Pa prostu / Па-просту

  • Płacz zwanoŭ

    23. Zabytaja tragedia kala Krynak (4)

    Syne, kab adkapać ich, paprasili Bronisia Czarnamysaho z susiednich Klabanaŭcaŭ. Toj uziaŭ z saboju jaszcze dvoch mużczyn i noczu pajechali na miesca tragedii. Kali paczali raskopvać jamu, z siaredziny trysnuła kroŭ. Pamału vyciahnuli dva trupy Sidaroviczaŭ i pa cichu pryviaźli ich da Kundziczaŭ. Myła ich…ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Po pudlaśki / По-пудляські

  • Kinoman

    13. Stan nevyznačanosti

    Orła wrona nie pokona! [Antykomunistyčne hasło v vojennum stani v Pôlščy.] Statut Białoruskiego Zrzeszenia Studentów (BAS) pisavsie mnoju miêseci dva. Odnočasno my začali vyšukuvati „našych” studentuv u akademikach raznych vyžšych škôł u Varšavi i psychologično pudhotovlati jich do toho, što budemo rejestrovati biłoruśku studenćku organizaciju… ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

RSS і Facebook

Вітаўт Юры Стэповіч (1939-2019)

28 кастрычніка памёр прафесар электронікі Вітаўт Юры Стэповіч, адзін з заснавальнікаў Беларускага культурнага таварыства „Хатка” ў Гданьску ў 1992 г., апошнім часам член Рэвізійнай камісіі ў ім. Знаёмства з ім гданьскіх беларусаў пачалося менавіта ад спробы пошукаў новых сяброў для новай беларускай арганізацыі. Седзячы з Ірынай Гаданьчук над тэлефоннай кнігай, вышуквалі мы тады „новых беларусаў” паводле прозвішчаў. І званілі, запрашаючы іх на наш сход. Так дайшлі да літары „с” і да прозвішча „Стэповіч”. Было іх там двух Эдмунд і Вітаўт Юры. Дазваніліся да другога і пачулі, што так, ён беларус, а Эдмунд гэта яго стрыечны брат і яны два братанкі Казіміра Сваяка – кс. Кастантага Стэповіча. І прыйдуць на наш сход, які адбываўся 22 мая 1992 г. у Гданьску па вуліцы Доўгі Торг 8-12. Прыйшлі тады яшчэ нейкія людзі, але толькі Вітаўт Юры застаўся з „Хаткай” да канца свайго жыцьця. Бываў на нашых мерапрыемствах. Таксама на тых вечарынах, якія прысьвячаліся яго дзядзькам – Кастантаму і Альбіну, выдатным беларускім дзеячам. Памятаю, як у 2004 г. на сустрэчы з нагоды 70-ых угодкаў сьмерці Альбіна Стэповіча Вітаўт Юры сказаў: „Калі б я жыў тады, як мой дзядзька, я б таксама змагаўся як ён за беларускія справы”.

Вітаўт Юры Стэповіч перад дзедавай хатай у Баранях, 25.06.2004 г. (Фота з архіва аўтаркі)
Вітаўт Юры Стэповіч перад дзедавай хатай у Баранях, 25.06.2004 г.
(Фота з архіва аўтаркі)

Вітаўт Юры нарадзіўся 12 сакавіка 1939 г. у Вільні ў каталіцкай сям’і Яна (нар. 10.08.1898 г. у Баранях) і Чаславы Стэповічаў (нар. 17.02.1909 г. пад Астралэнкай). Яго бацька, родны брат беларускага паэта Казіміра Сваяка і беларускага музыка, публіцыста і дзеяча Альбіна Стэповіча, працаваў сакратаром Акруговага суда ў Вільні, а маці была настаўніцай у прадшкольлі. Хрысьціў яго кс. Адам Станкевіч у касьцёле сьв. Якуба, а хросным бацькам быў доктар Баляслаў Грабіньскі. Яго падвойнае імя напамінала пра вялікага князя літоўскага Вітаўта і апекуна Вільні сьв. Юрыя. Пасьля вайны Вітаўт Юры з бацькамі пераехаў у Сопат, дзе бацька 10 ліпеня 1948 г. памёр на сухоты. Дапамагаў яму хросны бацька, які апынуўся ў Злучаных Штатах Амерыкі. Захаваў яго лісты, у якіх у сумны пасьляваенны час прыходзілі долары ЗША.

Закончыўшы Гданьскую Палітэхніку Вітаўт Юры стаў яе навукова-дыдактычным супрацоўнікам. Яго навуковая кар’ера звязаная з Палітэхнікай і Марскім універсітэтам ў Гдыні, дзе пачаў працаваць у 1999-2000 гадах. Быў аўтарам падручнікаў (скрыптаў) для студэнтаў: Elementy półprzewodnikowe i układy scalone (1993, 1999), Materiały i elementy elektroniczne (2011) ды шматлікіх навуковых артыкулаў.

Пасьля знаёмства з Вітаўтам Юрым аказалася, што захавалася ў яго шмат сямейных памятак, адносных да Казіміра Сваяка і Альбіна Стэповіча, між іншым іхняя перапіска яшчэ да І сусветнай вайны. Сапраўдным рарытэтам быў дакумент з 1934 г. аб заплаце за магілу Альбіна Стэповіча да 2033 г.! Бываючы ў пачатку 1990-ых гг. на могілках Роса ў Вільні, не бачна было яго магілы, хаця пахаваны ён быў побач брата Казіміра Сваяка. Супольнымі сіламі Эдмунда і Вітаўта Юрыя Стэповічаў (прафінансавалі помнік на магіле дзядзька Альбіна), гданьскіх і віленскіх беларусаў (Людвіка Кардзіс з Вільні афармляла ўсё з адміністрацыяй Росаў) у сьнежні 1994 г. быў адкрыты помнік Альбіну Стэповічу на яго магіле. У касьцеле сьв. Мікалая, дзе некалі Альбін Стэповіч вёў беларускі хор, адбылася імша зя яго душу. Была сяброўская сустрэча ў беларускіх дамках пры Зыгмунтоўскай (Жыгіманту). Віленскія беларусы гасьцілі нас некалькі дзён у сваіх дамах і паказвалі нам Вільню. Вітаўт Юры на адкрыцьцё помніка забраў свайго сына Марка, тады студэнта замежнага гандлю Гданьскага універсітэта, а Эдмунд – свайго ўнука Артура, тады ліцэіста. Маладыя нашчадкі роду Стэповічаў адкрывалі помнік Альбіну.

Дзякуючы Вітаўту Юрыю ўзбагацілася калекцыя Архіва-музея літаратуры і мастацтва ў Менску, куды я перадала копіі сямейных здымкаў Стэповічаў і карэспандэнцыі.

Юры Вітаўт быў вельмі акуратным чалавекам. Усе сямейныя памяткі былі ў яго спарадкаваныя даўным-даўно. Калі мы сустракаліся з ім, быў падрыхтаваны да сустрэчы – на картцы запісваў, пра што не забыцца запытаць. Нават да нечаканых тэлефонных размоў быў падрыхтаваны: «зараз вазьму картку, каб не забыць пра што я меў спытацца» – казаў. Такіх людзей, здаецца, не бывае.

Над яго працоўным сталом вісела карціна з зімовым пейзажам Пётры Сергіевіча, пра якую з пераказаў маці ведаў толькі, што бацькі набылі яе падчас нямецкай акупацыі, каб падтрымаць «беднага віленскага мастака». Карціна і мастак яго так інтрыгавалі, што аднойчы, падчас гасьцяваньня ў яго, размова зышла менавіта на гэтую тэму. Тады нажаль (а быў гэта пачатак 90-ых гг.) я не магла зашмат сказаць пра Пётру Сергіевіча, але карціна і Юры Вітаўт заінспіравалі мяне на пошукі прац мастака ў праватных калекцыях у Польшчы, вынікам чаго былі выстаўкі звыш сотні прац Сергіевіча ў Двары Артуса ў Гданьску і ў Музэі Скульптуры Альфонса Карнага ў Беластоку, а таксама артыкулы пра мастака.

Аўтарка з Вітаўтам Юрым Стэповічам у яго роднай хаце ў Баранях, 26.06.2004 г. (Фота з архіва аўтаркі)
Аўтарка з Вітаўтам Юрым Стэповічам у яго роднай хаце ў Баранях, 26.06.2004 г.
(Фота з архіва аўтаркі)

У чэрвені 2004 г. выправіліся мы з Вітаўтам Юрым і яго сынам Маркам у далёкія Барані, зараз у Астравецкім раёне ў Беларусі. Віктар Шалкевіч знайшоў нам кіроўцу Яна з машынай з Гародні, які завёз нас на месца. Па дарозе мы заехалі ў Крэва, Гальшаны, Засьвір ды на вечар дабрылі ў Барані. Там на нас чакала сям’я Стэповічаў. На другі дзень прадбачвалася адкрыцьцё памятнай дошкі на бацькоўскім доме братоў Стэповічаў, з імшой у касьцёле ў Клюшчанах, ды Купальлем над Бараньскім возерам. Усе гэтыя мерапрыемствы рыхтавала грамадзкая суполка «Вільняр» з Астраўца, а галоўным чынам Ганна Чакур і Алесь Юркойць.

Назірала я, як перажываў Вітаўт Юры свой першы прыезд у Барані. Колькі  эмоцыяў выклікала ў яго гэтая паездка ад пабачанай роднай бацькоўскай хаты, ад сям’і, якой раней не знаў, ды наогул ад гасьціннасьці арганізатараў і тутэйшага люду! Сьп. п. Кірыл Насаеў падрыхтаваў песьні са сьпеўніка Альбіна Стэповіча. Вечарам усе сустрэліся над Бараньскім возерам, дзе некалі Купальле спраўлялі браты Стэповічы. Мелася там адбыцца прадстаўленьне п’есы «Купальле» Казіміра Сваяка, але праліўны дождж, які ўвесь дзень «плакаў» над Баранямі, прымусіў усіх разбегчыся па хатах. Багатае застольле ў хаце Бараньскіх Стэповічаў, якіх дочкі прыехалі з Вільні, доўжылася далёка за поўнач. На наступны дзень зноў суправаджаў нас дождж, пакуль не пакінулі Стэповічавай бацькаўшчыны.

У нашым гданьскім беларускім асяродзьдзі Вітаўт Юры быў яўным доказам на тое, што нашчадкі славутых беларусаў не адмовіліся ад іх і сваёй беларускасьці. Наадварот – Вітаўт Юры ганарыўся сваімі дзядзькамі – і Казімірам Сваяком, і Альбінам. На сустрэчы ім прысьвечаныя прыносіў сямейныя скарбы – здымкі, дакументы, выданьні. Адным з іх быў перадваенны значок Пагоні, які застаўся яму ў спадчыну ад бацькі. Усе мы дзякуючы яму даведваліся крыху больш і бліжэй пра вядомых беларускіх пісьменнікаў і дзеячаў. І нам яны ставаліся родныя. Вітаўт Юры абураўся, калі прозвішча яго дзядзькоў у Беларусі перайначвалі і пісалі «Стаповіч». Даказваў, будучы фізікам і электронікам, этымалогію свайго прозвішча і здзіўляўся, як вядомыя дасьледчыкі ў Беларусі могуць гэтага не разумець, калі ў даваенных выданьнях і на існуючых магілах на беларускай мове пісалася «Стэповіч». Праўда, калі ў 2010 г. у Менску у «Беларускім кнігазборы» выйшаў збор твораў Казіміра Сваяка, Вітаўт Юры вельмі цешыўся, што урэшце прозвішча яго дзядзькі напісалі папраўна. Але як вучонаму дакладных навук, не ўсё яму ў выданьні падабалася і крытычныя заўвагі яго знайшліся ў маёй рэцэнзіі на зборнік, у сапраўднасьці напісанай на яго просьбу (Заўвагі на палях „Выбраных твораў” Казіміра Сваяка (rec. К. Сваяк, Выбраныя творы, Мінск 2010, ss. 468), „Czasopis” 2010, № 10, с. 43-45; № 11, с. 42-44; № 12, с. 46-48; 2011, № 1, с. 44-46).

На пераломе 2009 і 2010 г. Ганна Чакур прымусіла мяне да сустрэчы з Вітаўтам Юрым дзеля выкананьня якаснай копіі вядомага здымка Казіміра Сваяка, якога арыгінал захоўваўся ў прафесара. Як сёньня памятаю тую сустрэчу ў цэнтры Гданьска і нашу супольную цікаўнасьць, а што ж гэта за Фота Стэфа ў Закапаным, якое выканала агульна вядомы здымак Казіміра Сваяка. Супольныя пошукі давялі нечакана хутка да разгадкі, якую прадставіла я чытачам „Czasopisа” і «Астравецкай Праўды» (Закапанскі здымак Казімера Сваяка, „Czasopis” 2010, № 2, с. 42-44; Здымак з белым каўнерыкам, „Астравецкая праўда”, № 8, 3.02.2010 r., s. 7).

Апошнім часам Вітаўт Юры рэдка бываў на нашых сустрэчах, займаўся хворай на паркінсона жонкай. Яго сыны даўно развіталіся з роднай хатай – Пётр з сям’ёй жыве ў Нямеччыне, а Марк – у Варшаве і не ў змозе былі займацца пастаянна маці. Апошнім часам сустрэчы сталі замяняць тэлефонныя размовы, заўсёды калі нешта арганізавалі ў нашай «Хатцы». Вітаўт Юры рабіў парадкі ў сваім хатнім архіве і сёе-тое з яго падкідваў мне. Высылаў мне выразкі з газэт з артыкуламі пра Беларусь, ведаючы, што мяне гэта цікавіць. Перадаваў усім прывітаньні. Я абяцала, што выбяруся да яго, калі пачнуцца канікулы, але не пасьпела.

Ветэраны беларускай «Хаткі», злева: Мацей Канапацкі, Эдмунд Стэповіч, Вітаўт Юры Стэповіч, Уладыслаў Страшэвіч (Лапы) падчас вечара прысвечанага памяці Альбіна Стэповіча, сакавік 2004 г. (Фота з архіва аўтаркі)
Ветэраны беларускай «Хаткі», злева: Мацей Канапацкі, Эдмунд Стэповіч, Вітаўт Юры Стэповіч, Уладыслаў Страшэвіч (Лапы) падчас вечара прысвечанага памяці Альбіна Стэповіча, сакавік 2004 г.
(Фота з архіва аўтаркі)

У палавіне ліпеня пазваніў да мяне Марк Стэповіч з сумнай навінай, што Вітаўт Юры вельмі хворы, страціў памяць і амаль перастаў гаварыць. Апошняя мая размова з Вітаўтам Юрым была вельмі сумная – размаўляў цяжка, яле, як аказалася, ведаў з кім, і быў вельмі рады з майго тэлефону. Пражыўшы яшчэ тры месяцы ў сваёй кватэры пад добрай апекай, адышоў у лепшы сьвет. Хавалі Вітаўта Юрыя на каталіцкіх могілках у Сопаце 9 лістапада, побач з бацькам і маці. На пахаваньні прысутнічала шмат народу – сям’я, знаёмыя, супрацоўнікі і студэнты Гданьскай палітэхнікі і Марскога ўніверсітэту, сябры з «Хаткі», ад якіх прамаўляла Анна Сабэцкая, якая апошняя з нас бачыла Яго жывым. Дзякуем Вітаўту Юрыю за амаль 30-гадовую прысутнасьць з намі. Вечная Яму памяць, а душы Яго неба!

Лена Глагоўская

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны.

Календарыюм

Гадоў таму

  • У лістападзе

    505 – 1519 г. Заканчэньне пабудовы Барысаглебскай царквы ў Навагарадку, помніка архітэктуры готыкі. 445 – 1579 г. Пераўтварэньне Віленскай Езуіцкай Акадэміі ў Віленскі Унівэрсытэт – першы унівэрсытэт ва ўсходняй Эўропе. 405 – 1619 г. Надрукаваньне „Грамматики словенския правильная синтагма” Мялеція Сматрыцкага. 325 …ЧЫТАЦЬ ДАЛЕЙ / CZYTAJ DALEJ

Календарыюм / Kalendarium

Сёньня

  • (456) – У 1568 г. пачала дзейнасьць заблудаўская друкарня ў маёнтку Рыгора Хадкевіча, у якой друкаваліся кірылічныя кнігі, між іншым „Евангельле вучыцельнае” (1569) і „Псалтыр з Часасловам” (1570).
  • (208) – 4.11.1816 г. у мястэчку Кублічы каля Лепеля нар. Арцём Вярыга-Дарэўскі (пам. у ссылцы ў Сібіры ў 1884 г.), паэт, драматург, публіцыст. Быў сябрам У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча. Пісаў на беларускай і польскай мовах. Запачаткаваў беларускія пераклады творчасьці А. Міцкевіча, між іншым пераклаў „Конрада Валенрода”.
  • (137) – 4.11.1887 г. у Капылі, Слуцкага павету нар. Зьміцер Жылуновіч (літаратурны псэўданім Цішка Гартны, замучаны савецкай бясьпекай 11.04.1937 г.), пісьменьнік, выдатны беларускі дзяржаўны дзеяч. Пісаць пачаў у 1908 г. у „Нашай Ніве”.
  • (109) – у лістападзе 1915 г. у выніку стараньняў беларускіх нацыянальных дзеячаў (падчас нямецкай акупацыі) пачалі адкрывацца на Віленшчыне першыя беларускія школы.
  • (95) – 4.11.1929 г. у в. Таргуны каля Докшыц нар. Сяргей Карніловіч, выпускнік Гімназіі імя Янкі Купалы ў Віндышбэргэрдорфе (Нямеччына). З 1949 г. жыў у эміграцыі ў Кліўленд (ЗША). Адзін з самых актыўных арганізатараў беларускага грамадзка-рэлігійнага жыцьця ў гэтым горадзе, між іншым

Новы нумар / Novy numer

Папярэднія нумары

Усе правы абаронены; 2024 Czasopis