Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    21. Samaabarona i śmierć Żyda Berszki (2)

    Savieckaje vojsko i pahraniczniki spaczatku ŭsich ludziej z hetych troch viosak vyvieźli za Śvisłacz na zborny punkt u Nieparożnicach. Zahadali im usio z saboju zabrać, szto tolko mahli ŭziać na furmanku. Pośle saviety mieli ich parassyłać dalej u Biełaruś. Raptam pryjszoŭ zahad, szto kali chto…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    9. Miastu H. na do widzenia

    Jeszcze mi tylko spacer pozostał Wąską aleją przez zielony park Wiatr w drzewach szemrze ledwie przebudzony Tak jak wczoraj, przedwczoraj, od lat Tak dziwna ta chwila brakuje słów… (Budka Suflera, „Memu miastu na do widzenia”, 1974) Nedaleko od mojoho liceja byv neveliki park, utisnuty… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

На   каранціне

Мой двухтыднёвы каранцін у Польшчы

Каронавірус крочыць па ўсім свеце і вельмі моцна змяняе жыццё ў Еўропе. Закрытыя межы, каранціны і, часам, нават немагчымасць проста выйсці з хаты. Адмыслоўцы пастаянна кажуць, як кепска адаб’ецца каранцін на эканоміцы і самаадчуванні людзей. Я прайшла праз 14-дзённы каранцін у Польшчы і магу дакладна заявіць – не такі страшны чорт, як яго малююць. Аднак пра ўсё па чарзе.

Для чаго каранцін?

Калі лічба хворых на COVID-19 у Беларусі пакрысе стала расці ў геаметрычнай прагрэсіі стала відавочна – заставацца ў гэтай краіне можа сапраўды быць небяспечным. Аднак пры закрытых межах эміграцыя не такі просты варыянт. Мне пашанцавала: я мела працу ў польскай фірме і карту паляка. Працадаўца ўхваліў магчымасць для мяне перавесціся ў іншы аддзел, я як мага хутчэй набыла квіток на аўтобус да Варшавы і адправілася насустрач прыгодам.

Польшча 15 сакавіка закрыла свае межы, у тым ліку і з Еўрапейскім саюзам. Аднак не для ўсіх: патрапіць у краіну могуць грамадзяне і іх чальцы сям’і, людзі, маючыя карту побыту ў Польшчы, працуючыя ў Польшчы, уладальнікі карт паляка і дыпламаты. Праўда з адным «але» – кожны мусіць адбыць 14-дзённы каранцін. Я доўга не вагалася, але вырашыла што нават 2 тыдні безвылазнага сядзення ў хаце вартыя спаўнення мары.

Колькі слоў пра дарогу да Польшчы. Зараз прадаецца толькі палова месцаў у аўтобусе. Аднак гэта зроблена, каб паберагчы кіроўцаў ад заразы. Пасажыры сядзяць даволі шчыльна: адзін чалавек на адно месца. Аб аніякай сацыяльнай дыстанцыі ў такіх умовах гаворкі ісці не можа.

Большасць едзе да працы. Шмат хто зусім не гаворыць па-польску, просіць перакласці аб’явы ад палякаў-кіроўцаў, дапамагчы з запаўненнем формы і кансультаваць наконт дакументаў.

Як толькі пасажыр сядае ў аўтобус, яму выдаюцца адмысловыя карты, у якіх мусіць напісаць прычыны прабывання ў Польшчы, а таксама ўказаць адрас адбывання каранціну. Адрас трэба абавязкова ўказаць з кодам – чамусьці гэта вельмі істотна для памежнікаў.

Мяжа выглядае апакаліптычна: там, дзе звычайна стаяць чэргі з аўтамабіляў і маршрутак, хоць шарам пакаці. Беларускія памежнікі ўсе ў масках. Выдаюць памятку, якая інфармуе: як толькі ты вернешся на радзіму, то будзеш адбываць яшчэ адзін 2-тыднёвы каранцін. І не кажыце, што не папярэджвалі!

Польскі бок мяжы адразу выводзіць усіх і бескантактава мерае тэмпературу. На шчасце ва ўсіх пасажыраў 36,6. Наступны этап – першасная праверка дакументаў. Зараз ва ўмовах закрытых межаў урады вельмі пільна кантралююць, хто можа і не можа прыязджаць у краіну. На гэтым этапе адсейваюцца 5 чалавек: іхныя працоўныя візы не падышлі пад сённяшнія ўмовы і людзей не прапусцілі ў Польшчу.

Далей гранічная страж больш пільна правярае дакументы. Калі нехта едзе на працу, то тэлефануе працадаўцы. Не дай бог той не падымае трубку: гэта повад не прапусціць чалавека далей. Гэтая працэдура цягнецца прыкладна гадзіну. Агулам мяжа займае пяць гадзін. Рэкорд, улічваючы, што наш аўтобус – адзіны транспарт, які зараз ёсць на «Тэрэспале».

Як праходзіць каранцін

На наступны дзень ад перасячэння мяжы (мне пашанцавала: у Польшчу я прыехала а 10 вечара), на тэлефон прыйшло СМС-паведамленне з просьбай усталяваць адмысловую аплікацыю Kwarantanna Domowa. Яна па GPS-навігацыі адсочвае тваё месцазнаходжанне, і двойчы на дзень просіць зрабіць сэлфі, на якім будзе добра бачны твар. За 14 дзён я вельмі добра налаўчылася ўсміхацца позіркам і знайшла лепшыя вуглы для свайго твару.

Апроч аплікацыі ўсіх «каранціншчыкаў» правярае паліцыя. Раз на дзень яны тэлефануюць і просяць памахаць рукою з вакна. Апроч гэтага пытаюць аб самаадчуванні, ці мае асоба сімптомы COVID-19 і прапаноўваюць дапамогу з прадуктамі. Вельмі вялікі кантраст з беларускімі міліцыянтамі, ад якіх пачуць простае вітанне ўжо дзіўна.

Дарэчы, з прадуктамі дапамаглі калегі (шчыры ім за гэта дзякуй!), якія двойчы прывезлі неабходную ежу. Гэта вельмі дапамагло. Аднак высветлілася, што я замовіла зашмат ежы. Апошні кавалак быў з’едзены праз месяц пасля заканчэння каранціна. У любым разе, ёсць магчымасць дастаўкі ежы праз сацыяльную службу.

Умовы суровыя: нельга выходзіць па-за межы кватэры, калі каранцін адбываецца ў прыватным доме, то нельга нават гуляць ва двары. Усе людзі, якія жывуць з табой на адной тэрыторыі таксама падпадаюць пад каранцін.

Манатонны від з акна
Манатонны від з акна

Апроч паліцыі і аплікацыі са мной звязвалася «сацыяльная служба» – яны цікавіліся маім псіхічным станам і прапаноўвалі бясплатныя тэрапеўтычныя сесіі. Ад іх я адмовілася.

Чым займацца на каранціне

На каранціне варта цалкам заняць свой час і прытрымлівацца пэўнага графіку. Лепей за ўсё з гэтым дапамагае праца. Я працавала па буднях з хаты, і гэта было ледзь не выратаваннем.

Ва ўмовах, калі нельга выйсці з хаты, спорт і фізічныя нагрузкі – сапраўднае ўратаванне для застыўшых цягліцаў. Перыядычна расцягвалася праз месенджэр Zoom. Цела сказала «дзякуй».

Смачная ежа – яшчэ адно ўратаванне. Прышлося расчахліць рэцэпты і гатаваць розныя прысмакі. Дарэчы, пасля заканчэння каранціну ахвота на гатоўку знікла.

Так выглядаў мой сняданак на каранціне
Так выглядаў мой сняданак на каранціне

У такія часы часта падаецца, што ты адна такая самотная. Таму варта намагацца падтрымліваць сувязі з сябрамі. Размовы праз месенджэры і тэлефон, рэгулярнае ліставанне, – чалавек надзвычай сацыяльнай істота. Таму трэба заставацца ў кантакце са сваімі дарагімі.

Як не звар’яцець?

Прабыць 2 тыдні не выходзячы з хаты складана, але не смяротна. Галоўнае, што я зразумела з гэтага досведу – важна мець кагосьці, з кім можна было размаўляць і падтрымліваць сувязь.

Быць занятым, але не забывацца на адпачынак. Не перапрацоўвайце больш за паложанае – ваш арганізм і так у стрэсе і працуе на апошніх рэсурсах. Будзьце ўважлівымі да сябе. Клапаціцеся аб здароўі. Не перажывайце, калі не прачытаеце ўсе кнігі, не перагледзіце ўсе фільмы і серыялы. Шчасце не ў гэтым. Паглядзіце, калі «усё гэта скончыцца».

Мне штодзень трэба было рабіць сэлфі для адмысловай аплікацыі
Мне штодзень трэба было рабіць сэлфі для адмысловай аплікацыі

Калі ёсць магчымасць, праводзьце каранцін у вялікай прасторы. Няма нічога горш, чым прасядзець 14 дзён у адных і тых жа чатырох сценах.

Ну і галоўнае – не вешайце нос! Мне вельмі дапамагло перажыць каранцін успрыманне яго як забаўнай прыгоды. Не заўсёды прыемна, але дакладна будзе што распавесці ўнукам. «Не паверыш, у 2020 я ратавала свет тым, што ляжала на канапе».

Ксенія Тарасевіч

Фота аўтаркі

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • ў красавіку

    980 – у 1044 г. пачаў княжаньне ў Полацку Усяслаў Брачыслававіч, званы Чарадзеем. Яго славутая дзейнасьць была апісана ў паэме „Слова аб паходзе Ігаравым”. 920 – у 1104 г. адбыўся вялікі паход кааліцыі князёў Кіеўскай Русі, арганізаваны Уладзімірам Манамахам на …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (100) – 29.04.1924г. у Вільні памёр а. Міхаіл Пліс (нар. 15.08.1858 г. на Гарадзеншчыне), праваслаўны сьвятар і грамадзка-культурны беларускі дзеяч, прыхільнік беларусізацыі праваслаўнай царквы. У 1919-1923 гг. навучаў на беларускай мове Закону Божаму ў Віленскай Беларускай Гімназіі.
  • (93) – 29.04.1931 г. у Ленінградзе памёр Яўхім Карскі (нар. 20.12.1860 г. у в. Лаша на Гарадзеншчыне), беларускі вучоны – мовазнавец, фальклярыст, літаратуразнавец. Удзельік беларускага нацыянальнага руху. Пахаваны на Смаленскіх праваслаўных могілках у Пецярбурзе.

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis