Напісаць гэта артыкул натхніла мяне інфармацыя ў календарыюме Czasopisa за сакавік 2021 года. Вячаслаў Харужы і Лена Глагоўская, якія рыхтуюць календарыюм, паведамілі, што 70 гадоў таму ў Таронта быў апублікаваны першы нумар часопіса беларускай эміграцыі „Беларускі голас”, які рэдагаваў Сяргей Хмара (Сяргей Сіняк – сапраўнае прозвішча – С.Ч.). Выдаваўся часопіс да 1990-х гадоў. Сяргей Хмара нарадзіўся ў 1905 г. у Адэсе, памёр у 1992 г. у Канадзе.
Сёлета, аказваецца, насамрэч юбілей „Беларускага голасу”. Першы нумар газеты пабачыў свет 25 сакавіка 1951 года. Пра гэта напісана і ў кнізе „Хроніка беларускага жыцьця на чужыне (1945-1984)” Міколы Панькова (Мінск, 2001). Хаця Зора Кіпель і Вітаўт Кіпель у сваёй кнізе „Бібліяграфія беларускага друку на Захадзе” (Нью-Ёрк, 2004. С.17) сцвярджаюць, што „Беларускі голас” пачаў выдавацца ў 1952 годзе. А ў кожным нумары гэтай газеты пад загалоўкам па-англійску напісана: „Established in 1949”. Так што пакуль застаецца таямніцай, калі ж усё ж выйшаў першы нумар „Беларускага голасу”.
З Сяргеем Хмарам (1905-1992) я шмат гадоў ліставаўся. Ён дасылаў мне з Канады многія свае выданні, у тым ліку і „Беларускі голас”. У 2009 годзе я сабраў і выдаў у Мінску асобнай кнігай яго выбраныя творы пад загалоўкам „Рабінавы хмель”.
Выдавец, паэт і публіцыст пакінуў сваю Бацькаўшчыну ў 1944 г., калі яму было ўжо 39 гадоў. Меў рацыю некалі Юрка Віцьбіч, які казаў, што „ўсялякі без вылучэння акупант Беларусі (паляк, расеец, немец) саджаў Сяргея Хмару за краты, а таму ён больш за іншых мае права пісаць:
Усцяж – Беларусь!
Беларусь – на вуснох.
У сэрцы ж –
Чорная здрада!..”.
Пасля прыходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь, Сяргей Хмара жыве ў Слоніме. Праз два тыдні яго арыштоўваюць органы НКУС і саджаюць у мінскую турму, а пасля пераводзяць у Чэрвень. З пачаткам вайны арыштаваных з Чэрвеня гоняць пехатою ў Магілёў. Па дарозе Сяргею Хмары ўдаецца ўцячы, і ён вяртаецца ў акупаваны немцамі Слонім. Прыдбаўшы невялікую кніжную краму, паэт прадае беларускія часопісы, газеты і кнігі, прымае ўдзел у выданні газеты „Слонімскі кур’ер”, выступае на раённым радыё. Акрамя гэтага наш зямляк арганізоўвае брыгаду Беларускай Самапомачы. Але пасля таго, як гэтая брыгада адмовілася ўдзельнічаць у грабяжах гета, яна была немцамі ліквідавана, а Сяргея Хмару зноў пасадзілі ў турму (дзякуючы сябрам праз пэўны час яго вызвалілі).
У 1944 годзе Сяргей Сіняк едзе ў Германію, баючыся, што пасля яе капітуляцыі, ён зноў трапіць у засценкі НКУС. Спачатку працуе дырэктарам Беларускага інфармацыйнага бюро, а пасля рэдактарам газеты „Голас беларусаў”. Ужо тады ён пачынае адраджаць літаратурную сустань, але на гэты раз не маладой, якая так і называлася „Маладая Ўскалось”, а „Баявой Ускалосі” са знакам „Двупагоняй” гэта значыць з абаронай Беларусі з Захаду і з Усходу.
Але далёка забягаць не будзем. Усе па парадку. У лютым 1945 года у Берліне Сяргей Хмара выдае першы нумар „Ведамасьцяў Беларускага Інфармацыйнага Бюро”. А потым у чэрвені 1947 года ў Шлезвіг-Гальштэйне (Германія) пад яго рэдакцыяй выходзіць першы нумар „Голасу беларуса”.
На гэтым Сяргей Хмара, як журналіст і выдавец, не спыняецца. Ужо ў Канадзе ў 1949 годзе ён пачынае выдаваць часопіс „Беларускі эмігрант”. Па іншай інфармацыі „Беларускі эмігрант” пачаў выдавацца з 1948 года, яго рэдагаваў доўгі час Кастусь Акула. Выйшлі 48 нумароў.
Сяргей Хмара прымае ўдзел у стварэнні Беларускага Выдавецкага фонду ў Таронта. І, хутчэй за ўсё, першы нумар „Беларускага голасу” пабачыў свет 25 сакавіка 1951 года. Рэдактарам і фундатарам яго быў Сяргей Хмара. Так што Вячаслаў Харужы і Лена Глагоўская маюць рацыю, калі лічыць 25 сакавіка 1951 года – днём нараджэння газеты „Беларускі голас”. Але гэта яшчэ не ўсе выдавецкія газеты і часопісы Сяргея Хмары на эміграцыі.
У сакавіку 1952 года ў Таронта Сяргей Хмара пачаў выдаваць орган Беларускай Народнай Грамады ў Канадзе „Народным Шляхам”. У красавіку гэтага ж года ў Таронта ён выпускае першы нумар „Абежніка літаратурнай сустані „Баявая Ўскалось” з літаратурнымі творамі. А ў жніўні свет пабачыў і першы нумар „Дакументаў і фактаў: Архіў Беларускага Нацыянальна-Вызвольнага Руху” пад рэдакцыяй Сяргея Хмары.
Часопіс „Баявая Ўскалось” з 1949 да 1950 гадоў выдаваўся ў Заходняй Германіі, а з 1954 да 1981 гадоў – у Таронта (Канада). Выйшла з друку ўсяго 18 нумароў. Часопіс выказваўся за адзінства беларускай культуры, незалежна ад месца пражывання ейных творцаў. На старонках часопіса друкаваліся творы беларускіх і пісьменнікаў іншых краін у перакладзе на беларускую мову. „Баявая Ўскалось” абапіралася на ідэйную традыцыю Беларускай сялянска-работніцкай грамады.
Паэт Міхась Кавыль (1915-2017) сябраваў з многімі беларусамі-эмігрантамі, у тым ліку і Сяргеем Хмарам. Хаця з Хмарам не так проста было сябраваць. Але яны знаходзілі паразуменне, ліставаліся, сустракаліся. Сяргей Хмара ахвотна друкаваў ягоныя вершы на старонках часопіса „Баявая Ўскалось”.
У № 8 „Баявой Ускалосі” (1969 г.) рэдактар друкуе некалькі вершаў Міхася Кавыля, у тым ліку і верш „Пагоня”, які пачынаецца так:
… Першы раз мне паштоўку з Пагоняю –
Вянок, БНР…
Паказала следчая… з іроніяй
Сказала: „Цяпер
Ты не будзеш мне болей адбрыквацца:
„Не знаю, не я…”.
Прызнавайся, буржуйскі прыхвасцень:
Пагоня… твая!?.
Мы знайшлі у цябе пад падушкаю…
Не смейся, дурак!
Ты не быў яшчэ, мабыць, пад мушкаю?
Кажы, што ды як!..
У гэтым нумары надрукаваныя таксама вершы Міхася Кавыля „Ліст маме”, „Сакавіковыя матывы”, „Лісты” і „Слаўны мой род”. У апошнім вершы паэт з гонарам піша і згадвае сваіх родных братоў і сясцёр: Рагнеду, Еўфрасінню, Скарыну, Каліноўскага, Міцкевіча, Купалу, Багдановіча, Дубоўку, Чарота…
У № 9 „Баявой Ускалосі” (1970 г.) друкуецца верш Міхася Кавыля, які так і называецца „Верш”, у якім паэт разважае, што такое верш і прыходзіць да думкі, што „верш – гэта рытмы жыцця, тыя, што ў вечнасць стукаюць, з болю адлітымі гукамі”.
№10 „Баявой Ускалосі” (1970 г.) адкрываецца вялікай падборкай вершаў Міхася Кавыля, сярод якіх і верш, прысвечаны Уладзіміру Клішэвічу (1914-1978). Падчас акупацыі Уладзімір Клішэвіч жыў у Слуцку, рэдагаваў «Газету Случчыны». У 1944 годзе выехаў у Нямеччыну. З 1948 года жыў у ЗША, рэдагаваў ратапрынтны часопіс «Беларусь» (1949), працаваў выкладчыкам у каледжы ў штаце Індыяна. Некалькі разоў прыязджаў у БССР. Але сувязь Клішэвіча з БССР не вельмі радавала беларусаў на эміграцыі, пра гэта і кажа ў сваім вершы Міхась Кавыль.
Добрая падборка вершаў надрукавана была і ў № 11 „Баявой Ускалосі” (1971 г.). Але гэтая падборка ўжо мела палітычны падтэкст, даволі смелы і адкрыты. Шмат паэтычных радкоў былі апублікаваныя ў № 12 „Баявой Ускалосі” (1972 г.). Але прыцягваюць увагу сёння радкі пад агульнай назвай „Сілуэты”. Гэта двухрадкоўі-эпіграмы на беларускіх паэтаў. Вось некалькі з іх. А.Кучар (У клубку гадзючым з гадаў гад, шыпучы), П. Броўка (Вось таму ён і „народны”, бо народу не прыгодны). У. Дубоўка (Разумная галава, але дурням дасталася). Р.Бярозкін (Паспытаўшы сталінскае розгі, стаў палохацца бярозкі…) і г.д.
На эміграцыі Сяргей Хмары выдаў 369 нумароў газеты „Беларускі голас”. Апошнія тры нумары выйшлі з друку пад назваю „Водгаласы”. Усе гэтыя выданні выдаваў ён за свой асабісты кошт.
Многія беларускія суайчыннікі на эміграцыі крытыкавалі Сяргея Хмару за тое, што ён шмат у сваіх выданнях пісаў пра сябе, пра сваю сям’ю, публікаваў у кожным нумары свае здымкі. Але яму гэта можна сёння дараваць, тым больш, што гэта былі яго ўласныя выданні. Але яны заўсёды выдаваліся па-беларуску, у іх паведамлялася пра жыццё на Беларусі, пра справы беларускай дыяспары на эміграцыі, друкаваліся вершы беларускіх паэтаў, цікавыя гістарычныя матэрыялы, напрыклад, успаміны Сяргея Хмары пра Гальяша Леўчыка, Антона Луцкевіча, Якуба Міско, Піліпа Пестрака, Максіма Танка, Уладзіміра Дубоўку і пра многіх іншых вядомых беларусаў.
На старонках той жа „Баявой Ускалосі” і „Беларускага голасу”, акрамя Міхася Кавыля, публікавалі свае творы многія беларусы, якіх лёс закінуў у розныя краіны свету. Сярод іх – Янка Юхнавец, Кастусь Мярляк, Юрка Віцьбіч, Алесь Змагар, Вольга Трэска, Мікола Целеш, Мікола Вярба, Уладзіслаў Сноп, Васіль Вір, Наталля Арсеньнева, Ніна Змагарка, Мікола Панькоў – ды усіх не пералічыць. Вядома, у выданнях Сяргея Хмары было і засталося шмат памылак, недакладнасцяй, найперш у датах, геаграфічных мясцінах, нават у прозвішчах. Бачна было, што рэдактар не карыстаўся энцыклапедычнымі даведнікамі, а шмат пісаў тое, што ведаў, што захавала памяць. Жыццё на чужыне для яго не было лёгкім, тым больш, што з Радзімай Сяргей Хмара развітаўся ў 40-гадовым узросце. Яму і там хацелася дзейнічаць, змагацца за Беларусь іншым шляхам, іншымі метадамі. Ён любіў і паважаў, крытыкаваў і злаваў на прадстаўнікоў БНР і БЦР, але сам ад іх заставаўся ўбаку. Ён быў прыхільнікам „трэцяй сілы” на эміграцыі. І нам сёння трэба з гэтым змірыцца і прымаць Сяргея Хмару такім, якім ён быў, найперш, як беларускамоўнага выдаўца.
Сяргей Чыгрын
Фотаздымкі з архіва аўтара