Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Гутарка

Міхась Казлоўскі: „Трэба душы не даваць заснуць…”

Хто такія Раман Семашкевіч, Віктар Казлоўскі, Мікалай Грышкевіч, Пётр Зяновіч, Адам Більдзюкевіч, Мікола Ільяшэвіч, Уладзіслаў Чарняўскі, Віктар Шутовіч, Тодар Куніцкі, Вольга Таполя, Сяргей Сахараў і дзясяткі іншых малавядомых, але вартых памяці асоб Беларусі? На гэта пытанне вы зможаце адказаць толькі тады, калі прачытаеце ўнікальны двухтомнік артыкулаў, эсэ, літаратурных партрэтаў, бібліяфільскіх нататак і ўспамінаў даследчыка нашай літаратуры і культуры Міхася Казлоўскага з Маладзечна. Двухтомнік мае адну назву „Пад сузор’ем веры і надзеі”. Ён пабачыў свет у мінскім выдавецтве „Кнігазбор”.

Падобнага двухтомнага выдання ў Беларусі даўно не выдавалася. Але гэта не проза ці паэзіі, а змястоўныя артыкулы-даследаванні, літаратурныя партрэты знакавых, ды забытых дзеячаў беларускай культуры, якія пражылі дастойнае, але трагічнае жыццё ў неспакойным ХХ стагоддзі, гісторыя родных аўтару мясцін і нараджэнне беларускага бібліяфільства, ліставанне вядомых беларускіх літаратараў і краязнаўцаў.

Упершыню чытачы даведаюцца з двухтомніка Міхася Казлоўскага пра лёс бібліятэкі і архіва генерала Кастуся Езавітава, пра мастакоў і бібліятэчку часопіса „Узвышша”, пра беларускія выданні ў ковенскай Летуве, пра Дзвінскія беларускія выданні, пра беларускае таварыства бібліяфілаў у БССР і шмат-шмат пра што іншае.

„Пад сузор’ем веры і надзеі” Міхася Казлоўскага – своеасаблівы даведнік пошукаў і знаходак, адкрыццяў і памяці пра забытых беларусаў, пра кнігі і падзеі.

Пра ўсё вышэй пералічанае, а таксама пра літаратуру і спадчыну наогул, вырашыў пагутарыць з Міхасём Казлоўскім. Спадзяюся, што гутарка атрымалася даволі цікавай, але, найперш, карыснай для ўсіх нас, хто цікавіцца гісторыяй, літаратурай і культурай Беларусі.

Міхась, можа неяк не сціпла казаць, але мы з табой сёе-тое ўжо зрабілі для гісторыі нашай літаратуры і культуры. І, дзякаваць Богу, працягваем гэта рабіць. Але хвалюе тое, хто пасля нас будзе працягваць гэту справу?

– Пра нашы поспехі гаварыць не буду, хай аб гэтым скажа яго вялікасць час, а ён самы справядлівы суддзя і вызначальнік усяго сапраўднага і вартаснага на гэтай зямлі, хоць часта і недаравальна спазняецца. Што датычыцца нашых прадаўжальнікаў, то тут больш пытанняў, чым гатовых адказаў. Здаецца, і ёсць яны, тыя прадаўжальнікі, але нейкія не вельмі даўгавечныя: з’явяцца на даляглядзе, мільгануць і знікнуць. Праўда, ёсць колькі прозвішчаў, за дзейнасцю якіх я ўважліва назіраю і поспехі якіх мяне вельмі цешаць, але гэта ўжо не паслядоўнікі, а самастойныя творчыя адзінкі, якія даўно і паспяхова зарэкамендавалі сябе на ўдзірванелай краязнаўчай дзялянцы. Сярод іх: Станіслаў Суднік з Ліды, Ігар Пракаповіч з Паставаў, Алесь Аркуш з Наваполацку, Аляксандр Камінскі з Крэва, смаргонскі настаўнік Уладзімір Прыхач, няўрымслівы Кастусь Шыталь з Глыбокага, апантаная Тэрэса Бітэль з Вішнева і многія, многія іншыя. Бо недарэмна ж у Бібліі сказана, што па працы вашай пазнаюць вас. Хоць гэта, мусіць, і не вельмі прыгожа, але заўсёды захапляюся і тваёй працай, дарагі мой дружа.

Хто будзе працягваць даследаваць былую Заходнюю Беларусь і яе літаратуру? Там жа працы – безліч…

– Цяпер наконт заходнебеларускай тэматыкі. Так, тэма гэта неабсяжная і працы на ёй хопіць не аднаму пакаленню. Адзінае толькі, браток, што працаваць нам з табой на гэтым полі прасцей, бо мы засталі яшчэ той добраславёны час, калі жылі яшчэ людзі, якія з’яўляліся ўвасабленнем сумленнасці і прынцыповасці. Яны не раскідваліся налева і направа такімі словамі, як любоў да Радзімы, да мовы, абавязак перад памяццю продкаў. Як успомню тыя бясконцыя паездкі ў Вільню, сустрэчы з прадстаўнікамі нізавога заходнебеларускага актыву ў нашых вёсках і мястэчках, то так зашчыміць сэрца, так стане сумна і балюча ад немагчымасці ўсё ранейшае паўтарыць у цяперашнім жыцці. Ды і не трэба забывацца, што і мы з табой родам з гэтых святых заходнебеларускіх ваколіц. Таму, напэўна, і любоў у нас да таго перыяду сапраўдная, шчырая, не пазбаўленая прызнакаў сентыментальнасці і настальгіі.

А цяперашнія маладыя – гэта ўжо нешта іншае, пакаленне, якога голым энтузіязмам не купіш: ім падавай і ганарары, і гранты, і шмат чаго іншага. Таму цалкам згаджаючыся з тваёй думкай, што працы на заходнебеларускім полі безліч, павінен з сумам канстатаваць, што поле вялікае, а сейбітаў на ім сапраўдных (асабліва маладых) – мала.

А хто будзе шырока і грунтоўна даследаваць літаратуру Ўсходняй Беларусі ХХ стагоддзя? Там таксама працы шмат.

– Тое самае можна сказаць і пра ўсходнебеларускую, альбо, інакш кажучы, БССРаўскую дзялянку. Праўда, адразу трэба згадаць і пра зусім не лепшую сітуацыю з вывучэннем нашай векавой прысутнасці і ў міжваеннай Латвіі, Летуве, Чэхаславакіі, ЗША. А там жа таксама колькі тэмаў – не раскрытых, не распрацаваных, занядбаных.

Літаральна на днях прачытаў надзвычай цікавы артыкул Міколы Труса, яшчэ аднаго рупліўца на не вельмі ўраджайным беларускім культурным палетку, які быў надрукаваны ў газеце „Літаратура і мастацтва”, у якім даследчык распавядае пра паэта нашаніўскай пары Альфонса Петрашкевіча, вядомага па псеўданіму Філафей Калінка. Трэба сказаць, што прачытаў я той матэрыял з цікавасцю, паўглядаўся ў аблічча паэта, якога ўпершыню ўбачыў на старонках перыядычнага друку. Парадаваўся за аўтара, за ягоныя відавочныя поспехі ў згаданых тэмах, а потым набраў нумар мабільнага тэлефона і пазваніў. Выказаў яму словы падзякі і сваё захапленне яго публікацыяй. Колькі хвілін паразмаўлялі, і тут ён кажа: „І ўвогуле, такое запушчанае сённяшняе наша літаратуразнаўства і на такім нізкім прафесійным узроўні, што можна проста дзіву давацца!”.

Ну і як тут не згадзіцца! Займаюцца тыя нашы навукоўцы нейкімі дробнымі прамежкавымі тэмамі, а хто будзе збіраць пад адну вокладку, а потым выдаваць кнігі таго ж Альфонса Петрашкевіча, Андрэя Зязюлі (Аляксандра Астрамовіча ). А колькі , Сяргей, намі перагаворана, што да гэтага часу так і не выдадзены асобным выданнем творы Лявона Случчаніна-Шпакоўскага, пісьменніка высокай паэтычнай культуры, жанравай і тэматычнай разнастайнасці. А калі ўрэшце дойдзе чарга да паэта, празаіка, публіцыста, навукоўца Хведара Ільяшэвіча, пісьменніка, творы якога можна смела ставіць поруч з творамі Максіма Танка. Гаворым, збіраемся, а „воз и нынче там”, як гавораць нашы ўсходнія суседзі. Вось тут і гавары пра будучыню, пра наступнікаў. Ды калі нешта і падрыхтуем, а потым падціснуўшы жывот выдадзім, то ці шмат водгукаў прачытаем у рэспубліканскай прэсе. Памятаю, аднаго разу адшукаў дзённік кс. Адама Станкевіча „Каляндарныя нататкі”, а потым надрукаваў яго ў „Куфэрку Віленшчыны”, і што ты думаеш, шмат гісторыкаў і літаратуразнаўцаў адгукнулася на тую публікацыю? Пастараюся аблегчыць твае старанні – толькі адзін. Толькі гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч сказаў колькі добрых і, самае галоўнае, справядлівых слоў. І ўсё. Тое самае адбылося і з публікацыяй дзённіка Сяргея Сахарава. Але і тут яшчэ лепш – ніводзін навуковец-прафесіянал не адгукнуўся. Такое іншы раз складваецца ўражанне, што яны нікога і нічога, акрамя сябе любімых, не чытаюць. А што ты, можаш пахваліцца колькасцю і якасцю напісанага пра тваю тытанічную працу? І я разумею ў прынцыпе чаму: бо ні я, ні ты не ўпісваемся ў так званую абойму, у своеасаблівую тусоўку выбраных, а гэта значыць, што мы на гэтым полі не зусім свае. І таму, калі такая сітуацыя захаваецца, то гаварыць аб радаснай і шчаслівай будучыні не прыходзіцца.

Жылі на Беларусі вялікія нашы даследчыкі літаратуры, такія як Сцяпан Аляксандровіч, Арсень Ліс, Янка Саламевіч, Уладзімір Калеснік, Генадзь Каханоўскі і іншыя. Гэта нашы настаўнікі. Мы ў іх вучыліся шукаць і даследаваць, збіраць і публікаваць. Але не толькі нам, а ўсім творчым людзям іх дзейнасць і творчасць трэба ўшаноўваць, выдаваць у некалькіх тамах. Ставіць ім помнікі, адкрываць мемарыяльныя шыльды. Хто гэта будзе рабіць? І ці зробіцца яно калі-небудзь? Як ты думаеш?

– Гэтых людзей, даследчыкаў і асоб ад Бога, я згадваю вельмі часта. Што магу, то стараюся рабіць для ўшанавання іхняй памяці, але не ўсё, на вялікі жаль, залежыць ад мяне. Насустрач нашым жаданням павінны ісці іх родныя, блізкія. А тут не заўсёды наша жаданае супадзе з іхнім хаценнем. А выдаваць у іх шмат што б назбіралася. Узяць усё таго ж Арсеня Ліса. Колькі ў яго найцікавейшага, ліставанне захоўваецца, ды і не выйшлі асобнымі кнігамі некаторыя яго працы, у прыватнасці, так і не пабачылі свету асобным выданнем яго надзвычай каларытныя, вобразныя мемуары, якія ён надрукаваў у газеце „Новы час”. Альбо калі ўжо ўрэшце рэшт з’явіцца на паліцах кнігарняў усімі вельмі чаканы „Слоўнік псеўданімаў і крыптанімаў” Янкі Саламевіча, над якім ён так рупліва працаваў у апошнія гады жыцця? А што можна сказаць пра ўспаміны і пра неапублікаваныя працы незабыўнага Генадзя Каханоўскага, яшчэ аднаго няўрымслівага сейбіта з тых легендарных 60-80-х гадоў мінулага стагоддзя. А колькі чаго, напэўна, цікавага ляжыць у архіве Уладзіміра Калесніка?

А колькі ў нас забытых літаратараў, мастакоў, кампазітараў, фалькларыстаў. І іх мы не павінны забываць? Асабліва тых, хто некалі прыгожа афармляў беларускія кнігі.

– Што датычыцца неапраўдана і незаслужана забытых, то тут увогуле тэма для асобнай гаворкі. І што самае важнае ў гэтай сітуацыі, дык гэта тое, што мы не павінны забывацца не толькі пра знакавых, адметных творцаў, але і тых, хто выдаў адну, альбо некалькі кніг. Бо калі гэта ад мяне б залежыла, то я б вярнуў у кантэкст роднай культуры ўсіх, хто шчыра і аддана працаваў на беларускай культурнай ніве. Усіх, хто пісаў па-беларуску і жыў для Беларусі, і ў каго ёсць відавочныя прызнакі таленту. Бо як падумаю іншы раз, то толькі роспач бярэ ад таго, што нічога па сутнасці новага не сказана пра адметных беларускіх кніжных графікаў мінулага, такіх як Валяр’ян Дваракоўскі, Генадзь Змудзінскі, Павел Гуткоўскі, Янка Кашкель, заходнебеларускі мастак Мікола Васілеўскі. А колькі ўвогуле існуе дагэтуль не расшыфраваных вокладак кніг, часопісаў, як заходнебеларускага, так БССРраўскага перыяду. А хто калі згадае і выдасць брашуры, а то і кнігі пра кампазітараў Алеся Спаскага, Рыгора Самохіна, якія так таленавіта пачыналі і так трагічна закончылі свой жыццёвы шлях? Бо, наколькі мне вядома, акрамя тваіх ранейшых публікацый у перыёдыцы, я нічога новага яшчэ не чытаў пра іх жыццё і творчасць.

Сёння ў рэгіёнах Беларусі пражывае шмат здольных і цікавых людзей, якія займаюцца краязнаўствам. Мы нават пра ўсіх і не ведаем. Яны шмат робяць, але іх даследаванні ляжаць гадамі ў шуфлядках. Краязнаўцы не могуць выдаць свае кнігі, даследаванні, бо на выданні няма фінансаў. І калі іх не выдаваць – усё можа загінуць. Ці ёсць, на тваю думку якое-небудзь выйсце з гэтага становішча?

– На гэта тваё пытанне знайсці дакладнага і ўцямнага адказу я даць не магу. Хіба толькі параіць рабіць так, як робім мы з табой якое ўжо дзесяцігоддзе. А менавіта: збіраць грошы на выданне самому, шукаць і далучаць да справы заможных мецэнатаў і фундатараў. Бо чакаць, калі раптам з’явіцца цікавасць да тваіх праектаў у нейкім выдавецтве, я думаю, дарэмная справа. Можна ўсё жыццё прачакаць, а потым здарыцца непапраўнае: у адзін цудоўны момант нейкія чужыя людзі, а магчыма, адпаведна выхаваныя, і свае родныя палічаць, што ўсе гэтыя паперы, якія валяюцца без усякай мэты, перашкаджаюць іх шчасліваму жыццю і спаляць іх як непатрэбшчыну. А колькі падобнага давялося сустрэць і мне на маім жыццёвым вяку. Памятаю, аднойчы, прыехаў да роднай пляменніцы Тамаша Грыба: жанчына мілая, сардэчная, тыповая заходнебеларуская працаўніца. Распытваю пра дзядзьку, дайшла чарга да ягоных папер, а яна і кажа: „А маё ж ты дзіцятка, чаму ж ты раней не прыехаў, бо колькі тыдняў назад дзеці мае надумалі рабіць рамонт, дык знялі з гарышча куфар з дзядзькавымі паперамі і ўсё спалілі на панадворку”.

Гэта сумна. І ў мяне падобныя выпадкі былі неаднойчы. Таму што трэба зрабіць, каб шырэй наладзіць гісторыка-краязнаўчыя выданні па ўсёй Беларусі, не толькі на роднай мове, але і на польскай, англійскай, нямецкай мовах?

– Цяжка адказаць і на гэта пытанне адназначна. Але думаю, што тут сваю лепту павінна ўнесці дзяржава, бо ў гэтай справе толькі на голым энтузіязме далёка не паедзеш. А для ажыццяўлення задуманага павінны быць сродкі, і сродкі, як ты разумееш, не малыя. Бо трэба заплаціць і аўтару, і перакладчыку (а найперш трэба знайcці такога перакладчыка, які аднолькава бездакорна валодаў бы і мовай арыгіналу, і роднай мовай). Хоць сама па сабе ідэя твая вельмі добрая, але… Што стаіць за гэтым „але”, ты і сам добра разумееш.

Чым жыве і што робіць сёння Маладзечаншчына літаратурная, гісторыка-краязнаўчая і культуралагічная ў цэлым?

– Баюся, што і на гэта пытанне не знайду аптымістычнага адказу. Каб яно, тое культурнае жыццё існавала, трэба і кнігі разумныя чытаць, і душы заснуць не даваць. А тут ізноў больш пытанняў, чым гатовых адказаў. Я як успомню цяпер культурнае мінулае роднага горада, то яно не ідзе ні ў якое параўнанне з цяперашнім. Мала хто піша, ды і чытае не больш, мала ў каго з’яўляецца жаданне напісаць ці намаляваць штосьці сваё, цікавае і арыгінальнае, прысвечанае Маладзечну і раёну. Па сутнасці ледзьве дыхае на ладан літаратурнае аб’яднанне „Купалінка”, што працуе якое ўжо дзесяцігоддзе пры „Маладзечанскай газеце”. Мала з’яўляецца новых аўтараў, творчасць якіх усяляе пэўную надзею. Тут я магу згадаць, хіба што са старэйшых Аляксандра Хазяніна, які выдаў нядаўна зборнік новай гісторыка-краязнаўчай і літаратурнай публіцыстыкі, ды таленавітую Тамару Бярэзіну. Час ад часу нагадваюць пра сябе Тамара Бунта ды Людка Сільнова, былыя маладачанкі. Зусім, чамусьці, змоўкла Лідзія Гардынец, самабытная паэтка і цікавы краязнаўчы пісьменнік. З маладзейшых, за творчасцю якіх я ўважліва сачу, я б згадаў Уладзіміра Садоўскага, Насцю Нарэйку, Марыю Бельскую…

Нядаўна ты парадаваў чытачоў і ўсіх беларусаў, хто цікавіцца нашай культурай, двухтомнікам „Пад сузор’ем веры і надзеі”. Гэта кнігі твайго жыцця ці гэта была даўняя задумка – выдаць свае працы ў дзвюх кнігах?

– Дзякуй за добрыя словы, але згадзіцца з тваёй думкай, што я парадаваў чытачоў з’яўленнем двухтомніка „Пад сузор’ем веры і надзеі”, было б відавочнай няпраўдай. Бо як можна парадаваць чытачоў кнігай, якая выйшла накладам у 60-х асобнікаў, я шчыра кажучы, добра не ведаю. Ну, хіба, некалькі дзясяткаў чалавек з майго бліжэйшага акружэння і ведае пра яе існаванне і па рознаму адносіцца да яе з’яўлення. Хоць асабіста я ёю ганаруся, бо я ў ёй сказаў усё тое, аб чым даўно марыў сказаць. На тваё пытанне, што гэта – кнігі твайго жыцця ці гэта была даўняя задумка – адказаць адназначна таксама не атрымаецца. Напэўна, гэта своеасаблівы сімбіёз, які з’явіўся ў патрэбны час і ў патрэбны момант жыцця.

Якіх, на тваю думку, папяровых выданняў сёння не хапае ў Беларусі? Ці час іх ужо скончыўся?

– Як ты цудоўна ведаеш, бо хто, калі не ты, кніжнік і бібліяфіл да мозгу касцей, і мне папяровыя выданні нічым не заменіш. Бо для мяне кнігі, часопісы былі, ёсць і будуць не толькі крыніцай інфармацыі, але і творам мастацтва. Я ў кнізе люблю ўсё: і змест, і шрыфт, і форму, і франтыспіс, і тытул, і віньеткі з застаўкамі. Таму я заўсёды быў, ёсць і буду за папяровыя выданні. А на тваё пытанне, якіх нам не хапае выданняў, магу адказаць вельмі коратка – добрых! Таму на сённяшні дзень, як гэта не гучыць парадаксальна, у мяне няма ў Беларусі любімага выдання. З ранейшых – настальгічна ўспамінаю дубаўцову „Нашу Ніву”, часопіс „Спадчына”, „Беларускую мінуўшчыну”, старыя „Мастацтва Беларусі” і „Літаратуру і мастацтва”, нашу з табой любімую газету „Голас Радзімы”, даўнюю беластоцкую беларускую „Ніву”. А яшчэ для мяне не хапае часопіса „Тэатральная Беларусь” ці чагосьці падобнага ў такім плане. Вельмі шкадую, што не маю магчымасці выдаваць «Куфэрак Віленшчыны», маё самае любімае і дарагое дзіця. Таму ні ў якім разе не схіляюся да думкі, што век папяровых выданняў скончыўся, а, наадварот, часта думаю, якое б чытэльнае выданне маглі б выдаваць мы з табой, калі б былі сродкі і магчымасці. Што датычыцца цяперашніх выданняў, то ніводнае з іх па-сапраўднаму не люблю і не шаную. А за што іх шанаваць: за тую слоўную буфанаду, што пануе на іх старонках, за бульварны змест, хоць і падмацаваны сумнеўнымі гістарычнымі фактамі, за гульню ў літаратуру, за шэрасць і нудоту?

Я б, Міхась, дадаў бы, што сёння ў Беларусі патрэбны часопіс для калекцыянераў. Ва ўсіх краінах ёсць, а ў нас няма. А калекцыянераў у Беларусі шмат. На тваю ўласную думку, што чакае нашу Беларусь праз 20-30 гадоў? Найперш нашу літаратуру, культуру, навуку?

– Ніколі не быў астролагам, таму і не люблю гуляць у прадказанні, але думаю, што ў бліжэйшай перспектыве нас чакаюць не лепшыя часы (хоць бачыць Бог, як бы я хацеў памыляцца). Толькі вельмі хачу, і нават лічу гэта сэнсам свайго жыцця, каб Беларусь была і тады, калі мяне ўжо не будзе на гэтым свеце. Але для гэтага трэба працаваць і працаваць, хоць бы так, дарагі мой дружа, як мы з табой працуем на працягу ўсяго нашага свядомага жыцця: сумленна і мэтанакіравана. І тады, я думаю, што нашы мары і спадзяванні калісьці стануць рэальнасцю!

Гутарыў

Сяргей Чыгрын

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (456) – У 1568 г. пачала дзейнасьць заблудаўская друкарня ў маёнтку Рыгора Хадкевіча, у якой друкаваліся кірылічныя кнігі, між іншым „Евангельле вучыцельнае” (1569) і „Псалтыр з Часасловам” (1570).
  • (208) – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры ў 1884 г.), паэт, драматург, публіцыст. Быў сябрам У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў на беларускай і польскай мовах. Запачаткаваў беларускія пераклады творчасьці А. Міцкевіча, між іншым пераклаў „Конрада Валенрода”.
  • (137) – 4.11.1887 г. у Капылі, Слуцкага павету нар. Зьміцер Жылуновіч (літаратурны псэўданім Цішка Гартны, замучаны савецкай бясьпекай 11.04.1937 г.), пісьменьнік, выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч. Пісаць пачаў у 1908 г. у „Нашай Ніве”.
  • (109) – у лістападзе 1915 г. у выніку стараньняў беларускіх нацыянальных дзеячаў (падчас нямецкай акупацыі) пачалі адкрывацца на Віленшчыне першыя беларускія школы.
  • (95) – 4.11.1929 г. у в. Таргуны каля Докшыц нар. Сяргей Карніловіч, выпускнік Гімназіі імя Янкі Купалы ў Віндышбэргэрдорфе (Нямеччына). З 1949 г. жыў у эміграцыі ў Кліўленд (ЗША). Адзін з самых актыўных арганізатараў беларускага грамадзка-рэлігійнага жыцьця ў гэтым горадзе, між іншым

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis