З пачаткам снежня новы ад нядаўна дырэктар Падляшскага музея ў Беластоку памяняў – за паразуменнем з управай Падляшскага ваяводства – кіраўніка аддзелу гэтай установы ў Бельску-Падляшскім. Месца Аліны Дэмбоўскай – радавітай бяльшчанкі, якая гэтым філіялам кіравала амаль трыццаць гадоў, заняў нікому невядомы ў музейным асяроддзі Генрык Залеўскі, у свой час дырэктар дому культуры ў Вышках.
Такая персанальная змена выклікала ў Бельску і не толькі там незразуменнне, незадавальненне, а нават абурэнне. Многія, асабліва беларусы і праваслаўныя, успрынялі гэта як працяг „добрай змены”, якую ПіС ад двух гадоў уводзіць у ваяводстве, абстаўляючы пасады і ўстановы сваімі людзьмі.
У гэтым відаць таксама, на жаль, холад у адносінах да нашай меншасці. Не ёсць таямніцай, што „кацапскі” Бельск здаўна коле ў вочы многім з ПіСу на Падляшшы. Таму цяпер, маючы нагоду, вырашылі дэградаваць Аліну Дэмбоўскую (якой дзявочае прозвішча Назарук) з кіраўніка на звычайнага працаўніка ўстановы характэрнай сваёй шматкультурнасцю ў горадзе і рэгіёне. У значнай меры гэта яе менавіта заслуга ў тым, што ў Бельску ў старадаўняй гарадской ратушы ўзнік такі выдатны цэнтр на карысць папулярызацыі і развіцця польска-беларускай спадчыны і тоеснасці.
Прытым Дэмбоўская гэта вельмі кампетэнтны спецыяліст у музейнай прафесіі. Пасля Бельскага белліцэя паглыбляла і пашырала яна адукацыю ў гэтым накірунку ва ўніверсітэтах у Познані і Кракаве, дзе закончыла паслядыпломныя студыі ў галіне музейнай справы. Калі на пачатку 1990-х гадоў узначаліла бельскі музей, пачала развіваць і ўдасканальваць яго дзейнасць. Дзеля гэтага ўвайшла ў цеснае супрацоўніцтва з іншымі ўстановамі культуры, а таксама – што істотнае – з беларускімі арганізацыямі і праваслаўным асяроддзем. Дзякуючы таму ў сценах бельскай ратушы Беларускае гістарычнае таварыства сарганізавала выставу пра бежанства 1915 г., праводзіліся семінары прысвечаныя беларусам Бельшчыны з удзелам дакладчыкаў з Польшчы, Беларусі і Расіі. Філіял арганізаваў таксама музейныя заняткі і майстар-класы для школьнікаў і студэнтаў з усяе Беласточчыны, у тым ліку вучняў Бельскага белліцэя і мясцовай школы іканапісцаў.
Аліна Дэмбоўская найбольш цесна супрацоўнічала з Дарафеем Фіёнікам і яго Музеем Малой Айчыны ў Студзіводах. Супольна арганізаваны былі шматлікія выстаўкі, аўтарскія сустрэчы і канцэрты. Сярод іх асабліва важныя былі прэзентацыі „Народная вопратка падляшскіх беларусаў” і „Бельскі абрадавы ручнік” як аўтарскі праект Аліны Дэмбоўскай. Калекцыя ручнікоў гадамі павялічвалася. Дэмбоўская зрабіла з гэтага распазнавальную марку Бельска і Бельшчыны. Ручнікі прэзентаваліся ў многіх месцах на Падляшшы, у Польшчы, Беларусі і за мяжою. Выдадзеных было таксама некалькі прысвечаных ім альбомаў.
Бельскі музей пад новым кіраўніцтвам, безумоўна, зменіць таксама сваё аблічча. Хаця памяняе назву на „Музей абедзвюх нацый” (Muzeum Obojga Narodów), то можна спадзявацца маргінальнай папулярызацыі ім беларускай спадчыны, а затое пашырэння патрыятызму ў духу шляхецкай Рэчы Паспалітай.
Дарафей Фіёнік, каментуючы адхіленне Аліны Дэмбоўскай ад кіравання бельскім філіялам Падляшскага музея, напісаў у фейсбуку, што „ў такі спосаб затрачваецца дасягненні пакалення, будуючага амбітную культуру ў вольнай Польшчы”.