Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Мы не ў выгнаньні – мы ў дасланьні ч. 2

Тое, што асноўныя пасажыры цягніка Менск-Масква – беларусы-гастарбайтэры, гэта ўласна не навіна. Але менавіта ў першы месяц вайны да гастарбайтэраў далучыліся і тыя, хто ўцякаў ад жахлівай невядомасьці, у якую трапіла Беларусь. Я ўпэўнены ў гэтым, бо калі прайшоўся па вагоне да свайго месца – ён быў на 97% запоўнены мужчынамі прызыўнога ўзросту. Красамоўная сітуацыя.

Расклаў рэчы, прылёг на верхнюю паліцу, раслабіўся ды вырашыў праверыць навіны ды пошту. Але ж нейкім чынам на маіх вачах хтосьці вырубіў двайную аўтэнтыфікацыю пошты. Пакуль я спрабаваў даведацца ў чым справа – мы выехалі з горада ды як назло лёг мабільны інтэрнэт, паміж гарадамі Беларусі. На чыгунцы такое часта здараецца. Калі інтэрнэт з’явіўся, стала зразумела, што мяне выкінула з уласнай пошты ды пароль зьмяніўся. А за ім мажліва і нумар. Факт той, што я не змог аднавіць дасяг. Гэта дадало трывожнасьці. Але стома зрубіла мяне. Падумаў, што пасплю ды падключу роўмінг на мяжы. Забыўся пра той факт, што мяжы паміж Беларуссю і Расей няма. Пабудзілі ўжо ў Смаленску. На гэтай станцыі адбываецца пашпартны кантроль, часьцяком зусім фармальны. Так адбылося і на гэты раз. Ніякіх пытаньняў не ўзьнікла. І тое добра. Застаецца спаць да самай Масквы.

У расейскую сталіцу я заехаў марознай раніцай. Хтосьці любіць фаст-фуд кавярні за чызбургеры ды бульбу-фры, але ж я перш за ўсё люблю іх за гарачы і стабільна смачны капучына ды гарантаваны вайфай. Знаходжу бліжэйшы Макдональдс, пытаю ў прыбіральшчыка на ўваходзе, ці можна тут набыць недзе кавідную маску – ён дае яе бясплатна. Дробязь, але прыемна. Злавіў інтэрнэт, напісаў знаёмым беларусам, што жывуць у Маскве, пра свой прыезд. Выявілася, што іх пакуль няма дома, але можна перачакаць некалькі гадзін на рэпетыцыйнай кропцы ў раёне Сакольнікі, дзе працуе адзін маскоўскі музыка, што прыяжджаў да нас з канцэртам, ды начаваў у мяне з удзельнікамі свайго гурта. Яго клічуць Валодзя. Пры сустрэчы адчувалася, наколькі ён зьбянтэжана сябе адчувае. „Я цяпер зусім не разумею, што адбываецца і што рабіць – не зразумела”, – сказаў Валодзя, робячы мне гарбату. Перад сыходам на кватэру да сяброў спрабую патлумачыць, што адзіны выхад з гэтай жахлівай сітуацыі – масавы выхад расейцаў на вуліцы гарадоў і супрацьстаяньне ўладзе. Па скептычнаму погляду хлопца разумею, што ён не рады такой перспектыве, але не марную час на пераконваньні.

Скульптура „Развітаньне славянкі” на Беларускім вакзале ў Маскве. Аўтар манумента Салават Шчарбакоў Фота аўтара
Скульптура „Развітаньне славянкі” на Беларускім вакзале ў Маскве. Аўтар манумента Салават Шчарбакоў
Фота аўтара

Кватэра знаходзіцца ля станцыі метро Краснапрэсненскай, іншы канец горада. Саджуся ў метро. На нейкай станцыі падчас язды чую, што недзе ў сярэдзіне вагона дзяўчыны хорам сьпяваюць песьню з савецкага кінафільма „Госьця з будучыні”. Падумаў, што проста дзяўчыны такім чынам зьбіраюць грошы. Але па выхадзе з цягніка бачу, што яны трымаюць плакат з надпісам “НЕ ВАЙНЕ”. Гэтая сцэна выклікае ў мяне захапленьне сьмеласьцю гэтых дзяўчын і спачуваньне ім, бо расейскае грамадства жыве па мілітарызаваных настроях. Што мяне здзівіла, дык гэта нечаканая хуткасьць, з якой я даехаў да Краснапрэсненскай. Маскоўскае метро адрозьніваецца ад менскага сярэдняй адлегласьцю паміж станцыямі, якая ў паўтары разы болей за нашую. Слаба ўяўляю, як без метро перамяшцацца ў такім агромністым мегаполісе.

Хлопцы сустрэлі мяне з цеплынёй, як тое і павінна адбывацца ў землякоў. Чатыры гадзіны размаўлялі пра Маскву, Расею, вайну і месца беларусаў у Расеі. Запомнілася дзіўнае такое назіраньне, што хлопцы прыехалі зарабляць у Маскву, але пры гэтым адчуваецца, што яны не ў захапленьні ад горада і людзей, якія яго насяляюць. Чаму так, не разумею, але не мне судзіць, я ў гэтым горадзе прабыў паўдня і хутка мне ехаць на поўдзень Расеі ў горад Уладзікаўказ – сталіцу Паўночнай Асеціі, частку гістарычнай Грузіі.

Павільён уваходу на ст.м. Краснапрэсненская. Ніякай функцыі акрамя як уваходу ў метро ён не нясе. Яскравы прыклад сталінскага ампіру. wikimapia.org
Павільён уваходу на ст.м. Краснапрэсненская. Ніякай функцыі акрамя як уваходу ў метро ён не нясе. Яскравы прыклад сталінскага ампіру. wikimapia.org

Да Уладзікаўказа можна паляцець на самалёце – але дорага, можна на маршрутцы ці аўтобусе – ня дорага, але паўтара сутак без аніяйкай магчымасьці паляжаць на ложку – тое яшчэ выпрабаваньне. Абіраю ізноў аптымальны і улюбёны спосаб – чыгунку. Да пабачэньня ці бывай, Масква… цяжка сказаць.

За размовай з маскоўскімі сябрамі забыў пра тое, што трэба аформіць сабе мясцовую сімку, каб карыстацца інтэрнэтам у дарозе. Вырашыў, што проста знайду ў цягніку чалавека, які раздасьць мне інтэрнэт з тэлефона.

Маімі суседзямі па плацкарт-сектару сталі мілая пара пенсіянераў, Яўген Пятровіч ды Ларыса Міхайлаўна, ды малады чэркес Аслан.

Першая фраза, што я пачуў ад Аслана пасьля знаёмства: „Цярпець не выношу Маскву і масквічоў”. Хлопец патлумачыў, што ў Маскве шмат хамства, прыхаванай злосьці, цынічнага матэрыялізму і разам з тым шмат грошай, якія з’яўляюцца тут прыярытэтнай каштоўнасьцю, частай тэмай для размоваў. Да таго, калі пачалася вайна, Аслан не вытрымаў і вырашыў узяць адпачынак і з’ехаць у родны Невіннамыск, гарадок за Донам, хто ведае, раптам пачнецца мабілізацыя, а ён нават з бацькамі не пасьпее развітацца. Мэты вайны для яго незразумелыя, лічыць, што ў Пуціна канчаткова з’ехаў дах. Я ведаў, што інфармацыя ва ўкраінскіх і расейскіх СМІ кардынальна разыходзіцца і захацеў яму паказаць украінскія навіны. Аслан паспрабаваў раздаць інтэрнэт, але не атрымалася. Затое атрымалася ў Яўгена Пятровіча.

Дзесьці пад Варонежам Фота аўтара
Дзесьці пад Варонежам
Фота аўтара

Заладжу ў тэлеграм, на той момант па ўкраінскіх дадзеных загінула каля адной тысячы расейскіх салдат. Афіцыйных расейскіх дадзеных не было. Якраз на гэтым моманце суседзі-пенсіянеры ўключылі са смарфтона трансляцыю расейскага ТБ і палілася прапаганда пра крывавыя атрады ўкраінскіх нацыяналістаў, якія нібыта страляюць у жыхароў Данбаса, пра бравых расейскіх хлопчыкаў, якія паехалі вызваляць Украіну ад кіеўскага неанацысцкага рэжыму. Дужа хацелася пераканаць Яўгена Пятровіча, што гэта ўсё лухта, але вырашыў не сварыцца. Раптам дзядуля адключыць мне інтэрнэт. Так мы і прасядзелі большасьць шляху, слухаючы зусім розную інфармацыю пра адныя тыя ж падзеі. Пажылы пасажыр проста моўчкі слухаў навіны без аніякіх каментаў.

На другі дзень Мінабарона РФ афіцыйна выставіла першую колькасьць загінулых вайскоўцаў – каля 500 чалавек. На гэтым Яўген Пятровіч спыніў трансляцыю, патэлефанаваў нейкай сваячцы са словамі: „Ты чула? Ужо 500 загінулых! Я ў шоку!”. На той момант украінскі бок ужо перадаваў пра прыблізную колькасьць у 2000 загінулых.

За гарызонтам – Данбас Фота аўтара
За гарызонтам – Данбас
Фота аўтара

Аслан распавёў мне шмат цікавага пра гісторыю Каўказа, спецыфіку адносінаў паміж малымі народамі, іх падабенствы і адрозьненьні. У прыватнасьці я даведаўся, што абхазы і чаркесы пратэставалі супраць правядзеньня Сочынскай алімпіяды ў месцы пад назвай Чырвоная Паляна. Бо гэтае месца ўпісана ў трагічныя старонкі гісторыі змаганьня народаў Каўказа супраць расейскага заваяваньня. Тут у 1864 годзе было аб’яўлена аб завяршэньні Каўказскай вайны, якая цягнулася з 1817 (!) году і скончылася перамогай Расейскай Імперыі, а таксама масавай дэпартацыяй чаркесаў у Турцыю. Нагадвае гісторыі Курапатаў і кавярні „Бульбаш-Хол”, якую нахабна пабудавалі побач з месцам масавых сталінскіх рэпрэсіяў супраць беларускага народа. Прыйшоў да думкі, наколькі падобны гісторыі паняволеных народаў і колькі мы яшчэ ня ведаем адзін пра аднаго, і што толькі супольная барацьба дапаможа вызваліцца ад імперскага ярма.

Па меры таго, як цягнік набліжаўся да Уладзікаўказа, сыходзілі пасажыры. У тым ліку і Яўген Пятровіч з інтэрнэтам. Давялося шукаць новую крыніцу сувязі. У гэтым мне дапамаглі правадніцы нашага вагона, як выявілася – яны з Чачэніі. Жанчыны ласкава пагадзіліся раздаць мне інтэрнэт.

Якраз праехалі мястэчка Беслан. Гэтая назва назаўжды будзе асацыявацца з жахлівымі падзеямі верасьня 2004 году. Немагчыма было ў такой абстаноўцы не падняць тэму вайны. Абмеркавалі бягучыя падзеі. Прыемна здзівіла тое, што мы сыйшліся ў меркаваньнях па расейска-ўкраінскай вайне. Але ў прынцыпе тое і ня дзіўна, бо як выявілася, яны бачылі на свае вочы, што такое абарона інтарэсаў „рускага сьвету” падчас Чачэнскіх войнаў. Адна з жанчын распавяла, што асабіста ведае сям’ю Эльзы Кунгаевай, 18-гадовай чачэнкі згвалтаванай і закатаванай да сьмерці расейскім палкоўнікам Буданавым толькі з-за таго, што ён падазраваў яе ў працы на чачэнскае баявое падпольле. Гэта была сапраўды нашумелая крымінальная справа часоў 2-й чачэнскай вайны. Жанчына сьцьвярджала, што ні Эльза, ні ейная сям’я не маглі быць баевікамі, што гэта былі проста надуманыя пустыя абвінавачваньні. З ахвотай веру і разумею.

Лукашэнка ва Уладзікаўказе рэкламуе „Белорусские товары” Фота аўтара
Лукашэнка ва Уладзікаўказе рэкламуе „Белорусские товары”
Фота аўтара

Наступны прыпынак пасьля Беслану – Уладзікаўказ, сталіца Паўночнай Асеціі. На пероне пазнаёміўся з маладымі беларускімі айцішнікамі, якія таксама ехалі ў Грузію. Вырашыў далучыцца да іх, каб разам думаць, што рабіць далей. Бо галоўнае выпрабаваньне перад Грузіяй – гэта знакаміты высакагорны горны перавал ля сяла Верхні Ларс, праз які ідзе адзіная адкрытая дарога ў Грузію з Расеі. Рэгулярна гэта перавал зачыняецца пасьля сьнежных ападкаў альбо ліўняў з-за рызыкі сыходу лавіны альбо апоўзняў. На гэты раз дарогу заваліла сьнегам, і на расчыстку спатрэбілася 2 дні. Дзякуй богу ў эпоху інтэрнэту пра гэта можна даведацца загадзя, таму мы засталіся ў горадзе шукаць часовае жытло. Гэта было не так складана, бо попыт на часовае жытло з’яўляецца пастаянна і мясцовыя жыхары на гэтым зарабляюць.

Скінуўшы рэчы, я направіўся да вакзала, каб даведацца, ці можна набыць загадзя квіткі на аўтобус ці маршрутку. Ля касаў пабачыў такіх жа беларусаў, як я. Дысьпетчар цікавілася, чаго ўсе беларусы так раптоўна паехалі сярод сакавіка ў Грузію. Яна спрабавала нас засаромець: „Як жа так, нашы хлопцы едуць паміраць, а вы бяжыце”. Мы не сталі скрываць, што не хочам удзельнічаць у гэтай вайне на баку Расеі ды не разумеем ейных мэтаў. Квіткі на аўтобус былі раскуплены на два тыдні наперад. Але жанчына запэўніла нас, што ніхто тут не загразне на столькі дзён. Проста пусьцяць дадатковыя аўтобусы ды падключацца мясцовыя таксоўшчыкі ды маршрутчыкі, да якіх трэба падыйсьці ды наўпрост дамовіцца. Так яно і адбылося.

Дамовіліся на выезд наступным вечарам. А перад ад’ездам вырашылі прагуляцца па горадзе. Горад нам падаўся правінцыйным, але здзівіў багатай колькасьцю гандлёвых кропак. Я ўяўляў, што гэта будзе горад, дзе будзе складана набыць хоць што-небудзь. Выявілася, што тут ёсьць нават свой Молл (гіпермаркет буцікоў). Там я набыў сабе кантактныя лінзы, хоць і зарокся не набываць нічога лішняга ў Расеі, каб не спансараваць ад свайго імя Расею. І нездарма! Як выявілася потым, лінзы былі няякасныя. Але ўжо на наступны вечар мы выехалі з Уладзікаўказа. Гэта была самае доўгае перасячэньне мяжы ў маёй памяці. Цягнулася яно блізу 14 гадзін + дарога да Тбілісі 4 гадзіны. Неверагодная чарга машын імкнулася трапіць у краіну гор, віна і свабоды. Яшчэ трохі пачакаць і бывай, Турма Народаў – гамарджоба, Сакартвэло*!

Я.В.

* – „Прывітаньне, Грузія” па-грузінску

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (456) – У 1568 г. пачала дзейнасьць заблудаўская друкарня ў маёнтку Рыгора Хадкевіча, у якой друкаваліся кірылічныя кнігі, між іншым „Евангельле вучыцельнае” (1569) і „Псалтыр з Часасловам” (1570).
  • (208) – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры ў 1884 г.), паэт, драматург, публіцыст. Быў сябрам У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў на беларускай і польскай мовах. Запачаткаваў беларускія пераклады творчасьці А. Міцкевіча, між іншым пераклаў „Конрада Валенрода”.
  • (137) – 4.11.1887 г. у Капылі, Слуцкага павету нар. Зьміцер Жылуновіч (літаратурны псэўданім Цішка Гартны, замучаны савецкай бясьпекай 11.04.1937 г.), пісьменьнік, выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч. Пісаць пачаў у 1908 г. у „Нашай Ніве”.
  • (109) – у лістападзе 1915 г. у выніку стараньняў беларускіх нацыянальных дзеячаў (падчас нямецкай акупацыі) пачалі адкрывацца на Віленшчыне першыя беларускія школы.
  • (95) – 4.11.1929 г. у в. Таргуны каля Докшыц нар. Сяргей Карніловіч, выпускнік Гімназіі імя Янкі Купалы ў Віндышбэргэрдорфе (Нямеччына). З 1949 г. жыў у эміграцыі ў Кліўленд (ЗША). Адзін з самых актыўных арганізатараў беларускага грамадзка-рэлігійнага жыцьця ў гэтым горадзе, між іншым

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis