Яшчэ на пачатку сакавіка, нядоўга пасля нападу Расіі на Украіну, прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі выступіў з ініцыятывай перайменавання ў горадзе вуліцы Электрычнай на Вольнай Украіны. Па тое, каб выказаць у такі спосаб салідарнасць з украінскім народам і заадно, каб кансулат Рэспублікі Беларусь, які там знаходзіцца, меў невыгодны адрас, паколькі афіцыйны Мінск яўна падтрымлівае агрэсара.
У адказ на такую ініцыятыву кіраўнік апазіцыйнага Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка (калісь консул і пасол Беларусі ў Польшчы) прапанаваў даць вуліцы назву Вольнай Беларусі і Украіны. Аднак паводле Трускаляскага, была б яна занадта доўгая, таму выказаў думку выдзеліць дзве часткі і тую пры консульстве даць назву Вольнай Беларусі, а другой за рэчкай Белай – Вольнай Украіны.
Такая змена патрабуе адабрэння гарадской рады. Але дагэтуль праект дакумента ў гэтай справе туды нават не трапіў. У магістраце кажуць, што ініцыятыва прэзідэнта горада яшчэ канчаткова фармальна не дапрацаваная. Праект пастановы, які мае быць накіраваны пад галасаванне гарадской рады, магістрат пакуль аналізуе і кансультуе яго з экспертамі.