Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Будучыня вольнай Беларусі набліжаецца

Напярэдадні Новага года і Калядаў наш карэспандэнт для Czasopisu задаў адно пытанне прадстаўнікам творчай беларускай інтэлігенцыі з Беларусі і з іншых краін. Пытанне было такое: на вашу думку, якім для Беларусі і беларускага народа будзе 2023 год? Вось якія прагучалі адказы.

Міхась ЗІЗЮК, пісьменнік:

– Мы ўсе спадзяёмся на лепшае. Чалавеку нельга жыць без веры і надзеі. Даваць прагнозы – справа няўдзячная. І, гледзячы на тое, што адбываецца, усё хмурней на душы. Але ёсць, жыве надзея, што Украіна пераможа, што вайна скончыцца, што хваля той перамогі дасягне Беларусі, зменіць увесь свет да лепшага. І беларусы стануць іншымі, успомняць свае вытокі. Палітвязні выйдуць з-за кратаў. У гэта вельмі хочацца верыць. Таму жадаю ўсім, каб гэта збылося. Жыве Беларусь!

Мікола ХАЎСТОВІЧ, доктар філалагічных навук:

– Знакаў на зямлі і ў небе, якія б паказвалі, што можна спадзявацца на перамены, – не назіраецца. А таму 2023 год у Беларусі будзе не менш змрочным і страшным за папярэдні.

  1. На поўдні будзе працягвацца вайна, у якую – хутчэй за ўсё – будзе ўцягнутае (вясною 2023 года?) і беларускае войска, а г. зн. мабілізуюць дзясяткі тысяч грамадзян і „груз 200” будуць атрымліваць не толькі ў Расіі, але і ў Беларусі. Пагроза ядзернай вайны ў 2023 года значна ўзрасце. Асабліва ўлічваючы тое, што Расія стане на парозе развалу на асобныя часткі. А гэта сур’ёзная падстава ўжыць ядзерную зброю супраць НАТА і ЗША. Заўважым: мала хто да 24 лютага 2022 года верыў, што пачнецца вайна, дык і сёння ядзерная вайна ўспрымаецца як нешта фантастычнае. Але гэта рэальнасць. Сачыце за перамяшчэннямі „беларускага губернатара”: як толькі ён са сваім цыганскім табарам накіруецца на Урал, дык гэта будзе азначаць, што ядзерную кнопку крамлёўскі курдупель хутка націсне.
  2. Нават ад фармальнае незалежнасці Беларусі ў 2023 годзе амаль нічога не застанецца. (Каб не гераічнае змаганне ўкраінскага народа, дык ужо 30 снежня 2022 г. – у 100-я ўгодкі ўтварэння СССР – Масква б заявіла пра аднаўленне „государства рабочих и крестьян”). Ператрывае ў 2023 годзе, можа, адно беларускі рубель ды намінальны прэзідэнт з функцыямі губернатара.
  3. Беларускую мову Масква, хіба, яшчэ не адважыцца забараніць афіцыйна. (Нефармальна яна ўжо даўно забароненая). Колькасць друкаванай беларускамоўнай прадукцыі скароціцца да гістарычнага мінімуму: беларускамоўных газет не застанецца (нават сервелістычнага „ЛіМу”), кнігі – адно падручнікі для школаў. Бо мова і літаратура ў школах пакуль яшчэ вытрымаюць наступ русіфікатараў (як ні як – „язык титульной нации”). Дык настаўніцам-беларусачкам („белкам”) асабліва нішто не пагражае, хіба, скароціцца колькасць гадзін, дык даручаць ім займацца патрыятычным выхаваннем. Цягам года кардынальна будуць перагледжаны навучальныя праграмы па беларускай мове і літаратуры – як школьныя, так і ВНУ. Старонкі з падручнікаў вырываць не будуць, але творчасць „свядомых” выкасуюць. На замену прыйдзе пісаніна чаргінцовых, гальпяровічавых, мукавозных і інш. Сама важным прадметам у школах і ВНУ стануць „Разговоры о важном” паводле расійскіх метадыстак.
  4. Захад, праўдападобна, выкупіць пэўную частку палітычных зняволеных, але на вызваленыя ў турмах і калоніях месцы будуць пасаджаныя тыя „острокапытные”, хто хоць і не заўважаны апошнія два гады ў „шкодніцтве”, але пакінуў калісьці ў Сеціве сляды свае апазіцыйнасці. Рэпрэсіі 2023 года – гэта жаданне „элегантна” перамагчы на „выбарах” 2024 г. „Выбары” гэтыя будуць нагадваць „галасаванні” савецкіх часоў: аніякіх незалежных кандыдатаў, аніякіх незалежных назіральнікаў. Колішні генсек камуністаў Беларусі добра ведае, як ладзіліся „выбары” ў СССР.
  5. Санкцыі і вайна прывядуць да значнага пагаршэння жыццёвага ўзроўню насельніцтва. Знікнуць асобныя тавары. Прынамсі, увядзенне картак зноў, як у 1990-я гады, з’явіцца на павестцы дня.
  6. Літаратурнае і культурнае жыццё ў Беларусі будзе цалкам русіфікаванае. Ёсць небяспека частковага адключэння ў Беларусі і Расіі Сусветнае павуціны – застанецца толькі існаванне ў яго расійскім сегменце. Выехаць з Беларусі ў 2023 годзе стане яшчэ больш складана. „Железный занавес” зноў шчыльна закрые „сінявокую”.

І апошняе. Буду шчаслівы, калі хоць 50% майго чорнага сцэнару ў 2023 годзе не ажыццявіцца.

Андрэй МЕЛЬНІКАЎ, бард:

– Мяркую, што ў Беларусі адбудзецца драматычны пералом сітуацыі. Жыць стане значна менш бяспечна і прадказальна, але адкрыюцца многія новыя мажлівасці.

Антон ТРАФІМОВІЧ, журналіст:

– Я думаю, што нічога добрага чакаць не варта, спадзявацца на хуткія змены да лепшага ўжо няма сэнсу. У 2021-м, і асабліва ў 2022-м штомесяц падавалася, што горш ужо быць проста не можа. Але мяжы зла, болю і гора, як мы бачым, няма. І цяпер нашы найбольш адважныя блізкія і сябры – у эміграцыях, турмах, а нямала хто ўжо ў магілах. Я нават баюся задумвацца пра бліжэйшую будучыню для Беларусі. Да нашага часу, як ніколі, пасуе выраз „магло быць і горш”.

Гучыць не надта аптымістычна і беспрасветна. Але можна на гэта глядзець іначай. У час панавання вялікага зла найбольш важнымі становяцца дробныя радасці жыцця, на якія ў мітусні ніколі не звярталі ўвагі. Як ніколі стала шанавацца шчырае сяброўства, атачэнне блізкіх і каханых людзей, узаемападтрымка. Без ўсяго гэтага, я так думаю, будзе вельмі цяжка перажыць навалы, якім пакуль не бачна краю.

Іна СНАРСКАЯ, беларуская паэтка з Палтавы (Украіна):

– Я слабы футуролаг, бо мае калядныя прадбачанні асаблівага шчаслівага лёсавызначальнага 2022 году для Украіны збываюцца вось такім чынам…

Што датычыцца Беларусі, то, спадзяюся, здаровы глузд пераможа і яна не ўцягнецца ў вайну. Яшчэ адбудзецца пераасэнсаванне цэннасцяў. Кожны мусіць зрабіць свой выбар. Магчыма, у 2023 годзе адбудуцца геапалітычныя змены. У любым выпадку свет не будзе ранейшым. Вядома ж, вельмі хочацца, каб скончылася вайна. Гэта мая (і не толькі мая) мара, спадзяванне, надзея. Міру ўсім і дабра!

… Каб скончылася вайна, вядома ж, перамогай Украіны.

Сяржук ЧАРНЯК, бард:

– Чым бліжэй у Беларусі да перамогі, тым больш ахвяр. Але будучыня вольнай Беларусі набліжаецца, таму самае цяжкае нас чакае наперадзе. Надзея памірае апошняй!

Гутарыла Аксана Шпак

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (461) – У берасьцейскай друкарні у 1563 г. была надрукавана Біблія – адно з самых поўных і лепшых тагачасных выданьняў, вядомая як „Радзівілаўская Біблія”.
  • (142) – 3.11.1882 г. у Акінчыцах нар. Якуб Колас (сапр. Канстанцін Міцкевіч, пам. 13.08.1956 г. у Мeнску), пісьменьнік, грамадзкі дзеяч, адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры. Друкавацца пачаў у 1906 г. у газэце „Наша Доля”, паэмы „Новая зямля” (1923), „Сымон-музыка” (1925), „Суд у лесе” (1943), „Адплата” (1946), „Рыбакова хата” (1947), аповесьці, п’есы, каля дваццаці зборнікаў вершаў, апавяданьняў, нарысаў ды іншых.
  • (114) – выданьне у 1910 г. першага зборніка вершаў Якуба Коласа „Песьні жальбы”.
  • (87) – 3.11.1937 г. расстраляны саветамі Максім Бурсевіч (нар. 9.08.1890 г. у Чамярах каля Слоніма), нацыянальны дзеяч, сакратар БСР Грамады.
  • (87) – 3.11.1937 г. расстраляны саветамі Павал Валошын (нар. 10.07.1891 г. у Гаркавічах Сакольскага павету), дзеяч БСР Грамады, дэпутат Сойма (1923-1928).

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis