Кожны беларус на Беласточчыне ведае харызматычнага паэта з Бандароў вельмі часта з аўтарскіх сустрэч, на якіх тысячу разоў наведаў са сваімі выступленнямі (найчасцей з Віктарам Шведам і часта з Сакратам Яновічам) вёскі і мястэчкі, на якіх выступалі нават на дзвярах ад клуняў.
Беларускае слова ў выкананні тэмпераментнага селебрыці (цяпер такіх няма сярод літаратараў хіба ў цэлым свеце!) даводзіла нават да істэрычнага ўспрыняцця лірыкі асабліва сярод беларусак. Аўтара нават гуцалі ад захаплення пад вясковае неба! На чытацкі і слухацкі поспехі з несумненнай зайздрасцю глядзелі калегі, не менш таленавітыя і працавітыя.
Аляксандр Баршчэўскі нарадзіўся 2 лістапада 1930 году ў вёсцы Бандары на Беласточчыне. У 1955 годзе закончыў рускую філалогію ў Лодзінскім універсітэце. У 1956 годзе – пасля ўзнікнення Кафедры беларускай філалогіі ў Варшаўскім універсітэце – пачаў працаваць выкладчыкам беларускае літаратуры. У 1966 годзе абараніў кандыдацкую працу «Jakub Koas – dzieje twrczoci 1906-1930», а ў 1986 – доктарскую дысертацыю «Biaoruska obrzdowo i folklor we wschodniej Biaostocczynie». Пасьля апублікавання працы „Творцы беларускага літаратурнага руху ў Польшчы 1958-1998» атрымаў званне прафесара. У 2004 годзе выйшла кніга „Беларуская эміграцыйная пісьмовасць”. З’яўляецца аўтарам больш за100 навуковых публікацый. Друкаваўся з 1956 года. Як паэт дэбютаваў у зборніку «Рунь» (Беласток, 1959). Аўтар паэтычных зборнікаў «Белавежскія матывы» (Беласток, 1962), «Жнівень слоў» (Беласток, 1967), «Мой бераг» (Мінск, 1975), «Блізкасць далёкага» (Беласток, 1983), «Лірычны пульс» (Мінск, 1987). У «Ніве» і «Беларускіх календарах» ведаем яго між іншым з артыкулаў па гісторыі беларускай літаратуры і цыклу артыкулаў «Беларуская літаратура і беларускі фальклор» (1965-88). Склаў універсітэцкія падручнікі «Гісторыя беларускай літаратуры – фальклор» (1976), «Гісторыя беларускай літаратуры – пісьменнасць Кіеўскай Русі і Вялікага Княства Літоўскага» (1981) і іншых. Ён складальнік, аўтар прадмовы і біяграфічнага артыкула да кнігі Янкі Купалы «Выбраныя паэтычныя творы» (Варшава, 1984), для якой пераклаў на польскую мову паэму «Яна і Я», а таксама вершы Купалы. Збіраў, публікаваў і даследаваў беларускі фальклор Беласточчыны. Ужо пра яго самога пісалі іншыя даследчыкі. Міхась Тычына пра крэда Алеся Барскага-паэта і Аляксандра Баршчэўскага-грамадзяніна: «тое крэда застаецца нязменным, нягледзячы ні на што: быць самім сабой, абараняць права беларускай меншасці ў Польшчы на сваю мову і культуру, верыць у тое, што ідэя ўзаемнай нацыянальнай і светапогляднай талерантнасці на карысць і палякам, і беларусам, працаваць, як працаваў больш за паўстагоддзя „над засыпаннем пропасці паміж палякамі і беларусамі”…
У «З пабачанага і перажытага» (1992) пра Алеся Барскага пісаў аднавясковец Уладзімір Казбярук: «Гэта шчасце, калі чалавек можа пакінуць пасля сябе добрую памяць у тым асяроддзі, дзе ён жыў, працаваў, весяліўся»… Сёння з Беластока ў Бандары аўтобусы ходзяць праз гістарычны Заблудаў, той самы, куды прыбыў у свой час Іван Фёдараў. (…) Дарога на захад толькі пасля вайны звязала Бандары жывой сувяззю з шырокім светам, бо ў даваенны час у той далёкі ваяводскі цэнтр мужыкі з гэтых вёсак амаль не траплялі. Калі і даводзілася выбірацца з хаты, гэта значыць з Міхалова на захад, у Ялоўку на ўсход (каля гэтай Ялоўкі, знаходзяцца Мастаўляны, вядомыя нам з біяграфіі Кастуся Каліноўскага), у Нараўку на поўдзень. Вёска Бандары, дзе нарадзіўся Аляксандр Баршчэўскі, – своеасаблівы куток Беларусі з незвычайна самабытным мікракліматам – этнаграфічным і маральным. (…) Сцэны з жыцця Бандароў як кадры нейкай хронікі, ажываюць ва ўспамінах Алеся Барскага – і з тых часоў, калі ён быў малым хлопчыкам, і з больш позніх перыядаў, калі ён ужо выбраўся ў шырокі свет на вучобу, работу ды ў шматлікія вандроўкі па чужых краінах. Вёска невялічкая (16 дамоў, 20 сем’яў), але ў ёй быў паравы млын, кузня, невялічкая крама, рабіліся рашоты з ліповага лыка і сіты з конскага валосся (гэта была спецыяльнасць роду Баршчэўскіх). А яшчэ займаліся бандаркай. (…) Калі рэчка Нарва была больш паўнаводная, некаторыя мужчыны ранняй вясной хадзілі на плыты, сплаўлялі лес – займаліся арэлькай. Вёска сваё перажыла – і бежанствы, і розныя ўлады і нават дзяржавы, але чытала і меркавала. У такім асяроддзі – у даволі вялікай, дружнай, працалюбівай сям’і Андрэя Баршчэўскага (Антонавага) нарадзіўся, рос і выхоўваўся Шурык, які пасля абраў псеўданім Алесь Барскі. Бацька Шурыка разлічваў, што яго сын будзе даглядаць гаспадарку (меў чатыры сястры). Але Шурык гэтых надзей не апраўдаў і адправіўся ў шырокі свет на вучобу, на пошукі «мудрасці кніжнай». Шурык падаўся ў навуку, скончыў Лодзінскі ўніверсітэт і звязаў свой лёс з кафедрай беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта, дзе пачаў працаваць пад кіраўніцтвам Антаніны Абрэмбскай-Яблонскай, цягам часу стаў кіраўніком гэтай кафедры. (…) Даводзілася А. Барскаму зарабляць на хлеб выкладчыцкай дзейнасцю, займацца даследчыцкай працай, але галоўным яго прызнаннем аказалася паэзія. (..) Узнёслы настрой маладога паэта выявіўся ў вершы «Белавежскія хлопцы» – гэта накшталт оды юначаму няўрымсліваму запалу і нястрымнасці ў працы, у каханні да дзяўчыны, у пачуцці злітнасці з роднай зямлёй. Першы паэтычны зборнік «Белавежскія матывы» (1962) засведчыў, што малады паэт умее не толькі пераймаць традыцыйныя ўзоры мастацкай творчасці, але і знайсці сваё свежае слова, адметны вобраз, каб увасобіць у шчырае пачуццё юнака, што ад душы цешыцца маладым жыццём, права выбіраць любую дарогу, кожная з якіх павінна прывесці толькі да шчасця. (…) Тут ганаровае месца займаюць малюнкі неўміручай красы наднарвянскай прыроды, матыў сыноўняй вернасці роднай зямлі.
Паслядоўна ад аднаго паэтычнага зборніка да наступнага («Белавежскія матывы», «Жнівень слоў» (Беласток, 1967), «Мой бераг» (Мінск, 1975), «Блізкасць далёкага» (Беласток, 1983) станавіўся ўсё больш трапным, і адначасова асацыяцыі ператвараліся ва ўсё боль складаную сістэму вобразаў.
Алесь Барскі – паэт з ласкі Божай. А яшчэ і даследчык роднай літаратуры, і яе папулярызатар, і фалькларыст, і публіцыст, і педагог, і аўтар дапаможнікаў па беларускай літаратуры і фальклору для студэнтаў беларускай філалогіі. Ён меў падставы сказаць у адным з пазнейшых твораў, што ён «у храме навукі не лішні». Ён як перакладчык даклаўся і да выхоўвання маладога пакалення на лепшых узорах нацыянальнай спадчыны, і духоўнага ўзаемаўзбагачэння беларускага, польскага і нават украінскага народа праз падрыхтоўку, складанне і пераклад выдатных здабыткаў вуснай народнай творчасці аднаго народа на мову другога. Так, напрыклад, апублікаваў на польскай мове фальклорныя зборнікі «Д’яблава скрыпка» (казкі са збору Міхала Федароўскага «Люд беларускі», Варшава, 1973), «Невычэрпны збан» (казкі зямлі Мінскай, Смаленскай, магілёўскай, Гродзенскай і Палесся; Варшава, 1976), «Зачараваныя барвы стэпу» (казкі ўкраінскага народа; 1987). Як пракладчык А. Барскі дбаў перш за ўсё пра дакладную перадачу не толькі зместу, але і духу твора. Таленавіта пераклаў творы Янкі Купалы, у тым ліку паэмы «Ён і Яна».
На працягу многіх гадоў друкаваў у «Ніве» рэпартажы, успаміны, публіцыстычныя артыкулы, эсэ пад агульнай рубрыкай «На мяжы». Тут былі: і ўспаміны з далёкіх гадоў, і нарысы пра падарожжы ў Сібір або ў Злучаныя Штаты Амерыкі, пра набалелыя праблемы жыцця Беласточчыны – існавання роднай мовы, нацыянальнай свядомасці беларусаў. Вылучаецца асоба апавядальніка – (…) яго заўсёдны абавязак нізка пакланіцца чалавечай сумленнасці, працавітасці, шчырасці (…), нарысы ствараліся з жаданнем узбагаціць унутраны свет чытача, зрабіць яго больш чалавечным, уважлівым да людзей. Беражлівым і сумленным у жыцці, бескарыслівым ахоўнікам роднай прыроды і нацыянальнай культуры і перад усім – патрыётам роднага краю.
Алеся Барскага добра ведаюць у кожнай мясцовасці на Беласточчыне – у школах, цэнтрах культуры, вядомы ён таксама быў як шэф Беларускага таварыства, аўтарытэтны прадстаўнік беларускай культуры і ў замежных краінах, і ў Беларусі. Член Саюза польскіх літаратараў і Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Алесь Барскі: маё жыццё прыпала на вельмі цікавы гістарычны перыяд. Прыйшлося мне перажыць даваенную Польшчу, савецкую ўладу ў 1939-1941 гадах, нямецкую акупацыю, народную Польшчу і дажыць да Рэчы Паспалітай Польшчы. Адным словам, пяць палітычна-дзяржаўных фармацый уварвалася ў мой побыт. Належу да людзей у нейкай ступені раздвоеных духова. Як беларус атаясамліваючыся з беларускім народам, а як грамадзянін – атаясамліваюся з Польскай дзяржавай. Зрэшты, усё болей прыхільным позіркам паглядаю на ідэю прыналежнасці да еўрапейскай ці нават сусветнай грамадскасці або, як кажа адзін з герояў Ісаака Бабеля – інтэрнацыянала добрых людзей.
Аб любові. «Ёсць яшчэ ў беларускіх вёсках катэгорыя людзей, бяспамятна адданых зямлі. Мабыць, гэта ўжо апошняя генерацыя тых беларусаў, для якіх зямля, гаспадарка была не толькі тым, што запэўнівае чалавеку матэрыяльны быт, але і свайго роду рэлігіяй, духоўнай стравай. Адзін з жыхароў Лукі, якая трапіла пад вадасховішча Семяноўка, калісьці загледзеўшыся на загоны, як бы ў забыцці сказаў мне: «Як жа не любіць гэтую зямлю. Яна ж мне пахне». Вось у гэтых словах і праяўлялася свайго роду веравызнанне нашых дзядоў, бацькоў (…). Людзі, які працуюць на зямлі, самаахвярныя і па свайму нутру прыгожыя. Гэта яны соль нашай зямлі. Гэта дзякуючы ім трымаецца ў нашых вёсках беларуская і адвечна этнічная спецыфіка. (…) Зямля некаханая не родзіць. На жаль, такой некаханай зямлі ўсё болей, бо людзей, закаханых у яе, усё меней. І таму, калі іду ці еду па Беласточчыне і бачу пажылога мужчыну ў полі, на лузе або пры жывёлах, сэрца залівае мне хваля ўдзячнасці. Гэта тыя людзі, якім конь не смярдзіць, а зямля пахне. Дзякую вам, пажылыя беларусы. Без вас наша зямля становіцца сіратою».
Аб родным. «Гэты кліч нашу ў сабе і я. Калі б мяне раптоўна абудзілі са сну і спыталі: хто ты? – дык напэўна я б не гаварыў ні аб універсітэтах, ні аб паэзіі і нават не аб «Ніве». А гаварыў бы аб тых вясковых рэаліях, якія акрэслілі характар майго дзяцінства і юнацтва… Як жа часта ў цемры і цішыні варшаўскай ночы я чую падпечнага цвыркуна, які нястомна заводзіў мне многагадзінныя спевы. І бачу ў марознай цемры бацьку, які прыносіць і кладзе каля цёплай печы бездапаможнае, толькі што народжанае ягня. (…) А ці могуць не сніцца і не мроіцца першыя падснежныя веснавыя струмені або першыя парасткі травы, якія рвуцца да сонца, нягледзячы на тое, што тут жа побач ляжыць снег і лёд. А ці можа не наведаць мяне трывога, звязаная з першымі, самастойна кінутымі ў зямлю зярнятамі… Няхай растуць! Яны наш хлеб і наша жыццё!» (…) Людзі, выходзьце ў пагодныя ночы, сядайце перад сваімі хатамі, глядзіце ў зорнае неба так, як глядзелі ў яго продкі, і ведайце, што ўсякая прыгажосць у чалавеку і ўсякае багацце бярэцца толькі з роднага».
А вось як казаў мне ў апошнія гады свайго жыцця:
– Я, як прафесар, маю гарантаванае месца на варшаўскіх Павонзках. Але я хачу легчы ў сваёй зямлі. Я хачу быць пахаваны з бацькамі, з роднымі. Гэта мая зямля, на яе хлебе я выгадаваўся. Не хачу пакоіцца на могілках, дзе мармуры-мармуры.
– Як вы адчуваеце – Вы, былы басаногі хлопец з Бандароў, здзейсніліся да канца? Як навуковец, ці як паэт?
– Чалавек не здзяйсняецца да канца. Не заўжды чалавек цалкам задаволены тым, што зрабіў, ім мог бы рабіць яшчэ больш. Мне здаецца, што мною зроблена менш чым я мог бы. Дарэчы, я чалавек лянівы. Калі няма нажа на горле, дык не возьмешся… Усё што сёння зрабіць трэба – на заўтра! Гэта тыповая беларуская рыса… А вось цяпер я адчуваю страшэнна хуткі бег часу. Асабліва калі пачуеш пра адыход маладзейшых. Хто памёр? Кажаце, таксама наша Марыся (Федарук)? Гэта толькі яна давала рады расчытаць мае рукапісы, якія я прысылаў у «Ніву» – і фельетоны, і артыкулы, і фальклор, і нават лірыку. А што ў непаседлівага Шурыка Вярбіцкага. А што ў Надзі Артымовіч, даўно вы яе бачылі?
– З Надзяй я размаўляла сёння. А Вы, хто больш – паэт, публіцыст, навуковец?
– Калі б хто мяне разбудзіў сярод ночы, я сказаў бы адразу: мужык! З Бандароў. А быў час, калі я пісаў пра каханне. Ну, пішу, але не з такім размахам як калісь. Пра каханне… Я перастаў ужо верыць у місію паэзіі. Хто цяпер захапляецца паэзіяй? Напісаным? Хаця… Калісь я спаткаў чалавека з Лукі, які сказаў мне: Калі я прыязджаю з поля, кідаю ўсе справы, калі прыйдзе «Ніва» і чытаю, а жонка аж злуецца, што займаюся «чапухою», калі работы яшчэ столькі. І хто там піша ў Бандарах і ваколіцы? Быў калісь Хведар Хлябіч…
– Аляксандр Андрэевіч, не высыхае бандарская крыніца паэзіі! Пішуць Марыся Хлябіч, Геня Бура, ёсць і маладая аўтарка з роду Баршчэўскіх. І ніхто не забывае пра Вас!
– То добрэ.
Алесь Баршчэўскі адышоў 28 сакавіка 2022 года. «Толькі ў роднай мове буду вечны».
Міра Лукша
Праф. др габ. Баршчэўскі Аляксандр Андрэевіч; псеўданімы: Алесь Барскі, Баравы Андрэй (нар. 2 лістапада 1930 г. у вёсцы Бандары, гм. Міхалова, амёр 27.03.2022 г. у Варшаве); паэт, літаратуразнавец, фалькларыст, драматург, публіцыст, перакладчык, грамадскі дзеяч беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы. Піаў на беларускай і польскай мовах.
Член Саюза польскіх пісьменнікаў з 1971 г., Саюза беларускіх пісменнікаў з 1995 г., Міжнароднага ПЭН-Клуба з 2002 г., член Беларускага літаратурнага аб’яднання ,,Белавжа” з 1958 г. і яго старшыня ў 1959-1980 гадах, старшыня Польскага беларусазнаўчага таварыства ў 1993-1994 гадах, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў у 1995-2005 гадах, рэчаісны сябра Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі з 1994 г., старшыня Барускага грамадска-культурнага таварыства ў 1982-1990 гадах, віцэ-старшыня Аб’яднання фалькларыстаў Беларусі ад 1993 г., член Камітэта славяназнаўства ПАН у 2002-2003 гадах, старшыня Галоўнага камітэта Алімпіяды беларускай мовы з 1993 г.; член Камісіі эміранталогіі свавян з 2010 г.