Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Калісь пісалі

Алесь Гарун

(Успамін у 20-я угодкі з дня яго нараджэньня)

Першы раз я убачыў нябожчыка Алеся Гаруна, калі адбываўся Ўсебеларускі Конгрэс, г. знач. у сьнежню 1917 году.

У менскім гарадзкім тэатры адбываўся пленум Конгрэсу. Старшыня, даючы слова Аляксандру Прушынскаму (праўдзівае імя Гаруна), зарэкамандаваў яго вялікаму Народнаму Сходу.

І меў такі гаварыць наш нябожчык-поэт. А час быў такі, што вар’ята сярод беларусаў можа й лягчэй было-б знайсьці, як інтэлігента, які гаварыў-бы пабеларуску. Нас, гаварыўшых роднаю моваю, на Конгрэсе было ўсяго некалькі чалавек. І сярод гэтых некалькіх адзінак Алесь Гарун выдзяляўся тым, што найлягчэй з роднаю моваю спраўляўся.

Аб Прушынскім, як поэце, я пісаў у 1921 годзе ў „Нашай Думцы”. Цяпер мне хацелася-б сказаць аб ім, як аб чалавеку.

Падчас таго самага Конгрэсу я пазнаёміўся з Гаруном і фармальна.

Я ня ведаў тады аб яго цяжкай хваробе, ня ведаў, што точаць яго сухоты, і мне неяк адразу кінулася ў вочы нязвычайная духовая роўнавага даволі высокае, тонкае чалавечае фігуры, каменны спакой зямлістага па колеры твару, на якім я ніразу не ўлавіў хоць-бы найменшага руху мускулаў. Поэт насіў даўжэнны сібірскі тулуп, па якім як-бы й відаць было, скуль ён вярнуўся на Бацькаўшчыну. У гутарцы з намі нябожчык неяк пасвойму-роўненька, спакойна гаварыў свае словы і словы гэтыя гаварыліся з гэткім лагодным манерам, што дзівіцца толькі трэ’ было яго прыроджанай нейкай інтэлігенцыі.

І гэта рыса яго характару была аднолькавай заўсёды, незалежна ад таго, дзе мне даводзілася яго бачыць: за сталярскім варстатам побач з рэдакцыяй „Вольнай Беларусі” на Захараўскай вуліцы 9, дзе ён жыў, на паседжаньні, калі старшыняваў у менскім нацыянальным камітэце, у друкарні пры выпуску першае штодзеннае газэты „Беларускі Шлях”, якую рэдагаваў Прушынскі і ў якой я рабіў (а праўдзівей – вучыўся рабіць) карэктуру, даючы туды і рэцэнзіі аб беларускіх спэктаклях, якія менская моладзь беларуская ладзіла больш, як часта, бо ніводнае напэўна сьвята, ні адна субота не абходзілася без таго, каб недзе ня гралі беларускія артысты. Ой, ня тое цяпер тут у Вільні!

Аднаго разу толькі ўдалося мне бачыць на Гаруновым твары праўдзівы мамэнт шчасьлівай усьмешкі. Неяк у друкарні Грынблята я пачаў разьбіраць яго верш „На Віціме”, выказваючы проста пашану да яго таленту. Алесь Гарун усьміхнуўся. Толькі таго… Але гэтым разам я заўважыў, як ажывіўся яго вечна-ледзяны твар… на мяне глянулі вочы поэта. Ён заўсёды мне раіў пісаць якнайболей і меней плёхацца ў палітыцы.

Магу з пэўнасьцю сказаць, што хворая натура нябожчыка Гаруна душу мела зусім здаровую. Зусім неваенны чалавек ён быў выбраны старшынёю Беларускае Вайсковае Камісіі – гэтага дзівачнага „совдэпу” у нашай нацыянальна-вайсковай штуцы. Пры гэтай камісіі лічыўся нечым інспэктар быўшага віленскага ваеннага вучылішча палкоўнік генэральнага штабу Кальвэйт (немец). Гэты палкоўнік зрабіў цэлы плян адбываньня ў Беларусі вайсковае павіннасьці і зрабіў так, як-бы Беларусь была ўжо зусім незалежнаю дзяржаваю. Кальвэйт далажыў свой плян старшыні Прушынскаму. Пасьля я часта чуў, як вучоны палкоўніку казаў: „Ну, вось – Прушынскі. Ён не вайсковы, але ён разумны чалавек і на-дзіва інтэлігентны”.

Ды не давялося Прушынскаму будаваць нацыянальных аддзелаў. Сухоты адарвалі яго ад гэтае, праўда досіць няўдалае, нашае справы і, працуючы ў камісіі, я ніразу яго ня бачыў за ўвесь час лета 1920 году, праведзены ў Менску.

У сярэдзіне ліпня 1920 году мне давялося бачыць Алеся Гаруна ў часе адступленьня ад Беразіны ўжо ў Ваўкавыску. Помню нас некалькі чалавек – адпачывалі сабе ў нейкім ваўкавыскім доміку. Былі, апрача мяне, там сябар камісіі Аўсянік, вураднік Міхалевіч і, здаецца, капітан Кушаль (тады ўжо старшыня камісіі). Зайшоў і Прушынскі: відочна хворы, жаліўся на жывот, казаў, што ад смагі еў у цягніку вішні. Коратка было вырашана памясьціць Гаруна ў які-нібудзь санітарны цягнік. Але хто тады думаў, што мы бачымся з ім апошні раз! Каюся, я нават, па звычаю свайму, нешта вострае аб „вішнёвай” (як мне здавалася) хваробе свайго парнаскага колегі тады выпаліў, пэўна-ж верачы ў тое, што ўсё было глупствам і спадзяючыся хуткага яго выздараўленьня. Але-ж ня тое мусі чуў тады поэт! Ён нават і не спрабаваў усьміхнуцца падчас нашага апошняга разьвітаньня..

27 мінулага лютага (на стары стыль) споўнілася 40 гадоў з дня нараджэньня Прушынскага; радзіўся ён у 1887 годзе ў Менску ў сям’і чорнарабочага, як сказана ў „Гісторыі літэратуры” М. Гарэцкага. Маючы 5 гадоў навучыўся чытаць папольску і памаскоўску. На сёмым годзе жыцьця пачаў хадзіць у 3-ю прыходзкую школу (вучылішча), прасядзеўшы ў 3 аддзяленьні два гады, таму што як недалетку, яго не дапушчалі да экзаменаў. Скончыў ён гэту школу ў 1897 г. і, пачакаўшы спаўненьня гадоў, паступіў у 1899 годзе ў рамесьленую менскую школу, якую скончыў, як сталяр, у 1902 г.

Далей пайшло цяжкае гаротнае жыцьцё поэта самым найфатальнейшым шляхам. Не дарма ён выбраў сабе псэўдонім – Гарун. Падробней з яго біографіяй і творчасьцю кожны беларус можа азнаёміцца, прачытаўшы „Гісторыю Беларускае Літаратуры” М. Гарэцкага (Выд. Б. Клецкіна. Вільня 1921 г.).

З 16-х гадоў Гарун працуе, як  сталяр. У 1904 г. уваходзіць у арганізацыю соцыялістых-рэвалюцыянэраў. Церпіць правал і ў нелегальнай друкарні яго накрывае царская паліцыя… менскі астрог, пасьля нашы віленскія „Лукішкі”. Вясною 1908 г. суд, катарга, замененая ссылкаю, якую ён адбываў у Сібіры 9 гадоў і вярнуўся стуль, толькі дзякуючы лютаўскай расейскай рэвалюцыі.

І якая іронія лёсу! Вярнуўшыся ў Менск і маючы ашчаджаныя ад свайго сібірскага заробку невялікія грошы, Прушынскі ўлажыў іх у запушчаную беларускую кнігарню. Заходзячы туды да яго і няраз застаючы разам з яго, гадкоў 12-цёх, брацікам за міскаю ўбогае заціркі, я жартуючы называў яго „Фаўстам”. Поэт толькі лёгка ўсьміхаўся на гэта.

Бальшавікі не пастыдаліся „знацыяналізацваць” кнігарню соцыялістага-рэвалюцыянэра і первезьці яе ў „Белтрэстдрук”. Укладзеная туды праца поэта і яго працоўныя грошы – усё разам ляснула…

Але жыў ён віхрам Беларускае грамадзкае працы і віхар гэты закінуў яго ў адзін з вайсковых шпіталяў Кракава. Там 28-га ліпня 1920 году ён адыйшоў навекі туды, дзе няма ні Лукішак, ні Сыбіраў, ні рэвалюцыяў, ні нацыяналізацыяў…

З Лодзі, калі прабывала там Бел. Вайсковая Камісія, дык была ў Кракаў камандзірована Паўліна Грыбіха-Мядзёлка, якая ледзь знайшла яго сьвежую яшчэ там магілку.

Ці ведае яе хто з беларусаў сягоньня?

Краўцоў Макар

„Беларускі Дзень” № 3, 19.03.1927 г., с. 3-5

Памяці поэта.

Ціха бяз шуму, як сонца бліскучае,

Зьнікла раптоўна за кучаю хмар –

Вырвала душу нядоля балючая,

Страціў жыцьцё ты, наш родны пясьняр.

Усё, што любіў ты душою поэта,

Больш для цябе ня істнуе ўжо век –

Змоўк без пары, не дасягнута мэта,

Зьлёг, як трава пад касой, – чалавек.

Зычныя водгукі думкі свабоднай

З вусн не пальлюцца да сонца, да зор;

Жальбавых песьняў нядолі народнай

Больш не пачуе радзімы прастор.

Сьціхла вясновая песьня свая,

Зьвяў расквітнеўшы прыгожанькі цьвет,

Моцна зачынена скрыня хваёвая –

Сьпіць малады адраджэнец, поэт.

Скаргаў пакуты ня будзе больш чуці

Бедных спрадвеку гаротных братоў,

Сэрца любоўю ня будзе гарэці,

Родных, бадзёрных ня скажа ім слоў.

Сьпі-жа пясьняр наш пад сховам магілы!

Шчыра служыў ты для нас, як умеў,

Покі хапала ў грудзёх тваіх сілы.

Сьпі, брат, спакойна, твой дзень дагарэў.

Міхась Васілёк

„Беларускі Дзень”, № 3, 19.03.1927 г., с. 3

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (456) – У 1568 г. пачала дзейнасьць заблудаўская друкарня ў маёнтку Рыгора Хадкевіча, у якой друкаваліся кірылічныя кнігі, між іншым „Евангельле вучыцельнае” (1569) і „Псалтыр з Часасловам” (1570).
  • (208) – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры ў 1884 г.), паэт, драматург, публіцыст. Быў сябрам У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў на беларускай і польскай мовах. Запачаткаваў беларускія пераклады творчасьці А. Міцкевіча, між іншым пераклаў „Конрада Валенрода”.
  • (137) – 4.11.1887 г. у Капылі, Слуцкага павету нар. Зьміцер Жылуновіч (літаратурны псэўданім Цішка Гартны, замучаны савецкай бясьпекай 11.04.1937 г.), пісьменьнік, выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч. Пісаць пачаў у 1908 г. у „Нашай Ніве”.
  • (109) – у лістападзе 1915 г. у выніку стараньняў беларускіх нацыянальных дзеячаў (падчас нямецкай акупацыі) пачалі адкрывацца на Віленшчыне першыя беларускія школы.
  • (95) – 4.11.1929 г. у в. Таргуны каля Докшыц нар. Сяргей Карніловіч, выпускнік Гімназіі імя Янкі Купалы ў Віндышбэргэрдорфе (Нямеччына). З 1949 г. жыў у эміграцыі ў Кліўленд (ЗША). Адзін з самых актыўных арганізатараў беларускага грамадзка-рэлігійнага жыцьця ў гэтым горадзе, між іншым

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis