Вельмі ганарыцца сваім бацькам, якога заўсёды падтрымліваў і дапамагаў яму ў некаторых беларускіх справах. Сам таксама клапаціўся пра лёс беларускасці на роднай Беласточчыне. Асабліва перажывае з-за паланізаваных і перайначаных назоваў нашых мясцовасцей. Правёў нават адмысловую акцыю, каб гэта крыху выправіць, але сутыкнуўся са сцяной абыякавасці і супраціву жыхароў ды чыноўнікаў.
Апошняй яго ініцыятывай на працягу амаль дзесяці гадоў стала праца над перакладам на польскую мову „Хатняга стагоддзя”. Быў вельмі захоплены гэтай кніжкай і як з нечым векапомным вырашыў прабіцца з ёю да польскамоўнага чытача. Шмат напрацаваўся, углыбляючыся ў тэкст арыгіналу, які перапісаў лацінкаю, надаючы яму прыкметы простай мовы з Сакольшчыны, дзе адбываюцца дзеі ў кніжцы. Свой пераклад назваў у канцы тэксту, што ён з „języka wschodniobiałostockiego (sokólskiego)”. Наўмысна пазбягаў тут прыметніка „białoruski” ці нават „prosty”, таксама кірылічнага запісу арыгіналу, каб прыдбаць чытачоў, якім гэта не вельмі ўспрымальнае. Зрабіў яшчэ маленькі эксперымент, прымяняючы „брагавіцу” – малавядомы варыянт лацінкі, прыдуманы ў палове дзевяностых гадоў Лёнікам Тарасэвічам і Сакратам Яновічам для запісу слоў песень легендарнага рок-гурта „R.F. Braha”. Помню, што тады я як рэдактар „Гарадоцкіх навін” гэтую літарную сістэму склаў на камп’ютары пад наглядам Лёніка. І трэба сказаць, што для моладзі была яна даволі чытэльнай і ўспрымальнай. Многія карысталіся выдадзеным у такой форме дадаткам да гарадоцкай газеты са словамі песень папулярнага тады гурта. Некаторыя фанаты мелі яго ў руках на паляне ў Барыку на канцэртах падчас фестывалю Басовішча.
Яраслаў у тэхнічным выглядзе кнігі крыху ўзяў прыклад з адшуканага ім колішняга двухмоўнага выдання раману „Ulisses” Джэймса Джойса з перакладам на польскую мову Станіслава Бараньчака. У ім на цотных старонках быў арыгінал, а на няцотных пераклад.
„Хатняе стагоддзе” Сакрата Яновіча гэта сапраўды знакамітая кніжка, напісаная прыгожай беларускай мовай з мясцовым каларытным зместам і такімі ж арыгінальнымі словамі, імёнамі і прозвішчамі герояў, геаграфічнымі назвамі. Літаратура вышэйшага ўзроўню. Дзеянне адбываецца ў Крынках і на Сакольшчыне на працягу мінулага пакутнага XX-га стагоддзя. Гэта маляўнічы манументальны аповед. Аўтар вядзе чытача праз лабірынт дылем, характэрных для жыхароў гэтых зямель, якія на працягу стагоддзя мянялі не па сваёй волі дзяржаўную прыналежнасць ажно чатыры разы. У кніжцы перададзены своеасаблівы, бо хатні, вобраз жыцця некалькіх пакаленняў тае эпохі.
Перакладаць беларускі тэкст на польскую мову наогул гэта нялёгкая справа. Сакрат Яновіч часта паўтараў, што да канца гэта немагчымае. Чытанне ў перакладзе параўноўваў да пацалункаў дзяўчыны праз шкло.
Ужо сам загаловак ёсць праблемай, каб знайсці яму ўласцівы эквівалент у польскай мове. Перакладаючы наўпрост – гэта „Domowe stulecie”. Але такое тлумачэнне тут непрычым. Сакрат Яновіч даючы сваёй кніжцы загаловак „Хатняе стагоддзе” меў на ўвазе, што апісанае ім жыццё ў XX-ым ст. найбольш асацыюецца менавіта з паўсюднымі тады і амаль аднолькавымі хаткамі, прымітыўнымі халупінкамі з саламянай страхою. Немагчыма знайсці польскі варыянт. Таму перакладчык прыдумаў – таксама для арыгіналу – цалкам новы загаловак і крыху па-вулічнаму: „Stulecie oszołomów. Stahodździe durałobaŭ”.
У чэрвені 2020 г. Яраслаў даслаў мне пятнаццаць старонак свайго перакладу, каб надрукаваць іх у „Часопісе”. Вялікую частку я адразу пусціў у летнім нумары. Яраслаў год раней звярнуўся да фонду Віла Сакратас, каб прыдбаць грошы з міністэрства і выдаць яму кніжку. Удалося гэта за другім разам. Але ўзніклі нейкія камплікацыі, тэхнічныя праблемы аўтара. Атрыманыя з міністэрства 23,7 тыс. зл. прыйшлося фонду пад канец 2021 г. вярнуць.
Пасля гэтага для Яраслава было ганаровай справай давесці ўсё да канца і год пазней надрукаваў кнігу за свае грошы. Выдаў яе прыватна як B.N.V. Гэта намёк на падпольнае Беларускае незалежнае выдавецтва, у якім у 80-х гадах выйшлі чатыры сшыткі ў серыі „Беларускія дакументы” і непадцэнзурныя публікацыі. Разам з пару іншымі асобамі дапамагаў у гэтым свайму бацьку.
Калі атрымаў я выдадзены цяпер том, успомніў яшчэ 1987 г., калі ў Бельску прысутнічаў у З’ездзе беларускіх студэнтаў. Тады ўпершыню пабачыў Яраслава, які на завяршэнне выступіў з класічнай музыкай на гітары. Канчаючы канцэрт сказаў, што „толькі адна з выкананых кампазіцый не была яго”. Значыць, ён пісаў таксама музыку.
Трэба яшчэ адзначыць, што Яраслаў крыху адрэдагаваў і беларускі варыянт. Нанёс праўкі ў большасці лепшыя ад арыгіналу. Гэта мяне радасна здзівіла, бо зрабіў гэта жывучы дзясяткі ўжо гадоў далёка ад роднай беларушчыны, за што належыцца яму хвала і вялікая павага. Што без жывога кантакту з беларускай мовай яе не забыў так як іншыя нашы землякі, якія ў далёкіх гарадах даўно расплыліся ў моры польскасці.
Такой кніжкі яшчэ ў нас не было. Праўда, месцамі чытаць яе цяжкавата, бо мімавольна прыходзіцца cкакаць праз радкі і старонкі, каб дачытваць і параўноўваць абодва варыянты і яшчэ шукаць зносак у асобнай частцы. Гэта патрабуе шмат часу і канцэнтрацыі. Але безумоўна варта яе ўзяць у рукі.
Вокладка кніжкі, якую можна заказаць тут.
Юрка Хмялеўскі