Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Польска-беларускае памежжа 1939-1941 гадоў

Пад рэдактарствам доктара гістарычных навук Аляксандра Смалянчука ў Мінску выйшла з друку кніга дакументаў з Нацыяльнага архіва Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага архіва грамадскіх аб’яднанняў Гродзенскай вобласці, якія распавядаюць пра перамены ў жыцці насельніцтва Заходняй Беларусі, што адбываліся ў верасні 1939 года пасля ўсталявання ўлады гэтак званых „першых Саветаў”, а таксама пра адносіны людзей да новай улады. Кніга называецца „Вызваленыя” і заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939-1941гг. у дакументах беларускіх архіваў”.

Прадмову да кнігі напісаў Аляксандр Смалянчук, які адзначыў, што ў дадзенай кнізе сабраны 137 дакументаў пераважна з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага архіва аб’яднанняў Гродзенскай вобласці, большасць іх у кнізе апублікавана ўпершыню. Для выдання таксама выкарыстоўваліся матэрыялы перыядычных выданняў – газеты „Звязда” і „Правда”.

У верасні 1939 г. на Беласточчыне архіўны здымак
У верасні 1939 г. на Беласточчыне
архіўны здымак

Большасць дакументаў зборніка стваралася савецкімі і камуністычнымі чыноўнікамі, а таксама афіцэрамі НКУС БССР і прызначалася вышэйшаму кіраўніцтву. Іх аўтары трактавалі рэчаіснасць з пазіцый камуністычнай ідэалогіі ў яе сталінскай інтэрпрэтацыі, а таксама адпаведна задачам, якія былі пастаўлены перад імі вышэйшай уладай. Адпаведна, выпадкі крытычнага або негатыўнага стаўлення да новай улады, якія з канца восені 1939 года пачалі набываць усё больш масавы характар, звычайна ацэньваліся як праявы „антысаветызму і контррэвалюцыі”. Таксама ў зборніку публікуюцца заявы і скаргі мясцовых жыхароў, уражаных і абураных рэпрэсіямі НКУС, хлуснёй савецкіх газет, паводзінамі партыйных і савецкіх начальнікаў, якія часта выкарыстоўвалі службовае становішча дзеля ўласнага ўзбагачэння, ды іншыя.

Як піша Аляксандр Смалянчук, сабраныя ў зборніку дакументы, безумоўна, не перадаюць усёй надзвычай складанай рэчаіснасці перыяду „першых Саветаў”, але яны распавядаюць пра гвалт і рэпрэсіі не толькі над целам чалавека, але таксама над яго сумненнем і верай. Дакументы даносяць вобраз заняволенага народа, які даволі хутка пачаў разумець нялюдскасць новай улады. Архіўныя дакументы таксама сведчаць пра шырокі грамадскі супраціў гвалту і рэпрэсіям. Праблематыка прадстаўленых дакументаў у кнізе „Вызваленыя” і заняволеныя” даволі шырокая. Яны датычаць грагічных падзей пачатку Другой сусветнай вайны; арганізацыі і правядзення выбараў у Народны сход Заходняй Беларусі ў кастрычніку 1939 года і ў органы савецкай улады; стаўлення мясцовага насельніцтва да савецкай улады і яе пераўтварэнняў, а таксама самаўпраўства і гвалту з боку яе прадстаўнікоў; лёсу бежанцаў з тэрыторый, што траплялі пад нямецкую акупацыю; стварэння калгасаў; саветызацыі сістэмы адукацыі; абмежаванняў рэлігійнага жыцця; масавых рэпрэсій і дэпартацый мясцовых жыхароў, сацыяльнага становішча асобных паветаў Беластоцкай вобласці, а таксама ўсталявання заходняй часткі мяжы паміж БССР і УССР і г.д.

Беласток, кастрычнік 1939 г. архіўны здымак
Беласток, кастрычнік 1939 г.
архіўны здымак

Цяпер давайце пагартаем кнігу і прачытаем некаторыя з дакументаў, найперш тыя, якія датычаць Беласточчыны.

Дакумент № 14. 9 кастрычніка 1939 года. Справаздача аб працы брыгады агітатараў у Крыпнінскай воласці (цяпер вёска Крыпно з’яўляецца цэнтрам гміны ў Манецкім павеце Падляскага ваявоцтва), адрасаваная ў Часовае ўпраўленне Беластока і ў Палітычнае ўпраўленне 10-й арміі. На сходзе мужыкі ў асноўным задавалі такія пытанні: „Кажуць,, што ў Савецкім Саюзе спяць пад адной коўдрай і ядуць з аднаго катла? Што ўяўляюць сабой калгасы? Ці ёсць у вас якая прамысловасць? Кажуць, што вы робіце толькі танкі, а ніякай прамысловасці няма? Ці будуць у нас цэрквы, на якой мове будуць вучыцца ў школах?..

А вось што пісаў 20 кастрычніка 1939 года упаўнаважаны па пытаннях арганізацыі партыйнай работы ў Беластоцкай вобласці Сямён Ігаеў да ўпаўнаважанага ў Беластоцкім павеце Глебава пра важнасць удзелу ўсяго насельніцтва ў выбарах у Народны сход: „Асабістай праверкай па некаторых паветах Беластоцкай вобласці ўстаноўлена, што ў практыцы агітацыі па выбарах дэпутатаў у Народны сход Заходняй Беларусі недаацэньваецца справа барацьбы за 100% удзелу выбаршчыкаў у галасаванні за кандыдатаў, вылучаных у дэпутаты Народнага сходу”. Сямён Ігаеў (1904-1958) у 1939-1940 гадах быў першым сакратаром Беластоцкага абкама КП(б)Б, членам ЦК.

24 кастрычніка 1939 года ў дакладной запісцы ўпаўнаважанага ЦК КП (б)Б па Беластоцкай вобласці „Аб выніках выбараў у Народны сход Заходняй Беларусі па Беластоцкай вобласці” паведамлялася, што палітычная актыўнасць рабочых Беластока і іншых гарадоў была высокая. Па рабочаму раёну Выгода, ваколіца Беластока, адзначана 100 % яўка выбаршчыкаў для галасавання. Было аддадзена за дэпутата 99% пададзеных галасоў.

Меляшкі каля Гарадка, 22 кастрычніка 1939 г. Пасля выбараў у Народны сход Заходняй Беларусі, які адбыўся ў Беластоку 28-30 кастрычніка. Са здымку пазней хтосьці выдзер партрэт Сталіна архіўны здымак
Меляшкі каля Гарадка, 22 кастрычніка 1939 г. Пасля выбараў у Народны сход Заходняй Беларусі, які адбыўся ў Беластоку 28-30 кастрычніка. Са здымку пазней хтосьці выдзер партрэт Сталіна
архіўны здымак

Вялікую работу, як адзначалася ў дакладной запісцы, правялі ў выбарчай кампаніі армейскія бальшавікі. Камуністы і камсамольцы, якіх прыслалі ЦК КП(б)Б для працы ў Беластоцкай вобласці, а таксама і камандзіровачныя таварышы Мінскім абкамам і гаркамам КП(б)Б на час выбарчай кампаніі, змаглі стварыць вакол сябе шматлікі актыў агітатараў з мясцовага насельніцтва. Гэта дало магчымасць шырока разгарнуць масава-палітычную работу сярод выбаршчыкаў.

Выбары дэпутатаў у Народны сход Заходняй Беларусі па Беластоцкай вобласці прайшлі паспяхова. З 859.010 выбаршчыкаў удзельнічалі ў галасаванні 803.871, ці 93,9%. За кандыдатаў галасавалі 678.930 ці 85%.

Перад выбарамі ў Народны сход Заходняй Беларусі ў Сакольскім павеце адчуваўся востры недахоп солі, керасіна і мыла, Мясцовае насельніцтва было вельмі незадаволена такой сітуацыяй.

Кошты на тавары ў крамах Беласточчыны штодзённа раслі. Напрыклад, калі махорка 22 кастрычніка 1939 года каштавала 50 грошай, то 24 кастрычніка – ужо адзін рубель. Чаравікі мужчынскія каштавалі 30 рублёў, сталі – 60-70. Сукно падаражэла на 100-150%.

29 лістапада 1939 года той самы Сямён Ігаеў пісаў дакладную запіску сакратару ЦК КП (б) Б Панамарэнку наконт правядзення рэгістрацыі бежанцаў па Беластоцкай вобласці. Аказалася, што ў Беластоцкай вобласці на 25 лістапада 1939 года налічвалася бежанцаў 43.449 чалавек, у тым ліку ў Беластоку – 32.362. Нацыянальны склад бежанцаў быў такі: беларусаў –65 чалавек, рускіх – 189, палякаў – 1979, яўрэеў – 41.184. Але рост бежанцаў з захаду не спыняўся.

У канцы 1939 года на Беласточчыне дзейнічала шмат „контррэвалюцыйных элементаў”. 30 снежня 1939 года пра такіх элементаў паведамляў сакратар павятовага камітэта КП (б)Б Казілоўскі у аддзел інфармацыі ЦК КП(б)Б. Ён пісаў, што ў апошні час па Сакольскаму павету ажывілася дзейнасць контррэвалюцыйных элементаў. „Асабліва гэта назіраецца ў асобных школах і гімназіях сярод настаўнікаў і вучняў старэйшых класаў, дзе праводзіцца варожая агітацыя супраць Савецкай улады. Так, напрыклад, 24 снежня 1939 года дырэктар Сакольскай гімназіі Каладзейскі заклікаў не падпарадкоўвацца савецкім законам, не дапускаў камсамольцаў арганізоўваць у гімназіі гурткі па вывучэнню ўстава і праграмы ВЛКСМ для жадаючай моладзі, вывучаць савецкія песні і праводзіць палітыка-выхаваўчую работу”, – даносіў Казілоўскі ў ЦК КП(б)Б.

Вокладка кнігі
Вокладка кнігі

Што толькі не пісалі сакратары павятовых камітэтаў у ЦК. Напрыклад, пра тое, як жыхар Саколкі Аляксандр Шышко распаўсюджваў чуткі пра тое, што англійскімі войскамі заняты Кранштадт і што Савецкаму Саюзу прапанавалі ўльтыматум: не пазней 25 снежня вывесці войскі Чырвонай арміі з тэрыторыі былой Польшчы. Ці пра тое, як жыхар Саколкі Більвін распаўсюджваў чуткі сярод насельніцтва, што ў Фінляндыі тры дывізіі савецкіх войск без боя здаліся ў палон фінляндскай арміі і г.д.

Надрукаваныя ў кнізе „Вызваленыя” і заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939-1941гг. у дакументах беларускіх архіваў” і справаздачы „тройкі” па Беластоцкай вобласці за 1940 год: „Дакладваем, што згодна зацверджанаму плану аперацыі па высяленню асаднікаў і работнікаў лясной оховы па Беластоцкай вобласці, высяленню належала 2.288 гаспадарак з агульнай колькасцю 12.291 чалавек, з іх: асаднікаў – 1.261 гаспадарка з колькасцю 7.376 чалавек, работнікаў лясной аховы – 1.027 гаспадарак з колькасцю 4.915 чалавек…”.

Як арганізоўваліся ў 1940 годзе калгасы на Беласточчыне? У той час былі арганізаваны калгасы імя Сталіна ў Заблудаўскім раёне. Калгас быў арганізаваны ў вёсцы Новая Воля. Калгас імя 17 верасня ў Заблудаўскім раёне. Яго арганізавалі ў вёсцы Пасынкі. Тры калгасы імя Варашылава ў Заблудаўскім раёне з’явіліся ў вёсках Пянькі, Азяблы, Плянта. Калгас імя Варашылава стварылі і ў вёсцы Студзянкі Беластоцкага раёна і г.д. Ініцыятыва па арганізацыі калгасаў у абсалютнай большасці належала беднякам, парабкам і сярэднякам з беларускага насельніцтва.

6 сакавіка 1940 года пракурор Беластоцкай вобласці Дубінін у лісце да першага сакратара Беластоцкага абкама КП(б)Б Ігаева дакладваў пра „выступы контррэвалюцыйнага характару” на сходзе выбаршчыкаў. А справа была вось у чым. Жыхары вёскі Бахматаўка Сакольскага павета 24 лютага 1940 года, на агульным сходзе выбаршчыкаў па пытанню вылучэння кандыдата ў дэпутаты савета нацыянальнасці Вярхоўнага Савета СССР Сяргея Прытыцкага, выступілі супраць яго. Так жыхарка вёскі Міхаліна Бандарык у сваім выступленні заклікала выбаршчыкаў не галасаваць за таварыша Прытыцкага , бо „ён вораг народа і што былы польскі ўрад яго правільна асудзіў”. Яе падтрымалі аднавяскоўцы Вераніка Сухоцкая і Сцяпан Кучко. Пракурор Дубінін паведамляў, што „сям’я Бандарык настроена антысавецка, што муж яе быў у палоне ў СССР, праводзіў агітацыю, што ў СССР дрэнна жыць, што гаспадарка ў Бандарыкоў складаецца з 12 гектараў зямлі, 2 коней і 3 кароў…”.

Прэзідыум Народнага сходу Заходняй Беларусі. Трэці злева Сяргей Прытыцкі з Гаркавіч на Сакольшчыне, пазнейшы партыйны і дзяржаўны дзеяч у савецкай Беларусі архіўны здымак
Прэзідыум Народнага сходу Заходняй Беларусі. Трэці злева Сяргей Прытыцкі з Гаркавіч на Сакольшчыне, пазнейшы партыйны і дзяржаўны дзеяч у савецкай Беларусі
архіўны здымак

Пісаў дакладную запіску да першага сакратара Беластоцкага абкама КП(б)Б Ігаева і начальнік УНКУС Беластоцкай вобласці Гладкоў пра тое, што ў вёсцы Кленікі Бельскага раёна ў хаце „кулака Федарука Івана збіраюцца кулакі Патомаскі Мікалай, Васілюк Іван, Тафелюк Сідар і былы солтус Федарук Іосіф і абмяркоўваюць пытанні, каб сарваць выбары…”.

Друкуецца ў выданні і інструкцыя Беластоцкага абкама КП(б)Б сакратарам гаркамаў і райкамаў КП(б)Б пра падрыхтоўку дэпартацыі сем’яў рэпрэсаваных „ворагаў народа” і польскіх ваеннапалонных 13 красавіка 1940 года. У гэты час органы НКУС на Беласточчыне мабілізавалі „лепшых” камуністаў і камсамольцаў для высялення з Беласточчыны вышэй названых асобаў пэўнай катэгорыі.

Цікавае спецпаведамленне намесніка начальніка УНКУС па Беластоцкай вобласці Соцікава першаму сакратару Беластоцкага абкама КП(б)Б М.Кісялёву пра колькасць рэлігійных храмаў і духавенства ў Беластоцкай вобласці, з’яўляецца своеасаблівай статыстыкай. Гэта быў канец кастрычніка 1940 года. Тады на тэрыторыі Беластоцкай вобласці пры былым польскім урадзе, калі верыць спецпаведамленню, дзейнічалі 144 касцёлы, дзе служылі 210 ксяндзоў, цэркваў было 34 і 55 святароў, манастыроў – 8 , сабораў – 2, пратаіерэяў – настаяцеляў манастыроў і архіепіскапаў – 5 чалавек, сінагог – 112, равінаў – 54. З прыходам Чырвонай арміі і ўстанаўленню савецкай улады ў Заходніх абласцях Беларусі і ў Беластоцкай вобласці з 144 касцёлаў былі закрыты 6, якія знаходзіліся на тэрыторыях вайсковых часцей пры казармах. Акрамя таго, зімой 1940 года ў Беластоку рэлігійнымі яўрэйскімі аб’яднаннямі былі аддадзены пад інтэрнаты бежанцаў 63 сінагогі, а пасля вызвалення – 60 сінагог не выкарыстоўваліся.

21 чэрвеня 1941 года наркам унутраных спраў БССР Л.Цанава даслаў спецпаведамленне першаму сакратару ЦК(б)Б П. Панамарэнку пра вынікі дэпартацыі 20 чэрвеня 1941 года. Аперацыя адбывалася ў ноч з 19-га на 20-га чэрвеня 1941 года. У выніку праведзенай аперацыі ўсяго было рэпрэсавана 24.412 чалавек. Па Беластоцкай вобласці пад рэпрэсіі трапілі – 11.905 чалавек. Арыштавалі і пасадзілі ў турмы кіраўнікоў і членаў розных польскіх, беларускіх, украінскіх, рускіх і яўрэйскіх контррэвалюцыйных арганізацый і фарміраванняў, чыноўнікаў, белагвардзейскіх афіцэраў, якія ўцяклі з СССР і іншых – усяго 500 чалавек. Было выселена – 11.405 чалавек. У тым ліку прыгавораны да вышэйшай меры пакарання – 516 чалавек…

У кнізе  „Вызваленыя” і заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939-1941гг. у дакументах беларускіх архіваў” апублікавана і шмат іншых каштоўных для гісторыкаў і краязнаўцаў дакументаў, якія неабходна дасканала прачытаць і азнаёміцца. Надрукавана таксама ў выданні і 29 розных ілюстрацый, ёсць бібліяграфія і імянны паказальнік.

Сяргей Чыгрын

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (461) – У берасьцейскай друкарні у 1563 г. была надрукавана Біблія – адно з самых поўных і лепшых тагачасных выданьняў, вядомая як „Радзівілаўская Біблія”.
  • (142) – 3.11.1882 г. у Акінчыцах нар. Якуб Колас (сапр. Канстанцін Міцкевіч, пам. 13.08.1956 г. у Мeнску), пісьменьнік, грамадзкі дзеяч, адзін з заснавальнікаў беларускай літаратуры. Друкавацца пачаў у 1906 г. у газэце „Наша Доля”, паэмы „Новая зямля” (1923), „Сымон-музыка” (1925), „Суд у лесе” (1943), „Адплата” (1946), „Рыбакова хата” (1947), аповесьці, п’есы, каля дваццаці зборнікаў вершаў, апавяданьняў, нарысаў ды іншых.
  • (114) – выданьне у 1910 г. першага зборніка вершаў Якуба Коласа „Песьні жальбы”.
  • (87) – 3.11.1937 г. расстраляны саветамі Максім Бурсевіч (нар. 9.08.1890 г. у Чамярах каля Слоніма), нацыянальны дзеяч, сакратар БСР Грамады.
  • (87) – 3.11.1937 г. расстраляны саветамі Павал Валошын (нар. 10.07.1891 г. у Гаркавічах Сакольскага павету), дзеяч БСР Грамады, дэпутат Сойма (1923-1928).

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis