Галоўным вынікам жнівеньскай двухдзённай канферэнцыі „Новая Беларусь” у Вільні было заяўленне Святланай Ціханоўскай аб пакліканні эміграцыйнага ўраду. Гэтага патрабавалі шматлікія апазіцыйныя дзеячы, упэўнены што ўрэшце прыйдзе той момант, калі рэжым у Мінску рухне. Мабыць тады, як Расія аслабне ў выніку вайны з Украінай, што прывядзе Крэмль да хаосу і не будзе каму абараняць Лукашэнкі. Тады стане неабходным транзіт улады ў Мінску. Дзеля гэтага менавіта пакліканы ўрад на эміграцыі, які будзе пераходным да часу выбару новых легітымных дэмакратычных уладаў. Мае ён ужо нават сваю мілітарную фармацыю, пакуль без зброі, у якую запісалася больш за200 тыс. беларусаў, гатовых паўстаць супраць Лукашэнкі пры першай магчымасці – таксама сілай.
Віленская канферэнцыя супакоіла настроі сярод апазіцыі. Папярэдзілі яе спрэчкі і скандалы. Дзеячы абвінавачвалі адзін аднаго ў недастатковай рашучасці, патрабавалі справаздачы аб працы офіса Святланы Ціханоўскай і спрачаліся, ці варта ехаць на канферэнцыю ў Вільні, якую арганізавала ў другую гадавіну жнівеньскіх пратэстаў у Беларусі ў 2020 г. Зразумела, што сваркі распальвалі таксама рэжымныя спецслужбы з мэтай расколу апазіцыі. Гэта ім не ўдалося.
Перад канферэнцыяй прадстаўнікі офісу Ціханоўскай былі вымушаны аднак патлумачыцца наконт прэтэнзій адносна непразрыстасці размеркавання ім фінансавых сродкаў. Дарадца Франак Вячорка даў вялікае інтэрв’ю „Нашай Ніве”, у якім сказаў, што не можа быць ніякага злоўжывання, паколькі офіс рэгулярна правяраюць літоўскія дзяржаўныя органы і падатковая служба. Ён агучыў таксама свой штомесячны заробак – 1500 еўра брута, што складае суму крыху звыш 1000 еўра на руку.
Падчас канферэнцыі ў Вільні Святлана Ціханоўская заявіла пра неабходнасць павышэння ролі беларускай мовы. На жаль, прачытала гэта на… рускай мове.