Гэтак можна падвесці доўгую дыскусію пра беларускую нацыянальную рэчаіснасць, якая адбылася падчас сёлетняга XX Трыялогу ў Крынках. Так і любіў адказваць крыху жартоўна пачынальнік і шматгадовы арганізатар гэтых сустрэчаў, незабыўны Сакрат Яновіч, калі пыталі ў яго пра здароўе. Таксама, дарэчы, акрэсліваў і сітуацыю з беларускасцю ў Беларусі, якая на самой справе няшмат змянілася да „Сёння – Dzisiaj – Today” (такі быў лозунг сёлетняга Трыялогу).
Паколькі на працягу амаль 15-ці гадоў быў я Сакрату апорай у арганізацыі Беларускіх трыялогаў, добра памятаю, як штогод заўсёды дыскусія зыходзіла менавіта на беларускую рэчаіснасць. Таму тэма сёлетняга выпуску і не новая, і не арыгінальная. А ўдзельнікі дыскусіі ў разважаннях пра Беларусь нічога асабліва адкрыўчага занадта і не сказалі. Ніхто не адважыўся паставіць сур’ёзны тэзіс, чаму беларуская рэчаіснасць сёння такая, а не іншая і якая можа быць у будучыні. На Трыялогах пры Сакраце роздумы пра гэта (і не толькі пра гэта) напэўна былі глыбейшыя і больш цэльныя, прытым з інтэлігентнымі жартамі і весялосцю. У гэтым годзе падчас дыскусіі было вельмі сумна і песімістычна. На жаль, знакаміты музыка Лявон Вольскі ў ролі мадэратара выступіў толькі фармальна. Яго функцыя зводзілася да перадавання голасу чарговым удзельнікам дыскусіі. Таму не было дэбатаў, толькі папраўдзе адны маналогі, прытым доўгія і стамляючыя.
Тым не менш удалося мне занатаваць крыху важных і небанальных выказванняў пра сённяшнюю беларускую рэчаіснасць так у Беларусі, як і ў нас на Беласточчыне.
Надта спакойна і разважліва пра цяперашнюю Беларусь гаварыў Марыюш Машкевіч – польскі дыпламат, які сябраваў з Сакратам Яновічам, асабліва калі быў амбасадарам у Мінску. Сказаў, што сённяшняя Беларусь ёсць на добрай дарозе пабудовы беларускай дэмакратычнай дзяржавы. – Але гэта доўгі працэс, – патлумачыў. – Усё праз сіндром халопа, фальварковага мужыка, недаверлівага і асцярожнага. Гэта і ўплывае на характар беларускага грамадства, так як да нядаўна ў Польшчы.
Такое выказванне абурыла прысутнага маладзёна – апазіцыянера з Мінска. – Як гэта так?! У Беларусі маем 25 гадоў дыктатуры…
– А вы пражылі дыктатуру, такую як у Гішпаніі? – спакойна адказаў Машкевіч.
Чарговы ўдзельнік дыскусіі беластоцкі чыноўнік і палітык Права і Справядлівасці Раман Чэпэ спрабаваў пажартаваць, кажучы, што мабыць тут у зале „kręci się jakaś dyktatura”. А ўжо сур’ёзна заўважыў, што ў арганізацыях польскіх нацыяналістаў ёсць шмат расійскай агентуры. Бо невыпадкова падчас балючых для беларусаў маршаў „выклятых жаўнераў” у Гайнаўцы заўсёды прысутныя рэпарцёры тэлеканалу з Масквы.
Гаворачы пра сённяшнюю Беларусь, Чэпэ выказаў сваё перакананне, што ўсходняя суседка Польшчы з часам далучыцца да Еўрапейскага Саюза, бо на гэта яна здаўна асуджана. Згадаў таксама маю з Сакратам кніжку „Nasze tysiąc lat”, выказваючы мне ўдзячнасць за тое, што правёў я ў ёй такую важную і вартасную размову пра Беларусь і беларусаў у Польшчы. Яна, дарэчы, актуальная і нязменна вартасная і важная да… сёння – dzisiaj – today.
Гаворачы пра нас на Беласточчыне, Чэпэ скрытыкаваў сярмяжнасць у прэзентацыі тутэйшай беларускай культуры: – Martwi mnie i męczy ta cepeliada…
Такі закід найперш у бок, вядома, БГКТ. Але намеснік гэтай арганізацыі Васіль Сегень, які ўдзельнічаў у гэтай частцы дыскусіі, проста прамаўчаў гэта. Затое падкрэсліў, што ў нашым выпадку трэба гаварыць пра дзве Беларусі – на Беласточчыне, і за ўсходняй мяжой. Шчыра сказаў, што Рэспубліка Беларусь для нас не свая, бо там у людзей цалкам іншы менталітэт і яны ўшчэнт зрусіфікаваныя. Але і на Беласточчыне, як заўважыў, з беларускай тоеснасцю з году ў год ёсць штораз горш. – Усё паказвае на тое, што мы спаланізуемся і нічым не будзем адрознівацца ад палякаў, – сумна прарочыў В. Сегень. – Мы памрэм, калі не будзем ратаваць мову.
Гайнаўскі пісьменнік Міхась Андрасюк таксама гаварыў – у літаратурнай частцы дыскусіі – пра дзве Беларусі, але інакш чым Сегень. – Гэта Рэспубліка Беларусь і літаратурная Рэспубліка Беларусь, – сказаў.
Ігар Бабкоў – паэт і філосаф з Мінска заўважыў, што большасць беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку і ён, пачыналі пісаць па-руску. А беларускую мову вывучылі.
– І тут ёсць розніца, – сказала Данута Завадзкая, прафесар з беластоцкага ўніверсітэта. – Bo na Podlasiu język białoruski nie jest wyuczony, ale odziedziczony, a mniejszościowa literatura białoruska na Podlasiu ma się całkiem dobrze. I gdy mówimy „wielokulturowość”, to myślimy o kulturze białoruskiej. Таму спадарыня прафесар заахвочвала, каб беларускае асяроддзе рашуча дамагалася рэактывацыі ў беластоцкім універсітэце кафедры беларускай культуры. – Potrzebny jest lobbing, głos elity, – пераконвала.
У апошняй частцы дыскусіі, якая была задумана як мастацкая, смутку і песімізму пралілося найбольш. Асабліва з вуснаў Аліны Ваўранюк, настаўніцы беларускай мовы ў Пачатковай школе н-р 4 у Беластоку. «З беларускасцю ў нас зусім хранова. І лепш не будзе, будзе толькі горш». Словы падзякі выказала яна ў адрас Лявона Тарасэвіча, як старшыні фонду Villa Sokrates, але сумавала, што моладзь у Беластоку наогул не ведае пра гэтага выдатнага мастака з падбеластоцкіх Валілаў, які ў апошнім часе атрымаў шмат прэстыжных узнагарод. З вядомых мастакоў ведаюць… Яна Матэйку.
У выступленнях астатніх удзельнікаў было менш песімізму. Мастак Артур Клінаў, які папярэдняга дня ў галерэі Крынкі адкрыў знакамітую выставу „Салодкае саламянае жыццё” пераконваў, што не трэба аглядацца ні на ўлады, ні на складаныя абставіны, але рабіць паціхеньку для беларускасці тое што магчымае. Як прыклад сказаў пра сваю ініцыятыву стварэння ў глыбокай правінцыі арт-вёскі „Каптаруны”.
Мадэратар” Лявон Вольскі, які ўрэшце ўзяў голас у дыскусіі, сказаў, што сёння ў Беларусі існуе своеасаблівае „культурніцкае беларускае гета”. Улады далікатна адкрылі рынак для незалежных музыкаў, мастакоў ці пісьменнікаў. – Таму што яны страшэнна баяцца крымскага сцэнара, – сказаў Вольскі. – Што будзе далей, невядома. У турму ўжо не садзяць, хіба што на тры гадзіны пасля Плошчы…
Закрываючы дыскусію гаспадар Трыялогу Лявон Тарасэвіч не падаў духам. Сказаў, што надзея ў вырастаючым маладым пакаленні. Падкрэсліў, што тое што на Беласточчыне няма падвойных назваў мясцовасцей (апрача Арлянскай гміны), гэта найперш страта для самой Польшчы. Яны павінны быць уведзены дзяржавай. Так як у Беластоку і там дзе жывуць беларусы – усе вучні павінны вывучаць беларускую мову.
– Ну…, вядома, добра, Лёнік, гаворыш, – быццам чую адказ Сакрата. – Толькі што гэта ўжо ўтопія. Тады што нам рабіць? – Рабіць сваё, тое што толькі можна, як, скажам Трыялогі, – напэўна адказаў бы Сакрат.
Юрка Хмялеўскі
Галоўны рэдактар