Ён першы сярод нашых дзеячаў, хто адкрыта заявіў – Беларусь павінна быць самастойнай.
Жыў паводле філасофіі: лепей скончыць свой век на шыбеніцы, чым здрадзіць сябрам і ўласным перакананням.
Як сапраўдны рамантык хацеў бачыць беларусаў такімі, якім быў сам: смелымі, самаахвярнымі, эмацыйна адкрытымі, прынцыповымі, артыстычнымі, свабоднымі.
У лютым спаўняецца 185 гадоў беларускаму герою – паўстанцу, публіцысту, паэту Кастусю Каліноўскаму.
Ён здзіўляў сваім радыкалізмам. Напрыклад, неаднаразова ў сваіх артыкулах і ўлётках зазначаў, што «…перад усім нам трэба знішчаць гэтую гнілую і гангрэнозную касту, якую называюць дваранствам»; «Паўстанне мае быць чыста народным – шляхта, паколькі з намі не пойдзе, няхай гіне – тады сялянская сякера не павінна спыніцца нават над калыскай шляхецкага дзіцяці».
Але разам з тым не знойдзена ніводнага доказу, каб Каліноўскі ўласнаручна, альбо па ягонаму загаду хто-небудзь з паўстанцаў чыніў гвалт над шляхтай.
Праўда, калі прадстаўнікі шляхты з ім не пагаджаліся, то па ўспамінах сучаснікаў быў гатовы ўжыць зброю. Горача пераконваў аднаго з лідараў паўстання Францішка Далеўскага далучыцца да яго ў змаганні за вольную Беларусь і ад Расійскай Імперыі і ад Польшчы: «…Францішак, пераходзь да нас! Цудаў даб’ёмся, калі ты нас зразумееш, калі будзеш з намі! Тваёй галавы, твайго сумлення нам не хапае!.. Маўчыш! Значыць, не? Знаю цябе, не пойдзеш за намі, выходзіць – супраць нас! Калі так, дык ведай жа – я сам цябе тут у тваім уласным доме сярод тваіх блізкіх прыкончу кінжалам!». Але гэта былі толькі словы і нікога кінжалам наш герой не забіваў.
У сваёй дзейнасці рабіў стаўку на сялянства, стварыў дзеля іх першую газету на беларускай мове „Мужыцкая праўда”, агітаваў уступаць у ягоныя атрады і разам біць маскаля, але адначасова і абураўся, што простыя мужыкі дапамагаюць расейскім войскам лавіць паўстанцаў. Раззлаваны Каліноўскі тады абураўся: «За вашую долю кроў праліваюць справядлівыя людзі, а вы – як тыя Каімы да Юды Скарыёты – добрых братоў прадавалі ворагам вашым! (…) якім вы правам смелі памагаці маскалю ў нячыстаму дзеле?! (…) Вы скажаце, што гэта рабілі паняволі, – но мы людзі вольныя, нямаш у нас няволі! а хто з вас хоча няволі маскоўскай – таму мы дамо шыбеніцу на галіну!».
Так, ён больш за ўсё на свеце хацеў, каб беларусы нарэшце адчулі сябе свабоднымі, каб не згіналіся пад мацнейшага, не хадзілі ў чарадзе паслухмянымі баранамі, а ў сваіх выказваннях пра тое, што наш народ павінен стаць вольным забываўся на ўсялякую дыпламатыю. Адзін з паўстанцаў Валеры Пшыбароўскі пісаў, што Каліноўскі: «…быў адным з галоўных прыхільнікаў і папулярызатараў сепаратысцкіх літоўскіх памкненняў і не адзін раз выказваўся на сваёй сакавітай народнай мове, што «дурным варшаўскім мазгаўням нельга давяраць лёсы Літвы»; «Канстанцін Каліноўскі (…) настойліва праводзіў ідэю аб самастойнасці Літвы»; «…Літва (…) павінна выкарыстаць разлад паміж Расеяй і Польшчай і зрабіцца самастойнай».
Як любы лідар, Кастусь Каліноўскі не цярпеў пярэчанняў. Напрыклад, адзін з кіраўнікоў партыі «белых» Якуб Гейштар адзначаў: «Гарачы, нястрыманы і прасякнуты крайнімі прынцыпамі, ён (…) не любіў апазіцыі, а таму акружаў сябе людзьмі, якія слепа зь ім згаджаліся»; Ежы Кучэўскі-Порай успамінаў, што: «Каліноўскі пярэчыў супраць усяго, ня даў нікому гаварыць, дык мы папрасілі яго, каб дазволіў нам спачатку паразумецца паміж сабой, а потым ужо з ім разам», а ветэран рэвалюцыйнага руху Апалін Гофмейстар дадаваў: „Каліноўскі вельмі быў рады, што я ня лезу ні ў якія яго загады…”.
Калі паўстанне было разгромленае, дык адзін з праўладных імперскіх пісьменнікаў Усевалад Крастоўскі ў рамане „Крывавы пуф” апісаў Каліноўскага чалавекам, які, бы сапраўдны гіпнатызёр, мог падпарадкаваць сваёй волі многіх. Прынамсі, галоўны герой рамана, расейскі малады афіцэр, становіцца бязвольнай марыянеткай у руках „каварнага” Каліноўскага, які выведзены тут сапраўдным Мефістофелем.
Пра гіпнатычнае ўздзеянне нашага героя на ўдзельнікаў паўстання пісаў ягоны паплечнік і родзіч Юзаф Каліноўскі: «…Я бачыў у ім чалавека рашучага, знаходлівага, які ўсёй сваёй дзейнасцю і ахвярнасцю (…) якбы папракае іншых у баязлівай асцярожнасці і слабасці. Сама небяспека яго палажэння ператварала яго ў своеасаблівага волата і магла прыцягваць да яго іншых (…) Сваёю знаходлівасцю і самаадданасцю ён узбуджаў іншых; кажучы шчыра, я сам захапіўся гэтым бокам яго дзейнасці…».
Наш герой ведаў, што многія яго суайчыннікі баяцца актыўна падтрымліваць паўстанне, яны нямоцныя, слабыя, а таму і напраўду ўжываў, дзеля сваіх мэтаў, розныя сродкі: угаворы, пагрозы, хітрасць, шантаж. Дробны чыноўнік Эразм Заблоцкі ўспамінаў: «…калі я (…) адмаўляўся ад пасады камісара, то Каліноўскі сказаў мне, што ў такім выпадку ён аддасць мяне ў рукі законага ўраду (…): «Не, брат, цяпер не час аднеквацца, калі замежныя краіны вядуць перамовы (…) у нашу карысць, а вы, баязліўцы (…) хочаце даць Расіі сродак упэўніць іх, што у нас толькі дзіцячыя гульні, як яно і ёсць, і няма сапраўднага патрыятызму. Я вас усіх бачу, а таму раблю так, каб прымусіць служыць Жонду Нарадоваму і такім чынам упэўніць замежны ўрад, што патрыятызм у нас існуе».
Каліноўскаму балела, што многія з яго паплечнікаў аказаліся палахлівымі зайцамі, сам жа ён і сяброў і ворагаў здзіўляў смеласцю. Ён, бы сапраўдны артыст, мяняў сваё аблічча, мог пераапрануцца ў святара, купца, старога жабрака, знаходзіцца пад самым носам ворага і не быць ім заўважаным.
Калі паўстанне сышло на нябыт, а ўся наша зямля была аздоблена шыбеніцамі і кожны дзень вешалі сяброў і паплечнікаў Каліноўскага, а яго самога актыўна шукалі, ён не ўцёк, не эміграваў, як яму настойліва раілі, а застаўся ў Вільні рыхтаваць новае паўстанне.
Ён не прапускаў ніводнага павешання. Якуб Гейштар пісаў: «Ён, якога пільна шукалі, на кожную экзекуцыю прыходзіў да Дамініканскіх брам, бачыў тых, каго вялі на смерць, і пад пагрозай штодзённага арышту ні на хвіліны ня страціў энэргіі».
А калі ж арыштавалі і самога Каліноўскага (яго выдаў паўстанцкі камісар Магілёўскага ваяводства Вітальд Парфіяновіч), то наш герой адмовіўся называць імёны сваіх таварышаў, усяляк стараўся адвесці ўвагу следчых ад сваёй каханай Марыі Ямант і яе сям’і: «…не бываў у доме Ямантаў, (…) акрамя маладога Іосіфа Яманта, нікога ня ведаю»; «Выпрацаваўшы працай і жыццём разуменне, што (…) шпіёнства апаганьвае чалавека (…) я палічыў неабходным заявіць Следчай Камісіі, што ў яе допытах наконт асобаў, якія ёй называюцца, я (…) павінен быць стрыманы ў сваіх паказаннях (…) Прычыны і наступствы мною добра абдуманы (…) Мой гонар, годнасць і тое становішча, якое я займаў у грамадстве, не дазваляюць мне зрабіць іначай».
Не баяўся смерці, а шыбеніцу параўноўваў з укрыжаваннем. За некалькі месяцаў да арышту пісаў: «Маскалі (…) пад рознымі прозвішчамі шукаюць мяне ў Вільні (…) то праз вакно на дах, то іншымі спосабамі заўжды шчасліва выслізгваю з іх рук. Бог нада мной апякуецца, а калі прыйдзецца павіснуць, то хай гэта будзе на пацеху усім літоўскім панам і прасветлай Маскве»; «І шыбеніца сталася сёньня тым, чым быў крыж, калі Хрыстос зрабіў яго знакам збавеньня – яе асьвяцілі нашыя героі…».
Сто гадоў таму назад, калі нашыя нацыянальныя дзеячы паверылі ў тое, што Масква дазволіць савецкай Беларусі праводзіць нацыянальную палітыку, аднаго з першых, каго паднялі на штандар нашага адраджэння – быў Кастусь Каліноўскі.
Тагачасны галоўны тэатр нашай краіны (БДТ-1) ставіў баявічны спектакль, дзе наш герой, на манер Зорра, перамагае царскія войскі, у такім жа вострасюжэтным стылі быў зняты аднайменны фільм, а для многіх нашых паэтаў – Каліноўскі быў крыніцай натхнення.
Сёння яго імя непапулярнае ў дзяржаўных беларускіх колах. Прапагандысты імкнуцца ператварыць нашага героя ў экстрэміста і злачынцу. Імкнуцца, бо адчуваюць і па сёння, што такі чалавек, з такой вялікай сілай волі, выключнымі лідарскімі якасцямі, моцным характарам і бязмежнай смеласцю мог бы прынесці шмат шкоды сённяшняму рэжыму.
Нам вельмі не хапае такога чалавека, які натхняў бы сваёй мужнасцю нас і яднаў дзеля адзінай важнай мэты – нашай свабоды і праўдзівай незалежнасці.
Спадзяюся, што неўзабаве новы Кастусь Каліноўскі ў нас з’явіцца.
Ізраіль Заштофт